Падзел Пасожжа паміж Чарнігаўскай і Смаленскай землямі. Чачэрск і Чачэрскае ўдзельнае княства

0
338
Падзел Пасожжа паміж Чарнігаўскай і Смаленскай землямі. Чачэрск і Чачэрскае ўдзельнае княства

Землі Пасожжа ў XI—XIII стст. уваходзілі ў склад Смаленскай і Чарнігаўскай зямель. Таму наша гісторыя непасрэдна звязана з падзеямі, якія адбываліся на асноўнай тэрыторыі гэтых зямель і іх удзельнымі княствамі – Чачэрскім і Прапойскім. Прычым так атрымалася, што мяжа паміж гэтымі землямі і княствамі ў ХІІ ст. праходзіла якраз па тэрыторыі цяперашняга Кармянскага раёна, а бліжэйшы шлях з Кіева і Чарнігава ў Смаленск і далей на поўнач праходзіў па Сажу ці ўздоўж Сажа, таксама праз землі Кармяншчыны. І хаця канкрэтныя падзеі не трапілі ў летапісы, па ускосных і іншых дадзеных можам меркаваць  аб тым, як падзеі ў гісторыі старажытнаўсходнеславянскіх зямель, княстваў зачапілі нашы землі і адбіліся на нашай гісторыі. А ў далейшым нас чакае адкрыццё яшчэ многіх гістарычных таямніц, нават нечаканых…

Падзел Пасожжа і зямель будучай Кармяншчны адбыўся ў 1127 і 1142 гг. паміж Чарнігаўскай і Смаленскай землямі. Разам з развіццём сацыяльна-эканамічных адносін ён паспрыяў развіццю Чачэрска, чачэрскага княства і наваколля.  Горад, які апынуўся на неспакойнай мяжы, атрымаў новыя, больш магутныя абарончыя збудаванні (замак), што на працягу XII-XIII стст. неаднаразова падмацоўваліся.

Наша даведка. Чачэрскі замак.Існаваў у Х-ХVІІІ стагоддзях. Пабудаваны на дзядзінцы летапіснага горада X—XIIIстагоддзяў. Займаў мыс карэннага берага ракі Чачоры, прытока Сажа.

Дакладная дата будаўніцтва замка ў Чачэрску невядома. Таксама, як і прычыны яго ўзвядзення. Але вось месца было абрана нездарма — раней на Замкавай гары размяшчаўся умацаваны дзядзінец старажытнага горада. Мабыць, гэта самае зручнае месца для будаўніцтва абарончых збудаванняў. Па-першае, з аднаго боку замак абараняе рака Чачора, па-другое — гэта самая высокая мясцовасць у дадзенай вобласці, і ворагам было б вельмі складана ўзбірацца па гары ў выпадку супраціўлення з боку абаронцаў. Па-трэцяе, дзякуючы блізасці да ракі, гарнізон замка практычна заўсёды быў забяспечаны вадой і мог вытрымліваць працяглыя аблогі.

У XIV—XVIIIстагоддзях замак меў 3-вугольную форму (пл. каля 0,5 га) і ўзвышаўся на 14 м над поймай Чачоры; ад горада аддзяляўся шырокім (20-25 м) і глыбокім (да 7 м) ровам, па краі быў акружаны земляным валам з драўлянымі сценамі і вежамі. Акрамя вежы-брамы, па перыметру вала стаялі 7 вежаў, у тым ліку вежа-вятрак. Перад брамай знаходзіўся драўляны пад’ёмны мост на ізбіцах: сцены драўляных умацаванняў, былі абмазаны глінай. У XVIIIст. структура і знешні выгляд умацаванняў замка змяніліся: была адна 3-павярховая вежа-брама, акружаная частаколам з дубовых дыляў з прасечанымі байніцамі. На дзядзінцы размяшчаліся гаспадарчыя будынкі (лядоўня, 2-павярховы лямус, склеп, стайня і іншыя). У тым выпадку, калі вораг прарвецца ў замак, кожны будынак мог ператварыцца ў маленькую крэпасць. Адбудаваны ў 1787 годзе замак стаў галоўным элементам горадабудаўнічага ансамбля. Затым быў разбураны.

У гэты ж час павялічваецца пасад, які ў XII ст. займаў плошчу больш за 2 га. У XII ст. Чачэрск неаднаразова трапляе на старонкі летапісаў. Першы раз мы сустракаем яго ўпамінанне ў 1159 г. (фактычна падзея адбылася ў 1158 г.).

З летапіснага паведамлення вынікае, што каб пазбегнуць  усобіц паміж князямі, вялікі князь кіеўскі Ізяслаў Давыдавіч аддаў Чачэрск чарнігаўскаму князю Святаславу Ольгавічу.

З Іпацьеўскага летапісу. У год 6667 (1159) Ізяслаў  (Давыдавіч) тым часам паслаў  за князем Івнам і прывёў яго да Кіева. А калі даведаўся Ізяслаў, што на яго з-за Івана хочуць ісці Яраслаў (Уладзіміравіч), Мсціслаў (Ізяславіч) Уладзімір (Андрэевіч), дык паслаў ён да брата Святаслава (Ольгавіча) у Чарнігаў пасланніка Глеба Рокшыча, даючы яму гарады Мазыр і Чачэрск, і сказаў яму, што хочуць на яго (Ізяслава), раццю пайсці. Святаслаў Ольгавіч жа сказаў: “Праўда, браце, я гневаўся на цябе за тое, што ты мне Чарнігаўскай воласці не аддаваў, але зла я табе не жадаю. А калі ўжо так склалася, што на цябе збіраюцца ісці вайной, то Божа пазбаў мяне ад воласці гэтай. Ты мне – брат, і дай Бог мне з табой жыць добра у згодзе. І пацалавалі яны абодва крыж учынілі клятву паміж сабой пра поўную згоду.

Як бачым, у тым ліку і Чачэрск стаў яблыкам разладу і сродкам прымірэння князёў. А сутнасць справы ў тым, што Ізяслаў Давыдавіч, перайшоўшы на княжанне з Чарнігава ў Кіеў, хацеў захаваць за сабой як Чачэрск, так і Гомель. Святаслаў Ольгавіч жа, заняўшы пасад у Чарнігаве, быў такой стратай зямель Чарнігаўскіх  незадаволены. Ізяслаў Давыдавіч выра-шыў у выніку прымірыцца з родам чарнігаўскіх князёў, да якога сам таксама належаў, аддаўшы гарады Мазыр і Чачэрск Святаславу Ольгавічу.

Другі раз Чачэрск трапляе на старонкі летапісаў у 1168 г. як месца сустрэчы Расціслава Мсціславіча з Алегам Святаславічам.  Фактычна падзея адбылася ў 1167 г.

З Кіеўскага летапісу. У год 6676 (1168). У той год напрыканцы пайшоў Расціслаў Мсціславіч да Ноўгарада Вялікага, таму што нядобра жылі наўгародцы з Святаславам, сынам яго. І прыбыў ён да горада Чачэрска да зяця Алега Святаславіча, бо тут чакаў бы яго Алег з жонкай Агаф’яй. І ўзяў Алег Расціслава на абед, і была радасць вялікая ў той дзень паміж імі. Алег жа шматлікія падарункі даў Расціславу, і дачка Агаф’я дала яму падарункі многія. А на другі дзень паклікаў Расціслаў да сябе Алега і дачку і, яшчэ большымі падарункамі надзяліўшы ўсіх, пайшоў да Смаленска.

З гэтага паведамлення вынікае, што пасля смерці Святаслава Ольгавіча ў Чачэрску стаў княжыць яго сын Алег Святаславіч, які быў  жанаты на дачцэ вялікага князя кіеўскага Расціслава Мсціславіча (1159 – 1167 гг.) Агаф’і. Кіеўскі князь, накіроўваючыся ў Смаленск, па дарозе наведаў свайго зяця з дачкой у Чачэрску. Сустрэча была надзвычай цёплай і ўрачыстай. Як бачым, тут ідзе згадка не толькі пра Чачэрск, але і пра Чачэрскае ўдзельнае княства (існавала разам з Гомельскім, Мсціслаўскім і інш.). І яшчэ адна акалічнасць: гэтае княства было памежным са Смаленскай зямлёй. І мяжа праходзіла прыкладна ў раёне ракі Добрыч (паміж сучаснымі вёскамі Ворнаўка і Высокая). Далей, за Добрыч, у напрамку сучаснай Кармы,  ішла тэрыторыя ўжо Смаленскай зямлі, і тая частка Кармяншчыны была шчыльным чынам звязана са Смаленскам і Прапойскам.

Можна сабе ўявіць, як кіеўскага князя праважаў яго зяць (такія былі тады звычаі), як яны размінуліся дзесці каля в. Высокая, ды князь Расціслаў паехаў у Смаленск, пераплыўшы на конях праз Добрыч, якая ў той час была значна больш паўнаводнай ракой, не кажучы ўжо пра Сож. Але Расціславу не давялося вярнуцца ў Кіеў – па дарозе назад ён памёр.

Вось такая знакамітая княжацкая пара жыла ў Чачэрску. Можна таксама ўявіць, што княжая дружына разам з князем “таптала” і зямлю будучай Кармяншчыны, прынамсі, землі такіх вёсак як Енцы, Струмень, Варанаўшчына і інш. адносіліся да Чачэрскага княства. А вось мяжа паміж феадальнымі землямі, якая праходзіла па тэрыторыі будучага нашага раёна, дасягала нават наваколляў Рагачова, дзе знаходзіўся самы паўднёвы фарпост Смаленшчыны.

Чарнігаўская ж зямля, часткай якой быў Чачэрск, адасобілася ад Кіеўскай Русі ў другой палове ХІ ст. і толькі часова пры Манамаху была ў васальнай залежнасці ад Кіева.

Найбольш буйным  горадам Чарнігаў-скага княства ў Пасожжы XII-XIII стст. заставаўся Гомель (Гомій). Ён становіцца адміністрацыйным, рамесна-гандлёвым, ваенным, культавым і культурным цэнтрам усяго Ніжняга Пасожжа, у якім, як ускосна сведчыць летапіснае паведамленне 1165 г., быў заснаваны княжацкі стол.

На працягу XII ст. адбыліся значныя змены ў гарадской тапаграфіі. У пачатку XII ст. былі знішчаны ўмацаванні дзядзінца горада X-XI стст. Яго плошча была павялічана ўдвая – з 0,7 да 1,5 га, а ў сярэдзіне XII ст. на дзядзінцы ўзводзіцца мураваны храм. Новы этап у гісторыі развіцця цэнтра горада адносіцца к канцу XII ст. і звязаны з умацаваннем фартыфікацыйных якасцей крэпасці. Пасярэдзіне гарадзішча выкопваецца дадатковы абарончы роў, у выніку чаго дзядзінец Гомія быў падзелены на дзве часткі плошчай па 0,7 га.

Пра росквіт горада ў XII ст. сведчаць і пісьмовыя крыніцы. Так, самае першае летапіснае паведамленне аб Гоміі, якое мы сустракаем у 1142 г., сведчыць аб ім як аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным цэнтры пэўнай воласці. Значэнне горада добра бачна і з паведамлення 1159 г.: тут на пэўны час знаходзіць прытулак Ізяслаў Давыдавіч і адсюль ён пачынае новую барацьбу за кіеўскі стол. І, нарэшце, паведамленне 1165 г. аб палажэнні чарнігаўскага князя, якое ў значнай ступені залежыла ад таго, ці будзе на яго баку Гомій, дазваляе меркаваць аб існаванні тут удзельнага стала.

Археалагічныя матэрыялы сведчаць, што ў XII-XIII стст. горад займаў плошчу больш за 40 га. Яго тапаграфічная структура складалася з дзядзінца плошчай 1,5 га, вакольнага горада (каля 10-15 га) і прылеглых да яго неўмацаваных пасадаў, якія цягнуліся ўздоўж Сожа. У XII-XIII стст. Гомій быў буйнейшым рамесным цэнтрам Пасожжа. У час археалагічных даследаванняў на дзядзінцы выяўлены рэшткі ювелірна-ліцейнай майстэрні. Матэрыялы з вакольнага горада фіксіруюць існаванне кавальскага, ювелірнага, касцярэзнага рамёстваў, дрэваапрацоўкі. Ёсць падставы меркаваць аб мясцовым вырабленні шкла, паліванай керамікі і каменячосным рамястве. Унікальнай з’яўляецца зной-дзеная на тэрыторыі вакольнага горада майстэрня першай паловы XIII ст. па вырабу зброі. У яе запаўненні, якое мела памеры 4,4 х 4 м, знойдзена больш за 1600 рэчаў, сярод якіх як бытавыя знаходкі, так і інструментарый, і дэталі наступальнага ўзбраення. Знойдзены перакрыжаванні і навершы мячоў і шабель, фрагменты кальчужнага палатна, шматлікія панцырныя пласціны. Аналіз вырабленых прадметаў узбраення і інструментарый з майстэрні кажуць аб яе зборачна-слясарным кірунку, калі тут адбывалася толькі даводка і зборка зброі з дэталяў, што паступалі з іншых майстэрань. Думаю, што гэтымі ўсімі сродкамі і прадметамі карысталіся і нашы далёкія продкі.

У першай палове XIII ст. землі Смаленскага княства пачалі адчуваць на сабе  ціск  Літвы, якая набірала моц. Летапісы даволі часта паведамляюць аб гаспадаранні літоўскіх дружын на Смаленшчыне, прычым даходзіць нават да таго, што ў 1239 г. у Смаленскія справы вымушаны быў умешвацца Яраслаў Усеваладавіч, каб выгнаць адтуль літоўскага князя. Аднак дакладных пісьмовых звестак аб набегах Літвы на паўднёва-заходнія (беларускія) землі Смаленскага княства няма. Толькі прыцягвае ўвагу паведамленне 1252 г. Іпацьеўскага летапісу, якое гаворыць аб адпраўцы Міндоўгам сваіх сыноўцаў Едзівіла, Таўцівіла і Вікінта ваяваць “на Русь ко Смоленску”.

Гэта паведамленне дапаўняе недатаваны дадатак  з «Хронікі Літоўскай і Жамойцкай», у якой гаворыцца, што ў выніку гэтага паходу Таўцівіл заняў Полацк, Вікінт — Віцебск, а Едзівіл «в Смоленску и Друцку килка пригородов з волостями опановал». Безумоўна, гэта паведамленне мае пад сабой нейкую падставу, і можна меркаваць, што Падняпроўскія воласці Смаленскай зямлі пацярпелі ў выніку гэтага паходу.

Паведамленняў, звязаных з паходамі Літвы на Чарнігаўскую зямлю, захавалася значна менш. Аднак і яны сведчаць, што Літва, якая набірала моц, не забывалася праверыць трываласць чарнігаўскіх мячоў. Першыя звесткі аб паходах літоўскіх дружын на чарнігаўскія землі мы сустракаем яшчэ ў 1203-1205 гг. У 1220 г. літоўскія дружыны моцна спустошылі Чарнігаўскае княства, хаця летапісец не ўдакладняе, што гэта былі за землі: «Приходиша Литва и воеваша волость Черниговъскую; Мстислав же Святославич гони их из Чернигова, и постиг их изби всех, а полон отъять». Чарнігаўска-літоўскія  адносіны заставаліся варожымі і пазней. У летапісах нават захавалася паведамленне аб забойстве ў 1258 г. ваяводы Міндоўга Хвала:, «… иже велико обиство творяше земле Чернигоское».

У сярэдзіне XIII ст. усходнеславянскія землі трапілі пад удар мангола-татарскіх ордаў. Іх пагрому не абмінулі і паўднёва-ўсходнія раёны Пасожжа, якія ўваходзілі ў склад Чарнігаўскага княства, і, верагодна, гэтыя землі на доўгі час сталі ардынскімі правінцыямі. Пасожскія землі Смаленскага княства таксама, як сведчаць ускосныя даныя, не абмінулі гэтай навалы, аднак смаленскія князі прызналі сваю васальную залежнасць ад арды толькі ў 70-я гады XIII ст. У 1239 г. Чарнігаў разам са значнай часткай левабярэжжа Дняпра быў узяты войскамі мангола-татараў. Паводле некаторых дадзеных, імі ж быў разбураны і Гомель. А вось лёс Чачэрска і зямель Кармяншчыны застаецца невядомым. Хутчэй за ўсё, па іх тэрыторыі таксама праходзілі полчышчы гэтых заваёўнікаў. Чачэрск жа заставаўся ўдзельным цэнтрам, дзе згасала мясцовая княжацкая дынастыя.

Аўтар: Валерый Варганаў, настаўнік гісторыі Ворнаўскай школы