Назвы печы і яе частак у гаворках Мазырска-Прыпяцкага Палесся

0
63
Назвы печы і яе частак у гаворках Мазырска-Прыпяцкага Палесся

Асаблівыя прыродна-кліматычныя ўмовы на тэрыторыі Усходняга Палесся, геаграфічная ізалязаванасць ад іншых раёнаў,невысокі ўзровень эканамічнага развіцця сельскай гаспадаркі абумовілі захаванне на працягу доўгага часу архаічных рыс народнага дойлідства. Як адзначаюць даследчыкі, на Палессі доўга захоўваўся старажытны аднакамерны тып жылля [1, с. 296].

Традыцыйны інтэр’ер палескай хаты быў вельмі сціплы. Унутраная прастора сялянскага дома адлюстроўвала гаспадарча-бытавыя патрэбы сям’і і вызначалася сваёй прастатой і практычнасцю. Кожная рэч у хаце мела сваё пэўнае месца, і кожны куток хаты меў сваё прызначэнне.

Кампазіцыйным цэнтрам хаты была печ. Яна з’яўлялася поліфункцыянальнай. Ёю абагравалі хату, на ёй гатавалі ежу, выпякалі хлеб, сушылі мокрае адзенне, выграваліся і спалі.

На Палессі да 60-70 гг. XIX ст. вясковыя хаты ў большасці сваёй былі яшчэ курнымі [2, с. 59], пазней заменены белымі, у якіх будавалася печ з комінам. І нават у пачатку XX ст. на Палессі была яшчэ даволі распаўсюджанай курная печ, якая ў іншых раёнах ужо амаль не сустракалася [1, с. 308]. Хата з такой печчу без коміна ўяўляла сабой невялікую аднакамерную жылую пабудову зрубнай канструкцыі без сенцаў з уваходам з тарцовага боку і называлася курнаяхата, курніца, курань [6, с. 281]. Яна атаплівалася “па-чорнаму”, для праходжання дыму ў двух суседніх вянцах высякаліся адтуліны, якія называліся дымнікі, дымкі, купал, выцежка: Нашыя дымкі рабілі ў сцяне. Пціч, Калінк; У плечэвой сцене дымнік коло печы буў. Μ. Малешава, Жытк. Дымнік маглі рабіць і ў столі. Выцежку рабілі ў столі. Паселічы, Хойн. Калі агонь дагараў у печы, дымнік закрываўся накрыўкай ці мяшком з сенам.

Як адзначаў А.К. Кіркор, ’жыллё палешукоў простае… Хаты ў іх курныя, але прасторныя, таму што ў адной хаце змяшчаецца ўся сям’я, тут жа і малая жывёла: цялё, парасяты, хатняя птушка і ўвесь скарб сялянскі .. унутры хаты галоўную ролю адыгрывае вялізная печ, да яе прыроблена зверху драўляная ляжанка, затым палаці, вялікі стол, доўгія ва ўсю сцяну лаўкі, пад столлю шырокая паліца, на якой сушаць лучыну, ад печы да самай сцяны ідзе дашчаны памост, які складае агульны для ўсіх жывучых у хаце ложак. Зверху прымацавана асаблівая перакладзіна, на якую вешаюць адзенне, бялізну для сушкі і г.д. На паліцах, па кутках, стаіць розны посуд і начынне” [4, с. 345].

Лавы, якія ставіліся ўздоўж сцен, сыходзіліся на покуці. Покуць размяшчалася, як правіла, па дыяганалі ад печы. Як адзначае Т. Валодзіна, ”у семантыцы традыцыйнай хаты ў значнай ступені закансервавалася ўзаемная праекцыя макра- і мікракосмасу”. Своеасаблівай воссю жытла выступае дыяганаль кут — печ, якая адным канцом (чырвоны кут) паказвае на святло, усход, божы бок, а другім (печ) — на захад, цемру [5, с. 17]. Гэта вось (покуць — печ) адпавядала народным уяўленням аб структуры свету, апазіцыі усход — захад. На покуці стаяў стол, засланы абрусам, віселі абразы, убраныя ручнікамі, на скрыжаванні лаў ставілі дзяжу, якая сімвалізавала дабрабыт дома.

Мэтай артыкула з’яўляецца аналіз назваў печы і яе частак у гаворках Мазырска-Пры­пяцкага Палесся.

Словы, якія называюць у гаворках адзначанага рэгіёна печ і яе часткі, падзяляюцца на некалькі лексіка-семантычных груп. Гэта агульныя назвы печы, назвы верхняй, сярэдняй і ніжняй частак печы, назвы месца каля печы.

У якасці агульнай назвы печы ў дадзеным рэгіёне выкарыстоўваюцца лексемы печ, печка: Пастау чыгуны ў печ. Бібікі, Маз.; Трэба мазацъ ужэ печку і грубку. Сямурадцы, Жытк. Відавымі назвамі печы з’яўляюцца груба, грубка ’невялікая пакаёвая печ’: Груба хату ацяпляла харашо. Міхнавічы, Калінк.; галанка ’пакаёвая печ, звычайна кафельная’: Голанка — печ такая з кафелем. Гурыны, Маз.; лепанка ’печ, зробленая з моцна ўтрамбаванай гліны’. Лепанка — бітая печ. Бярэжцы, Жытк.

У структуры самой печы выразна выдзяляюцца тры часткі: верхняя, сярэдняя і ніжняя. Як адзначаецца ў літаратуры, “уяўленні пра верхні і ніжні свет у старажытнасці зліваліся ў адзін непадзельны семантычны комплекс, які палягаў у кантамінацыі верху і нізу. Магчыма, падобнае сумяшчэнне ўвасобілася ў цэнтральным пячным слупе” [5, с. 18].

Важнейшым кампанентам верхняй часткі печы з’яўляецца труба для ад воду дыму з печы — комін, труба: Комін у печы быў абязацелъна, ён каб дыму хату не шоу. Бібікі, Маз.; 3 трубы ідзе дым. Міхнавічы, Калінк. Канал для выхаду дыму з печы ў комін называецца дымаход: Во той дымаход, з яго дым ідзе. Міхнавічы, Калінк. Гарызантальная частка дымахода мае назву ляжак (лежак): Малымі на гару лазілі, спалі там на лежаку. Міхнавічы, Калінк.

Арка ў коміне, праз якую выходзіць дым, абазначаецца словам солымя: Солымя трэба пачысціць. Рудня-Гарбавіцкая, Калінк. Засоўка, якая размяшчаецца ў пярэдняй частцы коміна, называецца зашчок’я, зашчок’е: Зачыні зашчок’ю — жарка. Рудня-Гарбавіцкая, Калінк.; металічны кружок або пласціна, якімі закладваюць адтуліну ў коміне, каб не выходзіла паветра — юшка: Юшка на верху коміна рабілася. Гурыны, Маз.; створка, якой закрываюць адтуліну ў печы, дзе ляжаць юшкі — дзверцы: Это дзверцы ў печы, дзе ляжаць юшкі. Загорыны, Маз.

Месца за комінам на печы мае назву закаменкі: На закаменкі дзежку з цестом постаў, хай подыходзіць. Пагост, Жытк; частка печы каля коміна — шыйка: Зімой рукавіцы сушылі ў шыйцы. Рудня-Гарбавіцкая, Калінк.

Верхнюю частку печы, на якой спалі, называюць чарэн, чарэнъ, чэрэнъ, чарын, чэрена, чарана, ляжак, ляжанка: А чарэн там, дзе спалі на печцы. Бібікі, Маз.; На чэрэне добра пагрэцца. Дудзічы, Калінк.; На лежаку цёпла, як печ вытапім. Бібікі, Маз.; Зімой добра ляжаць на цёлай ляжанцы. Рудня-Гарбавіцкая, Калінк.

Сярэдняя частка печы мела значна больш кампанентаў і адпаведна — большую колькасць назваў. Цэнтральнай часткай, “сэрцам” печы з’яўлялася топка — месца, дзе спальвалі паліва: У топцы гарацъ дровы і грэюцъ усю хату. Бібікі, Маз. Гарызантальная паверхня ўнутры печы, на якую кладзецца паліва, называецца под: На под клалі дровы і ставілі чыгуны. Навікі, Маз. Верхняя частка топкі печы, яе свод мела разнастайныя назвы — поднебенъе, паднябенне, нёба, неба, свіння: Паднябенне зроблена паукругам. Бібікі, Маз.; Небо — унутры печкі, там, дзе гарыцъ агонъ — самае высокое месца. Дудзічы, Калінк.; Свіння дзержала свод пе­чы. Аўцюкі, Калінк. Рыштаванне свода печы называлася кабыла: Зараз будзем кабылу уладжвацъ. Аўцюкі, Калінк.

Месца ў печы, дзе варылі ежу, іменавалася каменок: На каменку ў гаршчочках варылі ежу. Навікі, Маз.; дзірка, праз якую ставілі чыгун у печ, называлася целюшчэ, целішча, цялешнік: У печы е целюшчэ, куды чыгуны ставяцъ. Козенкі, Маз.; А потым з целішча чыгун вынімаем. Міхнавічы, Калінк.; Чыгуны знаходзіліся ў цялешніку. Рудня-Гарбавіцкая, Калінк. Адгароджаная ў печы частка, дзе ставілі чыгуны, смажылі яечню і інш., называлася загнёт: Калі печ не тапілася, маці гатавала ў загнёце. Дудзічы, Калінк. Пярэднюю частку печы, дзе маглі гатаваць ежу, называлі таксама плітой: Яешніцу на пліце гатавалі. Міхнавічы, Калінк.

Месца перад чалеснікамі печы мела назву прыпечак, прыпечок, прыпячак: Прьтечак гразны заусёды. Бібікі, Маз.; Прыпечок emo там, дзе ўжо чыгуны ставілі. Козенкі, Маз.; Вазьмі скавараду з прыпячка. Дудзічы, Калінк. Бакавая адтуліна на прьшечку, дзе ставілі посуд, магла мець спецыяльную назву — шчака, зашчоч’е, солом’е: Чыгуны, скавародкі ставім у шчокі. Гурыны, Маз.; Вазьмі чыгун з зашчоч’я. Міхнавічы, Калінк.; Яшчэ мая матка чыгуны састаўляла ў солом’е. Гурцэвічы, Калінк.

Пасля палення печы гарачае вуголле заграбалі ў ямку (выемку, строну, копку), якая знаходзілася на прьшечку: Тло ў ямку складвалі. Міхнавічы, Калінк.; Заграбі жар у выемку. Дудзічы, Калінк.; А вуглі мы ў строну заграбалі. Рудня-Гарбавіцкая, Калінк.; Вуглі заграбалі ў копку. Сямурадцы, Жытк. Гарачае вуголле закрывал! попелам, каб жар не згасаў да раніцы. “Нязгасны вечны агонь хатняга ачага быў сімвалам сямейнага шчасця і дабрабыту …Старажытнае павер’е не раіла пазычаць агонь у святочныя дні па суседству з хаты ў хату, бо, як лічылася, разам з агнём да суседа магла перайсці і частка дабра і сямейнага шчасця. Агнём даражылі як сямейнай святыняй, што ўвасабляла дух продкаў” [2, с. 59-60].

Частка прьшечка, дзе палілі калісьці лучыну для асвятлення хаты, называлася камінок, комінок, камянок, камін: Пакладзі лучыну ў камінок. Рудня-Гарбавіцкая, Калінк.; На камянок лучыну лажылі. А лучына стаяла ў каміне. Міхнавічы, Калінк.

Месца пад прыпечкам, дзе захоўвалі посуд, розныя рэчы, іменавалася падпрьтек, падпрыпечак, падпрыпечок: У падпрьтеку усякае захоўваем. Гурыны, Маз.; У падпрыпечку ў мяне стаіць посуд. Дудзічы, Калінк.; Пастау у подпрыпечок місу. Чэрнічы, Жытк.

Цагляны выступ на бакавой сценцы печы, па якому можна было залазіць на печ, называўся брыж, брыля, карніз, прымурак, прыморак, палок: Восъ па гэтаму брыжу залазь на печ. Рудня-Гарбавіцкая, Калінк.; Не роўныя печнік брылі зробіў: з іх жэ спічкі падаюць. Пагост, Жытк.; Добрыя карнізы зрабіў пячнік. Балажэвічы, Маз.; Баба стала на прымурак, дастала з печы коўдру. Міхнавічы, Калінк.; Станавісь на палок, залазь на печ. Дудзічы, Калінк.

Невялікая ніша ў сцяне печы мела назву пячурка, печкі: У пячурку ставілі ежу, сушылі што-небудзь. Навікі, Маз.; У печкі кідалірукавіцы і сушылі. В. Аўцюкі, Калінк.

Лексіка-семантычная група назваў ніжняй часткі печы нешматлікая. Гэта лексемы апечак, падпеч, падпечча, падпечак, подпеч’е, якія мелі значэнне ’месца пад печчу, куды кладуць дровы’: Пад апечак заўсёды скідваецца рознае. Дудзічы, Калінк.; У мяне падпечча за рошоткой. Гурыны, Маз.; У подпеч’е коліся куры загонялі. Дварэц, Жытк.

Места паміж сцяной і печчу, зробленае з дошак, на якім можна было спаць, называлі палаці, палаткі, палок, запечак: Палаці добрыя тады ў нас булі. В. Аўцюкі, Калінк.; У печы там палок ёсцъ, можна пагрэцца. Вялікі Бокаў, Маз.; Зімась на запечку добра косьці пагрэцъ. Загорыны, Маз.

Печ ад жылога пакоя магла адгароджвацца невысокай, не да столі, сцяной — заградкай: Заградку мы тожа белім, як і печ. Гурыны, Маз.

Вугал каля печы, дзе стаялі вілкі для гаршкоў, качарга, чапяла, памяло, мяцёлка і інш., называлі ёмашнік, кажух, качарэжнік, камешнік, ковенечнік, ковень, ковені, ковечнік, куток: Пастаў у ёмашнік во гэтыя вілы. Рудня-Гарбавіцкая, Калінк.; У катуху вілочнікі стаялі, а пол под імі жэсцю посцелены. Загорыны, Маз.; Качарэжнік во каля печы ўсягда быў. Гурыны, Маз.; Пастаў вілкі ў камешнік. Міхнавічы, Калінк.; У ковені стояць вілкі. М.Малешава, Жытк.

Паводле будаўнічага матэрыялу, з якога рабілі печ, вызначаліся тры яе відьг каменка, глінабітная і цагляная печ. Найбольш архаічнай была печ-каменка, якая складвалася з валун­ных камянёў на грунце або невысокай пляцоўцы [3, с. 397]. Пасля печы сталі рабіць з гліны [6, с. 212]. У разглядаемым рэгіёне глінабітную печ называюць лепанка: Лепанка — бітая печ. Бярэжцы, Жытк. Пазней глінабітныя печы замянілі мураванымі з самаробнай нявыпаленай цэглы — сыроўкі або апаленай цэглы — гартоўкі, палёнкі: Гартоўкі купілі, а сыроўку самірабілі. М.Малешава, Жытк.; Печ з палёнкі не робілі. Пагост, Жытк.

Майстра, які вырабляў печы, называлі лепай, лепак, лепар, печкар, пячнік: Трапіла лепака! Вон тобе такую злепіць грубу, што на другі дзень абернецца. М.Малешава, Жытк.; Лепарэ забагацелі ў нас. Дварэц, Жытк.; Той, хто печ лепіў, то печкар. Пагост, Жытк.; Пячнік печ паштукатурыў. Каменка, Маз.

Тыпы структурна-семантычнай матывацыі і спосабы ўтварэння аналізуемых назваў даволі разнастайныя. Так, у складзе назваў печы і яе частак, дэталей і будаўнічага матэрыялу ўжываюцца аддзеяслоўныя суфіксальныя дэрываты, матываваныя спосабам вырабу рэаліі: лепанка ’глінабітная печ’, або характарам яе апрацоўкі: палёнка, гартоўка ’абпаленая цэгла’, функцыянальным прызначэннем: ляжак, ляжанка, топка.

Адсубстантыўныя дэрываты матывуюцца матэрыялам вырабу: каменок, камянок (суфіксальнае утварэнне), месцам знаходжання рэаліі: зашчок’е, закаменкі, прыпечак, падпе­чак, запечак, падпрыпек (конфікснае ўтварэнне).

У аснове адзінкавага адад’ектыўнага дэрывата — намінацыя паводле якасці рэаліі: сыроўка ’нявыпаленая цэгла’.

Назвы месца каля печы з’яўляюцца адсубстантыўнымі суфіксальнымі ўтварэннямі, матываванымі абазначэннем прадмета, які там знаходзіцца: ёмашнік, качарэжнік, ковенечнік, ковечнік.

Назвы асобы матывуюцца як дзеяннем: лепак, лепар (аддзеяслоўнае суфіксальнае ўтварэнне), так і аб’ектам вырабу: пячнік, печкар (адсубстантыўнае суфіксальнае ўтварэнне).

У асобную трупу выдзяляюцца назвы частак печы, утвораныя ў выніку метафарычнага пераносу. Гэта зааморфныя метафары: свіння ’свод печы’, кабыла ’рыштаванне печы’, антрапаморфныя: шчака ’бакавая адтуліна на прыпечку’, шыйка ’частка печы каля коміна’. Сустракаецца і метафарычны перанос назвы прадметаў: брыж, брыля ’карніз у печы’, ямка, вы­емка ’месца, куды зграбаюць жар’. У аснове усіх адзначаных тыпаў метафарызацыі — пера­нос на аснове знешняга падабенства рэалій.

Лакальная замацаванасць, спантаннасць зносін, вусная форма існавання народна-дыялектнай мовы абумоўлівае разнастайнае ва’іраванне яе намінатыўных сродкаў. Найчасцей гэ­та лексіка-фанетычныя варыянты, якія пры аднолькавым марфемным складзе адрозніваюцца гукавым афармленнем. Сярод ix лексемы, якія найчасцей вар’іруюць галосныя гукі: лежак-ляжак, неба-нёба, каменок-камінок, пячорка-пячурка, чарэнь-чэрэнь, целюшчэ-целішча, радзей — зычныя гукі: чарэн-чарэнь, паднябенье, паднябенне. Даволі актыўна выкарыстоўваюцца і словаўтваральныя варыянты, якія адрозніваюцца афіксальнымі элементамі — суфіксамі: печ-печка, ляжак-лежанка, груба-грубка, лепак-лепар-лепай, побел-побелка, прэфіксамі: апечак-падпечак.

Адзінкавымі з’яўляюцца марфалагічныя варыянты — аднакаранёвыя лексічныя адзінкі з ідэнтычнай семантыкай, якія адрозніваюцца граматычнымі паказчыкамі: чэрень-чэрена, падпеч-падпечча.

Даволі распаўсюджанай з’явай у лексіка-семантычнай сістэме даследуемага рэгіёна з’яўляецца сінанімія. Найчасцей гэта рознакаранёвыя ідэнтычныя ў семантычным плане лексічныя адзінкі, якія з поўным правам можна назваць дублетамі: ляжанка-чарэн, выемка-ямка-копка, прымурак-палок-карніз, катух-куток, палаці-запечак, ёмашнік-качарэжнік і інш.

Асобныя назвы можна кваліфікаваць як мнагазначныя лексічныя адзінкі. Іх полісемантызацыя развівалася на аснове пераносу агульнага або дыферэнцыяльнага лексіка-семантычнага кампанента асноўнага значэння на вытворнае: ляжак ’верхняя частка печы, ляжанка’ → ’гарызантальная частка дымахода’, прымурак ’выступ печы, карніз’ → ’дошка, пры дапамозе якой залазілі на печ’; пячурка ’невялікая ніша ў сцяне печы’ → ’бакавая адтуліна на прыпечку, дзе ставяць посуд’; палок ’месца паміж сцяной і печчу, зробленае з дошак, на якім адпачываюць’ → ’выступ у печы, карніз’.

Такім чынам, як паказвае матэрыял, у гаворках Мазырска-Прыпяцкага Палесся выкарыстоўваецца даволі значная група назваў печы і яе частак, што сведчьщь пра важную ролю печы ў структуры народнага жылля. Выключная болынасць названых вышэй намінацый — спрадвечная лексіка, што пацвярджае старажытны стан гэтых назваў, ix важнае месца ў лексіка-семантычнай сістэме народна-дыялектнай мовы.

Літаратура

  1. Полесье. Материальная культура / Д.И.Иванов [и др.]; под общ. ред. Д.И.Иванова. — Киев: Наукова думка, 1988. — 448 с.
  2. Цітоў В.С. Этнаграфічная спадчына: Беларусь: Традыцыйна-бытавая культура, 2-е выд. / В.С. Цітоў. — Мн.: “Беларусь”, 2001. — 207 с.
  3. Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя.-(Беларус. Сав. Энцыкл.; Рэдкал.: І.П. Шамякін (гал. рэд) і інш. -Мн.: БелСЭ, 1989. — 575 с.
  4. Живописная Россия. Отечество наше в его земельном, историческом, племенном, экономическом и бытовом значении: Литовское и белорусское Полесье. Репринтное воспроизведение издания 1882 г. — Мн.: “Беларуская энцыклапедыя”, 1993. — 550 с.
  5. Валодзіна, Т.В. Семантыка рэчаў у духоўнай спадчыне беларусаў / Т.В. Валодзіна. — Мн.: Тэхналогія, 1999. — 167 с.
  6. Пяткевіч, Ч. Рэчыцкае Палессе / Часлаў Пяткевіч; Уклад., прадм. У Васілевіча; Пер. з пол. Л.Салавей і У. Васілевіча. — Мн.: “Беларускі кнігазбор”, 2005. — 672 с.

Аўтар: А.А. Станкевіч
Крыніца: Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины, № 4 (43), 2007. С. 118-122.