Палітычныя рэпрэсіі 20-50 гг. на Гомельшчыне

0
1192
Осуждённые вследствие репрессий арестанты стоят в шеренгу

Сталінскія рэпрэсіі закранулі ў СССР прадстаўнікоў усіх груп грамадства, усіх прафесій, нацыянальнасцей і канфесій. НаркомыМіністэрства ўнутраных спраў БССР Б.Берман і асабліва Л.Цанава капіявалі “знакамітыя” маскоўскія палітычныя працэсы,разыгры­валі іхныя сцэнарыі на Беларусі, у т.л. і ў Гомелі. Змрочнае кляймо “ворагаў народа” атрымалі тысячы гамяльчан — людзей, што па фальсіфікаваным абвінавачванням трапілі ў ГУЛАГ, растраляны.

Яшчэ ў 20-я гг. пачаліся жорсткія ганенні на гомельскіх святароў. У 1925 г. быў арыштаваны і высланы ў Казахстан епіскап Гомельскі Ціхан, настаяцель Праабражэнскай царквы. У 1933 г. Гомельскае АДПУ арыштавала святара Георгіеўскай царквы Паўла Вікенцевіча Гінтаўта, ураджэнца в. Лозаў Рагачоўскага павета. 24 сакавіка 1933 г. “тройкай” АДПУ ён быў асуджаны давышэйшай меры пакарання1.

У 1937 г. Народны камісарыят унутраных спраў сфабрыкаваў у Гомелі справу контррэвалюцыйнай арганізацыі царкоўнікаў,чальцы якой абвінавачваліся у прыналежнасці да падлольнай “фашысцка-паўстанцкай” арганізацыі, якая быццам ставіла мэтай звяржэнне савецкай улады. Па справе праходзіла 57 чалавек. Па пастанове “асобай тройкі” НКУС БССР ад 30 кастрычніка 1937 г. 50 “контррэвалюцыянераў” былі расстреляны, 7 атрымалі па 10 год ГУЛАГа2. Большасць з тых, хто быў асуджаны па гэтай справе — былыя альбо сапраўдныя святары, манахі.

У 1933 г. органамі АДПУ была падрыхтавана гучная справа “Беларускага нацыянальнага цэнтру”. Чальцоў гэтай “контррэвалюцыйнай, паўстанцкай, дыверсійнай арганізацыі” абвінавацілі ў падрыхтоўцы ўзброенага паўстання і правядзенні дыверсійна-шпіёнскіх актаў. Пасля справы “Саюза вызвалення Беларусі” 1930 г. гэта быў другі ўдар па беларускай інтэллігенцыі нацыянальна-адраджэнскай арыентацыі. Філія “контр-рэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі “Беларускага нацыянальнага цэнтру” была “выкрыта” і ў Гомелі. Імі аказаліся выкладчыкі школ і вышэйшых навучальных устамоў горада, студэнты і навукоўцы. Па справе праходзіла 17 чалаввк, якія па пастанове “тройкі” АДПУ ад 26 снежня 1933 г. былі асуджаны да зняволення ад 5 да 10 год з адбыццём пакарання ў ГУЛАГу3. Сярод іх: выкладчыкі педінстытута Яўген Аляхновіч, Іосіф Ракуцька, Аляксей Васілеўскі, Сяргей Велітчанскі, лесатэхнічнага — Іосіф Дашук, механіка-машынабудаўнічага — ГеоргіЛазарэвіч і Яўген Хургін, настаўніца Кацярына Герасімовіч, журналіст газеты “Палеская праўда” Яўгенія Шалешка, Інш.

У 30-я гг. хваля рэпрэсій накацілася і на т.зв. “заходнікаў” — выхадцаў з Заходняй Беларусі, якія пераходзілі ў БССР. “90 тыс.шпіёнаў па БССР пад выглядам эмігрантаў з Польшчы” — такой была сакрэтная дьірэктыва для органаў дзяржбяспекі. Абвінавачванні фабрыкавалі кожны дзень. Многія з вярнуўшыхся, пераадолеўшы польска-савецкую мяжу, абвяшчаліся шпіёнамі, і падвяргаліся арышту і допытам. У гэты перыяд органамі бяспекі былі “змайстраваны” некалькі “антыпольскіх” спраў. Найбольш значная з іх — справа “ПАВ” (“Польская арганізацыя вайсковая”). Аддзяленне гэтай “шпёнска-дыверсійнай тэрарыстычнай арганізацыі” было “выкрыта” таксама і на Гомельскім паравоза-рамонтным заводзе. У “арганізацыю” ўваходзіла 40 чалавек, сярод якіх рабочыя: былы член УКП(б) Уладзімір Хамічук, які быў прызнаны кіраўніком арганізацыі, Венядзікт Рачкоўскі, Мікалай Боландзь, Іван Старжынскі; інжэнеры Лявон Якштас, Давыд Шуліка, інш. Найбольш уражвае лёс Карла Дамброўскага. Член партыі бальшавікоў з 1909 г., ён актыўна ўдзельнічаў у рэвалюцыйным руху ў Лібаве, з-за пераследуцарскіх уладаў знаходзіўся ў эміграцыі ў Германіі і ЗША. Пасля лютаўскай рэвалюцыі вярнуўся ў Петраград, удзельнічаў ў ліквідацыі чэхаславацкага мяцяжу, быў камісарам II арміі Усходняга фронту. 3 1921 г. — на розных партыйных пасадах уБеларусі, сакратар ЦКК КП(б)Б, узначальваў райкамы партыі на Міншчыне, член ЦК КП(б)Б і ЦВК БССР. Выключаны з партыі і арыштаваны як актывіст “ПАВ”. Асуджаны да растрэлу4.

У 1937 г. па абвінавачванні ў антысавецкай падпольна-тэрарыстычнай дзейнасці ў Гомелі былі арыштаваны дзеячы нацыя­нальиага руху, былыя чальцы ЦК Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў Палута Бадунова і Марк Асвяцімскі. Нягледзячы нават на даўнюю адмову ад палітычнай дзейнасці, асуджаны да растрэлу5.

Сёння большасць ахвяр палітычных рэпрэсій 20-50-х гг. рэабілітаваны ў судовым парадку. За 1989-93 гг. справядлівасць адноўлена для 11 тыс. грамадзян Беларусі, нашых землякоў-гамяльчан. А ўсяго з 1953 г. з небыцця вернута больш за 20 тыс. імёнаў нашых суайчыннікаў, незаконна рэпрэсаваных на Гомельшчыне.

Літаратура

1. Архіў упраўлення КДБ па Гомельскай вобласці. Спр.9147-с.

2. Там жа. Спр. 12270-с.

3. Там жа. Спр. 10345-с. Арк. 3,17-20.

4. Там жа. Спр. 2599. Арк. 1-5.

5. Память истории. Мн., 1991 С. 27.

 

Аўтар: Макушнікава Э.А. (Гомель, Абласны краязнаўчы музей)

Крыніца: Зборнік матэрыялаў навукова-практычнай канферэнцыі “Гомельшчына – старонкі мінулага” (15-16 лютага 1996 г.), Гомель, 1996, ГДУ.