Рэчыца. Назва паводле легендаў і паданняў

0
50
Рэчыца горад

Некалі тут, дзе зараз горад, не было паселішча. Было яно, праўда, маленькае, за колькі вёрст адсюль. Жыў там багаты князь. Зямлі меў — то і не памятаў сам, колькі, усялякага багацця — незлічона. Наймаў сабе розных гайдукоў ды аканомаў, каб тыя за парадкам сачылі. Так і гаварыў:

— Надакучыла ўсё гэта мне.
— Зразумела.
— Што вам, дурні, зразумела?
— Што надакучыла, ваша светласць.
— Волі мне хочацца.

Думаюць слугі, якая такая воля князю патрэбна? У яго ж усё ёсць, ні ад каго ён не залежыць, сам сабе і свайму слову гаспадар, што захоча, тое і робіць.

— Мне волі хочацца, надакучыла гэтае мітуслівае жыццё!

Аканомы галовы ўніз, а самі мазгамі круцяць і разважаюць:

— Нам бы так…
— Нічога вы не разумееце. Думаеце, грошы ды багацце волю даюць?
— Ведама ж.
— Эх, пустыя галовы. Золата ды каштоўнасці чалавека яшчэ болей няволяць.

Ніхто і слова ў адказ не прамовіў, толькі зноў падумалі:

— Нам бы тое багацце, то мы б праверылі. Дурыць нешта князь, не ведае ўжо, што гаворыць.
— Сачыце за парадкам, дый годзе!
— Будзе зроблена. Дазвольце ісці, ваша светласць?
— Не, пачакайце пару хвілін. Павінен вам яшчэ нешта сказаць.
— Што?
— Людзей дарма не крыўдзіце, не ганьбуйце іх і не біце. Паважайце простых сейбітаў, бо на іхніх плячах усё ў гэтым свеце. Зразумелі?

Крутнуліся слугі ды аканомы, пераглядваючыся, але зноў аднагалосна абяцалі.

— Глядзіце, калі даведаюся, што нехта з вас парадак гэты парушыў, то не здабраваць таму будзе!
— Ясная справа.
— Цяпер ідзіце і без дай прычыны мяне не турбуйце. Калі што тэрміновае здарыцца, тады прыбягайце, а так на ваш розум і кемлівасць спадзяюся.

Задаволеныя слугі і аканомы выскачылі за дзверы і паджгалі далей ад палаца, каб там навінамі падзяліцца, паразважаць, з чаго б гэта князь такія прамовы стаў гаварыць. Адбегліся, схаваліся ў лясочку і тут ужо сталі паводзіць сябе, як сапраўдныя паны: панадзімаліся, постаці важныя парабілі, быццам бы і не гнуліся толькі што перад гаспадаром, не зазіралі яму ласкава ў вочкі. Вось як чалавек, асабліва той, што ўладу атрымаў, сябе паводзіць. Тут ужо ўсялякія словы загучалі. Самы стары з аканомаў даводзіў:

— Захварэў наш гаспадар! Нешта з ім не тое.
— Такую ўжо дурніцу гарадзіў! Каб хто чужы сказаў, то і не паверылі б, — падтрымаў другі.
— Нам жа лепей, чаго вы, дурні, перажываеце?
— Мы не перажываем, наадварот, ці не тоіцца тут якая княжацкая хітрасць?
— Якая?
— Спачатку даць нам неабмежаваныя правы. а потым падвесці пад шыбеніцу.
— I гэтага не купіць. З багатымі заўсёды трэба трымацца асцярожна.
— Як бы там ні было, але хоць пажывём як людзі. Ён правяраць не стане. Калі хто з сваіх не падкажа, то ўсё будзе добра.
— Давайце дамовімся, што будзем адзін аднаго падтрымліваць, калі ліха якое здарыцца.
— Так.
— I ў справы чужыя не ўмешвацца. Кожны там правіць і загадваць будзе, дзе яму князь сказаў.
— Згода.
— Каб для сваіх мужыкоў кожны з нас панам быў.
— Во, гэта самае галоўнае.
— Яшчэ давайце кожны год на гэтым самым месцы і ў гэты ж дзень сустракацца.
— Навошта?
— Навінамі абменьвацца, раіцца, сабе людзей на падмогу падбіраць.
— Разумна.
— То ўсё?
— Сапраўды, час разыходзіцца.

Пайшлі ў розныя бакі княжацкія слугі ды аканомы, каб сваю ўжо ўладу ды ўласнае права на месцах чыніць. Спадзяваліся, што разбагацеюць у хуткім часе. Бачылі, злыдні, які князь слабы ды знерваваны і нечага нібы пастаянна баіцца. Добра ім стала, што ніхто за плячыма не стаіць і за кожным крокам не сочыць. А з мужыкамі яны раду знойдуць, такога пытлю ім зададуць, што мала не падасца, працаваць будуць, не разгінаючыся.

Падпанкі гэтыя пайшлі, а гаспадар у палацы застаўся. Пасядзеў крыху, а потым да свайго вернага дварэцкага звярнуўся:

— Як думаеш, правільна я зрабіў?

Той з дзіцячых гадоў разам з князем рос, таму, часам, і не баяўся смелую думку выказаць. Выслухаў пытанне стары і адказвае:

— Не, княжа.
— Чаму?
— Яны ж такога наробяць, што на вас усе на зямлі праклёны слаць будуць.
— Хто «яны»?
— Тыя, каму вы толькі што ўладу неабмежаваную далі.
— Няўжо яны, самі з сялян, будуць над такімі ж здзекавацца?
— Хужэй на свеце няма пана, які з мужыкоў выбіўся. Нездарма ж сцвярджаюць, што не дай Бог мужыку панам стаць.
— Не дазволю! — загрымеў князь.
— Вы ж самі сказалі, што вам усё надакучыла. Вось і атрымліваецца, што добраахвотна ад улады адмовіліся.
— Зразумей мяне правільна — стаміўся я, братка.
— Ясная справа.
— Ці ж я некалі зверам лютым быў?
— Не.
— Ці ж я некалі некага невінаватага пакараў?
— Не было такога.
— Ці несправядліва кіраваў?
— I гэткіх выпадкаў не прыгадаю.
— Вось бачыш.
— Вы — гэта адно, а яны — зусім іншае.
— Хачу з дачкой у палацы спакойна пасядзець. Дзяўчына вырасла, замуж аддаваць час прыспеў, а які з мяне бацька быў?
— За дачкой трэба прыглядваць. Толькі павінен вам сказаць, што пра яе ніхто благога слова не асмеліцца сказаць, бо яна, як святая, — нікога не пакрыўдзіла, нікога не аблаяла, нікога не пакарала. Пра яе людзі так і гавораць: «Наша князёўна» — З гонарам зазначыў дварэцкі, нібыта гаворка вялася пра ягоную дачку.
— Хваліш, значыцца?
— А то не. Я ж яе з малых гадоў, дакладней, з першых месяцаў, узгадаваў. Мне яна як родная.
— Ведаю, братка.
— Вылітая нябожчыца-маці.
— Так, падобна.
— I постаццю, і характарам, і тварам. Усім у яе пайшла.
— I я часта пра гэта думаю. Не хачу абы за каго замуж аддаваць, каб крыўдзілі ці каб якога дурня трывала. Таму і вырашыў гаспадарчыя справы на іншых ускласці.
— Трэба было каго аднаго абраць, разумнага, сумленнага чалавека.
— Ну, няхай па першым часе так пабудзе, а потым паглядзім.
— Каб позна не было.
— Пагаварылі, нібы роўныя, і дварэцкі прамовіў:
— Пайду да дворні, трэба загады пааддаваць ды праверыць, ці ў парадку ўсё ў палацы ды на сядзібе.
— А я пайду да дачкі, гляну, чым яна займаецца.

Разышліся. Князь падаўся да дзвярэй пакоя, дзе князёўна спала, думаў, што яна яшчэ адпачывае, але пакаёўка, дасціпная, смяшлівая бабулька, папярэдзіла гаспадара:

Няма ўжо нашай пташачкі, няма.
— А дзе ж яна?
— Недзе паляцела.
— З самай раніцы?
— Так.
— Што яе выцягнула з ложка ў такі час?
— А яна ніколі не залежваецца. То на луг ідзе, то ў гай, то ў садзе сядзіць ды салаўёў слухае. Хораша спяваюць.

Гаспадар пагаварыў хвілін колькі з пакаёўкай і пайшоў шукаць дачку. Неўзабаве ўбачыў дзяўчыну. Яна сядзела на шэрым валуне і ўважліва нешта слухала. Бацька ціхенька падышоў і сеў на траву. Князёўна акінулася, і бацька спытаў, што яна тут робіць.

— Слухаю.
— Каго?
— Як зямля спявае.
— Зямля? Спявае?
— Ага.
— Вось не думаў!
— А ты, тата, прыслухайся.

Стары прыціх, натапырыў вушы, але нічога незвычайнага не пачуў:

— Не, не чую. Відаць, стары ўжо стаў.
— Гэта без прывычкі. Я спачатку таксама нічога не чула, а зараз мне многае свае сакрэты раскрыла: разумею шэпт травы і лістоты, спеў птушак мне, як дзявочыя песні, гуд лесу, як падказка адносна таго, якое надвор’е чакаць…
— I адкуль гэта ў цябе?
— Цябе ж дома амаль не было, таму я то з пакаёўкай, то з дзедам-дварэцкім была. Яны мяне да гэтай справы і прызвычаілі.
— I добра зрабілі. Цяпер, дачушка, будзем пастаянна разам. Я свае справы з сённяшняга дня слугам сваім перадаў.

З таго дня стары князь пастаянна знаходзіўся з дачкой. Стаў часта хварэць, таму калі сам не мог выйсці, то казаў:

— Ідзі, дачушка, пахадзі, паслухай, як зямля гамоніць, мне потым перакажаш.
— Добра, татка, я хутка прыйду, каб ты нядоўга адзін заставаўся.
— Не перажывай, я з дварэцкім пагаманю, то не так самотна будзе.

Дзяўчына імкліва знікала з пакоя, а дварэцкі садзіўся побач з княжацкім ложкам, і пачыналася гаворка двух старых людзей, якія не адзін год пражылі разам.

Час ішоў хутка. Князь з дварэцкім слабелі з кожным днём, а князёўна яшчэ болей прыгажэла і такой красуняй стала, што пра яе ўжо далёка за межамі княства гаварыць пачалі. Сватоў засылалі знатныя князі ды багатыя ваяводы, але дзяўчына хітравата адмоўчвалася, а князь казаў:

— Прабачайце, госцейкі дарагія. Ранавата нам яшчэ, відаць, да шлюбу.

Дачка была ўдзячна бацьку за паразуменне. Дамовіліся, што яна сама скажа, за каго захоча пайсці.

Стаў князь чакаць, калі ж князёўна сабе хлапчыну знойдзе, які ёй спадабаецца. Ужо і перажываць пачаў ды дварэцкаму паціху казаў:

— Ведаеш, перажываю, што не дачакаюся.
— Дачакаемся, княжа, абавязкова дачакаемся.

Аднаго дня прыбегла прыгажуня ў палац радасная, ажно свеціцца, і да бацькі:

— Татачка.
— Ну?
— Напаткала.
— Каго?
— Свайго суджанага.
— Нарэшце. А хто ён?
— Хлопец, ды прыгожы.
— І сам ведаю, што не дзядзька, але адкуль ён?
— Паніч адзін.
— Паніч? I багаты?
— Я не пыталася.
— Малайчына, няхай цябе гэта не турбуе. Ты толькі глядзі, каб чалавек добры быў, а я твайму шчасцю перашкаджаць не стану.
— Дзякуй, татачка.
— Ідзі ўжо, пабегай, ведаю, што зараз цябе на месцы не ўтрымаеш.
— А табе не сумна будзе?
— Якое там. Зараз і я пра зяця будучага разважаць буду. Да вяселля ж яшчэ рыхтавацца давядзецца.

Але князёўна ўжо не чула. Яна выскачыла з пакоя і, як той белы матылёк, закружылася па невялічкім лужку перад палацам.

Прайшло яшчэ колькі часу, і князь стаў вельмі дрэнна сябе адчуваць. Зусім знясілеў, нават устаць не мог без дапамогі дварэцкага. Таго ўжо прасіў:

— Калі што, то хоць ты, братка, на вяселлі ў маёй дачкі за бацьку пабудзь.
— Усё пройдзе, княжа, — супакойваў верны слуга, а сам адварочваўся ўбок, каб не бачыў гаспадар ягоных слёз. Гаспадара палаца дабіла навіна, якую прынёс запылены вершнік, просты сялянскі хлапчына. Упаў ён перад княжацкім ложкам на калені і запрасіўся:
— Ратуйце нас, ваша светласць!
— Што, што здарылася?
— Вашы слугі нам жыць не даюць! Б’юць, вынішчаюць, калечаць! Голадам мораць!

Ускінуўся валадар:

— Ды я іх! Усіх да аднаго! На шыбеніцу!

Паспрабаваў было падхапіцца, але заклекатала нешта ў грудзях старэчых, і пайшла носам кроў. Упаў ён на падушкі і дайшоў.

Калі дзяўчыне паведамілі жудасную навіну, то яна птушкай уляцела ў пакой і загаласіла, зусім як вясковая жанчына.

Але нічога не чуў і тым болей нічога не мог адказаць стары князь. Скончыліся для яго будзённыя, зямныя клопаты, назаўсёды ён супакоіўся. Пайшла яна тады да свайго ўлюбёнага каменя, села і стала чакаць каханага, бо збіралася менавіта ў той дзень бацьку свайму паказаць, пазнаёміць іх. Але так ужо атрымалася, так было наканавана лёсам беднай красуні, што не пабачыла яна і свайго суджанага. Сядзела, чакала і ўбачыла, што нехта да яе на кані імчыць. Усхапілася, падумала, што гэта любы, але то быў слуга ад палаца. Вылецеў з сядла куляй і да князёўны:

— Што, што такое?
— Ой, і сказаць не магу!
— Гавары!
— Паніч да вас на кані ехаў, упаў няўдала і забіўся да смерці!

Тут дзяўчына як стаяла, так і гопнулася долу. Толькі ўпала, то з-пад каменя таго самага крынічка зацурчэла, а далей невялічкай рэчыцай разлілася.

Калі на той рачулцы людзі першыя хаціны паставілі, то паселішча так і назвалі — Рэчыца.

Аўтар: А. Ненадавец
Крыніца: Гомельшчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / Склад., запіс, апрац. А. М. Ненадаўца. — Мн.: Беларусь, 2001. — 415 с.: іл. — (Мой родны кут). Ст. 200-203. Ст. 12-13. Ст. 334-340.