Лексіка швейных вырабаў у народна-дыялектнай мове Усходняга Палесся уключае некалькі прадметна-тэматычных груп. Самую шматлікую групу складаюць намінацыі, што аб’ядноўваюцца на аснове агульнасці семантычнай тэмы ’адзенне’.
Значна большую як у колькасных адносінах, так і па семантычнай разнастайнасці падгрупу ўтвараюць відавыя намінацыі адзення. Унутры гэтай падгрупы выразна вылучаецца семантычны клас лексічных адзінак — назвы сподняга (нацелънага) адзення.
Сярод назваў сподняга (нацельнага) адзення большасць складаюць лексемы, якія характарызуюць прыналежнасці жаночага туалету. Амаль усе яны — вузкарэгіянальныя ўтварэнні. Сюды адносяцца лексемы блошанка (<блыха) ‘жаночая кашуля з грубага палатна’: Блошанку перэменьваем кажды тыждень (Сямураццы Жытк.); поддзеванка (<паддзяваць) ‘сподняя спадніца’: Мне маці на веселье оддала поддзеванку свою, з брыжамі (Бабчын Хойн.); перкалёўка (перкалюха) (< польск. perkal < франц. percaіe — 11, с. 402) ‘жаночая сарочка з тонкага палатна, звычайна з вышываннем’: А я свою перкалёўку положыла і не ношу, шкодую (Галубіца Петрык.); Перкалюха сорочка така колісьня (Верасніца Жытк.); поесянка (<пояс) ‘камбінаваная жаночая кашуля, ніз якой шыўся з горшага палатна’: Поесянка — сорочка, зверху перкапёва, а знізу полотняна (Прудок Калінк.); рукоўянка (<рука) ‘камбінаваная сарочка з паркалёвымі рукавамі’: Сорочка полотняна, а рукаві перкалёвіе, то казані рукоўянка (Дварэц Жытк.); сподняк (<спод) ‘сподняя палатняная спадніца’: Сподняк ето ніжняя сподніца (Злодзін Лельч.).
Толькі паасобныя намінацыі гэтага тыпу маюць на тэрыторыі Беларусі пэўнае пашырэнне. Да ліку іх адносіцца слова галька (< польск. halka — 12,1, с.395) ‘сподняя спадніца з карункамі або вышытая ўнізе’: Давай я выперу гальку, а то гразна (Макарычы Петрык.), што сустракаюцца таксама ў іншых паўднёва-заходніх гаворках [5, с.110]. Сюды ж можна далучыць лексему станік, што ўжываецца ў даследаванай гаворцы ў значэннях ‘жаночы ліфчык’, ‘сподняе адзенне без рукавоў’: Пошыла новы станік на празнік (Каменка Мазыр.); Мой станік цёплы (Галоўчыцы Нараўл.). Праўда, яна вядома і польскай мове [13, с.391], але наяўнасць яе у большасці беларускіх гаворак [2, с.292; 5, с.471; 10,1, с.474] гаворыць у карысць самастойнага ўтварэння гэтага слова на беларускай глебе ад назоўніка стан. У беларускай літаратурнай мове лексема станік ужываецца ў значэннях ‘скроеныя і сшытыя па фігуры полкі палатна; ліф’, ‘жаночы ліфчык для падтрымання бюста’. (6, V-I, с. 303).
Аб абмежаваным асартыменце найменняў мужчынскага нацельнага адзення сведчыць тое, што яны групуюцца ў асноўным вакол аднаго паняцця ‘доўгія споднія мужчынскія штаны, споднікі‘ утвараючы сінанімічны рад пододнікі — подштанікі — порткі — споднікі: Хоць бы пододнікі зняў, іх трэба попраць (Каменка Мазыр.); Подштанікі шыюць з белого полотна (Багуцічы Ельск.); Летом порток не носяць, і так душно (Аравічы Хойн.); Удовец сам догледай, сам вары і сам споднікі перы (Прудок Калінк.). Кампаненты гэтага сінанімічнага рада знаходзяцца ў розных адносінах да літаратурнай нормы: слова споднікі (<сподні) цалкам з ёю супадае, подштанікі (<под — +штаны) і порткі (<порт) дапускаюцца ў літаратурнай мове як разнамоўныя, пододнікі (<па дадно ‘падыспад’ — 9, VIII, с. 110 – рэгіяналізм).
Новую семантычную нагрузку набыла ў мове палешукоў старабеларуская лексема мятлік ‘сарочка з мяккага льнянога палатна, якую надзявалі дзіцяці першы раз пасля хрышчэння’: Первого надзевалі мятліка, шоб только на дзіця пошылі рубашэчку (Старажоўцы Жытк.). У старабеларускай мове слова мятликь (<мятель ’разнавіднасць верхняй мужчынскай вопраткі’ (< лац. mentellum — 7, III, с.31) выкарыстоўвалася для абазначэння жаночага плашча [3, с. 133].
Некаторыя з назваў сподняга (нацельнага) адзення нельга дыферэнцыраваць у залежнасці ад полу тых, хто яго носіць. Так агульнымі ў адносінах да жанчын і мужчын у народнай гаворцы, як і наогул у беларускай мове, з’яўляюцца сінанімічныя найменні кошуля, рубашка, сорочка, якія, акрамя таго, могуць абазначаць і верхнюю вопратку: Кошулю здорово було носіць (Рычоў Жытк.); Колісь усе казалі сорочка, цепер і рубашка (Антонаў Нараўл.). Па паходжанню гэтыя словы даволі старажытныя, усе яны ўжываліся ў помніках старабеларускай пісьменнасці [4, I, С.1306; III, с. 174, 467; 1], дзе сорочка і рубашка ўтварыліся ад сорока і рубъ ‘дрэнная вопратка, [8, с.394, 422], а кошуля было запазычана з польск. koszula (< лац. casula ‘плашч з капюшонам’ — 9, IV, с.324]. Пашырэнню слова рубашка ў апошні час садзейнічаў уплыў рускай мовы.
Агульнае значэнне ‘сподняя сарочка’ характэрна і для слова нацельніца (<на-+ цела): Надзенъ хоць чысту нацельніцу (Запясочча Жытк.). Яно з аднолькавай верагоднасцю ўжываецца ў адносінах і да жаночай і да мужчынскай нацельнай сарочкі.
Такім чынам, лексемы, якімі называюцца швейныя вырабы, сведчаць пра тое, што яны прайшлі гістарычны шлях свайго развіцця на мазырска-палескай зоне, сумежных і несумежных тэрытарыяльных аб’яднаннях Беларусі. Большасць намінацьш швейных вырабаў вядзе свой пачатак з глыбокай старажытнасці з захаваннем сваіх асноўных значэнняў у народна-размоўным асяроддзі і сучаснай беларускай літаратурнай мове.
- Гістарычны слоўнік беларускай мовы / картатэка /.
- Каспяровіч М.1. Віцебскі краёвы слоўнік /матэрыялы/. — Віцебск, 1927. — 390 с.
- Рабаданова Л.И. Названия одежды, головных уборов и материалов для их изготовления в памятниках старобелорусской письменности: Дис. … канд. филол. наук. — Мінск, 1991. -243 с.
- Срезневский И. И. Материалы для словаря древнерусского языка. — СПб., 1893. — Т. 1, — 1420 с.; 1912, — Т.З. — 1956 с.
- Сняшковіч Т.Ф. Матэрыялы да слоўніка Гродзенскай вобласці. — Мінск: Навука і тэхніка, 1972. — 620 с.
- Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. — Мінск: БелСЭ, 1982. — Т. 5, кн. 1. — 663 с.
- Фасмер М. Этимологический словарь русского языка — М.: Прогресс, 1971. — Т.З. — 827 с.
- Шанский Н.М., Иванов В.В, Шанская Т.В. Краткий этимологический словарь русского языка: Пособие для учителя. — 2-е изд. испр. и доп. — М.: Просвещение, 1971. — 542 с.
- Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. — Мінск: Навука і тэхніка, 1988. — Т. 4. — 327 с.; 1993. — Т. 8. — 270
- Янкоўскі Ф.М. Дыялектны слоўнік. — Мінск: Навука і тэхніка. 1959. — Вып. І. — 230 с.
- Bruckner A. Sіownik etymologiczny jкzyka polskiego. — Warszawa: Wiedza powszechna, 1974. — 806 s.
- Sіawski F. Sіownik etymologiczny jкzyka polskiego. — Krakуw, 1952- 1979, — T. 1-5, zesz. 1-24. — 2517 s.
- Sіownik wyrazуw obcych. — Warszawa: Paсstwowe Wydawnictwo Naukowe, 1974. — 828 s.
Аўтары: Т.М. Казачэнка, В.Г. Ляшкевіч
Крыніца: Традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Гомель, 20-21 мая 2004 г.): У 2-х ч. Ч 2. / Гал. рэдактар А.А. Станкевіч. — Гомель: УА “ГДУ імя Ф.Скарыны”, 2004. С. 30-32.