Рэчыўная атрыбутыка вясельнай абраднасці на Гомельшчыне: сімволіка каравайнага абраду

0
407
Рэчыўная атрыбутыка вясельнай абраднасці на Гомельшчыне сімволіка каравайнага абраду

Традыцыйная духоўная культура засноўваецца на сістэме ўзаемазвязаных канцэптаў, важнейшымі з якіх з’яўляюцца ‘чалавек — сям’я’. У адпаведнасці з гэтай апазіцыяй выдзяляецца такая форма традыцыйнай культуры, як сямейная абраднасць, якая суправаджае найбольш значныя вехі ў жыцці чалавека — нараджэнне, хрышчэнне, шлюб, пахаванне. З усіх сямейных абрадаў найбольш поўна апісаны вясельны абрад як самы насычаны абрадавымі дзеяннямі і рытуаламі, працяглы па часе, адказны для працягу роду, урачысты, святочны. Шматгранным, падзейным і рознажанравым з’яўляецца вясельны абрад на Гомельшчыне, у якім захаваліся ў наш час многія традыцыйныя фальклорна-этнаграфічныя кампаненты.

Аб’ект нашага даследавання — каравайная абраднасць на Гомельшчыне, мэта — аналіз сімвалічнага характару некаторых рытуальных дзеянняў і актаў гэтага абраду, крыніца фактычнага матэрыялу — выданні фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў розных раёнаў Гомельскай вобласці, прысвечаныя вясельнай абраднасці.

Як адзначаюць даследчыкі, вяселле на Гомельшчыне як часткі ўсходнепалескага рэгіёна праводзіцца па каравайнаму тыпу, у адрозненне ад паўночнабеларускага, у аснове якога — стаўбавы тып [1, 16]. Даволі поўна, у адрозненне ад іншых рэгіёнаў Беларусі, прадстаўлена тут і песенная каравайная традыцыя.

Каравайны абрад, надзвычай развіты на Палессі, з’яўляецца кульмінацыйным эпізодам шлюбнай цырымоніі [5, 25]. Як адзначаюць інфарматары, выпечка каравая была строга рэгламентавана. Яго рыхтавалі за дзень да вяселля. Каравай выпякалі спецыяльна запрошаныя жанчыны — каравайніцы — абавязкова няцотнай колькасці — тры або пяць, сярод іх старшая каравайніца, найбольш вопытная і аўтарытэтная. Яны павінны былі быць замужнімі, мець дзяцей і быць шчаслівымі ў шлюбе. Адной з каравайніц павінна быць жанчына, якая нядаўна выйшла замуж. Лічылася, што праз каравай жанчыны перадаюць маладым шчаслівае жыццё (ВнГ, с.10).

Садзіць каравай у печ павінен быў мужчына як сімвал актыўнага пачатку ў інтымным жыцці. Пасля выпечкі каравай заносілі ў камору і выносілі з яе таксама жанатыя мужчыны і жанчыны, каб маладыя заўсёды жылі ў пары.

Сімвалічнай была форма каравая — круглая, у яе аснове вобраз Сонца, якому пакланяліся старажытныя славяне. У дадзеным выпадку сонца выступала як абярэг для маладых. Інфарматары тлумачылі форму каравая наступным чынам: Каравай рабілі круглым, каб жыццё гладка шло і не разыходзілася, выпякалі на ім звяроў, каб скаціна ў маладых добра вялася, калачы былі, каб хлеб у хаце быў (ЗЧД, 207). Касмічныя матывы і салярную сімволіку мелі і іншыя атрыбуты каравайнага абраду. Так, каравай у нявесты выпякаўся ў форме сонца, а ў жаніха — ў выглядзе месяца. (ВнГ, 62). Калі каравай вымалі з печы, абвязвалі ручніком, лажылі на вечка ад дзяжы, засланае абрусам, на які насыпалі зерне аўса або пшаніцы, гаспадар браў каравай разам з вечкам і павольна па ходу сонца ішоў да каморы (ВнГ, 225); Дзялілі каравай звычайна ад маладой рукі, г. зн. па ходу сонца (Лоеўшч., 234). Пасля дазволу завесці маладую за стол, брат падводзіў яе к маладому толькі па сонцу (ВнГ, 40).

Каравай сімвалізаваў багацце, шчасце і дабрабыт будучай сям’і. “Прысутнасць каравая на вяселлі азначала пажаданне гэтага шчасця і дабрабыту маладой сям’і” [2, 21]. Кожны чалавек мог мець каравай толькі адзін раз на вяселлі. Калі ў шлюб уступалі ўдавец або ўдава , каравай не выпякаўся.

Асаблівая ўвага ўдзялялася ўпрыгожванню і аздабленню каравая: А каравай быў красівы, перавязаны накрыж краснымі лентамі (ВнГ, 96); На каравай пяклі розачкі з цеста, вулепвалі верабейкі на ім .. (ВТГ, 367); Гатовы каравай украшалі хресцікамі, кружкамі і фігуркамі з таго ж самага замеса каравая (В, 227); З цеста робяць упрыгожванні для каравая — шышачкі, птушачкі, лісцікі (ВнГ, с. 62). Разнастайныя элементы дэкору каравая — шышкі, фігуркі, хресцікі, кружкі, птушкі, месяцы, кветкі, лісцікі, пляцёнкі, васьмёркі — мелі глыбокі сімвалічны сэнс, які ў поўнай меры сучаснымі носьбітамі традыцыйнай культуры ўжо не ўсведамляецца. Так, напрыклад, птушкі (галубкі, верабейчыкі) дзякуючы наяўнасці крылаў і здольнасці лятаць, сувязі з паветранай стыхіяй увасабляюць душу чалавека, а таксама сімвалізуюць адраджэнне, вясну і свабоду. Кветкі, як і лісточкі, — сімвал маладосці, прыгажосці і жыццёвай сілы. Ружа да таго ж сімвалізуе дзявочую прыгажосць і цнатлівасць. Каласкі — сімвал урадлівасці, дастатку і дабрабыту. Крыж указвае на сувязь з Богам, а таксама адлюстроўвае старажытнае ўяўленне пра перасячэнне зямнога і нябеснага свету, бачнага і нябачнага, перакрыжаванне на жыццёвай дарозе чалавека, яго лёс. Круг увасабляе бесперапыннасць развіцця, вечнасць існавання, пляцёнка — сімвал бясконцага цыклу адраджэння, узнаўлення і даўгалецця, васьмёрка — аб’яднанне мужчынскага і жаночага пачатку. Асабліва папулярныя ў каравайным абрадзе шышкі, якія выпякаліся як на караваі, так і асобна з каравайнага цеста. Яны былі сімвалам урадлівасці і пладавітасці [6]. Калі вымаюць каравай з печы, яго “ложаць на абрус, на які сыплюць зерне аўса або пшаніцы. А сам каравай абвязваюць ручніком” (ВнГ, 30). Ручнік сімвалізаваў сувязь маладых з іх родам, а таксама яднанне двух сем’яў [4; 7].

Прысутнічала ў каравайным абрадзе Гомельшчыны і лічбавая сімволіка. Гэта была пераважна магія лічбы 3. Так, гэта лічба ўлічвалася пры выпечцы і ўпрыгожванні каравая: Зрабіўшы рошчыну, яны закрываюць дзяжу, а мужчыны перакручваюць яе тры разы і ставяць на крыж супраць печы (ВнГ, 223); Выпякалі часта тры караваі: Адзін каравай робяць у выглядзе паўмесяца, другі ў форме вялікай булкі, невялікая булачка — трэці каравай. Гэтыя тры булкі ўпрыгожваюць рознымі фігуркамі (ВнГ, 223); Робяць упрыгожванні: тры птушкі, тры месяцы, тры кветкі.. (ВнГ, 30). Раздача каравая маладой пачыналася за трэццім сталом (ВнГ, 106).

З караваем на Гомельшчыне, як і ў іншых рэгіёнах, было звязана шмат народных павер’яў і прыкмет: Цеста мясілі не кулакамі, а далонямі, каб малады не біў жонку; Калі каравай ужо быў у печке, жанкі мылі рукі, і тую воду аддавалі маладой. А яна вылівала яе пад вішню: Каб вішанькі развіваліся, А маладыя красаваліся… (ВнГ, 360); Калі хто ўкрадзе на вяселлі кусок каравая — у маладых можа не быць дзяцей (ВнГ, 362); Каравай у хмурныя дні рашчыняюць тады, калі выгляне сонца з-за хмары, бо верылі, што маладых чакаюць сумныя дні (ВнГ, 199); І яшчэ гаварылі, што каравай трэба змазаць яічным бялком, каб маладыя жылі ладком (ВнГ, 205); Калі дзеляць каравай, то спачатку першыя яго кавалкі даюць маладым і назіраюць за тым, “хто з іх, адкусіўшы каравай, будзе верхаводзіць у сямі (ВТГ, 13); “Каравай нельга было браць голымі рукамі”, каб жыццё маладых было заможным, не бедным (ВнГ, 360-361); Ваду, у якой каравайніцы мылі рукі, вылівалі пад дрэвы, у хлеў, каб быў добры ўраджай і ў хлеве было поўна жыўнасці (ВнГ, 105).

Каравай меў таксама прадказальную функцыю. Як адзначаюць інфарматары розных населеных пунктаў Гомельскай вобл., па гатовым караваі прадказвалі, якое жыццё будзе ў маладых: Калі каравай не выпечацца добра, то не бяда, кажуць,што нявеста будзе добрая, гладкая, ды здаровая. А калі каравай, бывае, расколецца, то ўжо прыкмета , што маладыя не будуць разам. Канешне, жанчыны стараюцца, каб госці не бачылі гэтага (ВнГ, 337); Калі пірог падымаўся высока, то лічылі гэта добрай прыкметай (ВТГ, 24); Калі каравай удаваўся, лічылі, што гэта на шчасце. Асабліва лічылася добрай прыкметай, калі каравай падымаўся настолькі, што яго нельга было выцягнуць з печы, трэба было вымаць некалькі цаглін (ВнГ, 177); Лічылася, калі каравай будзе мяккім, будзе рассыпацца, то такой жа недаўгавечнай і рассыпчатай будзе іх каханне. Калі каравай цверды (але не зусім чэрствы), то і каханне будзе назаўсёды, і маладыя будуць жыць разам усю жызнь (ВТГ, 78); Абавязкова даглядалі, каб каравай не перапёкся, каб не трэснула корачка, бо лічылі, што жыццё маладых будзе таксама расколаным (ВнГ, 203); Калі ж каравай у печы хаця б троху прыгарэў, то тады жыцця ў маладых не будзе, доўга разам жыць не будуць, так лічылася (ВнГ, 83).

Каравай асэнсоўваўся як Божы дар, таму да яго адносіліся надзвычай пачціва, у печ яго не ставілі, а садзілі. Калі каравай вымалі з печы, яго абавязкова клалі на абрус або ручнік. Адрэзаны кавалак караваю не бралі голымі , клалі ў насоўку або салфетку. Адухаўленне каравая, апатрапеічны падыход да яго яскрава адлюстроўваецца ў каравайных песнях, дзе вясельны пірог персаніфікуюць, звяртаюцца да яго, як да жывой істоты: Каравай мой, раю, я для цябе хораша граю (ВнГ, 5); Караваю, мой раю, Я па цябе скучаю, Бо даўно цябе я ня пякла (ВнГ, 24); Ой, караваю, наш народжаны, Да хто цябе нарадзіў? (ВнГ, 224); Каравай у дзежцы іграе Да века паднімае, Каравайніц ажыдае: — Дзе ж мае каравайніцы? (ВнГ, 19); А каравай у печы іграе Да засланкі адбівае (ВнГ, 45).

Сімвалічны сэнс маюць некаторыя дзеянні, звязаныя з раздачай каравая. Разразанне каравая ў час вяселля ў маладой сімвалізавала пераход нявесты ў іншы сямейны статус, страту ёю нявіннасці. Раздача каравая гасцям абазначала адорванне іх Божым дарам. Госці захоўвалі каравай, прыносілі яго дадому і дзяліліся з тымі, хто не быў на вяселлі. Лічылася, што каравай прыносіць удачу. Тое, што сярэдзіну каравая выразалі і аддавалі маладым, абазначала стварэнне новай сям’і і зараджэнне новага жыцця. Праўда, у некаторых мясцовасцях Гомельшчыны маладым забаранялася есці каравай, які раздавалі гасцям: Свайго каравая штоб не бралі. Шчытаюць старыя так, што е ўсякая слава, е ўсякія людзі. Можа хто на каравай жадае шчасця, а другія — не, дык вот не бяры свайго каравая (Лоешч., 248). Пажаданні, якія выказваліся маладым пры дзяльбе каравая і іх адорванні, таксама былі сімвалічнымі, яны суправаджаліся вобразнай алегорыяй: Колькі ў лесе пянькоў, каб было столькі сынкоў; Колькі на бярозе почак, каб столькі было дочак; Дарую бочку капусты, каб не давала мужыку распусты; Дарую бочку гуркоў, каб не любіла чужых мужыкоў; Дарую галіну бярозы, каб мужык прыходзіў цвярозы; Дарую дугой, каб мужык не хадзіў к другой і інш. (ВнГ, 77).

Каравайны абрад на Гомельшчыне суправаджаўся некаторымі дадатковымі рытуальнамі дзеяннямі: пасадам маладых, іх “біццём”, стуканнем лапатай, на якую садзілі каравай: Да ўсадзіць хросна ў печ. Да ўжэ молоду по голове лопатою тоею б’е, тры разы білі. І молодого білі. Б’е й прыказвае: “Дай Бог шчасця”. А ека прыказвала: “Ето на сына, ето на дочку” (ВТГ, 161-162); Калі ў бацькі былі яшчэ незамужнія дочкі, лапатай, якой ставілі каравай у печ, дакраналіся да іх галоў (ВнГ, 105); Каравай скончыўся. Хросны бацька разбівае талерку на шчасце (ЖПР, 204); Раздаўшы каравай ламалі ёлку і білі маладых, штоб былі здаровымі, прыткімі ў рабоце і не былі лянцяямі (НДС, 178); Як падзеляць каравай, звязвалі жаніха і нявесту і білі іх: удараць тым рушніком жаніха і ня ве сту, а жаніх хаваў нявесту (НДС, 195); У суботу збіраліся бабкі-каравайніцы і пя клі каравай. Гэта быў вясёлы час .. Маглі і лапаткай па галаве біць, гаварылі, што маладая будзе мець верх над сваім чалавекам, калі ўдарыць лапаткай па галаве мужчыны (НДС, 221). Сімвалічнае біццё маладых, як і біццё посуду, мела магічнае значэнне — павінна было адганяць злых духаў.

Некаторыя абрадавыя дзеянні, звязаныя з караваем, маюць аберагальны і прадуцыравальны характар. Так, каравай рашчынялі ў дзяжы, якую ставілі на кажух: Уносілі дзяжу бацькі і абавязкова ставілі на кажух, на шчасце, таму што поўсць .. адпугвала нячысцікаў, якія .. хацелі зрабіць шкоду, і ў той жа час мясілі хлеб, хлеб на шчасце (ВнГ, 201); Дзяжу для цеста ставілі пасярод хаты на вывернутым кажусе, сыпалі ў яе муку і лілі ваду за адзін прысест (ВнГ, 105). Такі своеасаблівы “пасад каравая” быў абярэгам ад суроку або шкоднага ўздзеяння на маладых варожай субстанцыі. Выкарыстанне вывернутага мехам наверх кажуха характэрна для многіх вясельных эпізодаў. Як адзначаюць даследчыкі, гэты звычай “паходзіць ад татэмічнай абраднасці і звязанымі з ёю павер’ямі .. Шкуры татэма прыпісваецца лекавая сіла — выганяць з чалавека хваробы” [3, 107]. Вывернуты мехам наверх кажух з’яўляўся, такім чынам, своеасаблівым апатрапеем. Дзяжа ж асэнсоўвалася як праекцыя на сямейнае жыццё, сімвал пладавітасці: Пасадзілі каравай, дзеўкі хватаюць дзяжу, хто першая схопіць, тая пойдзе ўперад замуж (ВнГ, 6); Калі ў бацькоў ё яшчэ дочкі на выданні, сват пасля таго, як рашчыняць каравай, прыпадымае ўгару дзяжу ў чатырох супрацьлеглых месцах. Гэта для таго, каб і яны на месцы не сядзелі (ВнГ, 199).

Такім чынам, падрыхтоўка каравая і яго раздача на вяселлі была знакавай падзеяй у шлюбнай абраднасці Гомельскага рэгіёна Каравайны абрад утрымліваў многія рытуальныя акты і дзеянні з магічным і аберагальным значэннем і адлюстроўваў пажаданні маладым доўгага сумеснага жыцця, здароўя, дабрабыту і шчасця; элементы дэкору каравая сімвалізавалі жыццёвую сілу, маладосць, прыгажосць, даўгалецце і сувязь з Богам.

Літаратура:

  1. Варфоломеева Т. Б. Северобелорусская свадьба: обряд, песенно-мелодические типы / Ред. З. Я. Можейко / Т. Б. Варфоломеева. — Минск: “Наука и техника”, 1988. — 156 с.;
  2. Вяселле: Абрад / Уклад., уступ. арт. і камент. К.А. Цвіркі, Муз. дадат. З.Я. Мажэйка / Рэд. тома В.К. Бандарчык, А.С. Фядосік. — 2-е выд. — Мінск: Бел. навука, 2004. — 683 с.;
  3. Никольский Н. М. Происхождение и история белорусской свадебной обрядности / Н. М. Никольский. — Изд.-во АН БССР. — Минск, 1956.-273 с.;
  4. Мархель-Кокашинская, М. Белорусская свадьба: от сватов до каравая // [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://www.prazdnik.by; http://meditation-portal.com/simvolika-svadebnogo-rushnika. Дата доступу: 02.02.2014;
  5. Палескае вяселле / [Уклад. і рэд. В.А. Захаравай]. — Мінск: Выд.ва “Універсітэцкае”, 1984. — 303 с.;
  6. [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http. // mir-svadbi.ru / svadebnyj-karavaj. Дата доступу: 20.01.2014;
  7. [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://meditation-portal.com/simvolika-svadebnogo-rushnika.%20%D0%94%D0%B0%D1%82%D0%B0%20%D0%B4%D0%BE%D1%81%D1%82%D1%83%D0%BF%D1%83:%2002.02.2014.

Умоўныя скарачэнні:

В – Вечнае Фальклорна-этнаграфічная спадчына Веткаўскага раёна / Аўт. Уклад.: І.Ф. Штэйнер, В.С. Новак. — Гомель: УА “ГДУ імя Ф. Скарыны”, 2003. — 362 с.; ВнГ Вяселле на Гомельшчыне: фальклорна-этнаграфічны зборнік / уклад. І.Ф. Штэйнер, В.С. Новак. — Мінск: ЛМФ “Нёман”, 2003. — 472 с.; ВТГ — Вясельная традыцыя Гомельшчыны: фальклорна-этнаграфічны зборнік / Укладанне В.С. Новак. — Мінск: Права і эканоміка. 2011. — 485 с.;

ЖРП Жаўруковая песня радзімы: Народныя духоўныя скарбы Буда-Кашалёўскага краю: манаграфія / ГДУ імя Ф. Скарыны; пад агульнай рэдакцыяй В.С. Новак. — Гомель: Сож, 2008. — 424 с.;

ЗЧД Зямля чароўная дабра: Добрушскі край: гісторыя і сучаснасць / Пад аг. рэд. А.А. Станкевіч. — Гомель: ААТ “Полеспечать”, 2008. — 280 с.;

Лоеўшч. Лоеўшчына… Бэзавы рай, песенны край. Сучасны стан традыцыйнай культуры Лоеўшчыны / Укладанне, сістэматызацыя, тэксталагічная праца В.С. Новак. — Гомель: Сож, 2007. — 472с.: іл.;

НДС Народная духоўная спадчына Гомельскага раёна / Укладанне, сістэматызацыя, тэксталагічная праца і рэдагаванне В.С. Новак. — Гомель: ААТ “Полеспечать”, 2007. — 456 с.: іл

Аўтар: О.О. Станкевич
Крыніца: Компаративні дослідження слов’янських мов і літератур. Пам’яті академіка Леоніда Булаховського. — 2014. — Вип. 25. — С. 232-238.