Паўстанне на гомельскім перасыльным пункце ў 1916 г.

0
1233
Паўстанне на гомельскім перасыльным пункце ў 1916

Паўстанне на гомельскім перасыльным пункце ў 1916 г. — самае буйное на Беларусі і на Заходнім фронце выступленне салдат у Першую сусветную вайну. Адбылося каля Гомеля пад уплывам рэвалюцыйнай прапаганды чальцоў Палескага камітэта РСДРП(б) і салдат-бальшавікоў. Росту незадаволенасці садзейнічалі ваенныя паразы, разруха ў тыле, здзекі над салдатамі. 2(15) красавіка казак М. Слепаў, які не выканаў загад карнета, быў арыштаваны і пасаджаны на гаўптвахту. Па дарозе ў каравульнае памяшканне натоўп казакаў спрабаваў яго вызваліць. I толькі прыбыцце каравульнай роты перашкодзіла ім. Хваляванне адбылося таксама 7(20) траўня.

27 чэрвеня (10 ліпеня) шэраговец 8-га абознага батальёна Клейман заклікаў салдат не падпарадкоўвацца унтэр-афіцэрам. Калі унтэр-афіцэры сталі збіваць салдат, якія пайшлі за Клейманам, ён схапіў рыдлёўку і кінуўся на унтэр-афіцэраў. Арыштаваны Клейман у канцылярыі размеркавальнага пункта збіў прапаршчыка.

22 кастрычніка (4 лістапада) на пункце ўспыхнула агульнае паўстанне. Загадчык пункта арыштаваў казака М.Ф. Башкіна. Каля 4 тысяч салдат і матросаў патрабавалі вызвалення арыштаванага і закідалі загадчыка пункта каменнем. Потым яны кінуліся на гаўптвахту, абяззброілі варту, вызвалілі 800 арыштаваных, разграмілі канцылярыю гаўптвахты і знішчылі ўсе абвінаваўчыя дакументы. Каб здушыць паўстанне, камандаванне выклікала некалькі каравульных рот. Паўсталыя сустрэлі іх ружэйным агнём. Некалькі залпаў салдаты зрабілі па загадчыку пункта і каменданту Гомеля. Аднак зброі ў паўсталых было мала і іх выступленне задушылі.

26 кастрычніка (8 лістапада) хваляванні салдат пачаліся ў горадзе. Каля 200 чалавек ніжніх чыноў разагналі атрад паліцэйскіх. Разам з перасыльнымі яны абяззброілі варту і вызвалілі арыштаваных. Да іх далучыліся яшчэ 1000 чалавек. Салдаты захапілі 50 вінтовак і сустрэлі прысланых на іх уціхамірванне чэчэнцаў ружэйным агнём і каменнем.  Паўстанне зноў задушылі ўзброенай сілай. 16 найбольш актыўных удзельнікаў былі асуджаны, 9 з іх – да пакарання смерцю. У памяць аб паўстанні ў Гомелі ўсталявана  мемарыяльная дошка.

Літаратура 

  • Савицкнй Э.М. Революционное движение в Белоруссии (август 1914 – февраль 1917 гг.), Мн., 1981. С. 136.


Аўтар:
Эдуард Савіцкі
Крыніца: Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. Ст. 65.