Праграма перапісу насельніцтва Беларусі 1999 г. ўключала між іншым збор звестак аб нацыянальным складзе насельніцтва, значная ўвага была ўдзелена вывучэнню моўнай сітуацыі. Сабраныя і апублікаваныя дадзеныя былі выкарыстаны намі для вызначэння асаблівасцей існавання польскай нацыянальнай меншасці на тэрыторыі Гомельскай вобласці.
Паводле перапісу насельніцтва 1999 г. на тэрыторыі Гомельскай вобласці пражывала 1545,1 тыс.чал., з іх: 1301,3 тыс. беларусаў (84,2 % ад усяго насельніцтва), 169,3 тыс. рускіх (11,0 %), 50,6 тыс. украінцаў (3,3 %), 5,9 тыс. яўрэяў (0,4 %). Палякі з’яўляліся пятым паводле колькасці народам на Гомельшчыне. Перапіс зарэгістраваў 3,6 тыс. палякаў, што складала 0,23 % ад усяго насельніцтва вобласці, склалі 0,9 % ад агульнай колькасці палякаў, што жывуць у Рэспубліцы Беларусь.
За перыяд паміж перапісамі насельніцтва 1989 і 1999 гг. колькасць палякаў у Гомельскай вобласці паменшылася з 4,5 да 3,6 тыс. чал., ці на 18 %. За гэты ж перыяд агульная колькасць насельніцьтва вобласці стала меншай на 5 %. Адпаведна, удзельная вага палякаў у насельніцтве Гомельскай вобласці зменшылася з 0,28 % у 1989 г. да 0,23 % у 1999 г. Азначаныя тэндэнцыі былі абумоўлены працэсамі асіміляцыі палякаў, стратамі ў выніку міграцыі і натуральнай убылі насельніцтва. Падрабязней на характарыстыцы азначаных працэсаў мы спынімся ніжэй.
Як засведчыў перапіс насельніцтва, палякі Гомельшчыны – пераважна гарадскія жыхары, колькасць гараджан сярод іх складае 2,7 тыс. чал., ці 75 %. Пры гэтым удзельная вага гараджан сярод усяго насельніцтва вобласці – 68 %. Адпаведна, сельскімі жыхарамі з’яўляецца 0,9 тыс. (25 %) палякаў, што саступае ўдзельнай вазе ўсяго сельскага насельніцтва вобласці.
Рассяленне палякаў у Гомельскай вобласці.
Гарады/раёны | Колькасць, тыс. чал. | Удзельная вага, % |
Гомель | 1,1 | 0,2 |
Мазыр | 0,4 | 0,4 |
Светлагорск | 0,4 | 0,5 |
Жлобін | 0,2 | 0,3 |
Нараўлянскі р-н | 0,2 | 1,8 |
У гарадах абласнога падпарадкавання (з насельніцтвам больш за 50 тыс. чал.) пражывала (па стану на 1999 г.) 62 % палякаў Гомельскай вобласці. Заўважым, што паказчыкі канцэнтрацыі палякаў у вялікіх і сярэдніх гарадах (Гомель, Мазыр, Светлагорск, Жлобін, Рэчыца) вышэйшыя, чым увогуле для насельніцтва вобласці: у гарадах абласнога падпарадкавання пражывала 52 % ад усяго насельніцтва. Ва ўсіх гарадах абласнога падпарадкавання ўдзельная вага палякаў у насельніцтве была не меншай за 0,2 %. У той жа час палякі склалі менш за 0,2 % сярод жыхароў малых гарадоў, а таксама ў сельскай мясцовасці. У гарадах абласнога падпарадкавання працэсы змяншэння колькасці палякаў ішлі павольней чым у малых гарадах і сельскай мясцовасці: калі ў першай катэгорыі паселішчаў колькасць палякаў зменшылася на 15 %, то ў другой – на 24 %. Удзельная вага палякаў пры гэтым паменшылася ва ўсіх катэгорыях паселішчаў (больш рэзка – у сельскай мясцовасці і малых гарадах).
Адзначаныя тэндэнцыі могуць указваць на тое, што рассяленне палякаў у Гомельскай вобласці абумоўленна ў значнай ступені характарам гаспадарчага развіцця той ці іншай тэрыторыі. Відавочна, палякі ў большай ступені заняты на вялікіх прамысловых прадпрыемствах, у сферы абслугоўвання, на транспарце і ў будаўніцтве; маюць параўнальна лепшы ўзровень адукацыі. Палякі Гомельшчыны адрозневаюцца высокай міграцыйнай рухомасцю (сярод іх шмат выхадцаў з iншых рэгіёнаў Беларусі) і даволі лёгка паддаюцца асіміляцыі.
А зараз звернем увагу на тэрытарыяльныя асаблівасці ў рассяленні палякаў у Гомельскай вобласці. Калі гарады абласнога падпарадкавання ранжыраваць паводле паказчыкаў удзельнай вагі палякаў у насельніцтве, атрымаем наступны рад: Светлагорск, Мазыр, Жлобін, Гомель, Рэчыца. Варта звярнуць увагу на тое, што распачынаюць гэты рад гарады, размешчаныя ў заходняй частцы вобласці, а заканчываюць – гарады, што знаходзяцца на яе ўсходзе. Адзначым таксама, што горад Жлобін стаў найбольш значным асяродкам рассялення палякаў, дзе іх колькасць за мінулыя 10 год павялічылася (на 18 %), праўда адбылося гэта на фоне імклівага росту ўсяго насельніцтва горада (на 27 %). У той жа час больш як на 20 % паменшылася колькасць палякаў у Мазыры і Светлагорску.
Сярод раёнаў Гомельскай вобласці (без уліку гарадоў абласнога падпарадкавання) паводле ўдзельнай вагі палякаў яўна выдзяляецца Нараўлянскі. Тут у 1999г. палякі складалі 1,8 % насельніцтва, а ў 1989 г. – 2,7 %. У іншых раёнах, што як і Нараўлянскі размешчаныя на правабрэжжы Прыпяці (Ельскі, Мазырскі, Лельчыцкі), удзельная доля палякаў складае 0,2 – 0,3 %, гэта значыць большая за сярэдняабласны ўзровень. На наш погляд, важным фактарам у дадзеным выпадку было суседства рэгіёну з Жытоміршчынай, якая гістрычна з’яўлялася адным з асноўных рэгіёнаў рассялення палякаў на Украіне (паводле перапісу насельніцтва 1989 г. палякі складалі 4,5 % насельніцтва Жытомірскай вобласці). Заўважым, што тэрыторыя акрэсленага намі рэгіёну ад часоў Люблінскай уніі 1569 г. і аж да І падзелу Рэчы Паспалітай з’яўлялася памежнай у адносінах да Кароны (Каралеўства Польскага). Такім чынам, мы маем справу з надзвычай асаблівым рэгіёнам. Але ў наш час вырашальным фактарам яго развіцця стала радзяцыйнае забруджванне тэрыторыі пасля Чарнобыльскай трагэдыі, асабліва гэта тычыцца ўсходняй часткі рэгіёну (дзе дарэчы ўдзельная доля палякаў прыкметна большая). У выніку вельмі значная частка насельніцтва пакінула забруджаныя раёны, прычым міграцыйная актыўнасць палякаў была вышэйшая, у параўнанні з астатнім насельніцтвам. Так, за перыяд паміж перапісамі колькасць палякаў у Нараўлянскім раёне паменшылася з 0,6 да 0,2 тыс. чал. (на 63 %, ці амаль у 3 разы!); у той жаа час агульныя страны насельніцтва Нараўлянскага раёна склалі 41 % ад усёй яго колькасці. На 38 % зменшылася колькасць палякаў у Мазырскім раёне, на 33 % – у Ельскім; і толькі ў Лельчыцкім раёне назіраецца станоўчая дынаміка – тут палякаў пабольшала на 7 %.
У раёнах, размешчаны на левабярэжжы Прыпяці (Петрыкаўскі, Акцябрскі, Калінкавіцкі, Хойніцкі, Жыткавіцкі), удзельная вага палякаў прыкладна такая ж як і ў цэлым па вобласці – 0,2 %. Гэты паказчык змяняецца ад 0,3 % у Петрыкаўскім раёне да 0,1 % – у Жыткавіцкім. Колькасць палякаў на акрэсленай тэрыторыі за міжперапісны перыяд паменшала на 18 %, што таксама адпавядае тым тэндэнцыям, якія праявіліся па ўсёй Гомельскай вобласці.
Яшчэ адным сваеасаблівым, на наш погляд, рэгіёнам рассялення палякаў з’яўляецца басейн Бярэзіны. Да яго мы аднясем толькі 2 раёны Гомельскай вобласці: Светлагорскі і Жлобінскі. Гэта рэгіён ляжыць бліжэй за іншыя да сталіцы Беларусі, а таксама да паўночнага захаду краіны – асноўнага рэгіёну рассялення палякаў на Беларусі. Верагодна, гэтыя фактары паспрыялі таму, што ў басейне Бярэзіны ўдзельнага вага палякаў вышэйшыя, чым у сярэднім па вобласці: сярод сельскага насельніцтва – 0,2 – 0,3 %, а ў гарадах абласнога падпарадкавання – 0,3 – 0,5 %.
Падняпроўскае-Пасожжа – самы ўсходні з рэгіёнаў, якія мы выдзелілі ў Гомельскай вобласці. Сюды мы будзем адносіць Гомельскі, Добрушскі, Веткаўскі, Чачэрскі, Кармянскі, Рагачоўскі, Буда-Кашалёўскі, Рэчыцкі, Лоеўскі і Брагінскі раёны. Акрэслены рэгіён адрозніваецца найменшай удзельнай вагой палякаў. Палякі складаюць тут (без уліку гарадоў абласнога падпарадкавання) толькі 0,2 % насельніцтва. Ні ў адным з пералічаных раёнаў не пражывала ў 1999 г. больш за 100 палякаў. Колькасць палякаў тут за азначыная 10 год паменшыла на 10 % (не так моцна, як у цэлым стала больш у 1,5 разоў. Падобна, што існуе пэўная тэндэнцыя да павышэння значэння дадзенага рэгіёна ў рассяленні палякаў на Гомельшчыне, аднак малалікасць тут палякаў не дазваляе пакуль што зрабіць адназначныя высновы.
Пад час перапісу насельніцтва 1999 г. адносіны да мовы вызначаліся па трох катэгорыях: прапаноўвалася назваць родную мову, іншую мову, якой грамадзянне свабодна валодаюць, а таксама мову, на якой яны размаўляюць дома. Сярод жыхароў Гомельскай вобласці 75,2 % назвала роднай мовай беларускую (68,3 % гарадскіх і 90,1 % сельскіх жыхароў). Рускую мову назвала роднай 22,7 % насельніцтва (сярод гарадскіх жыхароў – 29,4 %, сярод сельскіх – 8,2 %). 2,1 % жыхароў Гомельскай вобласці далі на пытанне аб роднай мове іншыя адказы.
З агульнай колькасці палякаў назвалі польскую мову роднай 8,4 %, а другой мовай, якой валодаюць свабодна – 10,1 %. Сказанае сведчыць аб моцнай асіміляцыі палякаў Гомельшчыны: 61,5 % з іх назвалі роднай мовай беларускую, а 28,1 % – рускую. Параўнаўшы гэтыя лічбы з сярэднімі па вобласці, зробім выснову, што працэсы русіфікацыі палякаў адбываліся тут хутчэй, чым працэсы іх беларусізацыі. Гэта пацвярджаюць і каэфіцыенты карэляцыі (разлічаныя на падставе дадзеных па раёнах і гарадах абласнога падпарадкавання) паміж удзельнай вагой у насельніцтве людзей, якія назвалі дадзеную мову роднай, і ўдзельнай вагой палякаў, якія назвалі роднай адпаведную мову. У адносінах да беларускай мовы каэфіцыент карэляцыі склаў 0,66, а ў адносінах да рускай – 0,75, што ўказвае на існаванне прамой залежнасці, больш яўнай у другім выпадку. Адпаведна, сярод палякаў, што прыжываюць у гарадскіх паселішчах, беларускую мову назвалі роднай 55,9 % , а ў сельскай мясцовасці – 78,6 %. Рускую мову назвалі роднай 33,2 % палякаў у гарадскіх паселішчах і 12,6 % – у сельскіх. Сярод палякаў, расселеных у гарадскіх паселішчах, большая, чым у сельскай мясцовасці, удзельная вага тых, што назвалі роднай мовай польскую: 9,1 % супраць 6,5 %. Гэта можа сведчыць аб большым пашырэнні польскай мовы сярод людзей з вышэйшым узроўнем адукацыі, а таксама сярод палякаў, што з’яўляюцца выхадцамі з іншых раёнаў Беларусі.
Толькі 0,8 % палякаў Гомельшчыны (каля 30 чалавек) назвалі мовай, на якой яны размаўляюць дома, польскую; яшчэ 29,4 % палякаў назвалі беларускую мову, а 69,6 % – рускую. Такім чынам, на бытавым узроўні працэсы, аб якіх ішла размова абзацам вышэй, праявіліся яшчэ яскравей. Палякі ў пераважнай большчасці дома размаўляюць на мове, якая пашырана ў той ці іншай мяцовасці: або на беларускай, або на рускай (у абдвух выпадках каэфіцыенты карэляцыі склалі па 0,90).
Як было заўважана, беларуская і руская мовы лёгка пашыраюцца сярод палякаў, што ж тычыцца іншых моваў, то тут сітуацыя адрозніваецца. Адпаведныя каэфіцыенты карэляцыі з’яўляюцца адмоўнымі. Так, у паўднёвых раёнах Гомельскай вобласці, дзе ў пэўнай ступені пашырана ўкраінская мова, сярод палякаў яна амаль не распаўсюджваецца. Напрыклад, у Брагінскім раёне, дзе ўкраінцы складаюць 7,3 % насельніцтва, ніводзін з пражываючых тут палякаў не ўказаў на выкарыстанне ўкраінскай мовы дома.
У самаіндэнтыфікацыі палякаў, што жывуць на тэрыторыі Беларусі, немалую ролю адыгрывае фактар рэлігіі. Пад час палявых даследаванняў 1990-91 гг. у Беларусі і іншых краінах былога СССР ніводзін з палякаў не вызначыў сваёй прынадлежнасці да некаталіцкай канфесіі. У 1980-я – 90-я гг. былі створаны ўмовы для нармальнага функцыянавання Рымска-каталіцкага касцёла на Гомельшчыне. Да сярэдзіны 1990-х гг. каталіцкія парафіі існавалі ўжо на тэрыторыі большасці раёнаў Гомельскай вобласці (у Нараўлянскім – дзьве парафіі, у іншых – па адной). Ішоў працэс вяртання католікам ды будаўніцтва новых храмаў. У наш час самыя вылікія касцёлы дзейнічаюць у Гомелі, Рэчыцы, Нароўлі, Мазыры, Светлагорску, Лельчыцах. Дзейнасць Рымска-каталіцкага касцёла спрыяе ўсталяванню кантактаў паміж палякамі Гомельшчыны і Польшчы, садзейнічае ў некаторай ступені пашырэнню польскай мовы. Заўважым, што касцёлы зараз дзейнічаюць пераважна ў тых раёнах, дзе пражывае большая колькасць палякаў. Пры гэтым няма ніводнага касцёла ў Брагінскім, Веткаўскім, Добрушскім, Ельскім, Жыткавіцкім, Кармянскім, Лоеўскім, Хойніцкім раёнах. І ні ў адным з пералічаных раёнах не пражывае больш за 100 палякаў.
Можна зрабіць выснову, што зараз палякі на Гомельшчыне ўтвараюць нешматлікую і слаба кансалідаваную нацыянальную групу. Іх колькасць імкліва памяншаецца ў выніку асіміляцыі ды выезду за межы Гомельшчыны. Палякамі амаль не ўжываецца на бытавых узроўні польская мова, хоць між іншым існуе інтарэс да яе вывучэння. Кансалідацыі палякаў на Гомельшчыне, росту іх нацыянальнай свядомасці перашкаждае адсутнасць польскіх нацыянальных аб’яднанняў, культурных асяродкаў, адукацыі на польскай мове. Наўрад ці невялікі асродак палякаў Гомельшчыны здольны самастойна развіваць нацыянальна-культурную дзейнасць, таму існуе неабходнасць яго падтрымкі дзяржавай, грамадскімі арганізацыямі, што аб’ядноўваюць палякаў на Беларусі, а таксама дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацымі Рэспублікі Польшчы. Улічваючы малалікасць польскай меншасці на Гомельшчыне, першачарговую ўвагу можна было б удзяліць ажыццяўленню культурна-асветніцкіх акцый, накіраваных на шырокае кола людзей, што маюць цікавасць да польскай мовы і культуры, грамадскага і культурнага жыцця ў Рэспубліцы Польшча.
Аўтар: А.А. Варанец