Пра тураўскае міжрэчча

0
231
Река Припять и Туров на гравюре Наполеона Орды

Слова міжрэчча трывала замацавалася ў навуковай літературы, слоўніках, энцыклапедыях і іншых даведніках. У сучаснай беларускай мове яно абазначае прастору, мясцовасць паміж рэкамі (ТСБМ, 3, 152).

На геаграфічнай карце Беларусі можна знайсці нямала такіх тэрыторый. Але Тураўскае міжрэчча адрозніваецца, па-першае, тым, што гэта старажытная зямля, па-другое, яно характарызуецца шматлікімі адметнасцямі: маляўнічай і непаўторнай прыродай, урадлівай глебай, сваеасаблівай гаворкай, помнікамі археалогіі і культуры, якія да сённяшніх дзён не даследаваны належным чынам: не праведзены раскопкі могільнікаў і гарадзішчаў. Па наяўнасці і значымасці помнікаў археалогіі Побаль Л.Д. лічыць міжрэчча Прыпяці-Сцвігі своеасаблівым запаведнікам старажытнай гісторыі Беларусі.

Тут да нашага часу шануюць традыцыі і звычаі, не забываюць мясцовыя народныя промыслы, беражліва адносяцца да гістарычнага мінулага, самабытнай духоўнай спадчыны далёкіх прашчураў. Сведчаннем гэтага з’яўляецца адраджэнне Турава, навакольных сёл, правядзенне святаў і мясцовых кірмашоў.

На Тураўшчыне здаўна пасяленні называліся сёламі. Паводле “Этнаграфіі Беларусі”, сяло спачатку было загараднай княжацкай сядзібай, дзе побач з гаспадарчым дваром знаходзіліся хаты чэлядзі. Як адзначаюць вучоныя, на першых этапах свайго развіцця сяло адрознівалася ад вёскі большымі памерамі, адміністрацыйным і гандлёвым значэннем. Тут размяшчаліся рынкі будаваліся цэрквы. Такімі сёламі, у якіх былі ўзведзены цэрквы з прыходамі, былі Верасніца, Пагост, Азяраны, Перароў, Старажоўцы, Рычоў, Запясочча. Напрыклад, у Пагосце, які туліцца пры ўпадзенні ракі Сцвігі ў Прыпяць, мясцовая царква ў імя Архідзьякана Стэфана месцілася ў самым цэнтры. Царкоўная калакольня мела чатыры колакалы вагою ў 4,2,1 пуды. На могілках вёскі стаяла яшчэ адна царква, якая называлася ў народзе капліцаю. Вядома, што капліца – невялікі царкоўны або касцельны будынак з іконамі без алтара, іншымі словамі – малельня (ТСБМ, 2, 631).

На Тураўшчыне доўгі час адзначаліся трывалыя адносіны паміж сяльчанамі, якія ўсталёўваліся паводле сямейных абрадаў. Гэта прыводзіла да ўмацавання роду. У выніку атрымлівалася, што ў сяле жылі сваякі і родзічы. Яны падтрымлівалі цесныя сувязі, якія выразна праяўляліся пры правядзенні кірмашоў (кермашоў). Напрыклад, у Пагосце кірмаш адбываўся на Раздво (Нараджэнне Хрыстова), у Азяранах – на Міхайла, у Чэрнічах – на Міколу, у Слепцах – на Тройцу. Да кірмашу рыхтаваліся загадзя: прыбіралі хаты, гатавалі самую смачную ежу, якой частавалі гасцей. У гэты дзень з усіх бакоў да сяла ішлі людзі. Яны наведвалі усіх родзічаў, успаміналі памерлых, вялі гутарку пра гаспадарчыя і другія жыццёвыя праблемы. Са шкадаваннем прыходзіцца канстатаваць, што гэтая добрая традыцыя ў апошні час пачынае губляць сваё першапачатковае значэнне.

Цікавасць выклікаюць назвы жыхароў Тураўскага міжрэчча. Фактычны матэрыял дае магчымасць выдзеліць утварэнні з наступнымі суфіксамі:

а) -ец озеранец < Азяраны; хвоенец < Хваенск; Майданец < пасёлак Хваенск; хлупінец < Хлупін; пераровец < Перароў; рычовец <Рычоў; малешовец – Малешаў, туровец – Тураў; хочэнец < Хачэнь; поўчынец – поўчын; бечанец – Бечы.
б) –анін (-янін) – погошчанін < Погост; туроўлянін, туроўчанін < Тураў; семурадчанін < Сямурадцы; слепчанін < Знаменка (Слепцы); чэрнічанін < Чэрнічы; дворчанін <Дварэц; сторожоўлянін < Старажоўцы, берэшчанін < Бярэжцы;
в) –ук (-юк) – вераснюк < Верасніца; рыдчук < Рыдча; млынчук < Перароўскі Млынюк;
г) –ік – буднік < Бячанская Буда; Хлупінская Буда.

У аснове некаторых назваў ляжаць словазлучэнні: Запясочча > запясоцкі чалавек, чалавек з Запясочча. Такога тыпу ўтварэнні характэрны таксама для вёсак Вароніна, Буразь, Крэмнае, Грамадскія, Хільчыцы.

Адметна гучаць назвы мясцовых пасяленняў з вуснаў старажылаў: Азяраны – Озера, Возера ( Учора булі ў Озерах); Буразь – Бурэзі, Запясочча – Запесоч’е, Хваенск – Хвоеньськ. Так і не прыжыліся сярод палешукоў Знаменка (раней Слепцы) і пасёлак Хваенск, які называюць Майданам. Праўда, апошні ўзнік на карце Жыткавіцкага раёна ў 50-е гады, калі пачалі праводзіцца інтэнсіўныя лесанарыхтоўчыя работы. У сучаснай беларускай мове слова майдан ужываецца ў 2 значэннях: 1. Плошча, дзе збіраюцца сходы, адбываюцца базары; 2. У археалогіі – асобы від курганоў, старажытных магіл, звычайна раскапаных зверху (ТСБМ, 3, 85).

Па другім значэнні прыходзіцца меркаць, што і там знаходзіліся старажытныя паселішчы тураўцаў, якія чакаюць свайго дэталёвага даследавання.

Нам здаецца, што Тураўскае міжрэчча застаецца тэрыторыяй для глыбокага і ўсебаковага вывучэння тагачаснай культуры, якая, на думку вучоных, у меншай ступені адчула ўплыў культур другіх народаў.

Літаратура

1. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гомельская вобласць. Мн, 1985.
2. Лысенко П.Ф. Туровская земля. IX–XIII вв. Мн., 1999.
3. Памяць. Жыткавіцкі раён. Мн., 1994.
4. Праваслаўныя храмы на Беларусі. Мн., 2001.
5. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: У 5-ці т./ АН БССР. Мн., 1977-1984.
6. Тураўшчына. Мінулае, сучаснасць, будучыня. Тураў–Мінск, 2000. Вып I; 2001. Вып. II; 2004. Вып. III.

Аўтар: Л.П. Кузьміч (Гомель)