Культура і побыт асобных полаўзроставых груп гарадскога насельніцтва Беларусі ў пачатку XX ст. належаць да ліку малавывучаных праблем этнаграфіі. Дзеці і падлеткі адыгрывалі істотную ролю ў паўсядзённым жыцці гарадскіх сем’яў. Разам з тым менавіта на побыце дзяцей і падлеткаў перш за ўсе і ў найбольшай ступені адбываліся змены, якія мелі месца ў гарадах Беларусі ў сувязі са спецыфікай гарадскога ладу жыцця.
У пачатку XX ст. побыт дзяцей і падлеткаў у Гомелі, які належыў да буйнейшых павятовых гарадоў Беларусі, моцна вар’іраваўся ў залежнасці ад заможнасці сям’і, яе месца ў сацыянальна-прафесійнай структуры гарадскога насельніцтва. Сярод фактараў, якія ўплывалі на характар культуры і побыту вызначанай групы гамяльчан, вызначаюцца этнічная і канфесійная прыналежнасць бацькоў. Пералічаныя вышэй фактары абумоўлівалі асаблівасці выхавання. У некаторых выпадках вызначалі прафесійную арыентацыю дзяцей, а таксама формы правядзення вольнага часу.
Умовы гарадскога асяроддзя прычыніліся да з’яўлення і распаўсюджання ў Гомелі своеасаблівых форм дагляду за дзецьмі і іх выхавання. Пачынаючы з маленства, у вялікай кольксці сем’яў да выхавання дзяцей прыцягваліся карміліцы і няні, пра іпто сведчаць шматлікія аб’явы пра ix наём на старонках мясцовых газет1. Пры гэтым прасочваецца тэндэнцыя выбіраць выхавацелей пераважна адной этнаканфесійнай прыналежнасці з сям’ей, дзе гадуецца дзіця. Спецыфічнай гарадской з’явай стала адкрыццё ў гарадах, у тым ліку ў Гомелі, дзіцячых садкоў2. У часы першай сусветнай вайны для дзяцей, бацькі якіх заклікаліся на вайсковую службу, арганізоўвалі спецыяльныя прыюты. Так, у верасні 1914 года пры яўрэйскім таварыстве дапамогі бедным пачаў працаваць прыют, які наведвала 50 чалавек. У прыюце меліся чатыры выхавацелькі, якія наглядалі за дзецьмі ад 8 гадзін раніцы да 6 гадзін вечара3.
У пачатку XX ст. дзіцячыя захворванні і смяротнасць былі адной з самых злобадзённых праблем. Клопаты пра здароўе дзяцей прымушалі бацькоў звяртацца да паслуг урачоў, прычым у разглядаемы час у Гомелі ўжо мелі практыку спецыялісты менавіта ў галіне дзіцячых захворванняў4. Аднак карыстанне падобнымі паслугамі было па-за межамі магчымасцей бяднейшых колаў насельніцтва, у іх дамах панавалі антысанітарныя ўмовы жыцця. Газета «Г омельская капейка» ад 14 красавіка 1914 года паведамляла: «Недостаточное количество воздуха, вследствие тесноты помещений и отсутствия вентиляции, сырость, зловоние и ядоитые испарения загрязненной почвы, неуютность и недостаток света подрывают силы взрослых и убивают неокрепшие организмы детей»5. Карэспандэнт газеты «Гомельский вестник», складаючы апісанне побыту жыхароў самых недобраўпарадкаваных раёнаў горада, адзначаў: Маленькая, вся вросшая в землю, сгорбившаяся, как старушка, хатка приветливо смотрит на меня своим одним тусклым глазом — окном… хожу в комнату… Ужасный воздух, соединенный с едким дымом захватывает дыхание… Только через несколько минут привыкаешь к царствующей полутьме, в которой всю жизнь живут эти люди… Клетка в 1,5-2 кв. арш., большую часть которой занимает печь… Стать во весь… рост — нет возможности.
В грязи немытых полов, в пыли нар валяются дети от 4 до 14-летнего возраста… Их четверо… Вот мальчик, почти голый, в рубашонке, едва прикрывающей его худенькое, дрябленькое тело… На лавке, поджавши ноги, сидит девочка с большой ненормально развитой головой, с красными большими глазами… На ней, как и на остальных детях, печать вырождения: отец «потомственный почетный алкоголик», дед — чахоточный…»6.
Адным са сродкаў паляпшэння стану здароўя дзяцей лічылі заняты спортам і ўдасканаленне сісгэмы фізічнага выхавання ў навучальных установах. У прыватнасці, на старонках газет друкаваліся матерыялы па абмеркаванню пытання аб фізічным выхаванні яўрэйскага юнацтва, прапаноўвалася стварыць спецыяльныя таварыствы па прыкладу г. Мінска7.
Аздараўленню дзяцей у летні час спрыяла і арганізацыя дзіцячых калоній. Так, у 1914 г. у Беліцы адпачывалі 32 хлопчыка і дзяўчынкі8.
Неад’емнай часткай побыту гарадскога насельніцтва была арганізацыя сістэмы харчавання для дзяцей. У асяроддзі маламаёмасных сем’яў бацькі прапаноўвалі дзецям толькі танныя прадукты і аднастайны падбор страў. У той жа час значная колькасць сем’яў дазваляла дзецям па святах, а некаторыя і штодзённа, частавацца пакупнымі ласункамі. Напрыклад, кандытарскія фабрыкі выпускалі шакалад, цукеркі: «шоколад с ванилью», «шоколад молочный», «колос ржи», «дамские пальчики», «витязь воин»9, пячэнне «старт»10; карысталіся попытам у маленькіх гамяльчан розныя салодкія воды: лімонная, грушавая, мандарынавая, малінавая і інш.11. Для навучэнцаў вучылішчаў, гімназій спецыяльна рыхтаваліся снеданні12.
Аднак адсутнасць прыбытку у сям’і, немагчымасць пракарміць яе — у выніку згублення месца працы, маленькага заробку, шматдзетнасці і іншых прычын — прыводзілі да такой з’явы, як падкідванне дзяцей або аддача на выхаванне ў чужую сям’ю. «Хочу отдать добрым людям за свою девочку двух недель православного вероисповедания. Узнать ресторан «Савойя» — судомойку» — аб’явы падобнага зместу былі нярэдкія на старонках мясцовых газет13.
У Г омелі ў пачатку XX ст. мела месца прыцягненне дзяцей да працы. Часта дзеці не толькі дапамагалі дарослым займацца хатнімі справамі, але і былі павінны самастойна зарабляць на жыццё. У некаторых выпадках пры адсутнасці сродкаў дзеці і падаеткі траплялі на вуліцу, дзе частка з іх пачынала займацца крадзяжамі і прастытуцыяй. У 1911 г. у Гомелі нават абмяркоўвалася пытанне пра арганізацыю калоніі для малалетніх злачынцаў14. Газета «Гомельский вестник» 11 сакавіка 1909г. змясціла кароткі нарыс пра малалетніх прастьпутак у Гомелі, у тым ліку паведамлялася: «Всегда, вечером или ночью вы можете их встретить на Румянцевской улице. Их двое. Старшей лет 15-16. Раскрашенные, в крикливых нарядах, они предлагают прохожим себя… и к стыду нашему, нужно сказать, что спрос на них большой… С пеленок они попадают в нищету, погрязают в болоте разврата и с 12-13-летнего возраста уже знакомы со всем ужасом порока и разврата»15.
Для вялікай колькасці гамяльчан малодшага ўзросту важным заняткам была вучоба. Адукацыя здзяйснялася ў залежнасці ад культурных запатрабаванняў бацькоў, рэлігійнай прыналежнасці сям’і, фінансавых магчымасцей. У Гомелі ў пачатку XX ст. існаваў шэраг навучальных устаноў (гімназіі, вучылішчы). У адрозненне ад дарослых маленькія гамяльчане мелі больш вольнага часу, які праводзілі рознымі спосабамі.
Дзеці малодшага ўзросту гулялі з цацкамі, якія можна было набыць падчас правядзення кірмашоў або зрабіць з дапамогай бацькоў. Для паляпшэння ўмоў дзіцячых гульняў на вуліцы, якая была моцным сродкам выхавання для шматлікіх гарадскіх жыхароў, у пачатку XX ст. разгарнулася арганізацыя ў Гомелі спецыяльных дзіцячых пляцовак па ўзоры тых, што ствараліся ў сталічных гарадах16.
У сем’ях, дзе бацькі былі пісьменныя, знаёмства з кнігай пачыналася даволі рана. Гэтаму спрыяла распаўсюджванне дзіцячай літаратуры. Так, у побыт гарадскіх сем’яў усё больш уваходзілі спецыяльныя дзіцячыя часопісы. Напрыклад, часопіс «Малютка» выдаваўся ў прыгожай вокладцы з каляровымі малюнкам! і ілюстрацыямі ў тэксце, у дадатак да яго выпускаліся дзіцячыя кніжкі, цацкі17. У бібліятэках Гомеля, якія існавалі пры розных таварыствах, дзеці складалі значную колькасць чытачоў18.
Пра адпачынак дзяцей і падлеткаў клапаціліся вучэбныя установы, добрачынныя таварыствы: наладжваліся дзіцячыя танцы, спектаклі, вечары, экскурсіі19. Мода на правадзенне сямейных вечароў у пачатку XX ст. закранула і Гомель20. Узімку разам з дарослымі дзеці каталіся на каньках, летам — выязджалі на дачы, дарэчы, апошняя форма правядзення вольнага часу напярэдадні першай сусветнай вайны пашырылася не толькі сярод заможных, але і ў асяроддзі сярзднезабяспечаных жыхароў. Асабліва цікавымі былі прагулкі па Сожу на параходах21. У час правядзення параходных гулянняў наладжваліся гульні для дзяцей, феерверк, гучала музыка. Вельмі пышна і ўрачыста евяткаваўся Новы год з абавязковымі падарункамі і гульнямі вакол елкі22. У сем’ях і пры дапамозе розных таварыстваў адзначалі рэлігійныя святы. У Гомелі праходзілі спецыяльныя канцэрты для дзяцей, напрыклад, оперныя пастаноўкі, выступленні дзяцей-музыкантаў і інш.23. Аднак самай захапляючай забавай дзяцей у пачатку XX ст. стала наведванне кінематографа24. Кансерватыўныя педагогі і бацькі нават спрабавалі «змагацца» з імкненнем дзяцей замяніць усе віды забаўна кінематаграфічную. У сваіх лістах у рэдакцыі газет яны скардзіліся: «В настоящее время кинематограф для ребенка, раз попавшего в иллюзион, составляет все…»25. Але нягледзячы на тое, што некаторыя бацькі нават называлі кінематограф «атрутай» для дзіцячай душы, яго папулярнасць толькі ўзрастала. Сярод найбольш цікавых фільмаў для дзяцей, якія прайшлі ў Гомелі, вызначаюцца «Спартак (Бой гладыятараў)», «Казка пра рыбака і рыбку»26.
Такім чынам, побыт дзяцей і падлеткаў у Гомелі ў пачатку XX ст. вызначаўся спецыфічнымі рысамі, якія адрознівалі яго ад культурна-бытавой сферы іншых узроставых груп гарадскога насельніцтва і дзяцей, пражываючых ў сельскай мясцовасці, ў значнай ступені захоўваючы традыцыйны лад жыцця.
- Полесская мысль. — 1909. — 28 июня. — С. 4; 4 августа. — С. 4; Гомельская копейка. — 1911. — 3 ноября. — С. 4.
- Полесская жизнь. — 1910. — 13 августа. — С. 4.
- Гомельская копейка. — 1914. — 27 сентября. — С. 2.
- Тамсама. — 1912. — 8 октября. — С. 1.
- Тамсама. — 1914. 14 апреля. — С. 2.
- Гомельский вестник. — 1909. — 1 марта. — С. 2.
- Гомельская копейка. — 1912. — 20 декабря. — С. 3.
- 8. Тамсама. — 1914. — 25 июня. — С. 3.
- Гомельская мысль. — 1913. — 18 июня. — С. 1.
- Гомельская копейка. — 1914. — 16 июля. — С. 2.
- Тамсама. 1914. — 12 апреля. — С. 1.
- Тамсама. 1914. — 16 июля. — С. 2.
- Тамсама. 1912. — 21 июля. — С. 2; 1915. — 3 апреля. — С. 4
- Тамсама. — 1911. — 15 июня. — С. 2.
- Гомельский вестник. — 1909. — 11 марта. — С. 3.
- Тамсама. 1914. — 9 марта. — С. 1.
- Могилевские губернские ведомости. Ч. неоф. — 1911. — 14 декабря. — С. 290.
- Гомельская мысль. — 1913. — 26 февраля. — С. 3.
- Гомельская копейка. — 1912. — 7 января. — С. 3; 1911. — 23 июля. — С. 1; 13 сентября. — С. 3; Полесская мысль. — 1910. — 5 июля. — С. 3.
- Полесская мысль. — 1910. — 4 июня. — С. 3; Гомельская копейка. — 1912. — 1 октября. — С. 2
- Гомельская копейка. — 1914. — 2 июля. — С. 3.
- Тамсама. — 1912. — 31 декабря. — С. 3.
- Тамсама. — 1915. — 27 февраля. — С. 4.
- Гомельская мысль. — 1913. — 24 декабря. — С. 3-4.
- Тамсама.
- Гомельская копейка. — 1914. — 11 июня. — С. 3.
Аўтар: Аксана Яшчанка
Крыніца: Беларускі горад у часе і прасторы: 500 гадоў Полацкай магдэбургіі: Зборнік навуковых прац. — Наваполацк: ПДУ, 2001. — С. 258-262.