Праваслаўныя прыходы Гомеля ў другой палове 1940-х — 1950-я гг.: праблемы статыстычнага аналізу паводле дадзеных афіцыйных крыніц

0
311
Праваслаўныя прыходы Гомеля ў другой палове 1940-х — 1950-я гг. праблемы статыстычнага аналізу паводле дадзеных афіцыйных крыніц

Другая палова 1940-х гадоў сталася для праваслаўных жыхароў Гомеля, як i для ўсяго насельніцтва Усходняй Беларусі, часам легалізацыі дзейнасці царкоўна-прыходскіх абшчын, адроджаных у перыяд нямецкай акупацыі. Новыя павевы ў пабудове дзяржаўна-канфесійных узаемаадносін у першыя пасляваенныя гады праяўляліся на фоне пэўнай лібералізацыі грамадскага жыцця і адыходзе ўладных структур ад выкарыстання рэпрэсій у якасці галоўнага аргумента ў дыскусіі з духавенствам і праваслаўнымі вернікамі.

Асноўнымі архіўнымі крыніцамі, якія дазваляюць прасачыць уплыў рэлігійных асяродкаў (у межах абранай праблематыкі — праваслаўных прыходаў горада Гомеля) на фарміраванне аблічча ўсходнебеларускага горада ў азначаны перыяд, з’яўляюцца афіцыйныя дакументы, складзеныя мясцовымі ўпаўнаважанымі Савета па справах Рускай праваслаўнай царквы пры СНК (з 1946 г. — пры Савеце міністраў) СССР.

Названыя крыніцы сканцэнтраваны галоўным чынам у фондах Гомельскіх архіваў:

  • фонд 1354 «Упаўнаважаны па справах рэлігійных культаў пры СНК СССР паГомельскай вобласці (1944-1965 гг.). Упаўнаважаны Савета па справах рэлігій пры СМ СССР па Гомельскай вобласці (1965-1991 гг.). Савет па справах рэлігій пры Гомельскім абластным Савеце народных дэпутатаў (1991-1997 гг.). Савет па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Гомельскім аблвыканкаме (з 1997 г.)»; фонд 3441 «Упаўнаважаны па справах РПЦ пры СМ СССР па Гомельскай вобласці (1947-1964 гг.)» Дзяржаўнага архіва Гомельскай вобласці (ДАГВ);
  • фонд 144 «Гомельскі абласны камітэт КП Беларусіі» Дзяржаўнага архіва грамадскіх аб’яднанняў Гомельскай вобласці (ДАГАГВ).

Дакументы гэтых фондаў у асноўным уяўляюць сабой перапіску ўпаўнаважаных з Саветам і органамі савецкай улады, рэгістрацыйныя спра­вы і ўліковыя карткі на зарэгістраваныя рэлігійныя абшчыны, планы рабо­ты, інфармацыйныя і статыстычныя справаздачы, даведкі, звесткі аб складзе органаў прыходскага самакіравання, спісы святароў і інш. Квартальныя, паўгадавыя і гадавыя справаздачы ўпаўнаважаных прадубліраваны таксама і ў фондах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (НАРБ), і Расійскага дзяржаўнага архіва найноўшай гісторыі (РДАНГ), так як яны складаліся ў 4-х экземлярах і прадстаўляліся ў Савет па справах РПЦ у Маскве, Упаўнаважанаму па БССР і ў Гомельскі аблвыканкам.

Дакументы афіцыйных архіўных фондаў з’яўляюцца асноўнай крыніцай інфармацыі па гісторыі ўзаемаадносін царквы і савецкай дзяржавы. Але, бяручы пад увагу, што яны складаліся дзяржаўнымі служачымі на падставе мэтанакіраванага, ідэалагічна выверанага адбору матэрыялаў, неабходна адзначыць, што звесткам, якія яны ўтрымліваюць, бракуе аб’ектыўнасці. Акрамя таго, патрэбныя дадзеныя збіраліся ўпаўнаважанымі спехам, бо кіраўніцтва абкамаў і аблвыканкамаў лічыла іх непасрэдную работу несур’ёзнай і ў перыяд вострага недахопу кадраў актыўна выкарыстоўвала ўпаўнаважаных для працы на іншых накірунках (часцей за ўсё на лесанарыхтоўках) [1, арк. 10-16]. Зыходзячы з вышэйсказанага, найбольш каштоўным у дакументах упаўнаважаных прадстаўляецца менавіта сабраны імі дастаткова шырокі пласт фактычнага матэрыялу (звесткі аб святарах, колькасці вернікаў, стане малітоўных будынкаў і інш.).

Праблемы ў апрацоўцы названых статыстычных дадзеных — а яны выяўляюцца ўжо пры першапачатковым азнаямленні з дакументамі фондаў выкліканы не толькі іх тэндэнцыйнасцю і недакладнасцю, але і сегментарнасцю: ўпаўнаважаныя збіралі не агульную інфармацыю аб дзейнасці прыходаў, а толькі тыя звесткі, якія патрабаваў Савет. У 1947-1949 гг. усе звесткі афармлялі па даведзеным зверху формам №№ 1-5:

  • форма № 1 — Звесткі аб колькасці рэлігійных кропак;
  • форма № 2 — Звесткі аб складзе праваслаўнага духавенства;
  • форма № 3 — Звесткі аб колькасці нядзеючых царкоўных будынкаў;
  • форма № 4 — Звесткі аб праваслаўных малітоўных дамах, якія знаходзяцца ў грамадскіх і арандуемых у прыватных асоб будынках;
  • форма № 5 — Звесткі аб прыёме наведвальнікаў і паступленні розных заяў і скаргаў на імя ўпаўнаважанага [2, арк. 8-12, 17-21; 3, арк. 6-9]. Падчас правядзення 27 студзеня 1948 г. нарады ўпаўнаважаных Савета па справах РПЦ пры аблвыканкамах БССР ім было нават асобна ўказана, што «составление сведений по всем пяти формам и анализ их в тексте от­чета является важнейшей Вашей работой» [1, арк. 10].

Але ж асноўны недахоп названых вышэй формаў — групіроўка дадзеных ці па раёнах, без указання дакладных лічбаў па г. Гомелю (формы №№ 3 i 4) (напрыклад, у форме № 4 справаздачы за 1 квартал 1949 г. упаўнаважаны чамусьці асобна прывеў толькі лічбы па г. Рэчыце [2, арк. 12]), ці агулам па гарадах і сельскіх населеных пунктах вобласці (форма № 2), ці ўсяго па вобласці (формы №№ 1 i 5). Таму гэткая клішыраванасць падачы матэрыялу магла б спрасціць яго апрацоўку, але, наадварот, ускладняе, бо лічбы ў тэксце справаздачы і ў дадатках, прадстаўленых у выглядзе названых форм, істотна розняцца. Блытаніну ў колькасці культавых будынкаў i прабелы ў дадзеных па святарах адзначаў і Упаўнаважаны па справах РПЦ па БССР, аналізуючы справаздачы мясцовых упаўнаважаных [1, арк. 12-13].

Неабходныя лічбы аб колькасці гомельскіх прыходаў, якім былі перададзены ў карыстанне тыпавыя царкоўныя будынкі, утрымліваюць толькі іх рэгістрацыйныя справы [4], але звестак аб арандуемых у прыватных асоб будынках па Гомелю няма. Так, з рэгістрацыйных спраў вядома, што ў 1945 г. у Гомелі былі зарэгістраваны Георгіеўская і Мікалаеўская (Палеская) цэрквы, а ў 1946 г. — Гомельскі сабор. Пры гэтым трэба адзначыць, што пасляваеннае аднаўленне Гомеля адбывалася на аснове генплана 1947 г., які прадугледжваў захаванне гістарычна склаўшайся сістэмы магістралей: лучавыя вуліцы Савецкая і праспект Леніна ўтваралі трохкутнік цэнтра з плошчамі Леніна, Прывакзальнай і Паўстання. Менавіта на двух з гэтых плошчаў (Леніна і Паўстання) знаходзіліся Гомельскі сабор і Георгіеўская царква, якія, такім чынам, з’яўляліся не толькі архітэктурнымі дамінантамі Гомеля, але і вузлавымі кропкамі цэнтральных вуліц горада, у межах якіх у пасляваенны час фарміравалася перыметральная забудова агульнагарадскога цэнтра. Такім чынам, месцазнаходжанне названых культавых будынкаў уплывала на ўмацаванне ў свядомасці гараджан прынцыпаў рэлігійнай талерантнасці, і гэты фактар стаў вызначальным пры вынясенні дзяржаўнымі ўладамі рашэнняў аб іх закрыцці з пачаткам пагаршэння дзяржаўна-царкоўных дачыненняў у 1948 г. (Георгіеўская царква) і ў перыяд новага наступу на рэлігію ў 1961 г. (Гомельскі сабор). Мікалаеўскай царкве, якая знаходзілася на ўскрайку горада, пашчасціла больш — яна дзейнічала за савецкім часам і не была зачынена [4].

У першыя пасляваенныя гады гомельскія прыходы не толькі замацавалі за сабой культавыя будынкі на цэнтральных плошчах Гомеля, але і актыўна пачалі іх аднаўленне: дзякуючы руплівасці гомельскіх прыхаджан усе тры праваслаўныя цэрквы былі збольшага адрамантаваны ўжо ў першай палове 1940-х гг. Самая моцная праваслаўная суполка ў гэты час існавала пры Гомельскім саборы: у 1948 г., нягледзячы на пасляваенную нястачу і галечу, вернікі ахвяравалі на пазалоту крыжоў залатыя манеты (!) [5, арк. 28]; у трэцім квартале 1949 г. акуратна затынкавалі ў сценах выбаіны ад снарадаў, выправілі і пафарбавалі дах, пабялілі звонку сцены і калоны [2, арк. 14]; у 1951 г. — «адмылі» жывапіс на сценах [5, арк. 28]; у 1953 г. — зрабілі значны ўнутрыцаркоўны рамонт [6, арк. 27]; у 1957-1958 гг. — нанава пафарбавалі дах, сцены звонку І падлогу, а таксама «некий живописец Бутько» распісаў усе сцены знутры сабора [7, арк. 12]. Гэты ж Буцько распісаў усе сцены і Мікалаеўскай царквы, «чего не было в ней в дореволюционное время» [7, арк. 12], а настаяцель царквы I. Базылевіч у 1950-я гг. двойчы пафарбаваў усе сцены i столь, правеў цэнтральнае ацяпленне і адбудаваў трохярусны іканастас [8, арк. 49].

Зразумела, што гэткая актыўнасць клірыкаў i простых вернікаў сведчыла аб ўзмацненні рэлігійнага ўплыву на гараджан, і разглядалася ўладамі як безумоўная прычына для іх найхутчэйшага закрыцця.

Аб тым, што даходы гомельскіх прыходаў у той час складалі немалую суму, сведчыць i той факт, што ўсе праведзеныя ў другой палове 1940-х — 1950-я гг. рамонтныя работы фінансаваліся вернікамі. Увогуле Гомельскі са­бор у пасляваенны перыяд з’яўляўся адным з буйнейшых храмаў у БССР [8, арк. 9-10], суадносна і даход яго быў вялікі — толькі за 1,5 месяцы 1957 г., калі падчас унутрыцаркоўнай барацьбы ён быў зачынены праціўнікамі Гомельскага благачыннага М.П. Крота, было згублена 20 тыс. руб. дахода [8, арк. 11 ]. У 1949-1950-я гг. даход Мікалаеўскай царквы быў 70-80 тыс. руб., у 1956 г. — 175 тыс. руб., а ў 1957 г. — 200 тыс. руб. [8, арк. 49]. Праўда, дакладнасць прыведзеных у афіцыйных паперах лічбаў вельмі сумніўная, бо бухгалтарскія дакуметы ў прыходах у пасляваенны час складаліся не вельмі адукаванымі людзьмі з ліку вернікаў (казначэямі, абранымі на прыходскіх сходах) і дастаткова неахайна. Увогуле ўсім благачынным было прапанавана завесці шнуравыя кнігі для запісу даходаў пры кожнай царкве толькі пастановай Св. Сінода № 3 ад 01 красавіка 1952 г. [9, арк. 202]. Але, нягледзячы на ўказанні царкоўных улад, прыходскія фінансавыя дакументы працягвалі складацца з парушэннямі, на што мясцовыя фінансавыя органы рэгулярна звярталі ўвагу не толькі ў 1950-я гг., але і ў 1965 г. [10, арк. 14-16]. Адзінае, што можна сцвярджаць дакладна, — даходнасць гомельскіх прыходаў штогод не змяншалася, а, наадварот, павялічвалася.

Лічбы аб колькасці святароў у Гомельскіх храмах зноў жа розняцца ў розных дакументах. Як адзначалася вышэй, інфармацыя аб колькасці святароў па Гомелі, іх адукацыйным узроўні, узроставым і сацыяльным складзе асобным абзацам у тэксце справаздачы ці асобнай графой у табліцы формы № 2 не вылучаліся. Такія звесткі, як правіла, падаваліся ўрывачна ў агульнай канве тэкставай часцы справаздачы, таму адпаведная выбарка можа лічыцца рэпрэзентатыўнай толькі пры ўмове іх дапаўнення дадзенымі з анкет святароў, якія запаўняліся апошнімі пры рэгістрацыі і метадычна падшываліся ўпаўнаважанымі ў справы прыходаў пры кожным перамяшчэнні духавенства [4].

Спроба абагульнення інфармацыі аб колькасці святароў па Гомелю была зроблена ўпаўнаважаным толькі ў справаздачы за 1954 г.: у саборы да 1950 г. быў адзін святар, потым — два, а з 1954 г. — тры; у Мікалаеўскай царкве да 1950 г. быў адзін, потым — два, з 1954 г. — два святара i рэгент [11, арк. 48]. Атрымоўваецца, што да 1950 г. у Гомелі служылі тры святара: да 1948 г. — па адному на кожны дзеючы храм, з 1949 г. — два ў саборы і адзін у Мікалаеўскай царкве (пасля закрыцця Георгіеўскай царквы іх колькасць часова знізілася на адну адзінку, але хутка аднавілася з прычыны закрыцця царквы ў Новабеліцы і прыпісання яе святара Білевіча да Гомельскага сабору [2, арк. 15]). З 1950 г. па 1953 г. у Гомелі было 4 святара: па два на кожны дзеючы храм, а ў 1954 г. — 5: тры ў саборы i два ў Мікалаеўскай царкве [11, арк. 48]. У 1955-1959 гг. захоўвалася такая ж колькасць святароў (5 чал.) па гомельскіх прыходах [8, арк. 10]. Адкуль упаўнаважаны ў справаздачы за 1951 г. вывеў лічбу «7» у дачыненні да колькасці гомельскіх святароў, сістэматызуючы звесткі аб іх даходах [5, арк. 23], застаецца толькі здагадвацца. Такую лічбу можна атрымаць, напрыклад, калі прыпісаць да святароў дыякана і рэгента сабора, а таксама слухача Мінскай духоўнай семінарыі, які праходзіў у другім квартале 1951 г. практыку ў Мікалаеўскай царкве [5, арк. 33].

Амаль усе прызначаныя архіепіскапам у Гомель святары былі маладога ці сярэдняга ўзросту (да 50 год), ураджэнцы Заходняй Беларусі, выхадцы з рабочых, служачых ці духавенства, адукаваныя, многія з іх скончылі багаслоўскі факультэт Варшаўскага універсітэта (Базылевіч, Піневіч, Буката, Целякоўскі, Ненадкевіч і інш.). Усе святары-заходнікі актыўна праводзілі работу сярод вернікаў і вызначаліся высокімі маральнымі якасцямі [8, арк. 10, 18,48, 60]. У дакладной аб дзейнасці духавенства ад 18 мая 1958 г. упаўнаважаны неперадузята адзначыў: «Всего с 1949 по 1957 год было прислано 40 священников, сейчас служат 16 молодых священников в области… Не установлено ни одного аморального факта такого, который бы компрометировал того или иного молодого священника» [8, арк. 59-60].

Добры кадравы склад гомельскага духавенства, як i якасная адбудова храмаў, павінны былі спрыяць павышэнню колькасці прыхаджан, але, як сведчаць дакументы упаўнаважаных, на публічны ўдзел у адпраўленні культаў адважваліся нямногія. На актыўнасць вернікаў найбольшы ўплыў працягвалі аказваць ўнутрыпалітычныя падзеі ў СССР, што праявілася ў зніжэнні колькасці наведвальнікаў храмаў у перыяд аднаўлення татальнага ціску з 1948 па 1953 гг., і рэзкім росце колькасці прыхаджан пасля смерці І.В. Сталіна. Асабліва выразна гэта прасочваецца па дакладных запісках упаўнаважаных аб правядзенні царкоўных святаў [3, арк. 11; 5, арк. 11-12; 6, арк. 32-35; і інш.]. Так, у 1949 г. у сабор на свята Хрышчэння прыйшлі сотні людзей, якія і ў будынак не памяшчаліся [2, арк. 1]; у 1950 г. — значна меней [3, арк. 11]; у 1951 г. -яшчэ меней, чыму папярэднія гады [5, арк. 11]. Але ўжо ў 1954 г. адбыўся новы ўздым: «в большие так называемые годо­вые и храмовые религиозные праздники… по-прежнему верующих было почти повсеместно полные церкви» [11, арк. 36]; у 1955 г. — на Хрышчэнне праводзіліся ажно тры службы: на першай было народу «полные церкви и коридоры», а як пачалі свяціць ваду, падышло яшчэ каля 300 чалавек І, як заўсёды (!), нібыта «обезумевшие» кінуліся браць святую ваду, а на другой І трэцяй службах вернікаў было ў 3 разы меней [11, арк. 71]. На Пасху ў тым жа 1955 г. у саборы было 7 тыс. вернікаў [11, арк. 89]. Але i з гэтым павелічэннем колькасць вернікаў, як і ў 1944-1945 гг., не перавышала Ъ-А % ад агульнай колькасці гарадскога насельніцтва, якое вырасла ў перыяд з 1943 па 1959 гг. больш чым у 10 разоў: з 15 тыс. да 168 тыс. чал. [12, с. 14]. Акрамя таго, у сувязі з тым, што з мэтай скарачэння рэлігійных кропак па вобласці ў перыяд з 1949 па 1953 гг. былі зачынены амаль усе цэрквы ў наваколлі Гомеля, на царкоўных святах прысутнічала i шмат вернікаў з суседніх вёсак [2, арк. 2, 13; 7, арк. 59; 11, арк. 72]. Такім чынам масавасць наведванняў цэркваў дасягалася не за кошт павышэння агульнага ўзроўню рэлігійнасці гарадскога насельніцтва, а за кошт яго натуральнага росту і канцэнтрацыі ў горадзе як рэлігійным цэнтры вернікаў з бліжэйшых (у радыусе 7-8 км) населеных пунктаў.

Сацыяльны і полаўзроставы склад вернікаў таксама некалькі вагаўся: калі ў канцы 1940-х — пачатку 1950-х гэта былі ў асноўным жанчыны сталага веку і прыкладна 10 % мужчын такога ж узросту [2, арк. 2; 5, арк. 12; 6, арк. 27], то ў другой палове 1950-х гг. на святах ужо шмат «работніц» сярэдняга ўзросту, падлеткаў і моладзі, а таксама ходзяць у храм на служ­бы І мужчыны розных ўзростаў, у тым ліку дэмабілізаваныя салдаты i чыгуначнікі «в своих черных шинелях» [6, арк. 47; 7, арк. 13, 15, 21, 59; 8, арк. 38, 57; 11, арк. 89].

Уведзеныя такім чынам у поле навуковай аналітыкі афіцыйныя крыніцы даюць магчымасць сцвярджаць, што два гомельскія прыходы ў першыя пасляваенныя гады значна ўмацаваліся кадрава і арганізацыйна, колькасць іх прыхаджан павялічылася больш чым у дзесяць разоў, на што істотным чынам паўплывалі імклівы рост гарадскога насельніцтва і неабдуманыя захады ўлад па рэалізацыі дзяржаўнага курса на скарачэнне колькасці дробных прыходаў. Але статыстычнымі дадзенымі, прыведзенымі ў гэтых крыніцах, асабліва тымі, якія датычацца колькасці вернікаў, іх скла­ду і вялічыні царкоўнага прыбытку, аперыраваць як дакладнымі звесткамі нельга, бо хібнасць у гэтым выпадку будзе складаць прыкладна ад 30 % i болей. Навуковая рэканструкцыя царкоўна-прыходскага жыцця Гомеля ў другой палове 1940-х — 1950-я гг. можа грунтавацца на дадзеных такога кшталту толькі з улікам абмежаванасці іх выкарыстання i пры ўмове іх дапаўнення дадзенымі іншых крыніц.

Спіс крыніц і літаратуры

  1. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей — НАРБ). Фонд 951. — Воп. 1. — Спр. 13. Загады і пратаколы пасяджэнняў Савета, пратаколы нарад з упаўнаважанымі Совета і пастановы мясцовых органаў дзяржаўнай улады за 1948 г.
  2. Дзяржаўны архіў грамадскіх аб’яднанняў Гомельскай вобласці (далей — ДАГАГВ). Фонд 144. — Воп. 60. — Спр. 8. Інфармацыйныя справаздачы аб рабоце ўпаўнаважанага Савета па справах РПЦ пры СМ СССР па Гомельскай вобласці за 1949 г.
  3. ДАГАГВ. Фонд 144. — Воп. 34. — Спр. 47. Перапіска ўпаўнаважанага Савета па справах РПЦ пры СМ СССР па Гомельскай вобласці на 01.01.1950 г.
  4. Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці (далей — ДАГВ). 1. Фонд 3441. — Воп. 3. — Спр. 2. Рэгістрацыйная справа Гомельскай Георгіеўскай царквы. 2. Фонд 3441. — Воп. 3. — Спр. 33. Рэгістрацыйная справа Гомельскага сабора Пятра і Паўла. 3. Фонд 1354. — Воп. 5. — Спр. 5. Рэгістрацыйная справа Го­мельскай Мікалаеўскай царквы.
  5. ДАГАГВ. Фонд 144. — Воп. 42. — Спр. 70. Справаздачы ўпаўнаважанага Са­вета па справах РПЦ пры СМ СССР па Гомельскай вобласці за 1951 г.
  6. ДАГАГВ. Фонд 144. — Воп. 61. — Спр. 73. Справаздачы, докладныя запіскі, спецпаведамленні ўпаўнаважанага Савета па справах РПЦ пры СМ СССР па Гомельскай вобласці за 1954 г.
  7. ДАГАГВ. Фонд 144. — Воп. 60. — Спр. 306. Справаздачы, інфармацыі аб рабоце ўпаўнаважанага Савета па справах РПЦ пры СМ СССР па Гомельскай вобласці за 1959 г.
  8. ДАГАГВ. Фонд 144. — Воп. 60. — Спр. 250. Справаздачы, інфармацыі, дакладныя запіскі аб рабоце ўпаўнаважанага Савета па справах РПЦ пры СМ СССР па Гомельскай вобласці за 1958 г.
  9. НАРБ. Фонд 951. — Воп. 1. — Спр. 34. Перапіска з Саветам па справах РПЦ, з упраўленнем справамі СМ СССР, аблвыканкамамі і інш. аб рабоце цэркваў за 1952 г.
  10. НАРБ. Фонд 951. — Воп. 3. — Спр. 73. Перапіска з Саветам па справах РПЦ, з епархіяльным упраўленнем справа і інш. установамі аб дзейнасці царквы за 1965 г.
  11. ДАГАГВ. Фонд 144. — Воп. 60. — Спр. 119. Інфармацыйныя справаздачы аб рабоце ўпаўнаважанага Савета па справах РПЦ пры СМ СССР па Гомель­скай вобласці за 1955 г.
  12. Гомель: энцикл. справ. / Белорус. Сов. Энцикл.; Редкол.: П.П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 527 с.

Аўтар: Кацярына Саўчык
Крыніца: Гістарычная ўрбаністыка: асновы метадалогіі і крыніцазнаўчая база: зб. навук. арт. / ГрДУ імя Я.Купалы ; рэдкал. І.В. Соркіна (гал. рэд.) [і інш.]. — Гродна: ГрДУ, 2011. — С. 117-123.