Мова народна-паэтычнай творчасці, якая з’яўляецца вышэйшым узроўнем развіцця вуснага слоўнага мастацтва, вызначаецца яскравай мастацкай канкрэтнасцю, выразнасцю вершаванага слова, вобразнасцю адлюстравання аб’ектыўнай рэчаіснасці.
Вясельныя песні – адзін з найбольш развітых і да цяперашняга часу актыўна функцыянуючых традыцыйных жанраў беларускага абрадавага фальклору [1, с. 637]. У вясельных песнях актыўна выкарыстоўваюцца разнастайныя трапеічныя сродкі выяўленчай выразнасці, адметнае месца ў складзе якіх займае параўнанне. «Народна-песеннае параўнанне вызначаецца трапнасцю, змястоўнасцю, глыбінёй і ёмістасцю мастацкага абагульнення» [2, с. 62].
Як адзначаецца ў навуковай літаратуры, «параўнанне – прыпадабненне аднаго прадмета да другога на аснове іх агульнай прыметы з мэтай узмацнення выразнасці яго характарыстыкі. Параўнанні з’яўляюцца адным з самых пашыраных сродкаў мастацка-вобразнай канкрэтызацыі, якія выдзяляюць, падкрэсліваюць як пастаянныя, устойлівыя, істотныя прыкметы прадметаў, так і іх часовыя, неістотныя адзнакі. Параўнанні надзвычай разнастайныя як па семантыцы, так і па структуры» [3, с. 80]. Даследчыкі паэтыкі народна-песеннай традыцыі заўважаюць, што «ў сістэме разнастайных паэтычных сродкаў выразнасці параўнанне з’яўляецца пачатковай стадыяй, адкуль у парадку градацыі і разгалінавання выцякаюць амаль усе астатнія сцежкі – паралелізм, метафара, метанімія, сінекдаха і г. д.» [4, с. 281].
Д. Э. Разенталь і М. А. Целянкова вылучаюць параўнанне адмоўнае, простае і разгорнутае [5, с. 459].
Як адзначаюць даследчыкі народна-песеннай творчасці, уважлівае прачытанне песень, у якіх параўнанне мае выгляд кароткай паэтычнай формулы, схіляе да думкі, што ў народнай лірыцы гэты прыём фальклорнай практыкі ў большай ступені характэрны для твораў пазнейшага паходжання і менш уласцівы старажытнай песеннай паэзіі. Ёсць падставы меркаваць, што такое сціслае параўнанне паступова рабілася ў песнях заменай разгорнутага вобразнага паралелізму.
Вядома, што па меры станаўлення і сцвярджэння ў народна-песеннай творчасці новых ідэйна-эстэтычных прынцыпаў і новых жанравых форм, па меры вызвалення гэтай творчасці з-пад улады шматвяковых паэтычных традыцый, заснаваных на анімістычным светаўспрыманні і міфалагічнай даўніне, незвычайная шыкоўнасць і маляўнічасць разгорнутых мастацкіх апісанняў саступае месца вобразам больш натуральным і, можна сказаць, больш сціплым, паэтычная мова песень становіцца ўсё больш простай і рэалістычна дакладнай. Магчыма, што некаторыя песенныя параўнанні з’яўляюцца рэшткамі колішніх разгорнутых вобразных супастаўленняў.
Як і многія іншыя паэтычныя тропы ў народнай лірыцы, песенныя параўнанні часцей за ўсё маюць устойлівы, традыцыйны характар. Вынікаючы з непасрэдных назіранняў чалавека працы над светам прыроды і сваім уласным жыццём, параўнанні замацоўваюцца ў песнях і набываюць даўгавечнасць толькі тады, калі трапна і ярка характарызуюць прадмет, г. зн. калі яны валодаюць сілай мастацкага абагульнення. А для гэтага, вядома, сродкамі параўнання павінны быць прадметы не толькі агульнадаступныя, зразумелыя мільёнам, але і найбольш прыдатныя для выяўлення пэўнага пачуцця і думкі, найбольш адпаведныя сэнсу і зместу паэтычнага вобраза [2, с. 61–62].
У вясельных песнях Гомельшчыны часта сустракаюцца разгорнутыя мастацкія параўнанні, якія дапамагаюць дакладна і выразна перадаць унутраны стан галоўных персанажаў, характар іх перажыванняў і эмоцый: Горка рэдзечка ў гародзе, Сядзіць Васечка ў дарозе [6, с. 289]; Не шолкава травінка Каля пенья ўецца. Прыгажуня-дзевіца Дружкі не даждзёцца [6, с. 141]; Пахільнае дзераўца ялінка, Сы горачкі яліначка нахілялась. Пакорнае да дзіцятка Ганначка, Яна свайму да татачку пакарылась [6, с. 109].
На думку Н. С. Гілевіча, «параўнанне ў народна-песеннай творчасці можа быць і не разгорнутым, не апісальным, а вельмі сціслым, лаканічным, кароткім. У такім, неразгорнутым параўнанні самастойнае існаванне супастаўленых вобразаў немагчыма: тут аб’ект параўнання і сродак параўнання счэплены непарыўна. Адно без другога траціць сэнс і “жыццяздольнасць”» [2, с. 60].
У параўнаннях духоўны свет чалавека, яго эмацыянальна-псіхічны стан, быццё, дзеянні, рэаліі акаляючай рэчаіснасці супастаўляюцца найчасцей:
– са з’явамі прыроды: Штоб былі такія багатыя, як зямля, А здаровы як вада [6, с. 8];
– з прадстаўнікамі жывёльнага свету: Ды няхай грызе, як белка, Ды няхай заплача, як дзеўка [6, с. 18]; – з рэаліямі расліннага свету: Дару цябе дугой, Каб не бегаў за другой. Каб былі багатыя, як восень, Вясёлы, як вясна, А семіністыя, як вярба, Дзе ні садзі – расце [6, с. 14];
– зрэдку з канкрэтнымі прадметамі: Наша маладая, як сыр наліта, А ваш малады, як мех надуты [6, с. 54].
У вясельных песнях на Гомельшчыне, як і ў многіх іншых, паводле граматычнай пазіцыі аб’екта параўнанні падзяляюцца на прысубстантыўныя, прыад’ектыўныя, прыдзеяслоўныя. З выяўленага намі матэрыялу можна адзначыць, што тут пераважаюць менавіта прысубстантыўныя параўнанні. Гэта звязана з тым, што параўноваюцца не толькі галоўныя ўдзельнікі вяселля (жаніх і нявеста), але і сваты, і бацькі, і госці, і іншыя персанажы. Яны могуць параўноўвацца не толькі паміж сабой, але і з рознымі прадметамі, рэчамі або аб’ектамі.
Таму ім ўласціва розная граматычная форма выражэння:
а) прысубстантыўныя: Жыцечка як боб, слёзачкі, як дроб, Горка мая долечка [6, с. 146]; Была хата, як святліца, Цяпер стала, як цямніца [6, с. 419]; – Ой, як жа мне плакаць І сваё лічанька церці, Калі маё лічанька, як яблычка, А сама я, як вішанька [7, с. 68]; б) прыдзеяслоўныя: Паехалі як бочачкі, Паехалі як бочачкі, Прыехалі як дошчачкі [6, с. 54]; Наш сваток, як чаранок, Выстаўляе вочы, як чарток. Ён клюе, як верабей, А скача, як белка. Скача, як белка, І плача, як дзеўка [7, с. 181]; Ой жа тыя чобаты, што з бычка, Ды не робяць дзелечка, як дачка [6, с. 211]; в) прыад’ектыўныя: Ой, будзь багата, як зямля, Да будзь здарова, як вада. Да будзь прыгожа, як ружа [6, с. 420]; Выйдзі, маці, паглядзі, што мы табе прывязлі: Высокую, як яліну, Чырвоную, як каліну. Пад ёю зямля гнецца, Нікому не ўкланецца [7, с. 209].
Параўнанні ў вясельных песнях надзвычай разнастайныя па структуры і сродках сувязі. У іх складзе:
а) простыя параўнанні: Апусціўся барадою, як мятлою, Да зраўніўся з табою, з маладою [6, с. 54]; Адчыні, маці, аконца — Едзе дочка, як сонца [6, с. 88]; Вочкі серыя вясёлыя, Гараць, як агеньчык [6, с. 144]; Гарэла сонца, як траска [6, с. 458]; б) параўнанні-словазлучэнні: Я бедная ды заплакала, Як бярозанька закапала [7, с. 223]; А на мяне яна ўпала, Як цёмна хмара [6, с. 335];
в) разгорнутыя параўнанні: Што не будзе так у свёкра, як у маткі, Як у таткі, да не будзе ў свекрухі [6, с. 407].
Маладую вельмі часта параўноўваюць з жывёламі, птушкамі, з’явамі прыроды, порамі года і інш., пры гэтым выкарыстоўваюць злучнік як: Пакаціўся крышталь да па сенажаці, Ды задумаў дзяцінка да дзевачку ўзяці, Да мая дзевачка як лебедзь бялее [6, с. 20]; Будзь жа ты, нявестка, Здарова, як зіма. Будзь жа ты, нявестка, Вясёла, як вясна, Будзь жа ты, нявестка, Ціхая, як лета. Будзь жа ты, нявестка, Багатая, як восень [6, с. 88]; Будзь багатая, як зямля, Будзь здарова, як вада, Будзь вясёлая, як трава [6, с. 182]; Радуйся, маці, Сын нявестку вязе. Высокую, як сасонку,Чырвону, харошу [7, с. 212]; – Будзь жа, нявестка, Як зіма здарова, як вясна, вясёла, Як лета, шчасліва, як восень, багата [7, с. 214]; Выйшла, Ніначка, выйшла, Як чырвоная вішня, Вынесла каліноньку Звесяліць радзіноньку [7, с. 209].
На Гомельшчыне сустракаюцца выпадкі, калі параўноўваюць адразу двух галоўных удзельнікаў вяселля: Наша маладая, як сыр белы, А ваш малады, як пень гарэлы. Наша маладая, як ластаўка, А ваш малады, як засланка. Наша маладая, як нітачка, А ваш малады, як шкарпэтачка [6, с. 54]. Звычайна такія параўнанні носяць кантрасны характар, што ўзмацняе выразнасць паэтычнага слова.
Дружкі, сваты і поп вельмі часта падпадаюць пад зніжанае параўнанне ў вясельных песнях, што надае гучанню песні жартаўлівы сэнс: А ў нашае дружкі Цыцкі як падушкі [6, с. 110]; А ў дружка, каротка ношка, Кавалі-чэрці, прывезлі к жэрцы. Ой, а вочы ясны, як у чорта блясны, Зубы рэдкія, як у чорта клеткі [6, с. 119]; Скупы наш сват на грошы, Скупы наш сват на грошы, Як лісіца ў лесе, Як верабейка ў стрэсе, Як мыш на крупе. Так сват на грошах [6, с. 334]; Да падманулі попа, Да падманулі попа, Як грэцкага снопа [6, с. 208].
Пры пажаданні маладым шчасця, здароўя, дзяцей, багацця, а таксама пры ўручэнні ім падарункаў выкарыстоўваюцца злучнікі як і каб: Дару табе бурак, Каб не хадзіў, як дурак [6, с. 91]; Дару медзі, каб дзеці былі, як мядзведзі [6, с. 175]; У цябе, маладога, радзіны многа, У мяне, маладой, падарункаў мала. У цябе радзіны, як у лесе лышчыны, У мяне падарункаў, як у лесе гаёчкаў [7, с. 76]; Каб жылі багата, як восень, Каб былі красны, як вясна, А дужы, як вада, Каб разам усё жыццё ішлі, Шчасце-долю сабе знайшлі [7, с. 141].
Вельмі рэдка сустракаюцца параўнанні са злучнікам што: А брат, што воўк, вые, Што сам лыжкі мые [7, с. 173].
Такім чынам, у вясельных песнях, якія сустракаюцца на Гомельшчыне, выкарыстоўваецца вялікая колькасць параўнанняў, у якіх дзеючыя асобы шлюбнай абраднасці супастаўляюцца з прыроднымі з’явамі, жывёламі, раслінамі, канкрэтнымі прадметамі і адцягненымі паняццямі, што павышае нагляднасць і выразнасць вясельна-песеннага маўлення.
Спіс літаратуры
- Вяселле: Абрад / Уклад., уступ. арт. і камент. К. А. Цвіркі; Муз. дадат. З. Я. Мажэйка; Рэд. тома В. К. Бандарчык, А. С. Фядосік. – 2-е выд. – Мн.: Бел. навука, 2004. – 683 с.
- Гілевіч, Н. С. Паэтыка беларускай народнай лірыкі: Слова і вобраз. Паэтычны сінтаксіс. Гукапіс і рыфма / Н. С. Гілевіч. – Мінск: Вышэйшая школа, 1975. – 288 с.
- Станкевіч А. А. Рыторыка: вучэб. дапам. / А. А. Станкевіч – Мінск: РІВШ, 2010. – 316 с.
- Квятковский, А. П. Поэтический словарь / под ред. И. Роднянская. – М.: Сов. энцикл., 1966. – 376 с.
- Розенталь, Д. Э. Словарь–справочник лингвистических терминов. Пособие для учителей / Д. Э. Розенталь, М. А. Теленкова. Изд. 2-е, испр. и доп. – М.: «Просвещение», 1976. – 543 с.
- Вяселле на Гомельшчыне: фальклорна–этнаграфічны зборнік / Уклад. І. Ф. Штэйнер, В. С. Новак – Мінск: ЛМФ «Нёман», 2003. – 472 с.
- Палескае вяселле / Уклад. і рэд. В.А. Захарава. – Мінск: Выд.-ва «Універсітэцкае», 1984. – 303 с.
Аўтар: К.У. Дземідзенка
Крыніца: Актуальные проблемы филологии: сборник научных статей. Вып 8 / ред. кол.: А.В. Бредихина [и др.]; М-во образования РБ, Гомельский го. ун-т им. Ф.Скорины. — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2015. — С. 102-107.