У пераднавагодні час усе школы нашага горада ужо шмат год запар упрыгожваюць свае вокны разнастайнымі ўпрыгажэннямі і фігурамі з паперы. Часцей за ўсё гэта розныя камбінацыі і варыянты сняжынак, Дзядоў Марозаў або казачных персанажаў.
У школе № 19 у гэтым годзе вырашылі падыйсці да афармлення як заўсёды крэатыўна і звярнуліся ў сваіх упрыгажэннях да нацыянальных матываў.
Варвара Ібрагімаўна Двалішвілі, аўтар ідэі, настаўніца СШ № 19 г. Гомеля:
“У гэтым годзе мы паспрабавалі адыйсці ад шаблонных выяваў пры афармленні нашых вокнаў. Мы хацелі б каб Новы год быў сапраўды беларускім і таму звярнуліся да нашай культуры і традыцый у пошуку ідэй для ўпрыгажэнняў. Так намі былі выкарыстаны калядныя матывы, традыцыйная беларуская хатка і беларускі рушнік з нацыянальным арнаментам. Мы хацелі б шчыра павіншаваць усіх беларусаў з надыходзячым святам і нагадаць, што мы павінны перш за ўсё шанаваць сваё, роднае”.
Застаецца спадзявацца што гэты выпадак ня будзе прыемным выключэннем з правілаў і астатнія школы горада падхопяць ініцыятыву, а гамельчукі дзякуючы ім будуць атрымоўваць эстэтычную асалоду ад выяваў і не будуць забывацца на свае карані.
P.S. На вялікі жаль даводзіцца канстатаваць, што адна з самых лепшых “кузняў” мастакоў і архітэктараў у Гомелі, былая “Архітэктурна-мастацкая школа №19” з наступнага года стане звычайнай сярэдняй школай і традыцыі, калектыў настаўнікаў і досвед да якога йшлі цягам доўгіх дзесяцігоддзяў стануцца незапатрабаванымі.
Будзем шчыра спадзявацца, што гарадскія ўлады шчэ зменяць сітуацыю, бо без такіх адукацыйных цэнтраў і нашая адукацыя, і культура моцна збяднеюць.
Аўтар: Яўген Меркіс
Фатаздымкі: Марыся Тульжанкова