Семантыка дарогі ў вясельнай абраднасці Гомельшчыны

0
35
Семантыка дарогі ў вясельнай абраднасці Гомельшчыны

У сучасных філалагічных працах, прысвечаных вывучэнню канцэптасферы, адным з ключавых аб’ектаў з’яўляецца канцэпт дарогі. Ён вызначаецца як адзін з элементаў сімвалічнай карціны свету. Напрыканцы ХХ ст. канцэпт дарогі разглядаўся ў розных аспек­тах: як ментальны аб’ект, які адлюстроўвае нацыянальную карціну свету, як канструкт абстрактнага ўзроўню асэнсавання рэчаіснасці. Практычна ўсе даследчыкі прызнаюць, што пры вывучэнні канцэптаў неабходна ўлічваць спецыфічны метад, з дапамогай якога іх даследаванне можна праводзіць у двух напрамках — ад канцэптаў да спосабаў іх рэпрэзентацыі ў мове і наадварот. Так, можна ўлічваць значэнні слоўніка, лексемы, якія даюць ацэнкавую характарыстыку, фразеалагізмы і тэксты мастацкіх твораў. Навукоўцы адзначаюць неабходнасць выпрацоўкі кагнітыўнага метаду, які дазволіць вызначыць прыроду механізмаў асэнса­вання і разумення гэтага канцэпту. У працах сучасных даследчыкаў выкарыстоўваецца ком­плексны падыход, пры якім важным з’яўляецца вылучэнне трох складнікаў катэгорыі «канцэпт»: паняцце, вобраз, семантыка. Таму ў артыкуле будзе засяроджана ўвага на аналізе гэтых кампанентаў.

Канцэптам дарогі цікавіліся розныя даследчыкі. Н.Д. Аруцюнава, Л.Г. Неўская, А.А. Іпалітаў, А.Г. Праабражэнскі, М.М. Бахцін, Т.Б. Шчапанская суладна адзначалі, што ў славянскай канцэптуальнай карціне свету «шлях», «дарога» і пласт лексікі, які іх пазначае, займае вельмі важнае месца, паколькі ў народнай культуры дарога і злучаная з ёй сімволіка адлюстроўвае важныя этапы жыцця чалавека. Больш таго, дарога адносіцца да ліку тых базавых элементаў культуры, якія маюць усеагульны характар і з’яўляюцца, такім чынам, важнейшымі элементамі «выявы свету». Паводле меркавання А.А. Іпалітава, «канцэпт дарога валодае шматслаёвай і шматкампанентнай структурай і ўяўляе сабой аб’ект розных дзеянняў. Большую частку структуры канцэпту дарогі складаюць паняцці, якія аб’ядноўваюцца інтэгральнымі семамі тып дарогі (шаша, траса) і кампанент дарогі (скрыжаванне, паварот)» [4, с. 133]. Звычайна рух, звязаны з дарогай, перадаецца разнастайнымі дзеясловамі руху, напрыклад, ехаць, ездзіць, ісці, ехаў, паехаў, ездзіў, едзе, прыязджае, прыязджаюць і г.д. Таксама дарога атаясамліваецца з паняццямі шлях, сцежка, поле. Рэальнае функцыянаванне падобных паняццяў у фальклорных жанрах абумоўлена не толькі адценнямі лексічных значэнняў дадзеных слоў, але і іх жанравымі кантэкстамі. Адзначым, што этымалогія паняцця дарогі ў сучасных лінгвістычных даследаваннях прадстаўлена досыць шырока, аднак сімвалічнае значэнне дадзенага слова выяўлена ў фальклорных жанрах недастаткова, у прыватнасці, у вясельнай абрадавай паэзіі.

Вынікі даследавання і іх абмеркаванне Як адзначае А.Я. Леўкіеўская, «дарога — рытуальна і сакральна значны локус (месца), які мае шматзначную семантыку і функцыі. Да­рога суадносіцца з жыццёвым шляхам, шляхам душы ў замагільны свет і семантычна вылучаецца ў пераходных рытуалах. Дарога — месца, дзе выяўляецца лёс, поспех чалавека пры яго сустрэчах з людзьмі, жывёламі і дэманамі. Дарога — разнавіднасць мяжы паміж «сваёй» і «чужой» прасторай» [5, с. 125]. У свядомасці нашых продкаў дарога набыла амбівалентнае значэнне, бо, з адного боку, з ёй звязвалі гора і пакуты (па дарозе маладых хлопцаў адпраўлялі ў рэкруты, па дарозе селянін нёс на кірмаш свае апошнія пажыткі, па дарозе пралягаў апошні шлях нябожчыка ў іншы свет), з другога боку, вобраз дарогі суадносіўся з пазітыўным значэннем (па дарозе маладыя ехалі да вянца).

Беларускі фальклор багаты на матывы і сітуацыі, звязаныя з тэмай дарогі. Калі ў літаратуры матыў звязаны з тэмай вандравання, а само вандраванне выступае як метафара жыццёвага шляху ці як сімвалічны знак карэнных, лёсавызначальных змен у жыцці герояў, то семантыка дарогі ў беларускім фальклоры больш шматгранная і глыбокая. Вобраз дарогі ў комплексе абрадавых дзеянняў даследавалі Л.Г. Неўская, Т.Я. Шчапанская, аднак яны ў асноўным выяўлялі толькі міфалагічную аснову сюжэтаў ў пахавальных абрадах. Значэнне дарогі, як надзвычай важнага прагматычнага кампанента вясельных песень толькі адзначалася. Уяўляе цікавасць тыпалагічнае вывучэнне сімволікі гэтага вобраза ў вясельных песнях на базе лакальна-рэгіянальных фактаў, каб у далейшым падаць яго ў шырокім нацыянальным кантэксце вясельнай абраднасці.

Дарога ў вясельных песнях Гомельшчыны — не проста «паласа зямлі, якая прызначана для перамяшчэння, або месца, па якім трэба прайсці або праехаць» [7, с. 176]. Яна месца, якое мае сімвалічны сэнс і выклікае адпаведны абраду эмацыйны стан. Калі ў Л.Г. Неўскай дарога ў пахавальным абрадзе суадносіцца як «спалучэнне сфер жыцця і смерці (свайго і чужога) і дасягненне ператварэння ў выніку такога спалучэння» [6, с. 228], то ў вясельным абрадзе сімвалічнае значэнне дарогі — спалучэнне сфер жыцця перад вяселлем і пасля яго, пераход маладых з аднаго грамадскага становішча ў іншае, змена статусу. Наступны прыклад паказвае, што ў нявесты пасля замужжа змяняецца ўсё жыццё. Метанімічным пазначэннем дарогі становяцца калёсы, шлях падаецца ў ідылічным модусе мастацкасці с проціпастаўленнем былога і будучага:

Тарарай, калёсы, тарарай,
Да вязіце дзевачку з пеклаўрай! [3, с. 415].

Варта адзначыць, што вобраз дарогі ў вясельных песнях звязаны з міфалагічнымі ўяўленнямі. Па дарозе жаніха да маладой праводзяцца шмат засцерагальных дзеянняў, спалучаных з варажбой і прыкметамі аб будучым лёсе маладых. Выконваліся песні, каб магічным шляхам зберагчы маладых і вясельны поезд ад звышнатуральнага ўздзеяння, забяспечыць будучай сям’і добры шлях. Паводле народных вераванняў і прыкмет, на дарозе, асабліва на скрыжаваннях, існуюць злыя духі, якіх неабходна ўлагодзіць. Вядома павер’е: каб маладыя жылі доўга і шчасліва, то «сватам усе павінны ўступаць дарогу, яны нікуды не зварочваюць, а едуць прама да нявесты» [1, с. 137]. Інакш ставяцца да маладых. Іх шлях з перашкодамі і выкупам: «Маладым перастаўляюць сталамі дарогу ў вузкім месцы, часта на мосце, або нават праз вуліцу працягваюць вяроўку, каб маладыя ніяк не маглі аб’ехаць перашкоду. Маладую ўсаджваюць на крэсла, падкідваюць тры разы ўверх, жадаючы ёй шчасця; за ёю паднімаюць і маладога, патрабуючы выкуп» [1, с. 141]. У вёсцы Міхнаўка Брагінскага раёна, калі маладую пасля вяселля забіралі ад бацькоў, то «ўвесь час маладыя дзяржаліся за рукі платочкам так, каб праз іх ніхто не прайшоў і ўперад іх ніхто не ўвайшоў» [9, с. 41, Брагінскі раён]. Паспяховае пераадоленне ўсіх вясельных перашкод дазваляе, як лічыцца, жаніху і нявесце дасягнуць галоўнай мэты — пазбавіцца ад дзеянняў злых сіл. Пазбавіцца ад чар дапамагалі заклінальныя песні. Напрыклад:

Ой, варогі, варогі!
Не пераходзіце ж дарогі [3, с. 421].

Адрасатамі зваротаў часцей за ўсе былі вышэйшыя сілы, Бог або родныя. Напрыклад, ёсць песні, дзе абаронца і памагаты ў дарозе сам Г асподзь:

Ой, вы, молодцы дорогі,
Не пераходзьце дарогі.
Да нехай перайдзе Господ Бог,
Штоб вам у дороге Бог помог … [9, с. 184, Ельскі раён].

Песня была магічным сродкам закрыць дарогу ворагам і адкрыць радзіне і бацькаваму роду, каб маладым дасталася радавое шчасце:

Адступіцеся, варогі,
Да не пераходзьце дарогі,
Няхай перойдзе радзіна,
Штоб была дарога шчасліва,
А тады няхай перойдзе бацькаўрод,
Штоб вялося худобы повен двор [9, с. 46, Брагінскі раён].

Невыпадкова «бацька маладога хрысціць дарогу перад канём сына, тое ж робіць бацька нявесты, калі адпраўляе ў хату жаніха», каб засцерагчы маладых ад благога [3, с. 421]. Тую ж функцыю мелі шум, гучны гоман, крыкі.

Падчас руху вясельнай дружыны па дарозе трэба было ехаць хутка, танцаваць і гучна спяваць, каб адагнаць не толькі злых людзей, але жывёл і птушак, з якімі звязвалася чорная сіла. Напрыклад:

Воран, не воран, чорненькі! (2)
Не пералятай дарогі.
Надтопчам цябе пад ногі (2)
Пад чырвоныя чабаты,
Пад здаровыя жываты… [3, с. 456, Касцюкоўскі раён].

Як вядома, у народнай культуры воран лічыцца злавеснай птушкай, суадносіцца з няшчасцем і смерцю, адсюль яго функцыянальна-семантычная блізкасць з ворагамі ў папярэдніх прыкладах.

Да дарогі звярталіся як да жывой істоты, якая адгукаецца на падзеі. Яна можа падказаць дзяўчыне пра хуткі прыезд сватоў і жаніха. Напрыклад:

Выйдзі, Галечка, на дарогу,
Ды прыляж к дарозе
Ці шуміць дуброва,
Ці шуміць дарога,
Ці свішчуць нагайкі,
Ці едуць прыданкі? [1, с. 161].

Вынікае, што для шчаслівага лёсу патрэбны адпаведны водгук дарогі. Адсюль зварот да дарогі з заклікам змяніцца такім чынам, каб суадносіцца з абрадавым момантам:

Разлягайся, дуброва,
Папраўляйся, дарога,
Пад нашы маладыя,
Пад коні вараныя … [9, с. 379, Рагачоўскі раён].

Зусім іншае сімвалічнае значэнне мае дарога ў сірочых вясельных песнях. Галоўным для нявесты з’яўляецца атрыманне бацькоўскага блаславення, але сірот бласлаўляюць іншыя людзі, якія замяшчаюць бацькоў: айчым, мачаха, хросныя бацькі. Гэты акт не лічыцца дастатковым, пра што сведчаць тэксты сумных сірочых галашэнняў і адрозненні ў вясельным абрадзе. Вядома, што перад вянцом нявеста ішла на могілкі і прасіла блаславення сваіх памерлых бацькоў. Тыповы матыў сірочых песень — ніхто можа блаславіць нявесту-сірату, ў яе горкая доля, не будзе заступнікаў ў новай сям’і, адсюль выкарыстанне эпітэта з негатыўнай семантыкай:

Стала Дунечка на парог,
Махнула рукавом на падруг:
Расступіцеся, падружкі,
Змае чорныя дарожкі [9, с. 343, Нараўлянскі раён].

Сімвалам дарогі выступаюць іншыя вясельныя атрыбуты, якім надаецца адпаведны сэнс. Напрыклад, гэта ручнік, якім «цётка нявесты або яе старэйшая замужняя сястра абвязваюць сватоў», або ручнік, які рассцілаюць падчас рэгістрацыі ці на царкоўным вянчанні, па якім павінны прайсці маладыя [1, с. 139]. Паводле энцыклапедычнага слоўніка «ручнік дае людзям дарогу ў жыццё, гэта шлях, па якім чалавек праходзіць «свой век»» [2, с. 438]. Падобнае значэнне мае і вясельны ручнік, таму абавязкова ён павінен быць доўгім і белым. З гэтым сімвалічным значэннем ручніка супадае і асноўнае значэнне дарогі: яна шлях у новае жыццё. Невыпадкова на Палессі падчас абраду выкупу каравая ручнік сімвалізаваў хуткае замужжа: «Нявеста цягне па падлозе свой рушнік, каб за ёю хутка ішлі замуж іншыя дзяўчаты» [8, с. 30]. Такім чынам, яна нібыта матэрыялізуе той шлях, якім у далейшым пройдуць яе сяброўкі.

Яшчэ адзін абавязковы атрыбут вяселля галаўны ўбор нявесты звязаны з сімволікай шляху. Так, абрад развівання касы сімвалізаваў развітанне нявесты з дзявоцкім жыццём. Вясельны галаўны ўбор маркіраваў шлях ад юнай дзяўчыны да замужняй жанчыны і ў далейшым сведчыў аб яе грамадскім статусе. Калі нявеста змяняе свой дзявоцкі галаўны ўбор на ўбор замужняй жанчыны, то гэта назаўсёды. Гэтаксама не мае зваротнага шляху да былога дарога, па якой праедзе нявеста да вянца. Паралелізм тут відавочны.

Сімантычна важным атрыбутам вяселля з’яўляецца зерне (жыта) і каравай, якія бралі ў дарогу. Жыта, каравай — «гэта своеасаблівая кніга жыцця, сімвал змены статусу маладых (учора — хлопец і дзяўчына, сёння — жаніх і нявеста, заўтра — муж і жонка)» [2, с. 227]. Пасля заручын, перад тым як разысціся, «бацькі маладых абменьваюцца хлебам. Нявеста дае бацькам жаніха зерне, жыта» [1, с. 128], тым самым адзначаючы станоўчы вынік сватання і шчаслівае вяртанне сватоў дадому. А маці жаніха, у сваю чаргу, «зерне рассыпае ў сябе па двару і ў хаце, каб з новым чалавекам да яе ў дом прыйшлі дабрабыт і шчасце» [1, с. 128]. Такім чынам, дадзеныя абрадавыя дзеянні праз сімволіку жыта семантызуюць дарогу як шлях здзяйснення рытуалу ўзыходжання на новую ступень грамадскага статусу. Дарога ў вясель­ным абрадзе — універсальны медыятар, умова камунікацыі паміж двумя сем’ямі, адсюль яе сэнсавая сувязь з вобразам хаты.

Вобразы хаты і дарогі з’яўляюцца базавымі для шматлікіх этнічных культур. Тое ж самае мае месца і ў вясельным абрадзе. На першы погляд, хата больш «важкая» выява-архетып, чым дарога, аднак дарога (ці шлях) тая апорная канструкцыя, без якой і сам вобраз хаты становіцца недасканалым. Прастора хаты — шчыльнае, насычанае мноствам прамых і ўтоеных, відавочных і несвядомых сэнсаў, знакаў, сімвалаў. Вобраз хаты ўвесь час абгортваецца выявай шляху-дарогі. Разам яны злучаюць унутраную і знешнюю прастору чалавека, сям’і, супольнасці. Фактычна вобразы хаты і дарогі ўяўляюць у вясельных песнях непарыўную сістэмную цэласнасць. Так, пасля заручын жыццё нявесты ў бацькоўскай хаце прыпадабняецца да знаходжання ў дарозе, маркіруецца як адсутнасць:

Не стой, мамачка, у парозе.
Да я ў цябе ўжо ў дарозе [9, с. 151, Веткаўскі раён].

Вобраз дарогі канкрэтызуецца пры дапамозе такіх мастацкіх сродкаў, як эпітэты. Памяншальна-ласкальныя суфіксы характарызуюць стаўленне ўдзельнікаў вяселля да дарогі. Для нявесіы шлях да новага жыцця — вяліка дарожанька:

— Выражай мяне,
Ты, мой баценька,
У вяліку дарожаньку [1, с. 150].

Для жаніха знак таго, што шлях ад сватання да шлюбу быў доўгі, працяглы, дорожэнька побітая:

Піце, конікі, пойло,
Боў дорожэньку пойдом.
Дорожэньку побітую,
По дзевачку норовітую [9, с. 256, Жыткавіцкі раён].

Трэба адзначыць, што ў вясельных песнях адсутнасць бачнай дарогі спалучаецца з канцэптам руху:

Ой, у полі дымно, дымно,
Да нічога не відно…
Едомо, едомо, ні дорогі, не следу… [9, с. 413, Светлагорскі раён].

Такім чынам, на матэрыяле Гомельшчыны бачна, што дарога ў вясельных песнях з’яўляецца важным аспектам рытуальнага быцця — шчаслівым будзе той шлях, які пяройдзе сам Гасподзь Бог, радзіна, а нешчаслівым — той, які пяройдуць ворагі ці пераляціць чорны воран. Дарога з’яўляецца галоўным фрагментам вясельнай карціны свету, медыятарам паміж родам жаніха і родам нявесты. Адсюль яе цесная сувязь са статычнай трыядай: хата жаніха — хата нявесты — храм, а такскама з канцэптам руху ў самых розных яго праявах. Семантычна значнымі становяцца вектары перамяшчэння па дарозе абрадавых персанажаў і вясельных чыноў. Гэтыя вектары — маркеры пэўнага этапу давясельных, вясельных і паслявясельных абрадаў.

Літаратура

  1. Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыц. жанры. Гомел. вобл. / Уклад. В.А. Захарава і інш.; Уклад. муз. часткі У.І. Раговіч. — Мн.: Універсітэцкае, 1989. — 384 с.
  2. Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / пад. рэд. с. Саньк і інш. — Мн.: Беларусь, 2004. — 592 с.
  3. Вяселле: Абрад / Уклад., уступ. арт. і камент. К.А. Цвіркі; Муз. дадат. З.Я. Мажэйка; Рэд. тома В.К. Бандарчык, А.С. Фядосік. — 2-е выд. — Мн.: Бел. Навука, 2004. — 683 с.
  4. Ипполитов, О.О. Некоторые черты строения интерпретационного поля концепта дорога /
  5. О.О. Ипполитов // Методологические проблемы когнитивной лингвистики. — Воронеж, 2001. — с. 133-136.
  6. Левкиевская, Е.Е. Славянские древности / Е.Е. Левкиевская // Этнолингвистический сло­варь / под ред. Н.И. Толстого. — М., 1999. — Т. 2. — с. 124-129.
  7. Невская, Л.Г. Семантика дороги и смежных представлений в погребальном обряде / Л.Г. Невская // Структура текста / «Наука» под ред. Т.В. Цивьян. — М., 1980. — с. 228-239.
  8. Ожегов, С.И. Толковый словарь русского языка: 80 000 слов и фразеологических выражений / С.И. Ожегов. -Российская академия наук. Институт русского языка им. В.В. Виноградова. — 4-е изд., дополненное. — М.: Азбуковник, 1999. — 944 с.
  9. Палескае вяселле / Уклад. і рэд. В.А. Захаравай. — Мн.: Універсітэцкае, 1984. — 303 с.
  10. Штэйнер, І.Ф. Вяселле на Гомельшчыне: фальклорна-этнаграфічны зборнік / І.Ф. Штэйнер. — Мінск: ЛМФ «Неман», 2003. — 472 с.


Аўтар:
Ю.Я. Акуліч
Крыніца: Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины. Гуманитарные науки № 1 (82), 2014 г. Ст. 28-32.

This article is devoted to the semantics of the road image in the wedding ceremonies of Gomel region, the definition of the functional features of this image in the wedding songs. The subject of the research is verbal, musical, personal and local aspects of the concept of the road. Mythological conceptions associat­ed with the road, stylistics means that reflect the image and disclosef its basic meanings were revealed on rich factual material. The article focuses on the road image in comparison with other wedding attributes, which have similar symbolic meanings.