У сістэме беларускіх народных гаворак адзін са старажытнейшых куткоў Палесся – Тураўшчына – вылучаецца сваёй непаўторнасцю і яркай самабытнасцю ў фанетыцы, лексіцы, слоўнікавым складзе. Побач з агульнанароднымі словамі тут функцыянуюць вузкарэгіянальныя, мясцовыя, што адрозніваюцца ад літаратурных адпаведнікаў гукавымі, граматычнымі ці словаўтваральнымі паказчыкамі.
Гэта тычыцца і адной з груп лексікі хатняга ўжытку, якая з’яўляецца часткай матэрыяльнай культуры беларусаў, – посуду (назваў ‘гаспадарчага начыння для прыгатавання і падачы ежы, пітва’ [1, ІV, с. 294]).
Аб’ектам нашага даследавання з’явіліся дыялектныя адзінкі рознага віду посуду і прылад, якія выкарыстоўваюцца ў мясцовых гаворках жыхароў Турава і яго наваколля (крыніцай фактычнага матэрыялу з’явіўся Тураўскі слоўнік).
З абагульняючых назваў хатняга посуду тут ужываецца дыялектызм чэрэ́п’е: Ч э р э́ п’е – это міскі, чугуны, горшкі [2, V, с. 314].
Прадметна-тэматычную класіфікацыю найменняў посуду ў залежнасці ад прызначэння можна прадставіць наступным чынам:
- Кухонны посуд, да якога адносяцца гаршкі, чыгункі, скóварады, каструлі, а таксама кухонныя прылады – цёркі і рэшата.
Літаратурнае найменне гаршчóк (‘круглая выпуклая гліняная пасудзіна са звужаным дном для гатавання стравы’ і ‘прадаўгаватая гліняная пасудзіна ў выглядзе ўсечанага конуса для хатніх раслін’) [1, ІІ, с. 35] на Тураўшчыне ўжываецца ў фанетычных варыянтах гóршчык і горшчóк: У мене маленькіе г ó р ш ч ы к і. Крупнік у г ó р ш к у прыставіла ў печэ [2, І, с. 223]. Вялікі гаршчок мае найменні горшчы́шчэ: О такі г о р ш ч ы́ ш ч э! [2, І, с. 223] і шэстокóўка [2, V, с. 356], а маленькі – варэ́йка, вэрэ́йка: Долі водою, шоб не была в э р э́ й к а порóжня [2, І, с. 107].
Макацёр, або макатрá (‘гліняная пасудзіна, вузкая ўнізе і шырокая зверху, у якой звычайна труць мак, ільняное і канаплянае семя і інш.’) [1, ІІІ, с. 87] прадстаўлена фанетычнымі варыянтамі макоцёр, мокоцёр, макóтра (памянш. макотрык): М а к о ц ё р – посуда така. Як велікі, то макоцёр, а як мéншы, то макóтрык казалі [2, ІІІ, с. 62]; У м о к о т р э́ подбіваём млінцэ [2, ІІІ, с. 85].
Шырока прадстаўлены дыялектныя найменні для назвы гаршкоў з чыгуну, або чыгунóў. У Тураўскім слоўніку зафіксаваны як нарматыўная адзінка чыгу́н (Кладзе повен ч ы г у́ н да ў водзе варыць [2, V, с. 300]), так шматлікія фанетычныя і словаўтваральныя варыянты: чугу́н, чагу́н (памянш. чыгунéц, чігу́нчік, чыгу́нчык; павеліч. чугуні́ло, чугуні́шчэ), чаву́н: У нас ч у г у́ н, а на Полéсьі ч а в у́ н кажуць. Такі ч ы г у н é ц е то кажны берэ на сенокос. А коло гню стояў ч і г у́ н ч і к з водою. Поставіш ч у г у н і́ л о таке, як ведро, да лупіш ту вускарку. Вот тоўсты, як ч у г у н і́ ш ч э. Не осталось парожняга ч а в у́ н а [2, V, с. 300]; ужываюцца таксама лексічныя сінонімы лёндар (памянш. лёндрык) і лóндар: Л ё н д р ы к быў чыгунны [2, ІІІ, с. 29].
Чыгунны кацёл для стравы (згодна з Тлумачальным слоўнікам беларускай мовы) мае назву сагáн [1, V, с. 14]. На Тураўшчыне сагáн (памянш. сагáнчык) і сагáнец – гэта высокія чыгуны з вушкамі: С а г á н – ек чугун, толькі стоўбуноваты. Такі доўгі чугунчык з ручкою, то с а г á н ч ы к [2, V, с. 8].
Назва каструлі, і ў прыватнасці каструлькі з доўгай ручкай, прадстаўлена толькі адной дыялектнай намінацыяй – рóндэль:
Два р ó н д э л і масла натóпленого стоіць [2, ІV, с. 310].
Мелкая металічная пасудзіна круглай формы для смажання – патэльня [1, V, с. 146], або скаварадá – ужываецца ў фанетычным варыянце сковородá: С к о в о р о д тры наглых мліноў спеку і хваціць вам [2, V, с. 44].
Прадмет кухоннага ўжытку – металічная пласцінка з дзіркамі, якая служыць для раздрабнення, расцірання чаго-небудзь, у беларускай літаратурнай мове мае найменне тáрка [1, V, с. 479], аднак на Тураўшчыне ўжываецца русізм цёрка і яго варыянты цéртка і цёртка: Труць картоплі на ц é р т к у. Ц ё р т к а для того, шоб картоплі на латкі. [2, V, с. 270].
Адна з кухонных прылад – рэ́шата – на Тураўшчыне ўжываецца ў лексічных варыянтах сі́то і сі́тэ (памянш. сі́тцэ): Сеюць на с і́ т о муку да хлеб пекуць. У нас с і́ т э старэ загінуло. Новэ с і́ т ц э на колочку вісіць [2, V, с. 37], а таксама акцэнтных і фанетычных: рэ́шэто, рэшэтó, рэшóта і рэшóто: Р э́ ш э т ó рэ́дке, а сіто густэе. Рэдко р э ш ó т о муку сеяць, а частое сіто зовэцца [2, ІV, с. 350].
- Сталовы посуд, да якога адносяцца міскі, талеркі, а таксама сталовыя прылады – лыжкі, апалонікі, відэльцы і нажы.
Для наймення шырокай і глыбокай, круглай формы, пасудзіны для яды [1, ІІІ, с. 163] – мі́скі – у тураўскіх гаворках ужываюцца літаратурныя назвы мі́ска: М і́ с к а була сала з одное ву́тву [2, ІІІ, с. 82] і мі́са: Наробіласа і з’ела цэлу м і́ с у крышаноў [2, ІІІ, с. 82]. Для назвы глінянай міскі ўжываецца намінацыя чэрэп’я́нка: А коліся так міска була, больш, як одэ́та ч э р э п’я н к а [2, V, с. 315].
У сучаснай унармаванай мове назвы макацёр і макатрá маюць значэнне ‘гліняная пасудзіна, вузкая ўнізе і шырокая зверху, у якой звычайна труць мак, ільняное і канаплянае семя і інш.’ [1, ІІІ, с. 87]. Між тым, у гаворках Тураўшчыны гэтыя нарматыўныя адзінкі, як і дыялектныя лексемы макоцёр і акцэнтны варыянт макóтра (памянш. макóтрык), ужываюцца для наймення любых місак: Як велікі, то м а к о ц ё р, а як меншы, то м а к ó т р ы к казалі [2, ІІІ, с. 62]. Вялікую міску з дзірачкамі ў дне называюць цадзі́ло: Сходзі, дочко, к бабі да ц а д з і́ л о прынесі, трэ цесто расчыніць [2, V, с. 261].
Для назвы ‘прадмета сталовага прыбора для зачэрпвання рэдкай або рассыпістай ежы’ [1, ІІІ, с. 64] – лы́жкі – выкарыстоўваецца рускі варыянт лóжка: Л ó ж к а з дзерэва кленового робіцца, з яблоні вона жóўта. Л ó ж к о ю беры еж! [2, ІІІ, с. 39]. Вялікую лыжку, якой разліваюць страву, – апалóнік [1, І, с. 242] – на Тураўшчыне называюць вару́хай: В а р у́ х у вырэзвалі з дзерэва. Ложку в а р у́ х у з доўгім дзержаком робілі [2, І, с. 107]; выкарыстоўваецца таксама сінонім чэрпáк, які з’яўляецца фанетычным варыянтам літаратурнай назвы чарпáк (‘коўш, пасудзіна для чэрпання якой-небудзь вадкасці’ [1, V/2, с. 302]): Ч э р п á к супу [2, V, с. 312].
Назва прылады для рэзання ў тураўскіх гаворках ужываецца ў літаратурным варыянце – нож: На н о ж á цэділі молокó, шоб вéдьма не отбірáла ў корóву [2, ІІІ, с. 211]. Невялікі складаны кішэнны нож [1, V/1, с. 416] мае літаратурна замацаваную назву сцізóрык: Вышчарбленае лязо ў нажы, сцізорыку [2, V, с. 306]. З адценнем зневажальнасці ўжываюцца дыялектныя лексемы для наймення дрэннага нажа – чы́кель: Баба да гэтым тупі́м ч ы́ к е л е м можэ зробіць кобанчыку аперацыю [2, V, с. 305] і чы́пель (чэ́пель): Ой, то нож? То ч ы́ п е л ь! [2, V, с. 306].
- Посуд на пітво, з якога п’юць і ў якім трымаюць пітво – слоікі, банкі, глякі, гладышы, коўшыкі, чаркі.
Бáнка (‘шкляная або бляшаная пасудзіна, звычайна цыліндрычнай формы’ [1, І, с. 338]) у тураўскіх гаворках мае найменне сцекля́нка: От, с ц е к л я́ н о к дзве я назбіраю, то с ц е к л я́ н к а масла [2, V, с. 124].
Літаратурнае найменне невялікай шкляной або глінянай пасудзіны [1, V/1, с. 206] – слóіка – таксама выкарыстоўваецца на Тураўшчыне разам з памяншальным варыянтам слóйчык: У лодысцы молоко і ў с л ó і к у. Прынесі мне с л ó й ч ы к молока, я даўно не піла его [2, V, с. 57].
Лексема збан тут выкарыстоўваецца з тым жа значэннем, што і ў літаратурнай мове – ‘высокая гліняная пасудзіна, якая звужаецца ўверсе і мае звычайна ручку і носік’ [1, ІІ, с. 426]: До поры з б а н воду носіць, ек дужка оторвецца, то й вода розольецца (прыказка) [2, ІІ, с. 136]. Гэта тычыцца і намінацыі глады́шка, якая ўжываецца са значэннем ‘збан без ручкі’ як у літаратурнай мове [1, ІІ, с. 55], так і дыялектнай мове Тураўшчыны: У г л а д ы́ ш ц ы вуха нема, а ў глёку е. Г л а д ы́ ш к і ў печ поставіла, шоб молоко топілосо [2, І, с. 201].
Нізкая гліняная пасудзіна з выпуклымі бакамі і вузкім горлам ў беларускай літаратурнай мове адзначана намінацыяй гляк (памянш.-ласк. глячóк) [1, ІІ, с. 61]; у тураўскіх гаворках зафіксаваны намінацыі глéчык і глёк: Озьміце г л é ч ы к а по ягоды. Як вузкая шыйка у г л é ч ы к а, то больш сметаны. Г л ё к і для молока лучшэ поліваные [2, І, с. 202].
Бу́цёл у тураўскіх гаворках – гэта гляк з носікам (каля 2 л): З б у́ ц ё л а молока собе налі, хлопче, а то з гладышкі розольеш [2, І, с. 99] (гляк (памянш. глячок) згодна з ТСБМ ‘нізкая гліняная пасудзіна з выпуклымі бакамі і вузкім горлам’ [1, ІІ, с. 61]).
Шырокая круглая пасудзіна з ручкай для зачэрпвання вадкасці [1, ІІ, c. 718] – кóўш (памянш. кóўшык) – тут мае найменне ваганóк [2, І, с. 102].
Чáрка (памянш. чáрачка) – ‘невялікая шкляная пасудзіна на ножцы для піцця спіртных напіткаў’ [1, V/2, с. 298]’ – ужываецца як у літаратурным варыянце чáрка: Одноéю ч á р к о ю обходзіліса кругóм кóлісь, так і варыянтах: фанетычным – чáрочка (памянш.): Тая ч á р о ч к а мо двадцаць грам була? [2, V, с. 287] і словаўтваральным – чары́на (памянш. чары́нка): Хоць бу ужэ яку́ ч а р ы́ н у вупіў на с’ято! Колісь ву́п’е еку ч а р ы́ н к у да й усе [2, V, с. 288].
- Драўляны посуд.
Барыла ў сучаснай беларускай літаратурнай мове мае значэнне ‘заднёная з двух бакоў невялікая бочачка для напіткаў’ [1, І, с. 346]. На Тураўшчыне выкарыстоўваюцца фанетычныя варыянты бары́ло і боры́ло для наймення 1) невялікай двухдоннай бочачкі з дзіркай збоку для напіткаў, вады [2, І, с. 43] і 2) упрыгожвання з цеста на вясельным перніку (памянш. бары́лцэ) [2, І, с. 43].
Назва невялікай пасудзіны для трымання солі ў літаратурнай мове зафіксавана дзвюма намінацыямі: сальні́ца (памянш.-ласк. сальні́чка) і саля́нка [1, V/1, с. 30]. У дыялектнай мове Тураўшчыны выкарыстоўваюцца варыянты – акцэнтны: сáльніца [2, V, с. 10] і фанетычныя – сольні́ца і соля́нка: С о л ь н і́ ц а коло печы вісела проці шыі . С о л я́ н к у вудоўбвалі, і стояла вона на столе [2, V, с. 72].
Зафіксавана і адзіночнае найменне пасудзіны з клёпак на мёд – укрóй: У к р ó й, бу дзежа на мед [2, V, с. 192].
Такім чынам, прааналізаваны матэрыял дазваляе зрабіць наступны вывад: у гаворках Тураўшчыны для намінацыі літаратурных адзінак посуду і прылад шырока ўжываюцца дыялектныя найменні, якія прадстаўлены фанетычнымі, акцэнтнымі і словаўтваральнымі варыянтамі, а таксама лексічнымі сінонімамі.
Літаратура
- Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5 т. / пад агул. рэд. К. К. Атраховіча. – Мінск: БелСЭ, 1977–1984. – Т. 1 –5.
- Тураўскі слоўнік: у 5 т. / склад. А. А. Крывіцкі, Г. А. Цыхун, І. Я. Яшкін [і інш.]. – Мінск: Навука і тэхніка, 1982–1987. – Т. 1–5.
Аўтары: В.А. Кісялёва, С.В. Чайкова
Крыніца: Надзённыя праблемы лексікалогіі і анамастыкі славянскіх моў: матэрыялы II Міжнароднай навуковай канферэнцыі: г. Мазыр, 22-23 красавіка 2010 года / Васіль Шур., МДПУ імя І. П. Шамякіна, 2010.