Рэканструкцыя абраду “Жаніцьба Коміна”
(адаптацыя паводле архіваў ГМКГА“Талака” і ЦНТ)
Па розных звычаях Жаніцьба Коміна праводзіцца з 1 па 14 верасня. Найбольш распаўсюджаныя варыянты:
1 верасня – в. Пагост, Жыткавіцкі раён,
14 верасня (св. Сымон) – в. Дзяржынск, Лельчыцкі раён.
Сам абрад спраўляецца для таго, каб ушанаваць хатні дух, агонь-багач. А калі прагматычна, то Жаніцьба Коміна завяршае сезон палявых (дачных) работ і распачынае час вячорак.
Комін, альбо посвет, – гэта хатняе святло, старажытны ліхтар. Рабіўся ён пераважна з металу альбо з плятня (лазы), які аблеплівалі глінай і мазалі мелам.
На пярэдадні свята комін упрыгожваюць кветкамі, хмелем і рушнікамі. Жэняць яго ў хаце нябеднага гаспадара, каб той быў здольны і накарміць гасцей, і гарэлкі наліць.
– Добры вечар вам! Дазвольце ажаніць вашага Коміна.
– Калі ласка, – адказвае гаспадар.
Госці становяцца тварам да заходу сонца. Гаспадар (гаспадыня) абсыпаюць комін гарбузянымі і сланечнікавымі бубкамі:
Каміночку ты наш, спагадай,
Буры, ветры, грозы праганяй.
Зарадзі, Божа, жыта, пшаніцу
I ўсякую пожніцу.
(в. Бяланавічы, Петрыкаўскі раён)
Зерне імкнуцца падабраць жанкі і дзеткі, а нахапаўшы, глядзяць: у каго жменька большая – той багацейшы будзе.
Калі запальваецца агонь, дзеўкі ды хлапцы заводзяць карагод: першая дзеўка вядзе ланцуг па сонцу, трымаючы ў руках гарбуз з утыркнутай у яго запаленай свечкай:
Ой, прышлі ж ночэнькі доўгенькі
Ой, прышлі ж ночэнькі доўгенькі,
Пасвяці нам, коміну беленькі.
Мы ж цябе кветкамі ўбіралі,
І барвеночком нараджалі.
Праца-дзеўка наша гарненька,
Палюбіць коміна радзенька.
Мы ж цебе будомо жэніці,
Жэніці, квас, мёд, піво піць.
Ты свеці ж, комінку, ясненька,
Пабуджай чэлядку раненько.
Шыці, прасці, ткаці маладым,
А порадок даваць нам, старым.
(в. Дзяржынск, Лельчыцкі раён)
Госці ходзяць са свечкай і цалуюцца з гаспадыняй.
Затым гаспадары частуюць гасцей: даюць гарбузу і місачку мёду, па чарцы гарэлкі, семячкі, яблыкі. Госці зычаць гаспадару дабра:
– Дай ,божа не апошню ў вашай хаце піць!
– Каб ў вашай хаце, заўжды было,што даці!
Затым госці сядаюць за стол і спяваюць песні, пераважна жніўныя і вясельныя.
Дзеля смеху ў час абраду робяць ляльку: напіхваюць салому ў мужчынскія штаны і сарочку. Тушаць святло, і падчас танца кідаюць гэтую ляльку на каго-небудзь з дзяўчат. Пасля гэтага запальвюць свет і глядзяць, каму дастаўся слаўны жаніх – тая павінна з ім станцаваць. Паступова святкаванне пераходзіць у фармат звычайных вячорак: спевы, танцы пад дуду, гульні, цікавыя аповеды.