На тэрыторыі Мінскай губерні ў паўстанні 1863-1864 гг. асаблівае месца займалі Бабруйскі, Мазырскі, Рэчыцкі паветы. На іх тэрыторыях не было заўважана шырокіх узброеных выступленняў, адсутнічалі мясцовыя баявыя фарміраванні інсургентаў. Аднак хваляванні не абмінулі гэту частку Мінскай губерні, а расійскія ўлады пільна назіралі за развіццём падзей у рэгіёне. Больш таго, звесткі пра рух паўстанцаў прымушалі расійскія войскі праводзіць пошукі паўстанцаў на тэрыторыях Бабруйскага, Мазырскага, Рэчыцкага паветаў.
Б.К. Рэйхарт паведаляў у лютым 1863 г. шэфу жандараў В.А. Даўгарукаву пра напружаную сітуацыю ў Бабруйску. Мясцовыя арыштанскія роты Бабруйскай крэпасці ўтрымлівалі да 2000 чалавек. Гэта не дазваляла весці за імі належны нагляд, стварала падставы для масавых хваляванняў. Такое становішча не задавальняла вышэйшае ваеннае кіраўніцтва [20, с. 492].
Расійскія ўлады імкнуліся не дапусціць разгортванне ўзброенага выступлення на тэрыторыі Бабруйскага павета. 24 мая 1863 г. на левы бок ракі Бярэзіны з Бабруйска былі камандзіраваны 14-я і 16-я роты Арлоўскага рэзервовага палка і 8 казакоў. Яны паступілі пад камандаванне падпалкоўніка Кандаурава, які вёў атрад расійскіх войск з Магілёва. 14 чэрвеня з Бабруйска былі адпраўлены тры роты Сеўскага рэзервовага палка для аховы Бабруйска- Брэсцкай шашы і канваіравання транспарту [54, с. 210].
Прыкметнай у павеце стала і агітацыйная дзейнасць. Так, валасны пісара Пархімоўскай воласці Бабруйскага павета К. Маліноўскі вёў антыўрадавую работу. Ён зачытваў брашуру «Pieredsmiertnyj rozhhowor Pustelnika Pietra» («Перадсмяротная размова пустэльніка Пятра») перад сялянамі, заклікаў назапашваць зброю, косы, сякеры. Выказваў ідэю захопу пораху, якім забяспечвалася Бабруйская крэпасць. Падобныя дзеянні ажыццяўляў пісар Крынскага валаснога праўлення Бабруйскага павета Ф. Сушчынскі. Ён ездзіў па суседніх вёсках і заклікаў сялян аказваць дапамогу паўстанцам, а ўладальнікаў арэндных зямель прасіў перадаваць інсургентам правіянт [10, с. 414-415].
Часовы ваенны губернатар Мінскай губерні В.І. Забалоцкі паведамляў у чэрвені 1863 г. мінскаму цывільнаму губернатару А.Л. Кажэўнікаву аб устанаўленні паліцэйскага нагляду за дваранкамі Бабруйскага павета П. Нарэвіл і Ю. Нарэвіл, бо апошнія захоўвалі вершы «падбухторвальнага зместу». Пасля вобыску іх кватэр высветлілася, што там знаходзіліся творы «Hutorka staroho dzieda», «збор патрыятычных вершаў», песня без загалоўка, «Прадказанне ліцвінкі» [75, с. 355].
Менавіта на тэрыторыі Мазырскага павета завяршыла свой працяглы рэйд паўстанцкае фарміраванне Р. Рагінскага. Адзначаючы слабасць агульнай падрыхтоўкі рэгіёна да ўзброенага выступлення, камісар Падляшскага ваяводства спрабаваў усталяваць кантакты з прадстаўнікамі мясцовага насельніцтва Палесся. Так, Р. Рагінскі накіраваўся з Пінскага павета ў Тураў, дзе павінен быў адбыцца з’езд шляхты. Але 19 лютага (3 мая) 1863 г. у Тураве камісара Падляшскага ваяводства ўзялі ў палон [26, с. 451].
У красавіку 1863 г. начальнік штаба Віленскай ваеннай акругі распарадзіўся размясціць у Мазыры і Рэчыцы Віцебскі полк, а ў Бабруйску раскавтэраваць Полацкі, Елецкі і Сеўскі палкі [54, с. 217]. Яшчэ 13 красавіка 1863 г. дырэктар Мазырскай гімназіі паведамляў ваеннаму начальніку Мазырскага павета палкоўніку І. Чакмарову аб непарадках, што адбываліся ў горадзе. Навучэнцы дэманстратыўна насілі рэвалюцыйныя касцюмы, чамаркі, світкі. Каля 20 вучняў заказвалі выраб халоднай зброі [75, с. 402-403]. Радыкалізацыя настрояў вучнёўскай моладзі з’яўлялася характэрнай прыкметай таго часу.
У лісце віленскаму генерал-губернатару аб стане Мінскай губерні і мерах прымаемых супраць інсургентаў ад 28 мая 1863 г. паведамлялася, што ў Мазыры і Рэчыцы неабходна заставіць Віцебскі полк. Існавала неабходнасць адбівацца ад узброенных фарміраванняў паўстанцаў, якія маглі прыходзіць з Польшчы і размяшчацца на правым беразе ракі Прыпяць. У гэтай мясцовасці захоўвалася шмат хлебных запасаў, што прызначаліся для Брэста і Варшавы. Таму гэта тэрыторыя мела стратэгічнае значэнне [54, с. 217].
Хоць прамых буйных сутыкненняў паўстанцаў з расійскімі войскамі на тэрыторыі Мазырскага павета не заўважана, але мясцовыя ўлады прымалі меры ваеннага характару для прадухілення дзейнасці інсургентаў. У маі 1863 г. адзначалася актывізацыяй армейскіх часцей у рэгіёне. Рэгулярныя войскі, накіраваныя ваенным начальнікам Мазырскага павета да вёскі Гута-Хрысцінаўская, прыбылі 6 мая 1863 г. у вёску Красноўка. Там яны атрымалі звесткі, што атрад паўстанцаў пад кіраўніцтвам Вішнеўскага 5 мая 1863 г. ўжо разбіты каля вёскі Маскалёўка Рэчыцкага павета. У вёсках Гарэлаўка і Аляксандраўка войскі знайшлі абоз і склад зброі інсургентаў. 10 мая 1863 г. камандзіраваныя войскі вярнуліся ў Мазыр [54, с. 200-201].
Для падаўлення паўстання і пакарання асоб, западозраных у спачуванні інсургентам, былі прыняты наступныя меры. У рапарце часовага ваеннага губернатар Мінскай губерні В.І. Забалоцкага віленскаму генерал-губернатару М.М. Мураўёву ад 12 верасня 1863 г. паведамлялася, што мазырскі гараднічы М. Фёдараў быў пазбаўлены сваёй пасады. Ён абвінавачваўся дырэктарам Мазырскай гімназіі ў лаяльных адносінах да рэвалюцыйнай дзеяннасці навучэнцаў. За сынам М. Фёдарава, які знаходзіўся ў Рэчыцы, устанаўліваўся нагляд. Пісца Мазырскага павятовага суда М. Радзевіча пасадзілі ў астрогу за абразу свяшчэнніка Тарнапольскага, а з Мазырскай гімназіі былі выключаны і высланы з горада некаторыя вучні [75, с. 404-406].
Ад рэпрэсіўных мер улад пацярпелі выкладчыкі Мазырскай гімназіі. Ксёндз Ф. Выганоўскі, які выкладаў закон Божы, з-за падазрэння ў жаданні далучыцца да паўстанцкага атрада быў арыштаваны, а настаўнік В. Бародзіч, западозраны ў палітычный нядобранадзейнасці, трапіў пад ваенны суд у Мінску [75, с. 404-406]. Сярэднія навучальныя ўстановы з’яўляліся месцам непасрэднай канцэнтрацыі рэвалюцыйных настрояў. Навучэнцы Мазырскай гімназіі, як і навучэнцы Мінскай і Слуцкай гімназій, прымалі ўдзел у разнастайных формах паўстанцкага руху.
Прыкметы падрыхтоўкі паўстання былі выкрыты расшскімі ўладамі ў Рэчыцкім павеце. Ваенны начальнік Мазырскага і Рэчыцкага павета палкоўнік І. Чакмароў 4 сакавіка 1864 г. паведамляў, што вольны хлебароб М. Шостак, які пражываў у мястэчку Юравічы Рэчыцкага павета, быў арыштаваны за збор сродкаў на карысць зняволеных паўстанцаў. Акрамя таго, вольны хлебароб Вінаберт, які пражываў у маёнтку Гарохава Рэчыцкага павета, арыштаваны за чуткі, у якіх ён распавядаў пра хуткі прыход палякаў [75, с. 445].
Расійскімі ўладамі адзначаўся рух паўстанцкага фарміравання ў Рэчыцкім і Мазырскім паветах. Каля сяла Беласарокі з’явіліся ўзброеныя людзі. Туды з Мазыра 12 чэрвеня 1863 г. выступіла калона Віцебскага рэзервовага пяхотнага палка ў складзе 84 чалавек. Камандаваў войскамі падпаручнік Ардынскі. Калі з’явіліся паведамленні пра рух паўстанцаў да Мазырскага павета з Пінскага, то з Мазыра 15 чэрвеня 1863 г. была накіравана калона расійскіх войск пад кіраўніцтвам штабс-капітана Туманава [54, с. 209].
Адсутнасць інтэнсіўнай узброенай барцьбы ў вышэйадзначаных паветах, ускосны ўдзелу мясцовага насельніцтва на баку паўстанцаў прадстаўляюць карысць для разгляд асаблівасцей усіх форм паўстанцкага руху. У дакументах, якія непасрэдна датычацца падзей у Рэчыцкім і Мазырскім паветах, прысутнічаюць важныя звесткі. Так, у канфірмацыі віленскага генерал- губернатара К. фон Каўфмана ад 19 студзеня 1866 г. пастановы Часовага палявога аўдытарыята ў Вільні ад 15 студзеня 1866 г. па справе асоб, якія абвінавачваліся ў падтрымцы паўстання ў Рэчыцкім і Мазырскім паветах, аднадворац Рэчыцкага павета А. Цішкевіч быў западозраны ў падбухторванні да паўстання. Да яго справы былі прыцягнуты дваране І.А. Вырвіч, А.К. Арцімовіч, Д.Д. Казлоўскі, К.Р. Таўрагенскі, М.Ф. Глазко, якія пражывалі ў Рэчыцкім павеце. Часовы палявы аўдытарыят прыняў рашенне не прыцягваць іх да адказнасці па справе А. Цішкевіча, а аддаць пад добранадзейнае даручэнне. А за аднадворацам А. Цішкевічам устанаўліваўся нагляд паліцыі [75, с. 448-452].
Іншая справа абстаяла з маёмасцю памешчыка Рэчыцкага павета М. Прозар. Так, дваранін Г.А. Пяткевіч, які з’яўляўся загадчыкам яго смалянога завода, быў абвінавачаны ва ўтойванні зброі. Сяляне вёскі Рашаў Л. Яраш, З. Яраш, І. Добыш знайшлі каля маёнтка М. Прозара 11 паляўнічых стрэльбаў, якія належалі памешчыку і двараніну. У доме памешчыка М. Прозара правялі вобыск. Былі знойдзены паляўнічыя прыналежнасці і стрэльба. Часовы палявы аўдытарыят прыняў рашэнне спагнаць узмоцнены дзесяціпрацэнтны збор з маёнтка Хойнікі Рэчыцкага павета М. Прозара за ўтойванне значнай колькасці зброі [75, с. 450-452]. Захаванне дваранамі стрэльбаў падчас ваеннага становішча і акцый па збору зброі ў мясцовага насельніцтва Мінскай губерні не магло застацца па-за ўвагай расійскіх улад.
Сваю характарыстыку паўстання ў рэгіёне далі ваенныя начальнікі. У верасні 1863 г. адзначалася адсутнасць дзейнасці паўстанцкіх атрадаў у Бабруйскім павеце [68, арк. 10.]. Мазырскі і Рэчыцкі павета таксама не вылучыліся на той час асаблівай актыўнасцю ў паўстанцкім руху Мінскай губерні.
Калі ўлічыць агульную колькасць рэпрэсаваных асоб у Мінскай губерні, то доля пакараных ў Бабруйскім павеце склала 2,62%, у Рэчыцкім – 2,62 %, у Мазырскім – 2,52% [22, с. 110]. Колькасць рэпрэсаваных сялян у Бабруйскім павеце – 31,82 %, у Мазырскім – 23,81%, у Рэчыцкім – 9,09%. Сярод тых асоб, якія былі рэпрэсаваныя за садзейнічанне паўстанцам, на Бабруйскі павет прыпадае 4,07% пакараных, на Мазырскі – 3,39% [22, с. 179].
А.Л. Кажэўнікава падрыхтаваў справаздачу для імператара Аляксандра ІІ за 1863 г. аб колькасці ўдзельнікаў паўстання на тэрыторыі Мінскай губерні. У дадатку да яе адзначаецца, што асабіста прынялі ўдзел у паўстанні да 1600 асоб. З іх у палон трапіла – 748, дабраахвотна з’явіліся да ўлад – 171, прапалі без звестак – 681. У дастаўленні харчавання інсургентам і ўкрыванні былі абвінавачаны – 72 асобы, арыштаваны па падазрэнні – 264, арыштаваны за ўтойванне зброі – 38. З іх пакарана смерцю – 12, асуджана з пазбаўленнем правоў стану – 197, выслана адміністрацыйным парадкам: а) па рашэнню ваенна-судных камісій – 10, б) па пастанаўленню следчых камісій – 10. Да турэмнага зняволення асуджана – 7, з 8 чалавек спагнаны грашовы штраф, вызвалена з паліцэскім наглядам – 126, вызвалена без нагляду паліцыі – 331, выслана ў іншыя губерні адміністратыўным чынам – 48. У 1864 г. 544 чалавекі знаходзіліся пад арыштам [10, с. 443].
Такім чынам, развіццё паўстання 1863-1864 гг. у Бабруйскім, Мазырскім, Рэчыцкім паветах вызначалася шэрагам супярэчлівых рыс. Нягледзячы на адсутнасць мясцовых фарміраванняў інсургентаў і буйных узброеных сутыкненяў, паўстанцкі рух таксама праявіўся на гэтых тэрыторыях. Ён характарызаваўся разнастайнымі формамі: радыкалізацыяй настрояў вучнёўскай моладзі, антыўрадавай агітацыяй, распаўсюджваннем забароненай літаратуры, нашэннем жалобнага адзення. Так, атрад Р. Рагінскага спрабаваў заручыцца падтрымкай мясцовага насельніцтва ў Мазырскім павеце, аднак не змог гэтага ажыццявіць. Расійскія войскі праводзілі пошукі інсургентаў, затрачваючы значныя ваенныя сілы, праводзіліся серыі арыштаў, прызначаліся новыя ваенныя начальнікі ў паветы. Аднак як удзел мясцовага насельніцтва, так і інтэнсіўнасць паўстанцкага руху Бабруйскага, Мазырскага, Рэчыцкага паветаў падкрэсліваюць меншую ступень удзелу ў паўстанні гэтых тэрыторый.
Паўстанцкі рух 1863-1864 гг. на тэрыторыі Мінскай губерні развіваўся дастаткова актыўна. Кожны павет меў свае асаблівасці ў арганізацыі і правядзенні ўзброенага выступлення, развіцці паўстанцкага руху. У Навагрудскім павеце мясцовыя інсургенты сталі першымі ў рэгіёне, хто самастойна пачаў узброеную барацьбу. Яна была падрыхтавана аддзелам мясцовай паўстанцкай адміністрацыі. У Пінскім павеце прынялі ўдзел у баявых дзеяннях атрады Р. Рагінскага, Р. Траўгута і К. Нарбута. Інсургенты Барысаўскага, Ігуменскага, Мінскага, Слуцкага паветаў уступалі ў сутыкненні з рэгулярнымі войскамі. Паўстанне 1863-1864 гг. у Бабруйскім, Мазырскім, Рэчыцкім паветах вызначалася меншай інтэнсіўнасцю. Прымяненне расійскіх войск, якія пераўзыходзілі інсургентаў па колькаснаму складу, паўплывала на паражэнне паўстання ва ўсіх паветах Мінскай губерні. Узброенае выступленне ў рэгіёне скончылася разам з дзейнасцю фарміравання інсургентаў. Атрад пад камандаваннем С. Ляскоўскага стаў адным з апошніх баявых адзінак інусргентаў, што дзейнічалі да восенні 1863 г. Спадарожнічалі баявым дзеянням у Мінскай губерні шэраг іншых форм паўстанцкага руху: хваляванні навучэнцаў, агітацыя, нашэнне жалобнага адзення. Расійскія ўлады былі вымушаны весці пошук і ліквідацыю фарміраванняў інсургентаў, праводзіць серыі арыштаў, прыцягваць да адказнасці грамадзянскіх асоб за спачуванне паўстанцкаму руху.
Спіс выкарыстаных крыніц і літаратуры
10. Восстание 1863-1864 гг. в Литве и Белоруссии: сборник документов / редкол.: В. Дьяков, В. Жигалов, Ю. Жюгжда [и др.]. – Мн.: Наука, 1965. – 586 с.
20. Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі: у 4 т. Т. 2: Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі (1772-1903) / пад рэд. Н.М. Нікольскага [і інш.]. – Мн.: Выд-ва АН БССР, 1940. – 938 с.
22. Зайцев, В.М. Социально-сословный состав участников восстания 1863 г. (Опыт статистического анализа). – М.: Наука, 1973. – 230 с.
26. Из воспоминаний повстанца (Р. Рогинский) // Исторический вестник. – 1906. – Т. 105. – С. 422-452.
54. Милютин, Д.А. Воспоминания генерал-фельдмаршала графа Дмитрия Алексеевича Милютина, 1860-1862 / под. ред. [и с пред.], Л.Г. Захаровой. – М.: Студия «ТРИТЭ» Н. Михалкова: Российский Архив, 1999. – 508 с.
68. НГАБ. – Фонд 299. – Воп. 2. – Спр. 5976. Справа аб прызначэнні ваенных начальнікаў па паветах Мінскай губ. у сувязі з увядзеннем ваеннага становішча ў перыяд паўстання 1863 г. 1863-1868 гг.
75. Подорожная, Е.А. Организация системы управления в белорусско¬литовских губерниях в 1860-е годы / Е.А. Подорожная // Весн. Полоцк. госуд. ун-та. Сер. А, Гуманитарные науки. – 2014. – №1. – С. 50-55.
Аўтар: Дзмітрый Лішай
Крыніца: праца “Паўстанне 1863-1864 гг. у Мінскай губерні”