Прафсаюзы Гомеля ў пачатку XX ст. Узнікненне і дзейнасць

0
1141
П.Б. Крохоняткин
П.Б. Крохоняткин "Забастовка на фабрике"

У Гомелі прафсаюзы вядомы з пачатку XX ст., а першыя звесткі аб стварэнні пачатковых форм аб’яднання рабочых у прафесійныя арганізацыі адносяцца да канца XIX ст. Менавіта тады пад уплывам сацыял-дэмакратычнай агітацыі значна актывізавалася эканамічная барацьба, у ходзе якой сталі ўзнікаць падпольныя стачачныя касы. Па нрацягу лета 1897 г. яны былі створаны ў 5, а да вясны 1898 г. — амаль ва ўсіх рамесных цэхах горада. У 1898 г. Гомельсі камітэт РСДРП выдаў «Статут Гомельскага рамеснага саюза». Пад кіраўніцтвам Гомельскага рамеснага саюза, які аб’ядноўваў амаль 40% рамесных рабочых горада, дзейнічалі стачачныя касы сталяроў, слесараў, бляхароў, маляроў і інш.

У 1899—1900 гг. пры падтрымцы стачачных кас рамеснікі го­рада правялі 10 групавых і агульнапрафесійных эканамічных забастовак. Першым палітычным выступленнем гомельскіх рабочых з’явілася дэманстрацыя на Румянцаўскай вуліцы 18 красавіка 1901 г., на якую яны вышлі ўжо і з палітычнымі патрабаваннямі.

Актывізацыя барацьбы рабочых за свае правы патрабавала арганізацыйнага афармлення сваёй масавай партыйнай арганізацыі. Ужо ў 1901 г. у Гомелі дзейнічалі прафсаюзы друкароў, гарбароў, прыказчыкаў.

У ходзе рэвалюцыі 1905—1907 гг. прафсаюзны рух значна актывізаваўся. У час Кастрычніцкай палітычнай стачкі 1905 г. удзельнікі мітынгу рабочых дэпо Палескіх чыгунак прынялі рашэнне аб афармленні прафсаюза чыгуначнікаў. Хутка быў створаны Часовы камітэт Гомельскага аддзялення Усерасійскага чыгуначнага саюза. Пад кіраўніцтвам камітэта 11—12 (24—25) кастрычніка быў прыпынены рух цягнікоў на Лібава-Роменскай і Палескіх чыгунках. У снежні 1905 г. па ініцыятыве камітэта Усерасійскага чыгуначнага саюза чыгуначнікі Гомеля выступілі ў падтрымку ўзброенага паўстання ў Маскве.

Пад ціскам рэвалюцыйнага руху царскі ўрад выдаў 4 (17) сакавіка 1906 г. «Часовыя правілы», якія дазвалялі стварэнне прафсаюзаў наёмных рабочых і служачых на прамысловых прадпрыемствах і ў гандлі. Аднак легалізацыя прафсаюзаў была настаўлена ў поўную залежнасць ад «усмотрения» чыноўнікаў і паліцыі. Кантроль за іх дзейнасцю ажыццяўлялі губернскія ўстановы па справах аб таварыствах і саюзах. Пры стварэнні новых прафсаюзаў за ўплыў на іх жорсткая барацьба адбывалася паміж бальшавікамі і Бундам, які імкнуўся да ўтварэння асобных прафсаюзаў толькі з яўрэйскіх рабочых і служачых. Пасля паражэння рэвалюцыі 1905—1907 гг. прафсаю­зы падвергліся ганенням з боку ўлад і нават іх закрыццю.

Да 1911 г. легальныя прафсаюзы ў Гомелі былі поўнасцю разгромлены. Адсутнасць легальных магчымасцяў для прафесійнага руху выклікала неабходнасць стварэння нелегальных арганізацый. У гады рэакцыі ў Гомелі дзейнічалі нелегальныя саюзы друкарскіх рабочых і пераплётчыкаў, краўцоў, фармацэўтаў, бухгалтараў і інш.

Ажыўленне прафсаюзнай работы было звязана з разгортваннем рабочага руху ў гады новага рэвалюцыйнага ўздыму (1910—1914 гг.). Аднак, у Гомелі, як і ў іншых гарадах Беларусі, рост легальных рабочых арганізацый стрымліваўся дзяржаўнымі чыноўнікамі, якія адмаўлялі ў рэгістрацыі статутаў прафсаюзаў. Рабочыя па-ранейшаму былі вымушаны ствараць нелегальныя прафарганізацыі. Яны змагаліся за паляпшэнне ўмоў працы і быту рабочых, арганізоўвалі забастоўкі, займаліся культурна-асветніцкай работай.

У гады Першай сусветнай вайны, нягледзячы на цяжкасці ваеннага часу, у Гомелі функцыянавалі нелегальныя прафсаюзы дрэваапрацоўшчыкаў, друкароў, чыгуначнікаў, краўцоў, шаўцоў, сталяроў. У 1915 г. было створана гарадское праўленне прафесійных саюзаў.

Перамога Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. адкрыла перад прафсаюзамі магчымасць легальнай дзейнасці. Ужо ў першыя месяцы пасля рэвалюцыі ў Гомелі было арганізавана 30 прафсаюзаў. На прадпрыемствах горада ствараліся таксама фабрычна-заводскія камітэты. Пры актыўным удзеле прафсаюзаў і фабзаўкомаў на прад­прыемствах устанаўліваўся 8-гадзінны рабочы дзень, павышалася заработная плата, вялася барацьба з беспрацоўем, ствараліся стачачныя фонды, уводзіўся рабочы кантроль. У выніку дэмакратызацыі грамадска-палітычнага жыцця, легалізацыі дзейнасці грамадскіх арганізацый прафсаюзы сталі ператварацца ў масавыя арганізацыі.

У траўні 1917 г. прафсаюзы Гомеля (без чыгуначнікаў) налічвалі ўжо 6,2 тыс. чалавек. Дзейнасць прафарганізацый заводаў, фабрык і галіновых цэхаў каардынавала гарадское Цэптральнае бюро. Прафсаюзы ўдзельнічалі ў вырашэнні падзённых пытанняў гарадскога жыцця, галоўным сярод якіх было харчовае пытанне. Вайна, разруха і спекуляцыя значна абвастрылі яго ўвосенія 1917 г. 3 прадстаўнікоў прафсаюзаў, Саветаў і гласных гарадской Думы быў утвораны гарадскі харчовы камітэт. Ім быў намечаны шэраг мер па барацьбе са спекуляцыяй, устанаўліваўся максімум запасаў на кожнага жыхара, вызначалася крымінальная адказнасць за ўтойванне запасаў харчавання звыш устаноўленай нормы, наладжваліся грамадскія сталовыя.

Пасля Кастрычніцкага перавароту 1917 г. прафсаюзы сваёй дзейнасцю ўмацоўвалі Савецкую ўладу, дапамагалі ў падборы кадраў для адміністрацыйна-гаспадарчага апарата і савецкіх органаў. У адпаведнасці з рашэнняямі 1 Усерасійскага з’езда прафсаюзаў (студзепь 1918 г.) адбылося зліццё фабрычна-заводскіх камітэтаў з прафесійнымі саюзамі, фабзаўкомы ператвараліся ў пярвічныя арганізацыі прафсаюзаў па прадпрыемствах. Кіраўніцтва прафсаюзамі горада ажыццяўляў Цэнтральны савет прафсаюзаў.

У першыя месяцы германскай акупацыі Гомеля працягвалі легальна дзейнічаць прафсаюзныя арганізацыі на запалкавай фабрыцы «Везувій», ліцейна-механічным заводзе «Рухавік», у майстэрнях Лібава-Роменскай чыгункі і інш.

У акупаваным горадзе ра­бочыя вялі забастовачную барацьбу, патрабавалі павышэння заработнай платы, захавання 8-гадзіннага рабочага дня, свабоды дзейнасці прафсаюзаў. У адказ на актывізацыю забастовачнага руху, якім кіраваў Цэнтральны савет прафсаюзаў, акупацыйныя ўлады са жніўня 1918 г. узмацнілі барацьбу супраць прафсаюзных арганізацый і закрылі іх кіруючы орган, ажыццявілі арышты прафсаюзных актывістаў. ГІрафсаюзы Гомеля вымушаны былі зноў перайсці на нелегальнае становішча. Аднаўленне дзейнасці праф­саюзных арганізацый і іх арганізацыйнае ўмацаванне адбылося ўжо пасля вызвалення горада ад нямецкіх захопнікаў.

Аўтар: М.Н. Мурашка
Крыніца: Краеведение – основа духовного и нравственного возрождения общества: научно-практ. конф. ( Гомель, 10-11 декабря 1997 г .). – Гомель, 1997. Ст. 97-99.