Народна-дыялектная мова з’яўляецца аксіянальна значнай часткай духоўнай культуры і ўяўляе асаблівую цікавасць для вывучэння. Важнае месца ў лексічнай сістэме нацыянальнай мовы займаюць сямейна-абрадавыя назвы, якія засноўваюцца на апазіцыі «чалавек – сям’я» як адной з галоўных карэляцый канцэптасферы духоўнай кудьтуры і называюць самыя значныя вехі і падзеі ў жыцці чалавека – нараджэнне, хрышчэнне, сватаўство, заручыны, вяселле, пахаванне. З усіх сямейных абрадаў найбольш поўна апісана вясельная абраднасць, якая, як адзначаюць даследчыкі, «з’яўляецца адным з найбольш устойлівых кампанентаў традыцыйна-бытавой культуры, што ў вядомай ступені абумоўлена замкнутасцю і кансерватыўнасцю сямейнага побыту» [1, с. 31]. Лексіка вясельнай абраднасці яшчэ не знайшла поўнага асвятлення ў беларускім мовазнаўстве.
У сістэме вясельных абрадаў вызначаюцца асноўныя, абавязковыя, або спецыфічныя і дадатковыя, факультатыўныя элементы. Асноўныя і дадатковыя абрады могуць быць, акрамя таго, устойліва прымеркаванымі, якія маюць строгую часавую прымеркаванасць, або мабільнымі, якія выконваюцца ў розных канкрэтных варыянтах у розны час вяселля [2, с. 12]. Сістэма абрадавых дзеянняў вясельнага цыклу мае, такім чынам, пэўныя лакальныя і часавыя параметры, свайго роду вясельны «хранатоп», у якім яна рэалізуецца.
Аб’ектам нашага даследавання з’яўляюцца назвы перадвясельнага вечара ў гаворках Гомельшчыны, крынщай фактычнага матэрыялу – дыялекталагічны архiў кафедры беларускай мовы ГДУ імя Ф. Скарыны, складзены па вышках дыялекталагічных практык, а таксама асобныя выданш фальклорна-этнаграф1чных матэрыялаў гэтага рэгіёна.
Апошні вечар перад вяселлем, які нявеста і жаніх праводзяць асобна, разам са сваімі сяброўкамі ці сябрамі, з’яўляецца абавязковым, прымеркаваным да пэўнага часу эпізодам перадвясельнай абраднасці і мае ў гаворках Гомельшчыны розныя назвы. Так, калі вяселле пачыналася ў нядзелю, гэты вечар праводзіўся ў суботу і называўся зборная субота. Калі ж першым днём вяселля была субота, то вечар быў у пятніцу і меў розныя назвы.
Самай пашыранай на Гомельшчыне з’яўляецца састаўная назва зборная субота, матываваная як часам правядзення, так і мэтай гэтага мерапрыемства – сабраць сябровак або сяброў. У некаторых мясцовасцях адзначаецца, што зборную суботу праводзілі як нявеста са сваімі сяброўкамі, так і жаніх з сябрамі, братамі і сёстрамі: У суботу перад свацьбай у жаніха і нявесты была зборная субота. Жаніх сабіраўся ў сваёй хаце, а нявеста – у сваёй (в. Мормаль, Жлоб. – ВТГ, с. 144).
У іншых рэгіёнах Гомельшчыны зборнай суботай называўся толькі вечар нявесты з сяброўкамі, а ў жаніха сустрэча з сябрамі ў гэты час мела назву хлапечнік: Жаніх хлапечнік збіраў (в. Азершчына, Рэч. – ВТГ, с. 383). Акрамя назвы зборная субота, для абазначэння вечара ў суботу перад вяселлем выкарыстоўваліся варыянтныя намінацыі суборная субота, вечар у суботу : На суборную суботу ўбіралі нявесту, хату (в. Буда-Люшаўская, Б.-Каш. – ВТГ, с. 196).
У многіх раёнах Гомельскай вобласці зафіксаваны наміцыі гэтага вечара, матываваныя суб’ектам дзеяння. Гэта пераважна аднаслоўныя найменні, адыменныя суфіксальныя дэрываты дзявочнік, дзявічнік, дзявішнік, дзявічкі, девічнік, дзевішнік, дзівішнік, дзяўчатнік, хлапечнік: Перад свадзьбай дзеўкі збіраліся ў пятніцу на дзявішнік (в. Дзімамеркі, Лоеўск. – ВТГ, с. 278); Звычайна дзявічкі збіраюць у пятніцу перад вяселлем (в. Іпалітаўка, Чач. – ВнГ, с. 462); На вечар напярэдадні вяселля ў нас казалі “дзявічнік” (в. Губічы, Б.-Каш. – ВТГ, с. 55); Вечар у дзяўчыны называўся дзяўчатнік (в. Сялец, Буда- Каш. – ВТГ, с. 63). Састаўной назвай у гэтай групе з’яўляецца даволі пашыраная на Гомельшчыне намінацыя дзявочы вечар, якая мае суб’ектна-тэмпаральную матывацыю: Перад вяселлем у суботу вечарам у маладой сабіраліся яе падружкі на дзявочы вечар (в. Вароніна, Жытк. – ВТГ, с. 192). Адзінкавай таксама з’яўляецца субстантываваная назва гэтага вечара – зборная, матываваная выконваемым дзеяннем: А ўжо ў суботу перад вяселлем кожны з маладых зборную рыхтаваў з дружкамі. Нявеста сабе, жаніх сабе (в. Азершчына, Рэч. – ВТГ, с. 383).
Тэмпаральную матывацыю маюць досыць распаўсюджаныя назвы аналізуемага перадвясельнага эпізода вечар, вечарына, вечарынка, вячоркі: Таксама збіраліся шахверкі нявесты і гулялі – называлася «вечар”(в. Шыхаў, Жлоб. – ВТГ, с. 155 ); Вечарынку гулялі перад свадзьбай (г. Ветка); Вячоркі – апошні вечар перад вяселлем (в. Покаць, Чач.).
У Брагінскім раёне занатавана назва прашчальны вечар з двайной матывацыяй, у якой адзначаецца час збору моладзі і мэта гэтага мерапрыемства: Перад свадзьбай у маладой быў прашчальны вечар (в. Хракавічы, Браг. – ВТГ, с. 47).
Экспрэсіўнай з’яўляецца аддзеяслоўная намінацыя гаратнік (ад гараваць), якая ўказвае на мінорную настраёвасць развітальнага з сяброўкамі вечара ў хаце нявесты: Вечар напярэдадні вяселля ў дзяўчыны называўся «гаратнік», таму што дзяўчына развітвалася назаўсёды з падружкамі, з маці, з родным дваром, … плакала на гэтым вечары (в. Янова, Гом. – ВТГ, с. 78).
Перадвясельны вечар быў насычаны разнастайнымі рытуальнымі дзеяннямі і актамі. Так, нявеста са сваімі сяброўкамі-дружкамі рыхтавалі вясельнае дрэўца, якое называлася ёлка, ёлачка, ялец, елец, вёльца, в’ёльца, велца, вельца, велейка, велечка, вельца свадзебнае дрэўца. Гэты абрад называўся «віць ельца», «віць елку». Днём дзяўчаты прыносілі з лесу маладую ёлачку, «завівалі” яе – упрыгожвалі рознакаляровымі папяровымі кветкамі, стужкамі, свечкамі, цукеркамі, на вярхушку ёлкі вешалі прыгожы вянок. Ёлку ставілі на стол, вакол «ёлкі” сядзелі дзяўчаты, спявалі песні. Затым ёлку хавалі ў кладоўку. Калі малады з дружкамі прыязджалі па нявесту, ёлку ўносілі ў хату, малады яе выкупляў. Дзяўчаты сцераглі ёлку. Дружкі маладога або сваты стараліся ўхапіць верх ёлкі. Пасля гэтага ёлку маладая везла да маладога. І потым ужо … маладая выносіць гэту ёлку на двор, і толькі пераступіць парог, як усе, і старыя, і маладыя расхватваюць гэту ёлку і цвяты, малады ламае вярхушку ёлачкі (в. Сямёнаўка, Карм. – ВнГ, с. 29); Усе прысутныя імкнуліся адламаць ад яе галінку ці сарваць кветку, у першую чаргу дзяўчаты, каб хутчэй выйсці замуж (в. Плёсы, Гом. – ВнГ, с. 159); Свадзебнае дрэўца ўкрашалі, штоб добра жылоса (в. Івакі, Добр.); Дзерава … ставілі пазаді маладых на санях. Азначала прадалжэнне рода, сліянне двух сямей (в. Покаць, Чач.).
Зламаны верх ёлкі сімвалізаваў развітанне нявесты з роднай сям’ёй, завяршэнне яе вольнага дзявочага жыцця, пераход у іншы сямейны статус.
Ролю вясельнага дрэўца выконвалі таксама букецікі з яліцы, галінак грушы, якія ўпрыгожвалі кветкамі, ўтыркалі ў хлеб або кадушку з зернем і ставілі на стол: Віюць вельца з ігрушы з галлямі, упрыгожваюць лентамі, цацкамі, бумагамі. Вельца пасля свадзьбы прыбівалі на хату маладых, пакуль не іссохне (ФСГ, с. 49); Ельца – цвяты, прыдзеланыя к палцы з рагуліны. Ельца стаяла ўсю свадзьбу, штоб маладыя, сям ’я іх цвяла, штоб мір быў у сям’і (в. Дзікалаўка, Гом.).
У маладога таксама маглі завіваць такую ёлку, якую пасля яго дружкі прыносілі да маладой і закідалі на страху, каб у хаце дабро вялося: Са стараны маладога дзелалі елец.Нескалькі свяцілак .. украшалі ёлачку цвятной бумагай (в. Перадавец, Ветк. – ВнГ, с. 121). У сувязі з такім рытуалам існуе назва зборнай суботы «ёлка», якая ўтварылася на аснове метанімічнага пераносу і матывуецца аб’ектам дзеяння: Нявеста збірала дзевачак, ёлку вілі. Называлася гэта «ёлка» (в. Задуб’е, Карм. – ВнГ, с. 286).
У гэты ж вечар сяброўкі маладой вілі ёй вянок, дапамагалі прымяраць вясельны ўбор, рыхтавалі кветкі дружкам маладога: Робяць вянок для маладой, чапляюць к ему каснікі (в. Дуброва, Лельч. – ВнГ, с. 294); У суботу раніцай 5 дружак маладой робяць кожнаму дружку жаніха па кветачцы (в. Баравое, Лельч. – ВнГ, с. 302). Таму ў некаторых мясцовасцях зборны вечар называўся «вянкі» паводле аб’екта рытуальнага дзеяння: Еты вечар так і называўся «вянкі» (в. Зашыр’е, Ельск. – ВТГ, с. 112); У суботу дзяўчына запрашала падружак «на вянкі» (в. Глухаўка, Ветк. – ВТГ, с. 67). Важнейшыя рытуальныя прадметы гэтага вясельнага эпізода – вянок і вясельнае дрэўца – сімвалізавалі прыгажосць, маладосць нявесты, яе чыстату і цнатлівасць.
У зборны вечар у хаце нявесты адбываліся і іншыя рытуальныя дзеянні. «Завівалі» не толькі елку, але і нявесту: Дружкі завівалі нявесту, запляталі касу, надзявалі вянок. Гэты вянок астаўляла нявеста сваім падругам (в. Дуброва, Акц. – ВнГ, с. 24); У суботу з раніцы завівалі молоду. Бралі помытую, чысценькую дзяжу, на яе клалі платок з мохрамі, мёд і масла. Потым бралі платок, обвязвалі вокруг головы, а мохры, каб віселі, і пелі (в Урыцкае, Гом. – ВнГ, с. 163). Дзявочая каса, як вядома, асэнсоўваецца не толькі як сімвал прыгажосці (каса – дзявочая краса), але і як адзнака вольнага, бесклапотнага дзявочага жыцця, з якім цяжка развітвацца [2, с. 48]. Пакрыванне галавы платком сімвалізавала будучую змену ў жыцці маладой і, акрамя таго, выконвала засцерагальную функцыю. «Завіванне» суправаджася такімі рытуальнымі дзеяннямі, як падстрыганне і падсмальванне валасоў: Нявесце падругі яе расчосвалі косы, падсмальвалі трохі. І тады запляталі ў касу (в. Мохаў, Лоеўск. – ВТГ, с. 300); Потым падстрагалі валася. Сястра з нажніцамі і свечкай стрыгла валася спераду, ззаду і па баках. Калі ў дзеўкі была каса, то яераспляталі (в. Лугінічы, Буда- Каш. – ВнГ, с. 94). Названыя рытуальныя дзеянні мелі сімвалічны сэнс. Лёгкае падсмальванне валасоў выконвала магічную функцыю, яно сімвалізавала ачышчэнне праз агонь, іменна такім было сакральнае значэнне агню. Падстрыганне валасоў сімвалізавала абнаўленне жыццёвага ўкладу дзяўчыны, пераход у іншы сямейны статус.
У гэты вечар, акрамя таго, у некаторых мясцовасцях адбываўся «пасад» нявесты: У еты вечар яшчэ многа чаго было. Садзілі на кажух, якім накрывалі сундук, – радзіцелі так благаслаўлялі (в. Лугінічы, Буда-Каш. – ВнГ, с. 94); Перад свадзьбай нявесту дзеўкі украшалі.. садзілі на квашню, для таго каб ражала здаровых дзяцей і здаровая была (в. Покаць, Чач.). Дзяжа, на якую садзілі нявесту, успрымалася як прадуцыравальны сродак на дзетанараджэнне, а кажух – як апатрапея ад нячыстай сілы.
У зборную суботу вечарам у хлопца-жаніха таксама збіраліся яго сябры, дружкі, браты і сёстры. Вечар у жаніха не быў так насычаны рытуальнымі дзеяннямі, як у нявесты. Госці маладога ладзілі вясельны поезд, упрыгожвалі яго галінкамі сасны і елкі, лентамі: Яны гатовілі коней і сані да заўтрага, украшалі веткамі сасны і ёлкі, лентамі.. Яны праважалі яго хлапецкую жызню. Пасля застолля-вечарыны моладзь накіроўвалася на вячоркі ў хату, дзе яны праходзілі (в. Лугінічы, Буда-Каш. – ВнГ, с. 94).
Абавязковым атрыбутам перадвясельнага вечара былі песні, як правіла, сумныя, развітальныя: Да дзяўчыны прыходзілі яе падружкі-шаферкі, … спявалі песні вясельныя і жалобныя, маладая ў гэты вечар нярэдка плакала, праводзячы сваю маладосць (в. Лугінічы, Буда-Каш. – ВнГ, с. 94); Напярэдадні вяселля, нявеста рабіла дзявочы вечар .. Сяброўкі спявалі сумныя песні, як бы адгаваруючы маладую ад вяселля (в. Зашчоўб’е, Рэч. – ВнГ, с. 399); Дзяўчынаразвітвалася назаўсёды з падружкамі, з маці. Абавязкова маладая плакала на гэтым вечары (в. Янова, Гом. – ВТГ, с. 78). Гэта адлюстроўвалася і ў песнях, прысвечаных развітальнаму вечару: Зборная суботанька, Зборны дзень. Сабрала дзевачак у ціхі цень, Вяночкі дзевачкі плятуць, За падругу слёзкі льюць (ВнГ, с. 24).
Апошні развітальны з сябрамі вечар перад вяселлем характэрны для шлюбнай абраднасці іншых славянскіх народаў. Блізкія і назвы гэтага перадвясельнага эпізода. Так, у рускай мове апошні вечар перад вяселлем называецца девичник, девичий вечер, вечерина, прощальный вечер и др. [3]-[5], ва ўкраінскай мове ён мае адпаведныя назвы дівич-вечір, вечерини, вечеринка, вечерок, вечерушки, вечір, весільніі вечір, прошчальний вечір, свадібний вечір, дівічнік і інш. [6]; [7].
Такім чынам, перадвясельны развітальны вечар быў абавязковым эпізодам шлюбнай абраднасці на Гомельшчыне, насычаным рознымі рытуальнымі дзеяннямі і актамі. Назвы гэтага вечара разнастайныя паводле структуры, у іх ліку аднаслоўныя намінацыі: дзявічнік, вечар, састаўныя найменні: зборная субота, дзявочы вечар; розныя і спосабы ўтварэння гэтых намінацый, сярод якіх суфіксальныя дэрываты: вячоркі, хлапечнік, гаратнік, субстантываваныя назвы: зборная, метанімізаваныя найменні: вянкі, ёлка. Найменні апошняга вечара перад вяселлем у гаворках Гомельшчыны матываваны часам правядзення, яго мэтай, суб’ектам або аб’ектам дзеяння. Вусная форма існавання народна-дыялектнай мовы, спантаннасць выражэння і непасрэднасць зносін абумовілі актыўнае вар’іраванне намінацый апошняга вечара перад вяселлем у гаворках Гомельшчыны.
Умоўныя скарачэнні
ВнГ – Вяселле на Гомельшчыне: фальклорна-этнаграфічны зборнік / уклад. І.Ф. Штэйнер, В.С. Новак. – Мінск: ЛМФ “Нёман”, 2003. – 472 с.; ВТГ – Вясельная традыцыя Гомельшчыны: фальклорна-этнаграфічны зборнік / Укладанне В.С. Новак. – Мінск: Права і эканоміка. 2011. – 485 с.; ФСГ – Фальклорны слоўнік Гомельшчыны / Уклад. У.В. Анічэнка, У.А. Бобрык, Л.П. Кузьміч, Дз.Дз. Паўлавец. – Гомель: УА “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны”, 2003. – 346 с.
Літаратура
- Чижикова, Л.Н. Свадебная обрядность сельского населения русско-украинского пограничья в начале ХХ в. / Полевые исследования Института этнографии. 1978.- М.: Изд.-во «Наука», 1980.
- Варфоломеева, Т.Б. Северобелорусская свадьба: обряд, песенно-мелодические типы / Ред. З.Я. Можейко / Т.Б. Варфоломеева. – Минск: «Наука и техника”, 1988. – 156 с.
- Зорин, Н.В. Русский свадебный ритуал / Н.В. Зорин. – Институт этнологии и антропологии им. Н.Н. Миклухо-Маклая. – М.: Наука, 2004. – 248 с.
- Гура, А.В. Терминология севернорусского свадебного обряда (на общеславянском фоне) / А.В. Гура. Автореф. дис. канд фил. наук по спец. 10.02.01 – русский язык. – М.: Изд.-во МГУ, 1978. – 18 с.
- Ларина, Л.И. Терминология свадебного обряда курского региона в этнолингвистическом аспекте. Автореф. дис. канд. филол. наук по спец. 10.02.01 – русский язык. – Воронеж, 1990, – 19 с.
- Кушнір, В.Г. Традицшна весільна обрядовість украінців Одещини (20-80-ті рр. ХХ ст.) / В.Г Кушнір, Н.О. Петрова. – Одеса: Гермес, 2008. – 256 с.
- Магрицька, І. Словник весільноі лексики украшських схщнослобожанських говірок (Луганська область) / І. Магрицька. – Луганськ: ВКФ «Звання», 2003 – 172 с.
Аўтар: А.А. Станкевіч
Крыніца: Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины. Гуманитарные науки № 1 (82), 2014. С. 152-155.