Гісторыя войнаў — балючы, а разам з тым важны элемент мінуўшчыны. Памяць пра супрацьстаянне паміж краінамі і народамі ў мінулым часта адмоўна адбіваецца на іх суіснаванні ў сучаснасці. Аднак цалкам адмовіцца ад гэтай памяці немагчыма. Гісторыкам у гэтай сітуацыі важна не рабіць падзел на сваіх і чужых і маляваць адмоўны партрэт ворага, але акцэнтаваць увагу на адмоўнасці самой з’явы ваеннага супрацьстаяння, што несла разбурэнні і смерці. Разам з тым сапраўдным даследчыкам важна максімальна паглыбіцца ў гістарычны матэрыял і крытычна ставіцца да многіх «патрыятычных міфаў», створаных у межах нацыянальных гістарыяграфічных школ ХІХ— ХХ стст.
Адной з найбольш складаных старонак у беларускай гісторыі былі войны сярэдзіны XVII ст., у выніку якіх насельніцтва беларускіх зямель скарацілася больш чым на палову [1, c. 130–134, 2, с. 119].
Ваенныя катаклізмы пачаліся з казацкага паўстання на чале з Багданам Хмяльніцкім, якое ўспыхнула ў 1648 г. на ўкраінскіх землях і ў хуткім часе перакінулася на паўднёвыя і ўсходнія землі Вялікага Княства Літоўскага. Галоўным кіраўніком падаўлення казацкіх і сялянскіх хваляванняў на беларускіх землях стаў польны гетман Януш Радзівіл, які здолеў наладзіць абарону дзяржавы і выціснуць грамады бунтаўнікоў за яе межы. Поспехі войска ВКЛ шмат у чым тлумачыліся жорсткасцю гетмана і яго падначаленых, што паўплывала на фарміраванне і культываванне ў гістарыяграфіі, асабліва савецкага перыяду, «чорнай легенды» пра Я. Радзівіла, у дзеяннях якога бачылася крайняя нецярпімасць літоўскага магната адносна беларусаў і ўкраінцаў. Пісьмовыя крыніцы сапраўды малююць змрочную карціну ўзброеннага супрацьстаяння войска ВКЛ і паўстанцаў. Аднак зірнуць на гэтыя драматычныя падзеі з іншай перспектывы дазваляюць матэрыялы другога кшталту. У нашым распараджэнні маецца цэлы комплекс іканаграфічных крыніц, які не мае аналагаў і які ў літаральным сэнсе дазваляе ўбачыць усходнія землі ВКЛ і Кароны Польскай — сучасныя ўсходнія беларускія і ўкраінскія тэрыторыі. Стварэнне серыі малюнкаў і чарнавых накідаў было звязана з дзейнасцю Я. Радзівіла і дазваляе ў тым ліку ў іншым святле пабачыць гэтую неардынарную і супярэчлівую асобу.
У згаданым іканаграфічным комплексе можна вылучыць некалькі частак:
1) малюнкі Абрагама ван Вестэрфельта; 2) гравюры, змешчаныя ў шостым томе «Theatrum Europaeum»; 3) малюнкі невядомага аўтара, змешчаныя ў рукапісе «Літоўскі паход 1651 г.»; 4) чарнавыя накіды рукі, верагодна, самога Я. Радзівіла.
Найбольш якаснымі па выкананні і прадстаўленні рэалій тагачаснага жыцця ўсходніх зямель Рэчы Паспалітай іканаграфічнымі крыніцамі з’яўляюцца малюнкі галандца Абрагама ван Вестэрфельта, выкананыя на замову гетмана ў час паходаў супраць казакаў 1648–1653 гг. (мал. 1, 2).


Галоўнай мэтай стварэння гэтых малюнкаў было праслаўленне подзвігаў Я. Радзівіла, таму на іх адлюстраваны месцы, звязаныя з перамогамі войск ВКЛ або дыпламатычнымі трыумфамі гетмана. У другой палове XVII ст. малюнкі А. ван Вестэрфельта трапілі ў нясвіжскі архіў Радзівілаў і захоўваліся там да канца XVIII — пачатку XIX ст., калі пры невядомых абставінах былі згублены. На шчасце, у канцы XVIII ст. па распараджэнні караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які ў час свайго візіту ў Нясвіж у 1784 г. сам аглядаў малюнкі галандца, іх скапіравалі. Копіі 25 малюнкаў шмат гадоў пазней трапілі ў рукі расійскіх даследчыкаў і былі апублікаваны Якавам Смірновым у 1908 г. Цікавасць да іх была выклікана ў першую чаргу вялікай колькасцю выяў старажытных пабудоў Кіева. Акрамя 25 копій канца XVIII ст., расійскаму даследчыку таксама ўдалося выявіць больш познія копіі двух малюнкаў А. ван Вестэрфельта [3, с. 197–512]. Прынята лічыць, што ў час Другой Сусветнай вайны малюнкі, апублікаваныя Я. Смірновым, былі згублены. Але адносна нядаўна былі адкрыты і апублікаваны яшчэ 15 малюнкаў галандскага мастака, якія дагэтуль былі невядомыя даследчыкам.
У 1991 г. яны былі набыты Музеем Польскага Войска ў Варшаве з прыватнай калекцыі, а ў 2000 г. — апублікаваны польскім даследчыкам Янам Якубам Дрэшчыкам [4]. Праўда, гэта публікацыя засталася незаўважанай шырокім колам даследчыкаў, а якасць публікацыі малюнкаў не на надта высокім узроўні. Да таго ж атрыбуцыя польскім даследчыкам некаторых малюнкаў патрабуе ўдакладнення. Акрамя таго, два арыгінальныя малюнкі А. ван Вестэрфельта змешчаны ў рукапісе «Літоўскі паход 1651 г.» Такім чынам, да нашага часу пераважна ў копіях дайшлі 43 малюнкі галандскага мастака.
У 1652 г. пабачыў свет, а ў 1663 г. быў перавыдадзены шосты том «Theatrum Europaeum» — нямецкага гістарычнага шматтомнага выдання, у якім былі змешчаны дзве гравюры з адлюстраваннем бітвы пад Лоевам 31 ліпеня 1649 г. і ваеннага лагера войск ВКЛ, узведзенага вакол Рэчыцы неўзабаве пасля згаданай бітвы [5]. Аўтарам гравюр быў капітан артылерыі Крыштаф Эйгірд, а самі гравюры маюць характар планаў, якія паўсталі на аснове здымкі мясцовасці, што вялася ў час падрыхтоўкі да бітвы пад Лоевам і ўзвядзення абарончага лагера вакол Рэчыцы. Як капітан артылерыі, К. Эйгірд меў добрую інжынерную падрыхтоўку, таму ён таксама мог удзельнічаць у праектаванні абарончых умацаванняў.
Адносна нядаўна быў выяўлены нямецкамоўны рукапіс «Літоўскі паход 1651 г.», які захоўваецца ў Страгоўскім манастыры ў Празе [6]. Ён змяшчае 12 малюнкаў з адлюстраваннем бітваў, палявых умацаванняў, ваенных лагераў і баявых пастраенняў войска ВКЛ (мал. 3).

З гэтага вынікае, што аўтарам рукапісу быў нейкі нямецкі афіцэр з атачэння Я. Радзівіла. Акрамя таго, як пісалася вышэй, у гэтым альбоме маюцца два малюнкі, якія, па ўсёй верагоднасці, належаць руцэ А. ван Вестэрфельта: панарама Кіева і пасмяротны партрэт казацкага палкоўніка Марціна Нябабы. Калі ў першым выпадку аўтарства галандскага мастака лёгка вызначыць па подпісе на самім малюнку, то ў другім выпадку яно з’яўляецца гіпатэтычным.
Крыху збоку ад вышэйпералічаных малюнкаў па характары выкананання і тэматыцы захоўваецца калекцыя чарнавых малюнкаў, аўтарам якіх быў, па ўсёй верагоднасці, сам гетман Януш Радзівіл. Частка з іх захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Мінску, а частка — у Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу. На 46 аркушах з мінскага архіва, многія з якіх спісаны з двух бакоў [7, aрк. 1–47 адв.], знаходзім малюнкі, якія не носяць характар праектаў, як меркавалі папярэднія даследчыкі [8, 9], а адлюстроўваюць ужо існучыя будынкі, рэчы ці, у выпадку планаў гарадоў, наяўную горадабудаўнічую сітуацыю (мал. 4, 5).


Толькі ў некалькіх выпадках можна казаць пра спробу праектавання. Абсалютная большасць малюнкаў з’яўляюцца чарнавікамі альбо накідамі, якія рабіліся хутка на месцы. Некаторыя з малюнкаў былі выкананы «начыста», прычым для выканання чыставога варыянта выкарыстоўваліся зробленыя перад гэтым чарнавікі. Той, хто рабіў гэтыя малюнкі, відавочна, імкнуўся зафіксаваць цікавыя збудаванні ці рэчы, якія ён бачыў у месцах, куды трапляў. Доўгі час лічылася, што аўтарам гэтых накідаў быў канюшы ВКЛ Багуслаў Радзівіл, паколькі яго імя стаіць на першай старонцы альбома. Аднак вывучэнне саміх накідаў указвае на відавочную памылку. Адным з галоўных аргументаў на карысць таго, што аўтарам гэтых чарнавых малюнкаў быў не Багуслаў, а яго стрыечны брат Януш Радзівіл, з’яўляецца наяўнасць сярод іх планаў і замалёвак кіеўскіх будынкаў. Час стварэння гэтай калекцыі можна ўмоўна вызначыць 1648–1655 гг. [10].
Сярод гэтых малюнкаў цалкам дамінуе архітэктурная тэматыка — найперш выявы фасадаў і планаў асобных будынкаў, сярод якіх большасць складаюць праваслаўныя цэрквы. Малюнкаў грамадзянскіх будынкаў значна менш. Акрамя накідаў асобных будынкаў, у калекцыі захаваліся віды двух гарадоў, а таксама выявы двух печаў. Да асобнага віду малюнкаў архітэктурнай тэматыкі варта аднесці планы гарадоў. Яны мелі практычную карысць для іх аўтара: на аснове гэтых планаў было зручна разважаць пра далейшае горадабудаўнічае развіццё ці ўзвядзенне абарончых умацаванняў. Асобная група малюнкаў прысвечана вайсковай тэматыцы, што сведчыць аб сферы дзейнасці іх аўтара. Акрамя таго, на некаторых аркушах сустракаюцца кароткія запісы з пералікам рознага вайсковага рыштунку.
Значная колькасць выяў і планаў цэркваў сведчыць пра вялікую цікавасць аўтара чарнавікоў да праваслаўнай культуры ўсходніх земляў Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства, сучасных Беларусі і Украіны.
Апроч саміх храмаў, яго таксама цікавілі прадметы царкоўнага начыння. Акрамя таго, ён наведваў знакаміты Супрасльскі манастыр, бо ў альбоме ёсць малюнак з надпісамі аб фундацыях на карысць манастыра і гербамі фундатараў. Магчыма, вынікам цікавасці аўтара малюнкаў да архітэктурнай і рэлігійнай тэматыкі з’яўляюцца спісы храмаў і будынкаў пяці беларускіх гарадоў.
Вялікую ўвагу Я. Радзівіла да аб’ектаў і будынкаў, звязаных з усходнехрысціянскім культам, Я. Смірноў тлумачыў дзвюма прычынамі. Па-першае, князь мог імкнуцца праславіць сябе праз дэманстрацыю тых дзівосаў, якія яму ўдалося пабачыць у мясцінах, якія ён заваяваў. Па-другое, звесткі пра праваслаўныя помнікі ён мог збіраць для сваёй праваслаўнай жонкі Марыі, дачкі малдаўскага гаспадара Васіля Лупулы [3, c. 225, 296, 324–325]. Аднак расійскі даследчык зрабіў гэтыя высновы на падставе вывучэння копій малюнкаў А. ван Вестэрфельта, якія прызначаліся для прапаганды здзяйсненняў гетмана, а ў выпадку калекцыі чарнавых малюнкаў мы маем хуткія накіды, зробленыя для ўласнага карыстання. Гэта значыць, у дадзеным выпадку выразна праяўляецца ўнутраны інтарэс аўтара накідаў да праваслаўнай культуры беларускіх і ўкраінскіх зямель. У гэтым святле зусім інакш можа бачыцца матывацыя Я. Радзівіла ў час войнаў з казакамі. Для гетмана казакі і сяляне з’яўляліся бунтаўнікамі супраць палітычнага і сацыяльнага парадку ў дзяржаве, а не паўнапраўным ваенным праціўнікам, які «меў права на вайну».
Вартым увагі з’яўляецца яшчэ і той факт, што некаторыя накіды наўпрост адпавядаюць таму, што ў час паходу на Кіеў 1651 г. замаляваў А. ван Вестэрфельд. На падставе гэтага, магчыма, мы можам бачыць пэўную практыку Я. Радзівіла па вывучэнні тых культурных феноменаў, якія прыцягвалі ягоную ўвагу. Спачатку сам князь аглядаў помнік, які яго цікавіў, рабіў абмеры і ўласнаручныя накіды, а пасля загадваў прафесійнаму мастаку выконваць якасныя малюнкі.
Акрамя таго, руцэ Я. Радзівілa, мяркуючы па характары почырку і выканання малюнкаў, належалі чарнавыя малюнкі казацкіх сцягоў, захопленых войскам ВКЛ у 1651 г. (18 старонак з выявамі), якія захоўваюцца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу [10, № 17, 18].
Падагульняючы, хацелася б выказаць спадзяванне, што з часам увесь гэты значны іканаграфічны матэрыял пабачыць свет у адзіным выданні. Гэта дазволіць па-новаму зірнуць на драматычныя падзеі сярэдзіны XVII ст. на ўсходніх землях Рэчы Паспалітай. У такім выданні, на нашу думку, зацікаўлены ўсе народы-спадчыннікі Рэчы Паспалітай, а найперш беларусы і ўкраінцы, таму падрыхтоўка такой працы можа стаць стымулам для ўмацавання супрацоўніцтва. У канцы хацелася б наўпрост пералічыць населеныя пункты, якія знайшлі пэўнае адлюстраванне на згаданых малюнках, каб паказаць маштаб і важнасць гэтай ідэі:
Беларусь — Астражанка, Бабруйск, Барысаў, Дурынічы, Галоўчын, Гомель, Горваль, Копысь, Лоеў, Любча, Магілёў, Мазыр, Мінск, Ражанка, Рось, Рэчыца, Свіслач, Слуцк, Тураў, Шклоў, Янава Слабада;
Украіна — Алыка, Белая Царква, Бышаў, Дубна, Жоўква, Кіеў, Любеч, Макараў, Межыгоры, Сокал;
Літва — Свядасць;
Польшча — Варшава, Замосце, Супрасль.
Літаратура
- Сагановіч, Г. Невядомая вайна / Г. Сагановіч. — Мінск, 1995. — С. 130–134.
- Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 3. Беларусь у часы Рэчы Паспалітай (XVII— XVIII стст.). — Мінск, 2004. — С. 119.
- Смирнов, Я.И. Рисунки Киева 1651 года по копиям их XVIII века / Я.И. Смирнов // Труды XIII археологического съезда в Екатеринославе. Т. 2. — М., 1908.
- Dreścik, J.J. Kampanie wojsk Wielkiego Księstwa Litewskiego przeciw powstaniu Chmielnickiego w rysunkach Abrahama van Westervelt / J.J. Dreścik // Muzealnictwo wojskowe. — 2000. — T. 7. — S. 397–427.
- Theatrum Europaeum. Bd. 6. — Frankfurt, 1663.
- Královská kanonie premonstrátů na Strahově. DB V 68 [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступу: http://www.manuscriptorium.com.
- Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 694. Воп. 1. Спр. 287.
- Хадыка, Т.В. Графічныя лісты Багуслава Радзівіла / Т.В. Хадыка // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. — 1973, № 2. — С. 43–45;
- Габрусь, Т. Навошта каню крылы, альбо ўшанаванне Багуслава Радзівіла / Т. Габрусь // Спадчына. — 1993, № 1. — С. 69–75.
- Российская национальная библиотека. Ф. 971. Авт. 152. № 17, 18.
Аўтар: Мікола Волкаў
Крыніца: Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель)