Пад час архіўных пошукаў у Дзяржаўным архіве ў Лодзі нам удалося патрапіць на кнігу рэчыцкага каптуровага суда [1]. Гэтая кніга знаходзіцца ў фондзе Барташэвічаў. Аб гэтай кнігз ў адной са сваіх працаў пісаў Юліян Барташэвіч [2]. Храналагічна дакументы ў яе заносіліся ад 27 лютага да 31 кастрычніка 1764 г. Пранумераваных у ёй 866 аркушаў. Кніга дзеліцца на некалькі частак. Акта капутровых судоў знаходзяцца ад пачатку кнігі да 415 аркуша. Пасля іх да 613 аркуша ідуць вечыстыя каптуровыя акты. Далей да 643 аркуша знаходзяцца інтрамісіі. Пасля да 697 аркуша змешчаны акты рэчыцкага сойміка. Пасля іх да канца капутровай кнігі знаходзяцца працэсы. Першая справа ў каптуровай кнізе датуецца 27 лютага 1764 г. [2, s. 29, 37]. Зрабіўшы аналіз рэчыцкай каптуровай кнігі, Юліян Барташэвіч шмат увагі ў сваім артыкуле надзяліў барацьбе паміж прыхільнікамі Радзівілаў і Чартарыйскіх. Апісаў крывавае пасяджэнне рэчыцкага каптуровага суда і асуджэнне за гэта радзівілаўскіх прыхільнікаў Юдыцкіх і Антонія Маліноўскага. Спыніўся Барташэвіч на соймікавых дакументах, выкарыстаўшы іх для апісання рэчыцкіх соймікаў 1764 г. Аднак, пры гэтым карыстаўся толькі дзвюмя інструкцыямі рэчыцкім паслам на элекцыйны і каранацыйны сойм і памінуў іншыя соймікавыя дакументы, якія знаходзяцца ў гэтай каптуровай кніге. Гэта робіць актуальным правядзенне нашага даследвання па вывучэнні рэчыцкіх павятовых соймікаў у бескаралеўе 1764 г. згодна ўсіх выяўленных соймікавых дакументаў.
Сярод розных судовых дакументаў у гэтай кнізе вылучаюцца дакументы, якія тычацца дзейнасці рэчыцкага павятовага сойміка. Сярод судовых дакументаў гэта «Працэс Найяснейшага ўсяго прысветнага Рэчыцкага павета супраць мяцежнікаў учынены». Гэты працэс быў актыкаваны ў рэчыцкай каптуровай кнізе 20 красавіка 1764 г. Згодна яму ад сойміка адлучыліся гродскія і «два павятовыя» ўраднікі з «кільканасце» шляхты. Менавіта яны праз тры дні пасля заканчэння сойміка правялі свой соймік, дзе абралі іншых паслоў і іншы склад каптуровага суда. Больш таго, калі легальна абраныя суддзі каптуровага суда пасля прысягі сабраліся на сваі пасяджэнні, то іх «агняпальнай зброяй, арматамі, кулямі і карцечай набітай» атакавалі. На чале нападаўшых былі рэчыцкія земскія судзічы Юдыцкія, рэчыцкі гродскі рэгент і рэчыцкі канюшыч Антоні Маліноўскі. Яны не паслухаліся і пасрэднікаў, а наадварот жаўнерам «з ручной стрэльбы і арматы агня выдаць казалі» да стаяўшай каля судовай ізбы шляхты. У выніку было забіта 2 шляхцічы і «кільканасьце» розных людзей «ні ў чым невінаватых» на тым жа месцы, а іншых потым пасяклі. Пасля гэтага са сваіх прыхільнікаў, якія ў большасці знаходзіліся пад судовымі дэкрэтамі і ўвогуле не былі вызначаны каптуровымі суддзямі на рэчыцкім перадканвакацыйным сойміку 1764 г., сфарміравалі свой каптуровы суд, які да сяго часу працягваў сваю працу. Радзівілаўскія прыхільнікі не спыніліся на гэтым і працягвалі напады на законна абраных каптуровых суддзяў і дамы ўраднікаў з прыхільнікаў Фаміліі. У адказ на такія дзеянні мясцовая шляхта заяўляла аб стварэнні канфедэрацыі, а яе маршалкам абрала дырэктара рэчыцкага перадканвакацыйнага сойміка рэчыцкага падкаморыя Антонія Халецкага. Таксама было абрана 4 кансыляжы: рэчыцкі гараднічы Ігнат Халецкі, рэчыцкі падстолі Лявон Кяльчэўскі, рэчыцкі падчашы Міхал Прушаноўскі і рэчыцкі падкаморыч Юзаф Халецкі. Шляхта прасіла новаабранага маршалка прызначыць ротмістраў, дзе іх не было, а дзе былі абраны раней, каб зараз прадпрынялі меры для абароны павета. Гэты працэс быў складзены 16 красавіка 1764 г. Свае подпісы пад ім паставіла 55 шляхцічаў. Сярод іх неабходна вылучыць мясцовых ураднікаў і каптуровых суддзяў: канфедэрацкі маршалак і рэчыцкі падкаморы Антоні Халецкі, рэчыцкі войскі і маршалак каптуровага суда Казімір Прушаноўскі, рэчыцкі гараднічы Ігнат Халецкі, рэчыцкі падчашы і рэчыцкі каптуровы суддзя Міхал Прушаноўскі, рэчыцкі падкаморыч і пісар каптуровага суда Юзаф Халецкі, рэчыцкі каптуровы суддзя Томаш Марачэўскі, рэчыцкі каптуровы суддзя Францішак Гурскі, рэчыцкі каптуровы суддзя Феліцыян Гарбачэўскі, рэчыцкі каптуровы суддзя Стэфан Жаўток, смаленскі лоўчы і рэчыцкі каптуровы суддзя Базыль Шаціла, рэчыцкі каптуровы суддзя Антоні Ханецкі, рэчыцкі каптуровы суддзя Якуб Харкевіч, рэчыцкі падстолі Лявон Кяльчэўскі, рэчыцкі лоўчы і пасол на канвакацыйны сойм Томаш Прушаноўскі, лідскі чашніковіч і рэчыцкі каптуровы суддзя Міхал Пакрашыньскі, рэчыцкі каптуровы суддзя Якуб Сенажэцкі і рэчыцкі будаўнічы Павел Сенажэцкі [1, k. 465-476]. Такім чынам, канфедэрацыя прыхільнікаў Фаміліі ў Рэчыцкім павеце была створана 16 красавіка 1764 г. У той самы дзень, што і Генеральная канфедэрацыя ВКЛ у Вільні. Падставай яе стварэння была тая ж: злоўжыванні радзівілаўскіх прыхільнікаў. Праўда, датычылася яна толькі злоўжывання радзівілаўскіх прыхільнікаў не ва ўсім Княстве, а толькі ў Рэчыцкім павеце. Сярод яе стваральнікаў было 6 мясцовых ураднікаў (падкаморы, войскі, падстолі, гараднічы, падчашы, лоўчы і будаўнічы) і 15 каптуровых суддзяў. Менавіта яны і складалі аснову групоўкі прыхільнікаў Фаміліі ў Рэчыцкім павеце.
Дзеянні радзівілаўскіх прыхільнікаў у тым ліку падчас пачатку працы каптуровага суда ў Рагачове сярод іншых было выкарыстана прыхільнікамі Фаміліі для стварэння Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ, якая была створана супраць злоўжыванняў віленскага ваяводы Караля Станіслава Радзівіла і яго прыхільнікаў у Княстве. Нічога дзіўнага, што справа нападу на рэчыцкі каптуровы суд знайшла сваё месца ў пастанове Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ у Вільні 16 красавіка 1764 г. У ёй сцвярджалася, што напад на каптуровы суд быў ажыцёўлены ў час, калі ён ужо распачаў сваю працу пад кіраўніцтвам рэчыцкага падкаморыя Антонія Халецкага. Атакаваўшыя былі ўзброены ў агняпальную зброю і гарматы, якія ўжыты для забойства некалькіх шляхцічаў і для фарміравання іх саўдзельнікамі новага каптуровага суда [3, s. 387-388]. Сярод падпісаўшых гэтае пастанаўленне Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ1 у Вільні да рэчыцкай шляхты толькі адносіцца жэчанскі староста Казімір Халецкі [3, s. 391].
У асобны раздзел у рэчыцкай каптуровай кнізе, які называецца «Акты рэчыцкага соймікавання ў 1764 г.», былі выдзелены ўсе дакументы рэчыцкіх павятовых соймікаў 1764 г. Першым дакументам у гэтым раздзеле быў лаўдум рэчыцкага канфедэрацкага сойміка ад 25 чэрвеня 1764 г., які быў актыкаваны 26 чэрвеня 1764 г. Гэты соймік быў скліканы ўніверсалам маршалка Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ Міхалам Бжастоўскім і маршалка рэчыцкай канфедэрацыі Антоніем Халецкім. Мясцовая шляхта, нягледзячы на просьбы з універсала Бжастоўскага, адмовілася выставіць жаўнераў іншаземнага ўзору з падаткаў з земскіх і каралеўскіх дымоў. Прычынай была «шчупласць» земскіх дымоў і «недастатковасць» каралеўскіх уладанняў. Таму замест жаўнераў іншаземнага ўзору была выстаўлена стоконная выпраўная харугва. Час збору харугвы вызначаўся праз 6 тыдняў. Падатак на яе збор і ўтрыманне вызначаўся па 8 злотых з дыму з земскіх уладанняў і ажно 40 злотых з каралеўскіх уладанняў. З чачэрскага староства ўстанаўлівалася выплата ў 2400 злотых, а з жыдоў у павеце ў 4000 злотых. Пастанову гэтага канфедэрацкага сойміка падпісала 94 шляхцічы на чале з маршалкам і рэчыцкім падкаморыям Антоніем Халецкім, рэчыцкім войскім і маршалкам каптуровага суда Ігнатам Прушаноўскім, рэчыцкім падстоліем Лявонам Кяльчэўскім, рэчыцкім падкаморычам і пісарам капутровага суда Юзафам Халецкім, рэчыцкім земскім сурагатарам Антоніем Прушаноўскім, рэчыцкім гараднічым (На сам рэч быў гараднічыцам — А.М.) Міхалам Скарынай, рэчыцкім крайчым і каптуровым суддзёй Аляксандрам Ваўком Левановічам і рэчыцкім мастаўнічым Казімірам Збарамірскім [1, k. 645-652], [2, s. 34].
Інструмент далучэння да Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ быў актыкаваны 26 чэрвеня 1764 г. і падпісаны 119 шляхцічамі2 на чале з маршалкам рэчыцкай канфедэрацыі Антоніем Халецкім. Цікава, што сярод падпісаўшыхся была нязначнай лічба мясцовых ураднікаў: крайчы Аляксандр Воўк Левановіч, земскі сурагатар Антоні Прушаноўскі, падчашы Самуэль Прушаноўскі [1, k. 753-756], [2, s. 38]. Копія гэтага дакумента ў выглядзе выпіса з рэчыцкай каптуровай кнігі была актыкаваны ў кнігах Метрыкі ВКЛ сярод актаў Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ 1764 г. [6, арк. 122-125].
Згодна інструкцыі кансыляжам да Генеральнай канфедэрацыі рэчыцкаму падчашаму Міхалу Прушаноўскаму і рэчыцкаму падкаморычу Юзафу Халецкаму. Яны мелі данесці аб далучэнні шляхты Рэчыцкага павета да Генеральнай канфедэрацыі. У яе пачатку рэчыцкая шляхта прасіла звярнуць увагу на сітуацыю ў іх уласным павеце. Пералічваліся ўсе шкоды, зробленыя з боку радзівілаўскіх прыхільнікаў. Асабліва звярталася ўвага, што яны ўжо пасля заканчэння перадканвакацыйнага сойміка сфарміравалі незаконны другі соймік, дзе былі абраны незаконныя паслы на канвакацыйны сойм і незаконны каптуровы суд. Больш таго, радзівілаўскія прыхільнікі 27 лютага 1764 г. напалі на законны каптуровы суд, які пачаў сваю працу ў Рагачове. Пасля гэтага пасмелі праводзіць пасяджэнні і прымаць рашэнні сваім незаконным каптуровым судом. Да таго ж не хацелі падчыняцца рашэнням Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ аб далучэнні да яго, а наадварот сталі збіраць яшчэ больш жаўнераў, меўшых «агняпальную зброю». У такіх абставінах шляхта прасіла прызнаць за сапраўднымі і пацвердзіць прынятыя ёю пастановы і ўмяшацца з дапамогай войска супраць гэтых парушальнікаў закону ў Рэчыцкім павеце. Некаторыя з гэтых «крыміналістаў» мелі ахоўныя дакументы ад маршалка Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ і таму мясцовая шляхта прасіла скасаваць гэтыя паперы і асудзіць іх згодна закону разам з іншымі «крыміналістамі». Свае подпісы пад інструкцыяй паставіла ажно 102 шляхцічы на чале з маршалкам канфедэрацыі і рэчыцкім падкаморыем Антоніем Халецкім [1, k. 657-664], [2, s. 38-39].
Наступны дакумент гэта крэдэнсы паслам з перадэлекцыйнага сойміка 1764 г. на сойм Рэчы Паспалітай. Гэтымі пасламі былі абраны палкоўнік Казімір Халецкі, рэчыцкі падстолі Лявон Кяльчэўскі, рэчыцкі земскі сурагатар Антоні Прушаноўскі, рэчыцкі крайчы Аляксандр Воўк Левановіч, рэчыцкі падстоліч Юры Скарына і лідскі чашніковіч Міхал Пакрашыньскі. Пасольшчына ім была вызначына з сабраных грошай згодна пастановы прошлага канфедэрацкага сойміка. Яна мела складаць на кожнага па 400 талераў бітых. Крэдэнс падпісала 29 шляхцічаў на чале з маршалкам і рэчыцкім падкаморыем Антоніем Халецкім [1, k. 665-666]. Далей быў актыкаваны крэдэнс рэчыцкаму палкоўніку, якім быў абраны рэчыцкі падкаморыч Казімір Халецкі. Крэдэнс яму падпісала 30 шляхцічаў на чале з канфедэрацкім маршалкам [1, k. 667-668]. Гэты выбар пацвярджаў вялікае значэнне рода Халецкіх сярод прыхільнікаў Фаміліі.
Інструкцыя рэчыцкім паслам на элекцыйны сойм складалася з 26 пунктаў. Сярод іх вылучым наступныя. У справе выбараў караля шляхта ВКЛ хацела, каб згодна пастановам канвакацыйнага сойма быў абраны толькі радавіты жыхар Рэчы Паспалітай. Рэчыцкая шляхта звяртала ўвагу, што на канвакацыйным сойме з-за ўмяшальніцтва вялікай колькасці каронных паслоў не былі прыняты ўсе падрыхтаваныя праекты законаў для ВКЛ. Для гэтага патрабавалася, каб у далейшым каронныя паслы ня ўмешваліся ў справы ВКЛ. Праекты законаў Княства мелі разглядацца толькі на правінцыйных пасяджэннях ВКЛ на сойме міністрамі, сенатарамі і соймавымі пасламі і галасавацца адзінагалосна ці большасцю галасоў. У гэты ж пункт шляхта дадавала патрабаванні, каб выконвалася чарговасць кіраўніцтва соймамі ад паслоў Кароны і Княства, і аб правядзенні кожнага трэцяга сойма ў Гродна. Менавіта таму патрабавалася правесці першы сойм пасля бескаралеўя ў Гродна, не ў Варшаве. У наступным пункце шляхта хацела, каб урады ў ВКЛ надаваліся толькі жыхарам Княства, якія мелі ўладанні тут не меньш як пяць год. Акрамя таго, каб гэта было такое ўладанне, каб шляхціч мог, узяўшы ўрад не меньш за паўгады ў гэтым уладанні, «прыстойна» жыць. Адначасова, каб земскія, гродскія зрады і староства ў ваяводствах і паветах Княства надаваліся толькі мясцовым шляхцічам, якія тут жа мелі ўладанні. Каб новаабраны кароль не надаваў нават двух міністэрскіх урадаў прадстаўнікам свайго рода.
Староства мелі надавацца не больш за два ў адныя рукі. Як не паспелі разглядзець на канвакацыйным сойме пытанне паднясення годнасці віленскага біскупа да арцыбіскупа, то рэчыцкая шляхта хацела ўнясення гэтага пункта ў «пакты канвенты» новаабранага караля. Рэкамендавалі за заслугі Міхала Масальскага новаабранаму каралю. Шляхта скардзілася на гродскіх ураднікаў, якія занядбалі вядзенне судовых дакументаў. Безумоўна гэты быў пункт супраць гродскага старосты Альбрэхта Радзівіла і яго прыхільнікаў. Таксама ў інструкцыі прапаноўвалася арганізаваць камісію па рэформе права для скарачэння судовага працэсу і памяньшэння выдаткаў. Шляхта прапаноўвала арганізаваць магдэбургскі суд у Жлобіне, каб мець магчымасць судзіць “розных гайдамакаў” і крыміналістаў, якія ўрываліся ў Рэчыцкі павет з-за мяжы. Рэчыцкая шляхта хацела захавання права самой павятовай шляхце абіраць памежных суддзяў. Менавіта таму прасіла, каб пасля каралеўскіх выбараў былі скліканы соймікі для выбару памежных суддзяў. Інструкцыю разам з маршалкам канфедэрацыі і рэчыцкім падкаморыем Халецкім падпісала 143 шляхцічы [1, k. 669-678]. Захаваўся і інстумент на пасольшчыну паслам, абраным на элекцыйны сойм. Як казалася вышэй, пасольшчына для кожнага пасла вызначалася ў 400 талераў бітых. Цікава, што гэты інструмент падпісала яшчэ больш шляхцічаў — 159 [1, k. 679-682].
Дакументы з рэчыцкага перадкаранацыйнага сойміка пачынае крэдэнс абраных на ім паслам. Гэтымі пасламі былі абраны рэчыцкі войскі і маршалак каптуровага суда Ігнат Прушаноўскі і рэчыцкі палкоўнік Казімір Халецкі. У крэдэнсе ўпаміналася, што адначасова паслам была выдадзена і інструкцыя з пажаданнямі павятовай шляхты. Разам з канфедэрацкім маршалкам і рэчыцкім падкаморыем Антоніем Халецкім гэты крэдэнс падпісала 68 шляхцічаў [1, k. 683-686].
Інструкцыя рэчыцкім паслам на каранацыйны сойм утрымлівала 32 пункты. Першым з іх рэчыцкая шляхта зноў звяртала ўвагу, што на з-за ўмяшальніцтва вялікай колькасці каронных паслоў на сойме не былі прынята ўсе падрыхтаваныя праекты законаў для ВКЛ. Для гэтага патрабавалася, каб у далейшым каронныя паслы не ўмешваліся ў справы ВКЛ. Праекты законаў ВКЛ мелі разглядацца міністрамі, сенатарамі і соймавымі пасламі і галасавацца адзінагалосна ці большасцю галасоў толькі на правінцыйных пасяджэннях Княства на сойме. Выказвалася шляхта супраць нядбальнасці гродскіх ураднікаў, якія яшчэ незаконна ўмешваліся ў працу соймікаў. Шляхта скардзілася на крыміналы, якія адбыліся пад час пачатку працы каптуровага суда, калі былі забіты шляхцічы Стэфан Сенажэцкі і Тэадор Харкевіч. Патрабавалася, каб вінаватыя былі пакараны за свае крымінальныя дзеянні згодна закону. Таксама, паўтаралася патрабаванне, каб віленскае біскупства было павышана статусам да арцыбіскупства. Гэтае пытанне разглядалася на канвакацыйным сойме, але як раз было адкладзена да каранацыйнага сойма. Мясцовая шляхта хацела, каб не парушаліся прэрагатывы ўлады гетманаў, якія былі прыняты на соймах 1736 і 1764 гг. Для абароны межаў прапаноўвалася павялічыць камплектаванне войска, але без павялічэння колькасці харугваў, устаноўленых на сойме 1717 г. За шматгадовыя заслугі вялікага гетмана ВКЛ Міхала Масальскага рэчыцкая шляхта прасіла надаць яму і ўрад віленскага ваяводы. Рэферэндары ВКЛ Антоні Пшаздзецкі быў рэкамендаваны да атрымання ўрада падканцлера ВКЛ. Таксама, у інструкцыі была змешчана агульная рэкамендацыя да караля за заслугі маршалка Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ і канюшага ВКЛ Міхала Бжастоўскага. Рэчыцкая шляхта аплаквала стан каталіцтва ў Рэчы Паспалітай з-за сітуацыі з «прускімі і рускімі» гарадамі, дзе панавалі іншыя канфесіі. Прапаноўвалася палепшыць сітуацыю, павысіўшы статус «рускіх біскупаў», якія мелі атрымаць месцы ў сойме. Лічылася неабходным зрабіць і іншыя крокі да забеспячэння «роўнасці» ўніятаў і «ахвотнейшага злучэння» з каталіцкім Касцёлам. Шляхта хацела, каб выбары памежных суддзяў мелі арганізоўваць паветы. Таму шляхта прасіла вызначыць чарговы тэрмін такіх выбараў. У канцы шляхта выказвала шкадавання з-за адсутнасці «некаторых шляхцічаў» на мясцовых сойміках «з-за цяжкасцяў» і прасіла паслоў пастарацца рашыць гэтыя праблемы. Таксама, патрабавалася захаваць, як у ранейшыя часы, права «ліберум вета». Гэтая інструкцыя была падпісана 179 шляхцічамі на чале з маршалкам і рэчыцкім падкаморыем Антоніем Халецкім, Самуэлем Прушаноўскім, рэчыцкім гараднічым Ігнатам Халецкім, рэчыцкім лоўчым Томашам Прушаноўскім, рэчыцкім падчашым Міхалам Прушаноўскім, рэчыцкім земскім сурагатарам Антоніем Прушаноўскім, рэчыцкім крайчым Аляксандрам Ваўком Левановічам [1, k. 689-695], [2, s. 34, 39-40].
Нічога не засталося ў гэтай каптуровай кнізе аб рэчыцкім перадканвакацыйным, з якога і пачаўся канфлікт паміж прыхільнікамі Радзівілаў і Чартарыйскіх. Вядома, што падчас яго адбыўся падзел і прайшлі два альтэрнатыўныя перадканвакацыйныя соймікі. З літаратуры вядома, што на ім пад дырэкцыяй рэчыцкага падкаморыя Антонія Халецкага пасламі былі абраны яго сын Казімір Халецкі і рэчыцкі лоўчы Самуэль Прушаноўскі [7, s. 44]. Нам удалося выявіць інструкцыю гэтым паслам у мазырскай гродскай кнізе. Яна была занесена ў мазырскім гродскім суддзе 11 лютага 1764 г. пасля непрыняцця яе ў рэчыцкім гродскім суддзе і складалася з 16 пунктаў. Рэчыцкая шляхта патрабавала, каб новым каралём быў абраны «радавіты паляк». Асабліва ўвага звярталася на парушэнні падчас соймікаў і ў розных судах. Рэчыцкая шляхта хацела рэфармавання судовай сістэмы, а дакладней: скарачэння працягласці судовага працэсу; гродскіх і земскіх судоў, у якіх суддзямі мелі быць толькі «радавітыя шляхцічы». Таксама патрабавалася абраць, як мага хутчэй, вышэйшых земскіх ураднікаў. Шмат увагі рэчыцкая шляхта надавала захаванню спакою ад розных «свавольных людзі» ў іх памежным павеце Княства. Мясцовая шляхта хацела аднаўлення шляхецкіх подпісаў, якія былі «занядбаны». Свае подпісы пад гэтай інструкцыяй паставіла 284 шляхцічаў на чале з мясцовымі ўраднікамі: падкаморы, соймікавы дырэктар і маршалак канфедэрацыі Рэчыцкага павета Антоні Халецкі, войскі Ігнат Казімір Прушаноўскі, падстолі Лявон Кяльчэўскі, падчашы Самуэль Прушаноўскі, гараднічы Ігнат Халецкі, стражнік Ян Халецкі, крайчы Аляксандр Воўк Левановіч, мастаўнічы Казімір Збарамірскі [8, арк. 1264-1270]. Гэта вельмі значная колькасць падпісаўшых інструкцыю шляхцічаў. Аднак існуюць сумненні ў сапраўднасці гэтых подпісаў, тым больш, што імёны і прозвішчы некаторых шляхцічаў паўтараюцца.
Таксама ў гэтай мазырскай гродскай кнізе быў актыкаваны «Акт элекцыйнага інструмента ад Рэчыцкага павета каптуровым суддзям Рэчыцкага павета данным». Згодна яго было абрана 40 каптуровых суддзяў: рэчыцкі войскі Ігнат Прушаноўскі, рэчыцкі падстолі Лявон Кяльчэўскі, рэчыцкі стражнік Ян Халецкі, рэчыцкі падчашыч Міхал Прушаноўскі, рэчыцкі падкаморыч Юзаф Халецкі, рэчыцкі крайчы Аляксандр Воўк Левановіч, рэчыцкі вайсковіч Хлявінскі, рэчыцкі мастаўнічы Казімір Збарамірскі, рэчыцкі будаўнічы Міхал Шалюта, рэчыцкі ротмістр Антоній Кяльчэўскі, рэчыцкі ротмістр Павел Орда, брацлаўскі стольнік Міхал Маліноўскі, рэчыцкі каморнік Міхал Случаноўскі, рэчыцкі канюшыч Гіляры Скарына, старадубскі стражнік Павел Казлоўскі, смаленскі стольнік Міхал Вышынскі, ражанскі падчашы Ігнат Шалюта, інфлянцкі лоўчы Баніфацы Гіжыцкі, лідскі чашніковіч Міхал Пакрашынскі, Томаш Марачэўскі, Стэфан Жаўток, Міхал Івашкевіч, Тадэвуш Мурашка, смаленскі лоўчыч Базылі Шаціла, Міхал Левановіч, Павел Стракоўскі, Якуб Сенажэцкі, Міхал Солтан, Францішак Гурскі, Дыанізі Гарбатоўскі, Феліцыян Гарбачэўскі, Антоній Грахоўскі, Ян Сакалоўскі, Якуб Харкевіч, Якуб Давідовіч, Юзаф Усціновіч, Ян Плескі, Антоні Ханецкі, Уладзіслаў Антусевіч, Ігнат Шымкевіч. Свае подпісы пад гэтым «Атам элекцыйнага інструмента» пакінула 137 шляхцічаў на чале з дырэктарам сойміка рэчыцкім падкаморыем і маршалкам канфедэрацыі Антоніем Халецкім, рэчыцкім падчашым Самуэлем Прушаноўскім, рэчыцкім гараднічым Ігнатам Халецкім [8, арк. 1260-1263 адв]. Таксама ў мазырскай гродскай кнізе быў актыкаваны працэс дырэктара перадканвакацыйнага сойміка рэчыцкага падкаморыя і канфедэрацкага маршалка Антонія Халецкага супраць рэчыцкага гродскага рэгента Антонія Маліноўскага, які адмовіўся прыняць і актыкаваць у рэчыцкай гродскай кнізе інструкцыю рэчыцкім паслам на канвакацыйны сойм і інструмент суддзям каптуровага суда [8, арк. 1272-1272 адв]. Наступны працэс быў пададзены супраць Юзафа, Іяхіма і Марціна Юдыцкіх, якія са сваімі слугамі і жаўнерамі падчас правядзення рэчыцкага перадканвакацыйнага сойміка 6 лютага 1764 г. нападалі на «станцыі» Халецкіх і іншай рэчыцкай шляхты. Больш таго, 7 лютага 1764 г. стралялі з рагачоўскага замка да выязджаўшай з горада шляхты [8, арк. 1273-1273 адв].
У рэчыцкай гродскай кнізе знаходзіцца пастанова рэчыцкага перадканвакацыйнага сойма прыхільнікаў Радзівілаў «як паслам, так і магілёўскім бернардынам». Згодна гэтай пастановы соймік адбыўся на звычайным месцы на замку ў Рагачове. Як сцвярджалася ў сітуацыі непрыезду рэчыцкага падкаморыя Антонія Халецкага перадканвакацыйны соймік распачаў рэчыцкі гродскі староста Альбрэхт Радзівіл. Потым нібыта былі абраны соймікавы дырэктар, каптуровы суд і паслы на канвакацыйны сойм. Гэтым жа паслам была складзена і зацверджана інструкцыя. Пасля гэтага былі абраны павятовыя ротмістры: Павел Халецкі і Юзаф Пяскоўскі. Пасля гэтага для паслоў на канвакацыйны сойм рэчыцкага канюшыца Антонія Маліноўскага і рэчыцкага земскага судзіча Юзафа Юдыцкага была вызначына пасольшчына ў 8 злотых з дыму. Адначасова з пасольшчынай было вырашана сабраць па шостаку з дыму для магілёўскіх бернардынаў. Свае подпісы пад пастановай паставіла 114 рэчыцкіх шляхцічаў на чале з дырэктарам сойміка рэчыцкім гродскім старостай Альбрэхтам Радзівілам, а таксама мясцовымі ўраднікамі: стольнікам і гродскім пісарам Юзафам Лявонам Дзерналовічам, мечным Казімірам Вішчыньскім [9, арк. 848-849 адв].
Больш інфрамацыі пра гэты перадканвакацыйны соймік 1764 г. захавалася ў дыярыушы гэтага сойміка. Аўтарам гэтага дыярыуша быў прыхільнік Радзівілаў і таму ў ім адлюстравана пазіцыя гэтай групоўкі на падзеі, якія разгарнуліся падчас рэчыцкага перадканвакацыйнага сойміка. Згодна яму яшчэ 4 лютага 1764 г. рэчыцкі стольнік і рэчыцкі гродскі суддзя прыехаў да Рагачова, каб дамовіцца аб выбарах на перадканвакацыйным сойміку 1764 г. і прымірыць Юдыцкіх і Хлявінскіх. Раней прыбыў і рэчыцкі гродскі староста Альбрэхт Радзівіл, які таксама стараўся прымірыць шляхту і прывесці перадканвакацыйны соймік да абрання паслоў. 5 лютага 1764 г. у Рагачоў прыбыў рэчыцкі падкаморы Антоні Халецкі з сынам і Прушаноўскімі на чале ўласнага гарнізона і жаўнераў нанятых у шляхціча Свадкоўскага. Яны не кантактавалі з групоўкамі, звязанымі з Радзівіламі, і размясціліся ў новым горадзе, які быў уласнасцю стражніка ВКЛ Людвіка Пацея. 6 лютага 1764 г. у дзень сойміка Альбрэхт Радзівіл заклікаў Халецкіх да згоды падчас выбараў на сойміку. Тыя з сваімі прыхільнікамі прыйшлі на замак толькі пасля абеда. Халецкія і іх прыхільнікі не сталі раіцца наконт парадку правядзення сойміка і ўзгадняць кандыдатаў на выбар дырэктарам сойміка і каптуровых суддзяў. Яны адразу пачалі складаць спіс кандыдатаў да пасольства, якіх набралася ажно — 7. Згодна дыярыуша, Альбрэхт Радзівіл спрабаваў узгадніць з іх двух паслоў. У гэты час Халецкія і іх прыхільнікі накіраваліся ў знаходзячуюся недалёка, тут жа на замку, ад соймікавай шопы царкву. За імі мусілі пайсці Радзівіл і яго прыхільнікі. Усе вярнуліся ў соймікавую шопу толькі а трэцяй гадзіне. Пасля рэчыцкі падкаморы пачаў пасяджэнне сойміка, а Радзівіл не перашкаджаў яму, бо меў супраць сябе судовыя дэкрэты. Антоні Халецкі адразу без выбару дырэктара сойміка прасіў зачытаць спіс кандыдатаў на выбар паслам. Шляхта на гэта не пагадзілася і пачала прапаноўваць сваіх кандыдатаў на выбар соймікавага дырэктара. Галасы падзяліліся паміж Антоніем Халецкім і Альбрэхтам Радзівілам. Апошні прапанаваў абраць каго іншага сярод ураднікаў ці павятовых ротмістраў. Прыхільнікі Халецкіх прапаноўвалі Прушаноўскага ці каго іншага са сваіх шэрагаў. У выніку ў такіх спрэчках соймік зацягнуўся да заходу сонца і рэчыцкі падкаморы перанёс пасяджэнні на заўтра. Рэчыцкі падкаморыч заявіў яшчэ на выхадзе з шопы, што яго бацька абраны дырэктарам сойміка, а ён паслом. Увечары Радзівіл двойчы безвынікова запрашаў Антонія Халецкага на нараду. Халецкія і іх прыхільнікі ў гэты час «у доме жыдоўскім» сабралі шляхту і падпісвалі з ёй якісьці бланк. На другі дзень рэчыцкі падкаморыч заявіў, што абраны паслом разам з Томашам Прушаноўскім. Менавіта, тады Альбрэхт Радзівіл разам з рэчыцкім канюшыцам Маліноўскім, як мелі раней шматгадовае абяцанне шляхты падтрымаць выбар паслом, прасілі Халецкага працягнуць соймік. Аднак, той не пагадзіўся. Не дапамаглі і абяцанні Радзівіла не перашкаджаць рэчыцкаму падкаморычу ў яго прэтэнзіях да ўладання Жлобінам. Пасля таго як Халецкія і іх прыхільнікі выехалі з Рагачова, то радзівілаўскія прыхільнікі правялі свой соймік. Спачатку абралі Альбрэхта Радзівіла дырэктарам сойміка. На сойміку прачыталі універсал прымаса, а потым абралі пасламі рэчыцкага канюшыча Маліноўскага і рэчыцкага земскага судзіча Юзафа Юдыцкага. Яны атрымалі ад Радзівіла крэдэнс і інструкцыю. Таксама быў абраны новы склад каптуровага суда, які прынёс прысягу. На чацвёрты дзень радзівілаўскія прыхільнікі закончылі соймік і раз’ехаліся па дамах [10, s. 33-35] Таксама захаваўся крэдэнс на ротмістраўства Юзафу Пяскоўскаму. З яго становіцца вядомым, што выбары ротмітстра адбыліся ўжо на гаспадарчым сойміку 8 лютага 1764 г. пад дырэкцыяй Альбрэхта Радзівіла. Свае подпісы пад гэтым крэдэнсам пакінула 45 мясцовых шляхцічаў на чале з дырэктарам сойміка рэчыцкім гродскім старостай Альбрэхтам Радзівілам [9, арк. 867-867 адв].
Такім чынам, рэчыцкі перадканвакацыйны соймік скончыўся падзел і прайшлі два альтэрнатыўныя соймікі прыхільнікаў Радзівілаў і Чартарыйскіх. На кожным з іх былі абраны па два паслы на канвакацыйны сойм і былі сфарміраваны свае альтэрнатыўныя склады каптуровага суда. Было зразумела, што ў такіх абставінах працяг канфлікту паміж рэчыцкай шляхтай быў толькі справай часу. Гэта і адбылося падчас пачатку працы каптуровага суда.
Прыхільнікі Фаміліі за подпісамі 71 шляхціча 3 сакавіка 1764 г. з-за непрыняцця ў рэчыцкім гродскім суддзе занеслі ў мазырскай гродскай кнізе працэс супраць нападу Юдыцкіх з «некалькі сотнямі ўзброенных чалавек» на рэчыцкі каптуровы суд. Свае подпісы пад ім паставіла 30 каптуровых суддзяў. Акрамя братоў Юдыцкіх і Антонія Маліноўскага ў гэтым працэсе асабліва падкрэслівалася віна за напад на каптуровы суд рагачоўскага губернатара Баніфацыя Вайводзскага з надворнымі ўланамі стражніка ВКЛ Людвіка Пацея. У выніку гэтага нападу на рэчыцкі каптуровы суд і «станцыю» рэчыцкага падкаморыя Антонія Халецкага «шмат шляхты і розных людзей пазабівалі». З гэтага дакумента становяцца вядомымі ўраднікі гэтага капутровага суда: маршалак рэчыцкі войскі Ігнат Прушаноўскі, віцэ-маршалак рэчыцкі падстолі Лявон Кяльчэўскі, пісар рэчыцкі падкаморыч Юзаф Халецкі, падскарбі Павел Орда3, 4.
Нам удалося выявіць і супрацьлеглую думку на адбыўшыяся падзеі прыхільнікаў Радзівілаў. Справа ў тым, што Юдыцкія і Маліноўскі збіраліся бараніцца і ў рэчыцкім каптуровым суддзе прыхільнікаў Радзівілаў. Яны занеслі працэсы і засведчанні аб забітых радзівілаўскіх прыхільніках у прарадзівілаўскім рэчыцкім каптуровым суддзе. Гэтыя дакументы былі актыкаваны на працягу двух дзён: 29 лютага — 1 сакавіка 1764 г. Прычым гэтыя акты ў выніку патрапілі ў рэчыцкую гродскую кнігу . У гэтых дакументах цалкам у іншым свеце паказвае падзеі, якія адбыліся 27 лютага 1764 г. Юдыцкія і Маліноўскі абвінавачвалі супрацьлеглы бок у адбыўшайся бойцы. Згодна ім, менавіта прыхільнікі Фаміліі прыбылі ў Рагачоў і пагражалі сваім праціўнікам. Праціўная Радзівілам групоўка складалася з родаў Халецкіх, Прушаноўскіх, Кяльчэўскіх, Скарынаў, Левановічаў, Гарбачэўскіх, Сенажэцкіх, Жаўткоў і іншых. Менавіта яны і распачалі бойку аддаўшы загад сваім жаўнерам разагнаць удзельнікаў рэчыцкага каптуровага суда. У доказ прыводзілася нават апісанне забітых і параненных прыхільнікаў Радзівілаў на чале з Юдыцкімі. Асабліва падкрэслівалаўся ўдзел шляхты на баку прыхільнікаў Фаміліі з іншых паветаў на чале са мсціслаўскім ротмістрам і мсціслаўскім земскім сурагатарам Францішкам Парчэўскім і галоўчынскім старостай Антоніем Свадкоўскім. Менавіта яны нібыта і прывялі жаўнераў у Рагачоў і разам з жлобінскім гарнізонам Халецкіх склалі ўзброенныя сілы прыхільнікаў Чартарыйскіх. Цікавым у гэтым працэсе з’яўляецца сцвярджэнне, што Маліноўскі і Юдыцкі былі раней легітымна абраны пасламі на канвакацыйны сойм. Акрамя таго, сцвярджалася, што гэта прыхільнікі Чартарыйскіх перашкаджалі правядзенню каптуровага суда. Такім чынам, фактычна сцвярджалася, што прыхільнікі Радзівілаў мелі абраным легітымны склад каптуровага суда [9, арк. 948-968 адв]. З аднаго з дакументаў становіцца вядомым і гэты склад прарадзівілаўскага каптуровага суда: рэчыцкі стольнік, рэчыцкі гродскі пісар, маршалак каптуровага суда Лявон Дзерналовіч, рэчыцкі гродскі суддзя і пісар капутровага суда Юзаф Дамінік Фашч, Казімір Вішчыньскі, слонімскі падкаморыч Казімір Халецкі, Адам Маліноўскі, Юрый Вірпша, Антоній Палонскі, рэчыцкі вайсковіч Марцін Хлявінскі, падскарбі рэчыцкага каптура Лявон Солтан, Уладзіслаў Антусевіч, рэчыцкі земскі судзіч і віцэ-маршалак каптуровага суда Іяхім Юдыцкі, рэчыцкі ротмістр Юзаф Пяскоўскі, Юзаф Сянкоўскі, Антоні Шынкевіч, Людвік Грушэцкі, Тадэвуш Завадзкі, Людвік Рынінскі, Базылі Акушка і Юзаф Драбышэўскі [9, арк. 968-968 адв]. Такім чынам, бачыцца, што каптуровы суд радзівілаўскіх прыхільнікаў у Рэчыцкім павеце складаўся як мінімум з 19 шляхцічаў на чале з гродскімі ўраднікамі — пісарам Дзерналовічам і суддзёй Фашчам. Цікавы пры гэтым, што Уладзіслаў Антусевіч фігуруе сярод суддяў і ў рэчыцкім каптуровым суддзе прыхільнікаў Фаміліі.
Вядома, што, аднак, у Рэчы Паспалітай прызналі за сапраўдную версію адбыўшыхся падзей версія прыхільнікаў Фаміліі. У выніку іх прыхільнікі рэчыцкі падчашы Міхал Прушаноўскі і рэчыцкі падкаморыч Юзаф Халецкі былі прызнаны за законна абраных пасламі на канвакацыйны сойм. Таксама быў прызнаны за законна абраны і іх склад рэчыцкага каптуровага суда. Даволі дакладна аб гэтых падзеях падрабязна інфармуе ў сваім дыярыушы прыхільнік Радзівілаў Марцін Матушэвіч. Згодна яго ў радзівілаўскіх прыхільнікаў не атрымалася абраць паслом рэчыцкага гродскага старосту Альбрэхта Радзівіла. Тады яны вырашылі правесці выбар Радзівіла маршалкам каптуровага суда, але і гэта не атрымалася. У выніку радзівілаўскія прыхільнікі справакавалі падзел перадканвакацыйнага сойміку і абранне на сваім сойміку ўласнага складу каптуровага суда, а Радзівіла яго маршалкам. Далей прыхільнікі Чартарыйскіх раней уфундавалі на замку свой каптуровы суд. Тады радзівілаўскія прыхільнікі браты Юдыцкія сабралі людзей і з дапамогай гарматаў атакавалі каптуровы суд. Пад час нападзенне было забіта і паранена некалькі прыхільнікаў Чартарыйскіх. У такіх абставінах нават Альбрэхт Радзівіл не хацеў фундаваць свайго каптуровага суда. Радзівілаўскія прыхільнікі выехалі па дамах з Рагачова. Каптуровы суд прыхільнікаў Фаміліі працягнуў свае пасяджэнні і асудзіў за зробленыя гвалты Юдыцкіх. З іх Юзафа Юдыцкага «на горла». Аднак, прыхільнікі Чартарыйскіх апасаліся арыштоўваць Юдыцкага. На дапамогу прыйшлі расійскія войскі і схапілі Юзафа Юдыцкага. У выніку ён згодна рашэнню каптуровага суда быў растраляны ў Рагачове. Як заўважаў Матушэвіч «і супраць той справядлівасці не маеш чаго казаць» [11, s. 492].
Такім чынам, магчыма зрабіць наступныя высновы. На рэчыцкім перадканвакацыйным сойміку 1764 г. адбыўся падзел сярод шляхты і прайшлі два альтэрнатыўныя соймікі прыхільнікаў Радзівілаў і Чартарыйскіх. На кожным з іх былі абраны паслы на канвакацыйны сойм і асобныя каптуровыя суды. Як удалося ўстанавіць, каптуровы суд прыхільнікаў Фаміліі складаўся з 40 суддзяў, а каптуровы суд прыхільнікаў Радзівілаў з 19 суддзяў. Крывавыя сутыкненні на пачатку працы рэчыцкага капутровага суда былі выкліканы імкненнем даказаць законнасць менавіта свайго каптуровага суда. У гэтых сутыкненнях перамаглі прыхільнікі Радзівілаў. Сфармаваны імі капутровы суд заносіў свае дакументы ў рэчыцкую гродскую кнігу. Іх праціўнікі з боку прыхільнікаў Чартарыйскіх сфарміравалі асобную кнігу рэчыцкага каптуровага суда, якая зараз знаходзіцца ў архіве ў Лодзі. У гэтай кнізе ў асобным раздзеле «Акты рэчыцкага соймікавання ў 1764 г.» сабраны дакументы рэчыцкіх канфедэрацкага, перадэлекцыйнага і перадкаранацыйнага соймікаў. Яны паказваюць, што колькасць удзельнікаў гэтых соймікаў вагалася прыкладна ад 100 да 170 шляхцічаў. Гэта былі прыхільнікі Фаміліі, аснову якіх складалі роды Халецкіх, Прушаноўскіх і Кяльчэўскіх. Менавіта прадстаўнікі гэтых родаў у асноўным абіраліся пасламі на элекцыйны і каранацыйны соймы і кансыляжамі на Генеральную канфедэрацыю ВКЛ. Гэтыя роды дамінавалі ў Рэчыцкім павеце пасля перамогі Фаміліі ў ВКЛ і асуджэнні Юдыцкіх за бойку пад час пачатку працы каптуровага суда. Менавіта таму, вышэйзгаданыя канфедэрацкі і перадкаранацыйны соймікі ўтрымлівалі пункты супраць гвалтаў радзівілаўскіх прыхільнікаў Юдыцкіх і Маліноўскага.
- Падрабязней аб Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ. — [4], [5].
- Па падліках Дэймантаса Карвеліса 122 рэчыцкія шляхцічы [5, р. 398].
- Адсутнічалі подпісы наступных каптуровых суддзяў з «акта элекцыйнага інструменту»: рэчыцкі стражнік Ян Халецкі, рэчыцкі вайсковіч Хлявінскі, рэчыцкі мастаўнічы Казімір Збарамірскі, рэчыцкі ротмістр Антоній Кяльчэўскі, рэчыцкі канюшыч Гіляры Скарына, смаленскі стольнік Міхал Вышынскі, Міхал Левановіч, Юзаф Усціновіч, Ян Плескі, Уладзіслаў Антусевіч.
- Гэтыя акты каптуровага суда былі змешчаны ў рэчыцкай гродскай кніге 1764 г. ад даты 29 лютага 1764 г. да 15 сакавіка 1764 г. — [9, арк. 944-1078 адв].
Літаратура
- Archiwum Panstwowe w Lodzi. — Archiwum Bartoszewiczow. — Sygn. 251.
- Bartoszewicz, J. Ksi^ga kapturow rzeczyckich / J. Bartoszewicz // Studja historyczne i literackie. — Krakow, 1881. — T. II. — S. 28-49.
- Akta zjazdow stanow Wielkiego Ksi^stwa Litewskiego / Opracowa! H.Lulewicz. — Warszawa: DiG, 2006. — Tom I. Okresy bezkrolewi. — 437 s.
- Karvelis, D. 1764 metp Vilniaus generaline konfederacija / D. Karvelis // Lietuvos aukstj mokyklp mokslo darbai. Istorija. — 1996. — T. XXXIV. — P. 57-75.
- Karvelis, D. 1764 metp Lietuvos Didziosios kunigaikstystes generalines konfederacijos klausimu / D. Karvelis // Lietuvos valstybe XII-XVIII a. — Vilnius, 1997. — P. 395-408.
- Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). — Кмф-18. — Воп. 1. — С. 534.
- Szwacinski, T. Sejmiki poselskie przed konwokaj 1764 r. / T. Szwacinski // Kwartalnik Historyczny. — 2006. — R. 113. — Nr 1. — S. 19-56.
- НГАБ. — Ф. 1728. — Воп. 1. — С. 14.
- НГАБ. — Ф. 1736. — Воп. 1. — С. 24.
- Biblioteka Czartoryskich. — Sygn. 948.
- Matuszewicz, M. Diariusz zycia mego / M. Matuszewicz. -T. 2. — Warszawa: Panstwowy Instytut Wydawniczy, 1986. — 815 s.
Аўтар: А.У. Мацук
Крыніца: Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины. – 2018. – № 4 (109). – С. 48-55.