Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня» і традыцыйная народная культура Гомельшчыны

0
996
Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва Берагіня

Гомельшчына — запаведны край традыцыйнай народнай культуры. Яна вылучаецца багацейшай, самабытнай духоўнай спадчынай. Рэгіён славіцца сваімі традыцыйнымі святамі, абрадамі, звычаямі, рамесніцкімі і дэкаратыўна-прыкладнымі мастацкімі традыцыямі, носьбітамі старажытнай народнай культуры. Менавіта таму ў г.п. Акцябрскі з 1999 г. сталі праводзіць фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня», які ў 2004 г. набыў статус рэспубліканскага. Сам фестываль, безумоўна, з цягам часу значна паўплываў на культуру як Акцябрскага раёна, «гаспадара» заключных фестывальных мерапрыемстваў, так і на Гомельшчыну ў цэлым. На сённяшні дзень «Берагіня» з’яўляецца адным з самых адметных фестываляў народнага мастацтва нашай краіны, скіраваным на аўтэнтычныя формы народнай культуры, комплексную мастацкую адукацыю і выхаванне дзяцей, падлеткаў, навучэнцкай і працоўнай моладзі сродкамі народнага мастацтва ва ўсіх яго каранёвых праявах.

Уплыў «Берагіні» на развіццё традыцыйнай народнай культуры раёна, вобласці і рэспублікі сапраўды неацэнны. Фестываль становіцца выдатнай пляцоўкай для далейшага развіцця калектываў. Удзел у фестывальным руху дапамагае зразумець глыбіню і каштоўнасць традыцыйнай культуры як удзельнікам, так і кіраўнікам калектываў. Жаданне прыняць удзел часта становіцца падставай для значнага пашырэння рэпертуару, вырабу традыцыйных строяў і нават для змены і выбару творчага накірунку калектываў.

За 20-гадовую гісторыю ў заключных мерапрыемствах фестываля прынялі ўдзел калектывы з 14 раёнаў і танцавальныя пары — выканаўцы побытавых танцаў практычна з усіх раёнаў Гомельскай вобласці. Найбольшая колькасць калектываў — з Акцябрскага краю. Ад яго прымалі ўдзел 14 аўтэнтычных гуртоў, больш за 20 дзіцячых фальклорных калектываў, а таксама 7 калектываў-пераймальнікаў традыцыі, у склад якіх уваходзяць моладзь і людзі сярэдняга ўзросту. З дзіцячых калектываў асабліва вылуча­ецца ўзорны фальклорны ансамбль «Рудабельскія зорачкі» ДУК «Акцябрскі цэнтр вольнага часу» пад кіраўніцтвам Вольгі Гаўрылаўны Дульскай. Многія выпускнікі ансамбля выбіраюць прафесійную дзейнасць менавіта ў сферы фальклору. Калектыў высока ацэньваецца на разнастайных фестывалях і конкурсах як у Беларусі, так і за яе межамі.

Жыткавіцкі раён прадстаўлялі на фестывалі народны фальклорна-этнаграфічны калектыў «Міжрэчча» Пагосцкага сельскага клуба-бібліятэкі — носьбіт абраду «Юр’я», занесенага ў Рэспубліканскі спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей; этнаграфічныя калектывы з Малешава і Новых Мілевічаў, дзіцячы фальклорны калектыў «Зараначка» з Пухавічаў. У 2014 г. народны фальклорны ансамбль «Дубравіца» з Рычова прэзентаваў на фестывалі спеўны стыль Тураўскага міжрэчча Прыпяці — Сцвігі, унесены ў Рэспубліканскі спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Фальклор Лельчыцкага раёна гледачам «Берагіні» прэзентавалі адзіны ў Гомельскай вобласці Заслужаны аматарскі фальклорны калектыў «Журавінка» Слабадскога сельскага дома культуры, народны фальклорны калектыў «Таняжанка» Тонежскага сельскага дома культуры — носьбіт гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь — абраду «Чырачка», і ўзорны фальклорны калектыў «Карагод» Ліплянскага сельскага дома культуры, які паспяхова ўдзельнічаў у конкурсах фестывалю ў 2008 і 2012 гг.

На фестывалі былі прадстаўлены этнаграфічныя калектывы Буда-Кашалёўскага, Калінкавіцкага, Петрыкаўскага, Светлагорскага раёнаў, дзіцячыя фальклорныя калектывы Веткаўскага, Гомельскага, Ельскага, Петрыкаўскага, Хойніцкага і Чачэрскага раёнаў, маладзёжныя народныя фальклор­ныя калектывы Кармянскага і Гомельскага раёнаў вобласці, народныя і ўзорныя фальклорныя калектывы г. Гомеля.

Правядзенне фестывалю фальклорнага мастацтва «Берагіня» менавіта на Гомельшчыне ў значнай ступені абумоўлена тым, што гэты рэгіён славіцца ўнікальным захаваннем да нашага часу традыцыйнага мастацтва як жывой з’явы. Ва ўсіх раёнах вобласці ўкараніліся і штогод праходзяць поўнасцю ці фрагментарна ў згоднасці з аўтэнтычнымі канонамі каляндарныя святы: калядны комплекс (уласна Каляды, стары Новы год або Васілле і Вадохрышча), Стрэчанне, Гуканне вясны, Соракі, Вялікдзень (абрад валачобніцтва), Юр’е, Ушэсце, Тройца, Купалле, Зажынкі, Дажынкі. Лакальныя варыянты адметнага рэгіянальнага веснавога абраду «Ваджэнне і пахаванне стралы» падтрымліваюцца жыхарамі Веткаўскага, Гомельскага, Добрушскага і Чачэрскага раёнаў. Абрад пераносу свячы ладзяць у Буда-Кашалёўскім, Веткаўскім, Гомельскім, Кармянскім, Чачэрскім і Калінкавіцкім раёнах. Назіраецца плённае супрацоўніцтва культуры і адукацыі, калі для ўдзелу ў мясцовых традыцыйных святах арганізуюць падвоз вучняў школ з суседніх вёсак.

Асноўная мэта ўсіх формаў работы з народнай спадчынай краю — падтрымка жыццёвасці традыцый, наданне новых імпульсаў існаванню роз­ных відаў аўтэнтычнага фальклору, для чаго ў Гомельскай вобласці скла­лася сістэма ў набыцці ведаў у сферы духоўнай народнай культуры. Яна грунтуецца на дыферэнцыраваным падыходзе, паэтапным засваенні тэарэтычных і практычных ведаў, выбары адпаведных формаў навучання. Змест семінараў, семінараў-практыкумаў, творчых лабараторый, курсаў павышэння кваліфікацыі мае шырокую тэматыку — ад вывучэння структуры і прынцыпаў пабудовы беларускага народнага календара, абрадавых і пазаабрадавых фальклорных песень, інструментальнага і танцавальнага фальклору да ўстойлівых рытуальных формул, міфалагем славянскай міфалогіі, хрысціянскіх свят і г.д. Так, на працягу 2010-2018 гг. па ініцыятыве ўстановы «Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці» (ГАЦНТ) у вобласці адбыліся цыклы семінараў, семінараў-практыкумаў работнікаў клубных устаноў раёнаў па тэмах: «Гісторыка-культурныя каштоўнасці Гомельшчыны — ахова, захаванне і папулярызацыя традыцыйнай культуры», «Духоўны патэнцыял традыцыйнай народнай культуры», «Народная проза рэгіёну», «Старажытныя народныя святы і абрады, сакральныя язычніцкія і хрысціянскія месцы, традыцыйныя іміджавыя культурныя мерапрыемствы і іх пазіцыянаванне як аб’ектаў турыстычнага бізнесу на Гомельшчыне», «Моладзь і традыцыйная народная культура», «Этнатурызм як рэсурс культурнай ідэнтыфікацыі рэгіёну» і інш.

Набыццё прафесійных ведаў культработнікамі дазволіла праводзіць у кожным раёне планамернае лакальна-рэгіянальнае даследаванне, у час якога работнікі сельскіх клубных устаноў робяць сістэмны аналіз, класіфікацыю свят і жанраў твораў вуснай народнай прозы, песень, танцаў, а потым і адраджаюць іх. Апісанні мясцовых каляндарных і сямейна-бытавых свят, запісы песень і твораў народнай прозы маюць усе рэгіянальныя арганізацыйна-метадычныя структурныя падраздзяленні і цэнтры. Ёсць яны і ў сельскіх установах культуры. Аналіз планаў работы рэгіянальных арганізацыйна-метадычных структурных падраздзяленняў і цэнтраў, справаздач аб вучэбна-выхаваўчай і творчай працы кіраўнікоў народных і ўзорных фальклорных калектываў, куратарства іх дзейнасці ўстановай ГАЦНТ паказвае, што большасць з іх надаюць сур’ёзную ўвагу пытанням захавання мясцовага традыцыйнага фальклору, планаванню работы калектыву, абнаўленню і папаўненню ўзорамі мясцовай народнай спадчыны рэпертуару фальклорных калектываў.

Аддзелам традыцыйнай народнай культуры ўстановы ГАЦНТ таксама вядзецца работа па расшыфроўцы фальклорных матэрыялаў, запісаных ад носьбітаў-інфарматараў падчас удзелу ў раённых семінарах, творчых атэстацыях калектываў. Праводзіцца класіфікацыя матэрыялаў па выніках выяўлення рэгіянальных народных традыцый, папаўняюцца медыятэка па традыцыйнай абраднасці і фальклоры Гомельшчыны, банк дадзеных па народных майстрах і самадзейных мастаках вобласці, калектывах з найменнем «народны (узорны)», фота-, відэатэкі па выставачнай дзейнасці ўстановы ГАЦНТ і дамоў, цэнтраў рамёстваў. З мэтай выпрацоўкі найбольш верагоднай версіі бытавання фальклорна-абрадавых традыцый супрацоўнікамі аддзела традыцыйнай народнай культуры ўстановы ГАЦНТ І.В. Глушэц і Л.Г. Мельнікавай за 2010-2018 гг. праведзены комплексныя экспедыцыйныя даследаванні традыцыйнай духоўнай культуры сельскіх населеных пунктаў Жыткавіцкага, Буда-Кашалёўскага, Лельчыцкага, Нараўлянскага, Петрыкаўскага, Рэчыцкага раёнаў вобласці.

Планамерныя даследаванні дазваляюць вызначаць самыя адметныя праявы традыцыйнай культуры і праводзіць работу па падрыхтоўцы іх да ўключэння ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. На сакавік 2018 г. Гомельская вобласць мае ў Спісе 10 элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны: абрады «Чырачка» (аг. Тонеж Лельчыцкага раёна), «Юраўскі карагод» (в. Пагост Жыткавіцкага раёна), «Ваджэнне і пахаванне стралы» (в. Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна), «Провады русалкі» (аг. Вялікі Бор Хойніцкага раёна); мясцовыя песенныя стылі (аг. Рычоў Жыткавіцкага, в. Казлы Ельскага, в. Новае Палессе Лельчыцкага раёнаў); традыцыя пакланення каменным крыжам («каменныя дзевачкі», вв. Данілевічы і Баравое Лельчыцкага раёна); Неглюбская народная тэкстыльная традыцыя (аг. Неглюбка, населеныя пункты Ляда, Сініцы, Канавалава, Рэпішча, Селішча, Перадавец, Перавессе, Свабода Неглюбскага сельсавета Веткаўскага раёна); лясное бортніцтва Беларусі (на прыкладзе Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці). Усе гэтыя праявы традыцыйнай культуры з’яўляюцца жывымі і запатрабаванымі, прычым не толькі мясцовымі суполкамі, але і жыхарамі бліжэйшых населеных пунктаў, а таксама людзьмі, якія выехалі з родных мясцін і пражываюць у іншых рэгіёнах Беларусі, Украіны, Расіі. Галоўны фактар у запатрабаванасці старажытнай спадчыны — захаванне традыцыйнага вобразу сялянскага жыцця. Сярод праблем трэба адзначыць адмоўнае ўздзеянне агульных працэсаў дэмаграфіі і ўрбанізацыі (старэнне носьбітаў фальклорна-абрадавай традыцыі, пераезд моладзі з вёскі ў горад), таксама часта назіраецца знікненне ўвагі з боку ўдзельнікаў традыцыйных свят да сакральна-магічнага зместу абрадаў і ўзмацненне ў фальклорна-абрадавай традыцыі эстэтычнага, рэкрэацыйнага пачаткаў.

Даследаванне традыцыйных свят і абрадаў дае магчымасць выдаваць буклеты, зборнікі з аўдыядадаткамі, у тым ліку экспедыцыйныя матэрыялы. Станоўча складваецца супрацоўніцтва ў сферы традыцыйнай куль­туры раённых аддзелаў ідэалогіі, культуры і па справах моладзі, іх арганізацыйна-метадычных структурных падраздзяленняў і цэнтраў, сель­скіх устаноў культуры з Гомельскім дзяржаўным універсітэтам імя Ф. Скарыны, Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Для папулярызацыі традыцыйнай культуры Гомельшчыны аддзел традыцыйнай народнай культуры ўстановы ГАЦНТ і раённыя ўстановы культуры вядуць супрацоўніцтва з раённымі, абласнымі і рэспубліканскімі сродкамі масавай інфармацыі, у тым ліку газетамі «Гомельская праўда», «Літаратура і мастацтва», «Культура», тэлерадыёкампаніяй «Гомель», «Белтэлерадыёкампаніяй».

Вялікая роля ў справе папулярызацыі каштоўнасцей народнага мастацтва і рамёстваў належыць фальклорным калектывам, аматарскім аб’яднанням па вывучэнні фальклорных традыцый, побытавага танца, прыкладных ведаў і навыкаў.

Паводле статыстычных даных, у сістэме клубных устаноў Гомельскай вобласці на 1 студзеня 2018 г. працуе 199 фальклорных калектываў, у якіх удзельнічаюць 1750 чалавек, з іх дзіцячых 60 калектываў і адпаведна 535 удзельнікаў. Найменне «народны» мае 51 фальклорны калектыў, «узорны» — 5, ганаровае званне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь» — 1. Усе гэтыя калектывы ў адпаведнасці з планам творчай атэстацыі раз у 3 гады праходзяць пацвярджэнне наймення «народны» і «ўзорны», раз у 5 гадоў — звання «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь». Пацвярджэнне праводзіцца на падставе прагляду канцэртных праграм, а таксама па выніках актыўнай канцэртнай дзейнасці і ўдзелу калектываў у прэстыжных міжнародных, рэспубліканскіх, абласных кон­курсах і фестывальна-відовішчных акцыях. Аналіз параўнальных дадзеных за апошнія гады дазваляе назіраць павелічэнне колькасці фальклорных калектываў з найменнем «народны (узорны) аматарскі калектыў», што абумоўлена выканальніцкім і творчым ростам калектываў. Зніжэнне агульнай колькасці фальклорных калектываў адбываецца з-за нізкай цікавасці значнай часткі насельніцтва да традыцыйнай спадчыны, аптымізацыі сеткі ўстаноў культуры, неадпаведнасці рэпертуару, змены накірунку і базы дзейнасці калектываў. Агульнай праблемай фальклорных калектываў з’яўляецца паўсюднае старэнне іх удзельнікаў. Для падтрымкі і трансляцыі традыцыйнай спадчыны многія фальклорныя калектывы, у складзе якіх людзі старэйшага ўзросту, маюць свае дзіцячыя калектывы-спадарожнікі, удзельнікі якіх праз агульныя мерапрыемствы, святы, абрады натураль­ным чынам пераймаюць традыцыі ад старэйшых.

Шмат відаў матэрыяльнай народнай творчасці захавалася на Гомельшчыне. Гэта салома- і лозапляценне, аплікацыя саломкай, разьба па дрэве, ткацтва, кераміка, вязанне і вышыўка, выраб народнага адзення. Развіваюцца гурткі па накірунках, якія практычна не бытавалі ў вобласці або былі амаль забыты — гэта ручное пляценне паясоў, выцінанка, ткацтва габеленаў, бісерапляценне. Цікавасць да рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў многім залежыць ад папулярызатарскай работы, удзелу народных майстроў і іх вучняў у выставах, кірмашах, святах і фестывалях. Гурткі па навучанні традыцыйным відам прыкладной творчасці рэгіянальных дамоў і цэнтраў рамёстваў праводзяць даследчую работу па выяўленні майстроў і вывучэнні традыцый дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, рамёстваў, арганізоўваюць выставы, вечары-сустрэчы з народнымі майстрамі.

Дзякуючы адраджэнню фальклорнай спадчыны, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Гомельскай вобласці стала магчымым правядзенне рэспубліканскіх, абласных і раённых фестываляў, аглядаў-конкурсаў, канцэртаў, выстаў, якія садзейнічаюць захаванню і папулярызацыі народнай культуры, яе трансляцыі малодшаму пакаленню, падтрымцы выканаўцаў народных песень, музыкі, танцавальнага фальклору, народных майстроў, выяўленню новых талентаў. У падрыхтоўцы да ўдзелу ў конкур­сах, фестывальных акцыях актыўную работу праводзяць рэгіянальныя арганізацыйна-метадычныя структурныя падраздзяленні і цэнтры, для чаго выкарыстоўваюць разнастайнае метадычнае забеспячэнне, у тым ліку відэа- і аўдыяархівы з запісамі фальклору, што садзейнічае захаванню і папулярызацыі традыцыйнай спадчыны.

Традыцыйная культура рэгіёну паспяхова прэзентуецца калектывамі мастацкай самадзейнасці і майстрамі як за межамі вобласці, так і краіны. Атрымліваюць станоўчы рэзананс у мясцовага насельніцтва і садзейнічаюць далейшаму адраджэнню, захаванню і папулярызацыі народнай спадчыны свайго куточка, сваёй малой радзімы шматлікія фестывальна-конкурсныя акцыі, што праходзяць на Гомельшчыне і прысвечаны традыцыйнай куль­туры. Пералік толькі некаторых з іх сведчыць пра зацікаўленасць і разнастайнасць падыходаў да папулярызацыі нацыянальнай культурнай спадчыны: Міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод» (г. Гомель); Рэспубліканскі фестываль народнага гумару «Аўцюкі» (Калінкавіцкі раён); Абласны конкурс танцавальных пар — выканаўцаў народных побытавых танцаў «Вытокі», якому папярэднічаюць раённыя конкурсы; Абласное свята сямейнай творчасці «Сем — Я»; Абласны конкурс драўлянай скульптуры «Ажыўшая даўніна»; свята ткацтва «Кросенцы» (Веткаўскі раён); Рэгіянальны фестываль песеннага мастацтва «Гэты дзіўны спеў з глыбінь народных» на прыз мастацкага кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прафесара, народнага артыста Рэспублікі Бела­русь М. П. Дрынеўскага (г.п. Лельчыцы); Рэгіянальны фестываль гарманістаў «Грай, гармонік!» (Ельскі раён); Калядны рэгіянальны фестываль «Каляднае сузор’е фальклору» (г. Светлагорск); Адкрытае раённае свята фальклору «Траецкі карагод на Веткаўшчыне» (г. Ветка); конкурс-фестываль народнай творчасці «Ад прадзедаў спакон вякоў» (Гомельскі раён).

Адметным брэндам Гомельскай вобласці з’яўляецца Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся», які праводзіцца раз у два гады з 2010 г. у аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна на тэрыторыі ДПУ «Нацыянальны парк Прыпяцкі». Мэты фестывалю — падтрымка і папулярызацыя сучаснага аматарскага мастацтва і шматграннай традыцыйнай культуры: фальклору, мясцовых традыцый і абрадаў, народных промыслаў і рамёстваў, нацыянальнай кухні.

Калі ўлічваць маштабы працы, якая праводзіцца ў накірунку традыцыйнай культуры, ёсць спадзяванні, што спадчына беларускага народа, якая жыве ў памяці старэйшага пакалення, будзе падтрымлівацца моладдзю і дзецьмі. І пацвярджэнне гэтаму — Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня» — сапраўды невычэрпная крыніца, да якой прыцягваюцца людзі розных узростаў. Фестываль стымулюе моладзь да больш дасканалага вывучэння і ўкаранення ў жыццё звычаяў і абрадаў нашых продкаў. За ўсю гісторыю свайго існавання «Берагіня» стала важным крокам у засваенні, захаванні і трансляцыі мастацкага вопыту продкаў сённяшняму пакаленню.


Аўтары:
Ірына Глушэц, Людміла Мельнікава, Ганна Бялько
Крыніца: Традыцыйная культура і дзеці: праблемы этнавыхавання: матэрыялы V Рэспубліканскай навук.-практ. канф. (г.п. Акцябрскі Гомельскай вобл., 20 чэрвеня 2018 г.) / укл. А. Ю. Лозка; рэдкал.: В.М. Грышкевіч [і інш.]. — Мінск: ІВЦ Мінфіна, 2018. — С. 24-30.