Рэчыца ў казацка-сялянскай вайне 1648-1651 гадоў

0
842
Рэчыца казакі і вайна

Гісторыя Беларусі вельмі багатая на падзеі, а XVII ст. займае ў гэтым сэнсе асаблівае месца. Кардынальныя змены ў палітычным і сацыяльна-эканамічным жыцці, якія адбыліся ў другой палове XVI ст. праявіліся ў выглядзе глыбокага ўнутры і знешнепалітычнага крызісу XVII ст. Справакаваная падзеямі на Ўкраіне казацка-сялянская вайна, якая разгарнулася на Беларусі ў 1648-1651 гг., адыгрывае ў гэтым значэнні асаблівую ролю. Менавіта гэтая падзея стала апагеем барацьбы паміж старой праваслаўна-візантыйскай традыцыяй, панаваўшай пераважна сярод сялянства, мяшчанства, часткі беларускай шляхты і зразумела праваслаўнага духавенства ВКЛ і прагай далучыцца да каштоўнасцей еўрапейскай культуры, якая была характэрна для шляхты Вялікага княства. Паўднёва-ўсходняя частка Беларусі, Палессе і Падняпроўе, сталі арэнай жорскай барацьбы паміж двума варагуючымі бакамі, а Рэчыцкі павет Менскага ваяводства ВКЛ і сам горад Рэчыца набыў важнае стратэгічнае значэнне ў гэтай барацьбе, як для запарожскіх казакаў, так і для вялікакняжацкага войска.

Казацка-сялянская вайна на Беларусі 1648-1651 гг. пачалася пад уплывам падзей у Запарожжы і Левабярэжнай Украіне, дзе ў 1648 г. разгарнулася Нацыянальна-вызваленчая вайна, якая працягвалася да 1676 г. Змест гэтай вайны, на думку ўкраінскіх гісторыкаў, быў „у вирішенні таких основних завдань: створення незалежної соборної держави в етничніх межах України й утвердження у ній нового соціально-економічного ладу з дрібною (фермерского типу) козацькою власністю на землю”1. У першай палове лютага 1648 г. паўстанцы захапілі Запарожскую сеч і абралі гетманам Запарожскага войска Багдана Хмяльніцкага. На пачатковым этапе вайны на Украіне (лютый-травень 1648 г.) у пацэсе дзяржаваўтварэння Запарожжа адыгрывала галоўную ролю, таму што менавіта тут утварыўся невялічкі раён, дзе пачаўся працэс фарміравання моцнага казацкага войска, пераманьвання на свой бок 6000 рэестравых казакаў, падрыхтоўка паўстання па-за межамі сечы, адсюль казакі складалі саюз з Крымскім ханствам, які быў заключаны да сярэдзіны сакавіка1648 г.

6 траўня 1648 г. казакі разграмілі пасланае супраць іх войска пад Жоўтымі Водамі, а 15 (16) траўня таго ж года кароннае войска было ўшчэнт разбіта казакамі пад Корсунем. Гэтыя перамогі дазволілі казакам і іх саюзнікам татарам распаўсюдзіцца па ўсёй Левабярэжнай Украіне, рабуючы і знішчаючы шляхту, каталіцкае і уніяцкае духавенства, яўрэйскае насельніцтва гэтага рэгіёна. Варта адзначыць, што першапачаткова шляхта не вельмі сур’ёзна паставілася да казацкага паўстання і сучаснік падзей Яўхім Ерліч напрамкі абвінавачвае ў паражэнні кароннага войска гетмана Мікалая Патоцкага, які „болей гутарыў аб келішках і чарках…аб панннах і маладых дзеўках” чым аб дабры Рэчы Паспалітай2. Багуслаў Машкевіч у сваім дыярыушы падцверджвае гэта: „адкуль быць ладу, калі вялікі каронны гетман Мікалай Патоцкі напіваўся гарэлкай і сядзеў п’яны ў карэце, а…Каліноўскі, хаця і мог нешта зрабіць, але яго не слухаліся”3.

Разгром кароннага войска і поўная непадрыхтаванасць войска ВКЛ да падобнага роду небяспекі дазволіла казакам напрыканцы траўня 1648 г. амаль бесперашкодна ўварвацца ў паўднёва-ўсходнія паветы ВКЛ. Дарэчы 28 траўня Багдан Хмяльніцкі выдаў універсал да казакаў і жыхароў Украіны ў якім ён азначае „…провинціи Сарматскіе, альбо козацкіе наши Руськіе, отъ Подоля, Волыни.. ажъ до самого Вильна и Смоленска долгіе и обширные границы свои имущiе , а именно землю Кіевскую, Галицкую, Львовскую… Мстиславскую, Витебскую и Полоцкую”4. Першую хвалю казацкіх загонаў, якія ўварваліся на Беларусь, узначаліў Галавацкі. Казацкія загоны распаўсюдзіліся па ўсёй паўднёва-ўсходняй Беларусі, падбухторваючы сялян і мяшчан далучыцца да іх. Частка беларускага насельніцтва стала актыўна далучацца да казакаў. Жыхары Брагіна, Лоева, Гомеля самі адчынілі брамы і ўпусцілі казакаў у гарады. Анархія, якая ўсталявалася ў рэгіёне, суправаджалася казацкім тэрорам і шматлікімі зверствамі ў адносінах да каталікоў, уніятаў, яўрэяў. У Гомелі казакі “побили Жидовъ человъкъ съ восемьсотъ, съ женами и дътми болши дву тысячь, да тутъ же побили Ляховъ съ щестьсотъ человъкъ”5. Нягледзячы на тое, што крыніцы неаднаразова адзначаюць, што казакі “Бълорусцевъ де никово не побиваютъ и не грабятъ”, можна зразумець, што беларускія шляхціцы каталіцкага веравызнання не траплялі ў азначэнне “беларусцы” і іх, у гэтым плане, далучалі да вызначэння “ляхі”. Толькі такім чынам можна зразумець адкуль у вельмі невялічкім Гомелі (нават нягледзячы на тое, што шляхта збягалася ў гарады) такая вялізная колькасць “ляхаў”6. Хутка загоны Галавацкага адышлі на Старадубшчыну дзе замацаваліся ў Паповай гары і іншых гарадах гэтага краю.

На змену першай хвалі казацкіх загонаў у сярэдзіне чэрвеня 1648 г. у Рэчыцкі павет адзін за адным сталі прасочвацца загоны Нябабы, Крывашапкі, Мікуліцкага, Гаркушы, Сакалоўскага, Бута і іншых7. Гэтыя загоны ў адрозненне ад папярэдніх былі накіраваны дзеля таго, каб яны замацаваліся ў Палессі і Падняпроўі, прыкрыўшы такім чынам правы фланг асноўнага войска Багдана Хмяльніцкага, і, па магчымасці, распаўсюдзілі паўстанне ў Вялікім княстве. Рэчыца стала найважнейшым стратэгічным пунктам, варотамі з Вялікага княства ў мяцежную левабярэжнаю Украіну. “Указание Хмельницкого было таково, чтобы он (Пакусін – казацкі палкоўнік) дальше не двигался и чтобы охранял…Речицу8. Гэта звязана не толькі з тым, што Рэчыца з’яўлялася буйным горадам і павятовым цэнтрам, Рэчыца з’яўлялася галоўным звяном ў ланцугу абароны па Дняпру: Любеч – Лоеў – Холмеч – Горваль – Стрэшын – Рагачоў – Новы Быхаў – Стары Быхаў.

 Рэчыцкія ўмацаванні складаліся з трох ліній абароны. Першай лініяй абароны з’яўляліся ўмацаванні замка, які быў пабудаваны на правам беразе Дняпра, плошчаю каля 1 гектара. Замак быў абнесены земляным кальцавым валам і абведзены ровам. Драўляныя сцены замка былі ўмацаваны 5 шматграннымі вежамі, накрытымі невысокімі шатровымі дахамі. Адна вежа знаходзілася з боку горада, дзве іншых – на беразе Дняпра. Яшчэ большую непрыступнасць замку гарантаваў пад’ёмны мост. Да другой лініі абароны варта аднесці ўмацаванні непасрэдна горада, якія складаліся з дугападобнага вала, што ўпіраўся сваімі бакамі ў берагі Дняпра, і 15 прамавугольных драўляных вежаў, размешчаных на гэтым валу. Трэццяй лініяй абароны быў комплекс фортаў, якія абкружалі Рэчыцу з паўднёвага, заходняга і паўночнага бакоў. З усходу места абараняў магутны Дняпро, мост праз які адыгрываў важную ролю ў арганізацыі абароны горада. Пры ўезде ў Рэчыцу, на самым беразе стаяла яшчэ адна вежа, якая кантралявала доступ у прырэчную частку горадаю Дзякуючы такой сістэме абароны Рэчыца трымала аблогу нават у жніўні 1648 г. тады, калі такія гарады як Старадуб, Чачэрск, Мазыр былі ужо ў руках казакаў, у крытычным становішчы знаходзіліся Крычаў і Прапойск, а ў Гомель увогуле была перавезена казацкая скарбніца9. Няма сумненняў, што ў непасрэдна ваенным плане Рэчыца была ў становішчы выстаяць ў барацьбе з казакамі, але пасланцы Хмяльніцкага, пасланыя на Беларусь, зрабілі сваю справу. Ва ўмовах накалу сацыяльнай барацьбы антышляхецкая ідэалогія Багдана Хмяльніцкага, афарбаваная ў нацыянальна-рэлігійны колер нашла водгук сярод беларускіх сялянска-мяшчанскіх пластоў насельніцтва, часткі праваслаўнай шляхты ВКЛ і праваслаўнага духавенства. Пры падтрымцы насельніцтва горад быў узяты казакамі. Вялікая колькасць жыхароў Рэчыцы і навакольных вёсак далучылася да казакаў. Паводле адных звестак у жніўні – верасні 1648 г. “в Речице есть только 700 человек, притом только из черни”, паводле другіх у Рэчыцы было каля 3000 паўстанцаў з якіх палова казакаў, а палова сялян10. Такім чынам Рэчыца стала важным стратэгічным цэнтрам у сістэме абароны Хмяльніцкага па рэках Прыпяць і Дняпро: Пінск – Тураў – Мазыр – Рэчыца, адсюль казакі маглі бесперашкодна рабіць паходы на Бабруйск, а пасля падзення яго ў Цэнтральную Беларусь.

Вялікае княства Літоўскае, як дзяржава, і шляхта, як апора дзяржаўнай улады, былі не падрыхтаваны да падобнага роду падзей на сваёй тэрыторыі. Галоўны акцэнт у кіруючым і шляхецкім асяродку рабіўся на прадухіленне вайны з Расійскай дзяржавай, якая ва ўмовах бескаралеўя была вельмі верагоднай. Смерць караля Ўладзіслава 20 траўня 1648 г. у спалучэнні з казацкім бунтам зрабіла для магчымай агрэсіі Расійскай дзяржавы спрыяльныя ўмовы. З гэтай прычыны ўрад ВКЛ намагаўся перш за ўсё ўмацаваць памежную сістэму абароны, што адцягнула значную колькасць сіл ад барацьбы супраць казакаў. Крыніцы поўныя дакладамі што „во всъхъ порубежныхъ Литовскихъ городъхъ Литовскіе люди городы кръпятъ всякими кръпостями и люди всякіе переписаны, кто съ какимъ боемъ и сидятъ мало не въ осадъ”11. Уварванне казакаў на Беларусь і актыўная падтрымка іх з боку шырокіх пластоў насельніцтва Беларусі не дала магчымасці дзяржаве аказаць арганізаванае супраціўленне летам 1648 г. Тым не менш, было б памылковым уяўляць сабе поўную бяздзеяння шляхту, якая панічна ўцякае кудысці на Захад. Для прыпынення прасоўвання казакаў у глыбь ВКЛ сталі стварацца шляхецкія атрады, дзеянні якіх, аднак не былі скаардынаваны. Магнаты ВКЛ сталі за свой кошт збіраць войска для барацьбы з казацка-сялянскім рухам. За свае грошы сабралі жаўнераў харунжы ВКЛ Ян Пац, абозны ВКЛ Уладзіслаў Халецкі. Пісар польны Уладзіслаў Валовіч сваім коштам узброіў 3 харугвы на абарону Мазырскага павету. Аршанская шляхта сабралася пад кіраўніцтвам князя Друцкага-Горскага. Ва ўмовах разгортвання антыфеадальнай барацьбы і пераходу вялікай колькасці беларускага сялянства на бок казакаў, адсутнасць адзінства дзеянняў шляхецкіх войск асуджала на правал. Летам 1648 г. атрад пад кіраўніцтвам Мірскага пераправіўся паз Бярэзіну каля горада Горваль, накіроўваючыся да Рэчыцы, але тут ён быў сустрэты казакамі Гаркушы. Якія прымусілі яго спехам адступіць12. Падобная гісторыя адбылася каля Загалля, дзе быў разбіты атрад Валовіча. Паражэнне двух шляхецкіх атрадаў, якія рухаліся ў накірунку Рэчыцы абумовіла пазенне гэтага горада перад паўстанцамі.

Некалькі месяцаў знаходзілася Рэчыца пад кантролем паўстанцаў, аднак з набліжэннем да горада войска польнага гетмана Януша Радзівіла пазіцыі казакаў у горадзе станавіліся менш трывалымі. Увосень 1648 – узімку 1649 гг. войска ВКЛ, рухаючыся па беларускім Палессі з захаду на ўсход, заняло гарады Бярэсце, Пінск, Тураў, Мазыр і Бабруйск, высякаючы як казакаў, так і тых хто нават гіпатэтычна мог іх падтрымліваць. Праводзілася палітыка жорскага “шляхецкага тэрору”, які супрацьстаўляўся тэрору казацкаму лета-восені 1648 г. Апошнім буйным цэнтрам казакаў на тэрыторыі Вялікага княства засталася Рэчыца, якая без істотных цяжкасцей была ўзята войскам ВКЛ13. Я. Радзівіл зрабіў Рэчыцу цэнтрам абароны Вялікага княства ад казакаў. Каля горада быў размешчаны гетманскі полк, полк В. К. Гансеўскага быў накіраваны пад Рагачоў, полк пад кіраўніцтвам Валовіча быў накіраваны пад Мазыр – у Загалле. Такое размяшчэнне войск у выглядзе трохкутніка, цэнтральным звяном якога з’яўлялася Рэчыца, забяспечваў заслону прасоўванню казакаў у ВКЛ з мяцежнай Украіны.

Нягледзячы на пачатак перамоў паміж канфрантуючымі бакамі, Б.Хмяльніцкі “надіслав Іллю Голоту з десятьма тисячами війска, до якого мали приєднатися багато селян, щоб роспочати війну” на Беларусі14. Цікава адзначыць, што ў лютым 1649 г. Хмяльніцкі накіраваў да Я. Радзівіла ліст, у якім ён між іншым адзначаў, што “наші козаки свавільно були вторглися в Літовске князівство, але то сталося без нашого відома, і вони, як свавільники, одержали справедливу оплату, бо я покарав їх на гірло15. Гэтым самым правадыр украінскага нацыянальна-вызваленчага руху спрабуе знайсці паразумення з шляхтай ВКЛ, паспяховым дзеянням якой цяжка было што-небудзь проціпаставіць. Увясну казакі сталі збіраць сілы на левабярэжжы Дняпра: у Гомель увайшоў палкоўнік Нябаба з 2500 шаблямі, каля Брагіна сабралося каля 6000 тысяч казакаў палкоўніка Макеры16. Рэчыца зноў становіцца найважнейшым стратэгічным пунктам, брамаю ў Вялікае княства. Войска Галоты накіраванае да Рэчыцы, атакавала пазіцыі Валовіча пад Загаллем, але было выцеснена ў балоты, дзе жаўнеры ВКЛ яго разбілі, а сам Галота загінуў. Тая частка казакаў, якім пашанцавала ўцекчы спусціліся па Прыпяці да вёскі Краснаселле, адкуль накіраваліся да Хойнік, дзе разбурылі замак і знішчылі гарнізон. Другі казацкі полк пад кіраўніцтвам Галавацкага, таксама накіраваны для здабыцця Рэчыцы, быў разбіты Мірскім, які ў адсутнасць Я. Радзівіла кіраваў рэчыцкім участкам абароны17. 2 ліпеня 1649 г. Я. Радзівіл вярнўся ў Рэчыцу, адкуль зноў пачаў кіраваць абаронай межаў ВКЛ ад набегаў казакаў і падаўляць сялянскі рух. Дарэчы для большай эфектыўнасці апошняй справы на бок войска ВКЛ сталі заклікацца не толькі шляхціцы. Я. Радзівіл выдаў войту Якімаўскай слабады Астрошку Шанчэнку універсал на збіранне людзей “яго веры”, г. зн. Праваслаўных18. Гэты атрад жыхароў рэчыцкага наваколля адыграў вялікую ролю ў барацьбе з казацка-сялянскімі загонамі, бо на бок шляхецкага войска перайшла частка мясцовых жыхароў, якая стамілася ад анархіі і бязладдзя. Такім чынам відавочна змяняецца характар казацка-сялянскай вайны – да антыфеадальнай накіраванасці дадаецца элемент грамадзянскай вайны, калі пытанне прыналежнасі да таго або іншага пласта грамадства губляе сваю актуальнасць.

Узмацненне пазіцый Я. Радзівіла ў Рэчыцкім і Мазырскім паветах Вялікага княства, у сукупнасці з планамі Яна Казіміра аб дапамозе кароннаму войску з боку войска ВКЛ, вымусіла Хмяльніцкага накіраваць на ахову перапраў праз Дняпро значныя сілы. 12-тысячнае казацкае войска пад кіраўніцтвам Падабайлы было накіравана пад Лоеў, а 30-тысячны атрад Крычэўскага на Рэчыцу для разгрому галоўных сіл Я. Радзівіла. 18 ліпеня 1649 г. асноўныя сілы войска ВКЛ пакінулі Рэчыцу і накіраваліся на Лоеў. У Рэчыцы засталася невялікая залога ў выглядзе невялікага атраду пяхоты і дзвюх казацкіх (маецца на ўвазе від кавалерыі) харугваў пад кіраўніцтвам рэйтарскага ротмістра Шварцхофа. Манеўр войска ВКЛ змяніў планы Крычэўскага, ён адмовіўся ад паходу на Рэчыцу і пры дапамозе мясцовых сялян асцярожна накіраваўся супраць войска Радзівіла, якое на гэты час дасягнула Лоева. 31 ліпеня 1649 года адбылася бітва пад Лоевам, у ходзе якой Я. Радзівіл, выкарыстоўваючы нескаардынаванасць дзеянняў казацкіх правадыроў – Крычэўскага і Падабайлы, разбіў два казацкіх войска адразу. Прыблізна 7-8 тысяч казакаў было забіта, каля 3 тысяч патанула ў Дняпры. Таленавіты казацкі палкоўнік, ураджэнец Беларусі Міхаіл Станіслаў Крычэўскі быў забіты ў гэтым баю. Аднак прасоўванне войска ВКЛ далей было прадухілена. Я. Радзівіл узгадываў, што пасля пасля бітвы пад Лоевам у яго засталася толькі адна бочка пораху19. Шляхецкае войска вымушана было вярнуцца да свайго галоўнага стратэгічнага пункта – горада Рэчыцы, куды яно прыбыло ў верасні 1649 г. Адсюль палявы гетман пачаў накіровываць атрады на левабярэжжа Дняпра для падаўлення там казацка-сялянскага руху. Пагроза прыходу новага 60-тысячнага казацкага войска на Беларусь прымусіла войска ВКЛ рыхтавацца да глыбокай абароны, але падпісанне Збораўскага міру прадухіліла небяспеку новага ўварвання казацкага войска. Пагадненне прадугледжвала між іншым вывад казацкіх загонаў з тэрыторыі ВКЛ, такім чынм пад кантроль войска ВКЛ перайшло левабярэжжа Дняпра.

Падпісанне Збораўскага міру на некаторы час стабілізавала становішча на Беларусі, сацыяльная барацьба, пазбаўленая энергіі звонку, імкліва пайшла на спад. Аднак пры гэтым Збораўскі мір не мог задаволіць ані ніжэйшыя пласты ўкраінскага грамадства, ані каронную шляхту. Па вялікім рахунку Збораўскі мір стаў часовым замірэннем для назапашвання сіл для кожнага з канфліктуючых бакоў. У 1650 г. ускладнілася палітычная сітуацыя на Ўкраіне, звязаная як з размежаваннем у казацкім асяродку, так і з агрэсіяй казакаў у Малдову. Абвастрэнне становішча на Ўкраіне адгукнулася на падзеях на Беларусі. Сяляне зноў сталі збірацца групамі, а казацкі палкоўнік Нябаба сцягнуў значныя сілы пад Лоеў. Адсутнасць грошаў у скарбніцы ВКЛ для аплаты службы жаўнераў выклікала значнае скарачэнне войска ВКЛ, што прывяло да фактычнай безабароннасці паўднёва-ўсходняй Беларусі перад пагрозай новага ўварвання казакаў. Гэты спрыяльны момант скарыстаў чарнігаўскі палкоўнік М. Нябаба. Летам 1650 г. ён уводзіць свае загоны на тэрыторыю ВКЛ, зноў разгортваецца антыфеадальны рух, да казакаў далучаюцца іх прыхільнікі з ліку тутэйшых сялян і казакі без цяжкасцей занімаюць Рэчыцу. Абоз войска ВКЛ размясціўся ў Бабруйску, адкуль Я. Радзівіл пачаў рассылаць універсалы да шляхты з патрабаваннем прысці да войска. Казакі не здолелі замацавацца ў Рэчыцы і вымушаны былі пакінуць горад. Напрыканцы 1650 г Хмяльніцкі накіраваў да межаў ВКЛ свайго сына Цімафея, з агульным кіраўніцтвам над чарнігаўскім, нежынскім і кіеўскім палкамі20. Напрыканцы траўня 1651 г. на чале нежынскага і чарнігаўскага палкоў Нябаба павінен быў абараняць фланг войска Хмяльніцкга. Нягледзячы на спачуванне казакам з боку вялікай часткі насельніцва, размах сацыяльнай барацьбы ў 1650-1651 гг. быў значна слабейшым, чым у 1648-1649 гг. Гэта абумовіла немагчымасць казакаў перанесці баявыя дзеянні на тэрыторы Вялікага княства. Раней не аднойчы перахадзіўшы пад уладу казакаў Гомель цяпер з’яўляўся буйной перашкодай для далейшага разгортвання паўстанцкага руху. Хмяльніцкі адмовіўся ад тактыкі нападзення на ВКЛ, перайшоўшы да абарончай палітыкі Напачатку траўня 1651 г. да Я. Радзівіла было накіравана пасольства Хмяльніцкага на чале з Падабайла, але адначасова з гэтым, з мэтаю адцягнуць значныя сілы войска ВКЛ з паўднёва-ўсходняй Беларусі, Хмяльніцкі пры дапамозе Расійскай дзяржавы накіроўвае на Смаленшчыну 4-тысячны атрад Шохава. Вяземскі ваявода паведамляў у Маскву, што паўстанцы, якія дзейнічалі ва ўсходняй Беларусі ставілі сабе мэту „збить Речитцкой обоз”21. Радзівіл, войска якога знаходзілася ў Рэчыцы, апынуўся паміж двух агнёў: на ўсходзе распачыналася паўстанне, штуршком для якога стала з’яўленне казакаў, на поўдні стаяла моцнае казацкае войска Нябабы. На дапамогу абложанаму гарнізону Крычава з Рэчыцы было адпраўлена 300 коннікаў і 600 пяхоты на чале з Вейсам22. Асноўныя сілы ВКЛ накіраваліся да Лоеўскіх перапраў, накіраваўшы да Гомеля атрад пад кіраўніцтвам Мірскага. У Рэчыцы была пакінута залога войска ВКЛ, гэта было абсалтна неабходна, бо пасля падзення Крычава большасць паўстанцаў мела намер ісці на Рэчыцу. Напрыканцы чэрвеня 1651 г. войска ВКЛ ля вёскі Рэпкі пад Лоевам разбілі „полк Черніговскій и Ніжинскій, которіе зоставали безпнчне, болшей бавячися пянством, аніжели осторожностію23. Нябаба біў забіты, рэшткі казацкага войска адступілі пад Чарнігаў. Пасля гэтай падзеі баявыя дзеянні пераносяцца на тэрыторыю Украіны і на Беларусі адбываецца барацьба мясцовай шляхты супраць лакальных сялянскіх атрадаў.

Напрыканцы варта адзначыць, што Рэчыца на працягу казацка-сялянскай вайны 1648-1651 гг. на Беларусі мела важнае стратэгічнае значэнне. Горад з аднаго боку фактычна з’яўляўся варотамі для прасоўвання казакаў у глыбь ВКЛ, а з другога боку выконваў функцыі базы шляхецкага войска ВКЛ для барацьбы супраць казацка-сялянскіх атрадаў на Беларусі. Сацыяльныя супярэчнасці, суправаджаемыя рэлігійнай барацьбою, падштурхнулі шырокія пласты насельніцтва Рэчыцы і наваколля прыняць актыўны ўдзел у антыфеадальнай барацьбе, што прыводзіла да пераходу гараджан у лагер паўстанцаў і заняцця казакамі горада. Тым не менш адсутнасць на Беларусі сацыяльнай базы і ўмоў для развіцця казацтва прыводзіла антыфеадальны рух паўстанцаў да непазбежнага паражэння.

  1. Історія України: нове бачення: У 2 т. / О.І. Гуржій, Я.Д. Ісаєвич, М.Ф. Котляр та ін.; Під ред. В.А. Смолія. Київ, 1995. Т. 1. С.153.
  2. Latopisiec albo kroniczka Joachima Jerlicza. Warszawa, 1853. s. 64.
  3. Чаропка В. Уладары Вяликага княства. Мн., 1996. С. 460.
  4. Акты, относящіеся къ исторіи Западной Россіи. Спб., 1853. Т. 5. VII, 288, 7. С. 79.
  5. Акты, относящіеся къ исторіи Южной и Западной Россіи. Спб., Т. 3. С.227.
  6. Там сама.
  7. Historya panowania Jana Kazimierza przez nieznajomego autora. Wydana z rękopismu przez Edwarda Raczyńskiego. – Poznań, 1840. 1. s.89.
  8. Документы об освободительной войне украинского народа 1648-1654 гг. Киев, С.106.
  9. Чернигову 1300 лет: Сб. документов и материалов. Киев, 1990. С. 36.
  10. Документы об освободительной войне украинского народа 1648-1654 гг. С.106.
  11. Акты, относящіеся къ исторіи Западной Россіи. Т. 5. – VII. С.222.
  12. Kotłubaj E. życie Janusza Radziwiłła. Wilno-Witebsk, 1859. s. 114.
  13. Там сама. С. 130.
  14. Шевальє П’єр. Історія війни козаків проти Польщі. Київ, 1960. С. 100.
  15. Документи Богдана Хмельницького. (1648-1657). Київ., 1961. С. 96.
  16. Памятники, изданные Киевской временной комиссией для разбора древних актов. Т. 1. Изд. 2. Отделение III. Материалы истории Малоросии. Киев, 1848. С. 390-392.
  17. Там сама. С.446-448.
  18. Kotłubaj E. życie Janusza Radziwiłła. s.138.
  19. Там сама. s.150.
  20. Абецедарский Л.С. Белоруссия и Россия. Очерки русско-белорусских связей второй половины XVI-XVII в. Мн.,1978. С.405-406.
  21. Там сама. С. 143.
  22. Документы об освободительной войне украинского народа 1648-1654 г.г. Киев, 1965. С. 281-282.
  23. Літопис Самовидця. Київ,1971. С. 61.

Аўтар: Станіслаў Чаропка
Крыніца: Чацвёртыя Міжнародныя Доўнараўскія чытанні: Рэчыца, 18-19 верасня 2003 г.: У 2 ч. — Гомель, УА «ГДУ імя Ф. Скарыны», 2004. — Ч. 2: «Рэчыца ў часе і прасторы: 790 год з дня заснавання горада» / Рэд. кал.: В.М. Лебедзева (адк. рэд.) і інш. — 217 с.