Некаторыя аспекты вырашэння гендарных узаемаадносін у беларускіх сацыяльна-побытавых замовах

0
536
Некаторыя аспекты вырашэння гендарных узаемаадносін у беларускіх сацыяльна-побытавых замовах

З таго часу, як чалавек спасцігнуў сілу слова і прыпісаў яго з’яўленне міласці-дарам бостваў, узнікла вера ў звышнатуральную моц слова, здольную дапамагаць ва ўсіх жыццёвых сітуацыях. Напрыклад, пры падрыхтоўцы да палявання ўсімі членамі грамады прамаўляліся спецыяльныя для дадзенай сітуацыі вербальныя формулы з мэтай забеспячэння станоўчага выніку. З цягам часу актыўнымі замаўляльнікамі становяцца асобныя людзі — прафесіяналы («пасвячоныя»), тыя ведуны, якія замоўным словам, пэўнымі дзеяннямі і прадметамі імкнуліся ўздзейнічаць на сілы-духі ў пажаданым для чалавека напрамку. Ятттчэ пазней іх змянілі «бабкі-шаптухі», «лекаркі», «чарадзейкі», «калдуны», якія ведалі на памяць дзясяткі замоў розных функцыянальна-тэматычных груп (лекавыя, гаспадарчыя, сямейна-бытавыя, сацыяльныя) і з іх дапамогай імкнуліся ўздзейнічаць на агрэсіўныя сілы, што парушалі гармонію ў касмічнай прасторы, наваколлі, грамадстве. Гэтыя замовы склалі адметны пласт у этнічным фальклорным полі.

Фальклорны ландшафт Гомельскага Палесся шматвектарны і рознабакова скіраваны. Аснова яго — найбольш старажытны пласт, які ўвабраў у сябе міфы, казкі, абрады, прыкметы, замовы і іншыя жанры. У масіве сямейна-побытавых замоў вылучаюцца любоўныя тэксты, так званыя «прысушкі» і «адсушкі», якія часцей за ўсё адлюстроўвалі пачуцці жанчыны (жаданне кахання, узаемнасці). Гэта творы пра няпростыя ўзаемаадносіны паміж мужчынам і жанчынай, пра шчасце і няшчасце, каханне і здраду. Такім чынам, і любоўныя замовы ўяўляюць сабой арыентаваны дыскурс (які складаецца з мноства кадыфікаваных знакаў) на рэалізацыю патрэбы быць каханым. Гэтае пачуццё мае вялікае значэнне ў забеспячэнні здароўя і асабліва псіхалагічнай раўнавагі чалавека. Калі каханне ўзаемнае, то натхняе закаханых на творчасць, дапамагае раскрыць іх лепшыя якасці, і наадварот, каханне без узаемнасці прыносіць шчымлівы боль, пакутлівыя перажыванні. У такім выпадку закаханы спадзяваўся толькі на выпрабаваны часам спосаб дабіцца ўзаемнасці — звярнуцца да замоў, у аснову якіх пакладзены магічныя вераванні нашых продкаў у звышнатуральную сілу слова. Шукаючы паратунку ад душэўнага болю з прычыны адсутнасці ўзаемнасці ў каханні, душэўнай раны, нанесенай здрадай каханага або мужа, жанчына-замаўляльнік апавядала пра тое, што было для яе асабістым, інтымным. Асабліва кранальнымі з’яўляюцца варыянты, дзе гучыць просьба да Маці Божай аб вяртанні мужа, што пакінуў жонку і дзяцей: «… свеце ціхій, і ты, Матушка святая Багародзіца, дапамажыце мне ў жаночай справе. Дапамажыце вярнуць мужа майго. На ночы, на ўтренней заре і на вечеры, на перекрой месяца праходзьце, мае словы ва ўсе шчэлі зямныя, ва ўсе омуты глухія. Вярніце сляды майго чалавека на сваё месца, у сваю хату» [1*]. Шчырыя, памяркоўныя словы без наракання ў адрас мужа-здрадніка ці жанчыны-разлучніцы характарызуюць замаўляльніка як мудрую і добразычлівую жанчыну-маці, якая ведае, што ніякімі пагрозамі, праклёнамі і нараканнямі сямейную праблему не вырашыць. Цікавай падаецца і «Адсушка» [2*], дзе на сакральным месцы знаходзіцца «дубовая грабніца, у нёй ляжыць красная дзевіца»; замаўляльнік просіць, каб у адрасата па аналогіі з памерлай, у якой «кроў не разгараецца… сэрца не сакрушаецца», «так бы іў (імя) сэрца не сакрушалася, кроў не разгаралася». Толькі ў такім выпадку закаханая можа разлічваць на псіхалагічны камфорт: «…сама б не ўбівалася, у таску не ўдавалася», бо «тоска тоскучая, горе горючее» нараджаюць «думу непобедзімую і болі неўмалімую», што прыносіць «злу худобускорбі і болезні». Уздзеянне замовы павялічваецца шляхам выкарыстання шматлікіх паўтораў і эпітэтаў, мастацкіх сродкаў, якія з выключнай экспрэсіўнасцю перадаюць адчай, роспач, што перажывае дзяўчына. А ў замове «Ад таскі» [3*] паведамляецца і дзейсны спосаб «лячэння ад суму»: «Трэба чытаць на ваду днём у 12 гадзін перад агнём (печкай, свячой) 3 раза, пасля кожнага раза сплёўваць цераз левае плячо. Перад сном памыць гэтай вадой твар і грудзь, дзе баліць душа, піць па 3 глытка 3 дні. Гэта паўтараць праз 3 дні: “Вада-вадзіца істочніца, ходзіла по морям, по горам, по пескам, по белым корешкам. Пескі размывалісь, у рабы Божай (імя) тоску і болезні прогоняла”». Звяртае на сябе ўвагу актуалізацыя сакральнасімвалічнай сутнасці лікаў. У прыведзеным прыкладзе такой з яўляецца магічная тройка. Алена Веніямінаўна Гаціла, 1935 г. н., з вёскі Малева на Нясвіжчыне ведае даволі экзатычны спосаб «сохранить или исправить семейные взаимоотношения»: «Кто на Благовещение с утра и до ночи назовёт мужа 40 раз “милый”, весь год у мужа любимой будет». У яе ж арсенале ёсць яшчэ адзін надзейны, выпрабаваны часам рэцэпт: «Чтобы муж и жена больше дорожили друг другом, надо в ночь перед Рождеством зажечь 2 свечи белого воска, скрученные между собой, читать 12 раз и обязательно сжечь эти свечи до самого конца: “Благослови, Господи, нас (имя мужа и жены), век по веку, отныне и до веку. Как эти свечи ярко горят, вместе с воском прольются, так и мы (имена), вместе, чтоб прожнлі ярко, друг друга любили”».

Адносіны да разлучніцы ў замовах дэманструюцца даволі жорстка: жаданне, каб «рэўнасць лютая злой разлучніцы» была спалена агнём свечкі і дзейсным словам замовы: «…растапіце тую льдзінку калючую (што закралася ў сэрца каханага. — С. В.), ёй (разлучніцы. — С. В.) слязой вярніце гаручаю» [4*]. У замове адлбюстравана ўся гама пачуццяў, што хаваюцца ў душы пакрыўджанай жанчыны. Каб адлюстраваць катарсіс душы, аўтар-творца знаходзіць простыя выразныя, палымяна-пранікнёныя, а часам і жорсткія словы. Каханне і нянавісць знаходзяцца на дыяметральна супрацьлеглых вектарах псіхалагічнага стану чалавека, але мяжа паміж імі тонкая, і часта закаханая або закаханы, знаходзячыся ў стане афекту, пераступаюць гэтую мяжу.

Зусім у іншай танальнасці перадаюцца перажыванні і спадзяванні закаханай дзяўчыны. У такіх варыянтах замоўнае слова выступае як чарадзейны гаючы сродак, здольны дараваць шчасце з каханым. Найвышэйшая ступень духоўнага яднання, дзе не можа быць унутраных сумненняў, ваганняў, адлюстравана ў замове «Любоўная (прысушка)», запісанай на Веткаўшчыне ад Пятра Уладзіміравіча Казімірава і Паліны Іванаўны Навіцкай. Тут мадэліруецца маральна-псіхалагічны свет закаханых, ствараецца дасканалая формула чалавечага шчасця. Па перакананні інфарматараў, закаханых павінна яднаць сардэчнасць, унутраная блізкасць, давер, узаемапаразуменне. Замаўляльнік-дзяўчына выявіла сябе чалавекам, які тонка разумее сувязь прыродных кампанентаў, іх узаемадзеянне і праецыруе прыродныя з’явы на інтымна-пачуццёвы свет аб’екта: «Як краснае сонейка ззяе, прыпякае мхі і балоты, чорныя гразі, так і ты прыбягай, ка мне прысыхай, к рабе Божай. Вочы ў вочы, сэрца ў сэрца, мыслі ў мыслі… ». Згадванне прыродных аб’ектаў сінтэтычна спалучаецца з «пейзажам» душы закаханай, і гэтая сувязь перадаецца, трансфармуецца ў спасціжэнне асноў быцця, уласных жыццёвых прынцыпаў, што і нараджае эфект гармоніі прыроды і чалавека, дзвюх сфер — паэтычнай (эмацыянальна-мастацкай) і ўнутранай (псіхалагічнай, асабіста-духоўнай). Высакароднаць закаханых, іх духоўная і душэўная блізкасць становяцца кодавымі ў раскрыцці ідэйнага зместу твора.

У запісах, зафіксаваных на тэрыторыі Жыткавіцкага раёна, сустрэўся даволі рэдкі выпадак — «прысушка», што прамаўлялася мужчынам. Яе адрознівае і стыль — у большай ступені энергічна-пабуджальны. Гэта стан чалавека, які не можа вырвацца зпад улады пачуццяў, што яго апанавалі: «Выпускаю я сілу магучу на (імя) красну дзеўчыну… Будзь ты, сіла магуча, у (імя) краснай дзеўчыне несходна, жгі ты, сіла магуча, яе кроў, яе сэрца на любоў к (імя хлопца) палюбоўнаму хлопцуХто з мора ўсю вадзіцу вып ’е, і таму мой загавор не адолець» [5*]. Замоўны тэкст эмацыянальна насычаны, для яго характэрна непарушнасць сказанага, вера ў тое, што каханне павінна адчувацца ўсімі часткамі арганізма, што падкрэсліваецца падрабязным пералічэннем: «… саджу я сілу магучу ў ва ўсе суставы, паўсуставы, ва ўсе косці і паўкосці, ва ўсе жылы і паўжылы, у яе вочы ясныя, у яе шчокі румяныя, у яе белу грудзь, у яе сэрца, у ўтробу, у яе рукі і ногі». Адпаведна, можна казаць пра гендарную маркіраванасць такіх тэкстаў, бо для наступнага «жаночага» варыянта характэрна гарманічная карціна пачуццяў прыроды і чалавека: «Я святою вадою ўмываюса, золатам уціраюса, а сонейкам одзеюса, а месяцам падперажуса, а зоркамі засцегнуса — я нікога не боюса. Як сонцэ і месяц на ўвесь свет свецяць, так каб я была на ўвесь свет міла й люба Одамку» [6*]. Падобная замова была запісана і ў вёсцы Краўцоўка Гомельскага раёна ад Г. Р. Сядой, 1925 г. н. Але тут замест уласнага імя пазначана «міла і люба (імя каму) », а тэкст суправаджаецца каментарыем інфарматара: «Замаўляць тры разы вечарам. Таксама можна замаўляць на нейкую адзежу любага і трымаць яе ў сябе». Дадзенае ўдакладненне мае адзнакі кантагіёзнай магіі. Пяшчота, цеплыня, сардэчнасць, з якой дзяўчына адносіцца да каханага, выражаюцца памяншальна-ласкальным суфіксам — «Одамку». Такім чынам, калі ў «мужчынскай» замове хлопец звяртаецца да «сілы магучай», неўтаймаванай, то ў «жаночай» дзяўчына дзейнічае пры дапамозе гарманічнай касмічнай сілы. Такія ўнутраныя перажыванні і глыбокія пачуцці ствараюць пэўны эмацыянальны фон твора, адсюль і ліра-паэтычная манера выказвання пажадання, што перадаецца вобразнаэмацыянальнымі сродкамі. У тэксце своеасабліва пераплятаюцца лірычны і драматычны пачаткі, што дае магчымасць аўтару-творцу сінтэзаваць вобразы розных узроўняў: касмалагічныя, царкоўна-рэлігійныя, фальклорныя і побытавыя.

Такім чынам, праведзены аналіз паказвае, што тэматычная група сямейнапобытавых (а ў іх складзе і любоўных) замоў — гэта мазаіка пачуццяў і перажыванняў закаханага чалавека, якая сфарміравала адметны комплекс вобразаў, лінгвістычных сродкаў, што характарызуюць той ці іншы тып маральна-этычных якасцей закаханага, перадаюць шырокую гаму пачуццяў — цёплых, шчырых, сардэчных або горкіх, гняўліва-роспачных.

Спіс інфарматараў

1*. А. М. Быхан, 1900 г. н., г.Жыткавічы.

2*. С. І. Матарас, 1932 г. н., г. Тураў.

3*. Т. Р. Гулюта, 1940 г. н., г.Жыткавічы.

4*. В. П. Воўк, 1967 г. н., г.Жыткавічы.

5*. Я. А. Глушань, 1937 г. н., в. Грычынавічы.

6*. Н. В. Аліфіравец, 1937 г. н., в. Азяраны.


Аўтар:
С.А. Вяргеенка
Крыніца: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 26 / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А.І. Лакотка. — Мінск: Права і эканоміка, 2019. — С. 200-203.