5 гадоў назад, 27 лiстапада 2004 года, ў Нiсiмкавiцкім дзіцячым садзе – сярэдняй школе адбылося вялікае свята – установа адукацыі адзначала сваё 140-годдзе. На святкаванні юбілею прысутнiчала больш за 200 выпускнiкоў розных гадоў і настаўнікаў, якія працавалі ў школе. І вось зноў юбілей.
Згодна з архiўнымi дакументамi, якiя мы атрымалi з Нацыянальнага Гiстарычнага архiва Беларусi, у 1864 годзе ў ходзе школьнай рэформы ў Нiсiмкавiчах было заснавана пачатковае народнае вучылiшча. Першым настаўнiкам i законавучыцелем быў святар Фёдар Iгнатавiч Мiгай, якi закончыў Магiлёўскаю духоўную семiнарыю. Невядома, колькi вучняў было ў той час, але ужо ў 1881 годзе вучылiшча наведвалi 15 хлопчыкаў i 2 дзяўчынкi, а ў 1885 годзе – 22 хлопчыкi i 5 дзяўчынак. Нiсiмкавiцкае пачатковае народнае вучылiшча падпарадкоўвалася Мiнiстэрству народнай асветы i ўтрымлiвалася за кошт казны. Яно было аднакласным, дзецi займалiся 3-4 гады. З 1886 года школа стала царкоўна-прыходскай. У прыход Нiсiмкавiцкай Георгiеўскай праваслаўнай царквы ўваходзiлi 4053 прыхаджанiны, ёй належала 40 дзесяцiн зямлi. У 1903 годзе Нiсiмкавiцкае аднакласнае народнае вучылiшча мае ўласны будынак i ў iм навучаецца 57 хлопчыкаў i 5 дзяўчынак. У 1911 годзе разам з народным вучылiшчам функцыянiруе царкоўна – прыходская жаночая школа.
У 1917 годзе працуе земскае вучылiшча, якое мае ўласны будынак i надворныя пабудовы, 150 квадратных сажаняў зямлi. Заняткi пачыналiся 14 верасня, заканчваўся навучальны год 22 сакавiка. Навучанне было бясплатным, поўны курс навучэнцы праходзiлi за 4 гады. Настаўнiкам працавала Бекарэвiч Марыя Васiльеўна, законавучыцелем – святар Мiхаiл Рацэвiч.
У 1918 годзе на базе земскага вучылiшча была створана працоўная школа 1-й ступенi, у якой павiнны былi вучыцца дзецi ад 8 да 13 год.. Навучанне ў школе было бясплатным, абавязковым i сумесным.
У 1932 годзе Нiсiмкавiцкая працоўная школа была перетворана ў сямiгодку, а ў 1938 годзе школа стала сярэдняй. Яе першы выпуск адбыўся ў 1941 годзе. Пасля вайны школа зноў сямiгадовая, а з 1952 года i да сёняшняга дня – сярэдняя.
За сто сорак пяць гадоў iснавання школы ў ёй працавалi cотнi настаўнiкаў. Многiя пакiнулi пасля сябе добрую памяць. Iлья Усцiнавiч Лiзюкоў доўгiя гады працаваў настаўнiкам у Нiсiмкавiчах, а затым да 1935 года – дырэктарам працоўнай школы першай ступенi, cямiгодкi. Iлья Усцiнавiч пасля смерцi жонкi выхоўваў трох сыноў, якiя загiнулi ў гады Вялiкай Айчыннай вайны. Двое з iх, генерал-маёр Аляксандр Iльiч i палкоўнiк Пётр Iльiч сталi Героямi Савецкага Саюза.
1938 годзе, калi школа стала сярэдняй, дырэктарам быў прызначаны Сцяпан Якаўлевiч Хiлькевiч, якi заставаўся на гэтай пасадзе да Вялiкай Айчыннай вайны.
Па стане здароўя Сцяпана Якаўлевiча не ўзялi ў дзеючую армiю i ён становiцца сувязным i разведчыкам партызанскага атрада iмя М.I. Калiнiна, якiм камандаваў наш зямляк, былы дырэктар Нiсiмкавiцкай МТС, Пётр Антонавiч Балыкоў. Хiлькевiч актыўна i добрасумленна выконвае ўсе заданнi камандавання атрада , удзельнiчае ў знiшчэннi варожых гарнiзонаў. У час адной з аперацый Сцяпан Якаўлевiч быў схоплены фашыстамi. Пасля доўгiх допытаў i здзекванняў яго павесiлi на плошчы ў Чачэрску. Пасмяротна Сцяпан Якаўлевiч Хiлькевiч быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны другой ступенi. 9 мая 2006 года у нашай школе ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар С.Я. Хiлькевiча, а зараз мы праводзім работу каб яго iмем была названа вулiца ў вёсцы Нiсiмкавiчы.
Вядомы беларускi паэт Мiхась Захаравiч Башлакоў нарадзiўся ў вёсцы Баштан Гомельскага раёна. Але яго жыццёвы i творчы шлях звязаны i з Чачэршчынай. У 1970 годзе ў складзе студэнцкага будаўнiчага атрада працаваў на будаўнiцтве бальнiцы i школы ў горадзе Чачэрску. У 1973-1974 гадах, пасля заканчэння Гомельскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта , працаваў у нашай школе, дзе выкладаў нямецкую мову i рускую лiтаратуру. Мiхась Захаравiч з’яўляецца аўтарам паэтычных зборнiкаў «Начны паром», «Днi мае залатыя», «Пяро зязюлi паднiму», «Свiтальныя конi» i iншых. Падтрымлiвае сувязь з школай.
Аляксандр Пятровiч Вайцянкоў нарадзiўся ў вёсцы Нiсiмкавiчы ў сям’i настаўнiкаў i ўсё сваё жыццё таксама прысвяцiў школе. У 1955 годзе ён закончыў Нiсiмкавiцкую сярэднюю школу. Затым працаваў у школах раёна (Каменка, Палессе, Валосавiчы) i завочна вучыўся ў Гомельскiм дзяржаўным педагагiчным iнстытуце iмя В.П. Чкалава. З 1964 да 1978 года працаваў дырэктарам нашай школы. Праўда, быў перапынак у 1973-1975 гадах, калi Аляксандр Пятровiч працаваў загадчыкам Чачэрскага раённага аддзела адукацыi. Затым да выхаду на пенсiю ў 1996 годзе ён працаваў настаўнiкам гiсторыi. Памер 14 студзеня 2004 года.
За гады, якiя школа была сярэдняй, яе скончылi больш за 1300 чалавек. Не менш iх было i ў папярэднiя гады. Сярод выпускнiкоў школы настаўнiкi i ўрачы, вучоныя i вайскоўцы, iнжынеры i аграномы, простыя працаўнiкi горада i вёскi. Вось некаторыя з тых, кiм ганарыцца школа.
Петр Iльiч Лiзюкоў нарадзiўся ў 1909 годзе ў Гомелi. У 1921 годзе, пасля смерцi мацi, яны з бацькам пераехалi ў Нiсiмкавiчы. Закончыўшы ў 1923 годзе 5 класаў Нiсiмкавiцкай працоўнай школы 1-й ступенi, працягваў адукацыю ў Чачэрску. У 1927 годзе паступiў у Ленiнградскую артылерыйскую школу iмя Чырвонага Кастрычнiка, якую закончыў у 1931. З першых дзён Вялiкай Айчыннай вайны на фронце: на Заходнiм, Паўднёва-Заходнiм, Ленiнградскiм, 3-м Беларускiм франтах – камандзiр артылерыйскага дывiзiёна, знiшчальна-процiтанкавага артылерыйскага палка, брыгады. 30 студзеня 1945 года ў адным з баёў Пётр Iльiч загiнуў. Пасмяротна яму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Пархоменка Уладзiмiр Паўлавiч нарадзiўся 3 лiстапада 1940 года ў вёсцы Каменка. У 1958 годзе закончыў Нiсiмкавiцкую сярэднюю школу, затым вучыўся ў Гомельскiм дзяржаўным педагагiчнымiнстытуце iмя В.П. Чкалава. Пасля заканчэння працаваў настаўнiкам матэматыкi ў нашай школе, у Дзяржкамiтэце БССР па прафтэхадукацыi , у Савеце Мiнiстраў БССР, намеснiкам Мiнiстра народнай адукацыi БССР, дырэктарам Беларускага навукова-даследчага iнстытута адукацыi. Аўтар шэрагу навуковых прац па праблемах педагогiкi. Доктар педагагiчных навук, прафесар, галоўны рэдактар часопiса «Адукацыя iвыхаванне», выдае часопіс “Шчаслівая сям’я”.
Балігатаў Аляксандр Васільевіч, нарадзіўся 9 ліпеня 1954 года ў пас. Усошнае. У 1971 годзе закончыў Нiсiмкавiцкую сярэднюю школу i паступiў у Вольскае вышэйшае ваеннае вучылішча тылу. Пасля заканчэння вучылішча працаваў на розных пасадах у Савецкай Арміі, Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. У 1985 годзе з адзнакай і залатым медалём закончыў Ваенную акадэмію тылу і транспарта. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 лістапада 2006 года быў назначаны намеснікам Міністра абароны па тылу – начальнікам тылу Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. 15 лютага 2007 года Прэзідэнт Беларусі прысвоіў палкоўніку Аляксандру Балігатаву наступнае вайсковае званне генерал –маёра.
Маркiн Вiктар Сцяпанавiч нарадзiўся 30 лiпеня 1960 года ў вёсцы Рудня-Нiсiмкавiцкая. У 1977 годзе закончыў Нiсiмкавiцкую сярэднюю школу i паступiў у Мiнскае вышэйшае iнжынернае зенiтна – ракетнае вучылiшча супрацьпаветранай абароны. Зараз працуе вядучым навуковым супрацоўнiкам Цэнтральнага навукова-даследчага выпрабавальнага iнстытута Мiнiстэрства абароны Расiйскай Федэрацыi ў горадзе Варонежы. Кандыдат тэхнiчных навук, дацэнт, палкоўнiк. З’яўляецца аўтарам больш за 90 навуковых прац.
Паходава Святлана Паўлаўна ў 1973 годзе закончыла 8 класаў Нісімкавіцкай сярэдняй школы і паступіла ў Віцебскі тэхнікум лёгкай прамысловасці. Пазля заканчэння тэхнікума працавала па спецыяльнасці, у 1983 годзе прынята на службу ў органы ўнутраных спраў на пасаду начальніка раскройнага цэху Гомельскай жаночай калоніі. С тых пор працуе ў калоніі. Зараз палкоўнік унутранай службы Святлана Паходава з’яўляецца начальнікам жаночай калоніі №4 ў Гомелі. Яна адзіная жанчына палкоўнік ў Гомельскай вобласці.
Аўтар: Аляксандр Ганчароў