Назвы лясных, садовых і паркавых дрэў і іх пладоў у гаворках Гомельшчыны

0
70
Назвы лясных, садовых і паркавых дрэў і іх пладоў у гаворках Гомельшчыны

Мова цесна звязана з усімі праявамі жыцця чалавека і здольна даваць назвы разнастайным паняццям, з‘явам, прадметам рэчаіснасці. Прыродазнаўчая лексіка адносіцца да найбольш старажытнай. Яна пачала фарміравацца ў агульнаіндаеўрапейскі i агульнаславянскі перыяды. Прычынай яе ўзнікнення стала развіццё збіральніцтва, палявання, рыбнай лоўлі, бортніцтва, а пазней земляробства і жывёлагадоўлі.

Аб‘ектам нашай увагі сталі назвы лясных, садовых і паркавых дрэў і іх пладоў, распаўсюджаныя на тэрыторыі Гомельскай вобласці.

На тэрыторыі Гомельшчыны сустракаюцца шматлікія назвы берасту, ці вяза грабалістага, ‘дрэва або куст з цёмна-шэрай глыбока патрэсканай карой, багатай дубільнымі рэчывамі‘. На Тураўшчыне зафіксавана найменне бераст, у Гомельскім раёне — лём, у Ельскім — лімак, на Мазыршчыне — лімень, у Рагачоўскім раёне — ляміна [1, с. 11].

Вольха — ‘лісцёвае дрэва з цёмна-бурай з неглыбокімі трэшчынамі карой, драўніна якой мае чырванаваты колер‘ — у Лельчыцкім раёне мае назву алеха, а на Мазыршчыне — алешчына [1, с. 13].

Хмызняковыя, кустовыя і паўкустовыя віды вярбы — ‘расліна з разложыстымі гнуткімі галінамі і вузкім ліцем‘ — у Жыткавіцкім раёне называюцца іва, івіна, лоза. На Нараўляншчыне

выкарыстоўваецца памяншальная назва лузка. На Лоеўшчыне можна пачуць слова луціца — ‘добрая лаза’. Белую вярбу на Жыткаўшчыне і Мазыршчыне называюць ветла, вётла, вецёлка, а для абазначэння белай вярбы, якая расце на пяску, служыць найменне пескавая ветла. У Нараўлянскім раёне кустовы від вярбы называецца молаж, а ў Мазырскім — шылега, у Брагінскім — шыльга. У Петрыкаўскім, Ельскім і Лоеўскім раёнах сустракаюцца найменні шылега і шыляга, у Кармянскім — шыгалле, а на Жыткаўшчыне — сілега [1, с. 15-16].

Для абазначэння дрэва або куста з касцянкападобнымі салодкімі пладамі ад белаватага да цёмна-фіялетавага колеру на Тураўшчыневыкарыстоўваюцца назвы шаўкавіца і шаўковіца, а ў Жыткавіцкім раёне — варыянт шоўкавіца [1, с. 27].

Дрэва з вялікімі пяцілопасцевымі лістамі і крылатымі плодзікамі ў Жыткавіцкім называюць явар, у Лоеўскім — явар ці яварына, а ў Лельчыцкім — явор [1, с. 30].

У Жыткавіцкім раёне выкарыстоўваюцца разнастайныя найменні для абазначэння гатункаў грушы ‘фруктовае дрэва з сакавітымі салодкімі пладамі ў форме акруглага конуса і яе пладоў ‘: баба ‘груша-бэра’, дулёўка, дуляваха ‘невялікая даўгаватая груша’, гніліца ‘плод дзікай грушы’, давуха ‘даўкая груша’, зімавуха ‘гатунак позніх груш’, камяніца ‘гатунак груш з цвёрдай сярэдзінай’, панна, рабеніца, рэпанка ‘гатунак груш сярэдняй велічыні’, смалянка ‘гатунак асенніх груш’, спасаўка ‘гатунак груш, якія паспяваюць да Спаса‘. Познія кісла-салодкія грушы на Брагіншчыне называюць вінёўка, а ў Лельчыцкім раёне — вашыўка. У Гомельскім раёне вядомы такія назвы, як гнілка ‘падгнілая груша’, грушыца ‘гатунак ранніх груш’, касцянка ‘гатунак груш, у якіх многа дробных костачак’, лежанка ‘груша, якая пэўны час ляжала’. Вядомы на Гомельшчыне і такія гатункі грушы, як крымка (Лоеўскі), лімонка (Брагінскі), малгажатка (Нараўлянскі), хунтоўка ‘гатунак вялікіх салодкіх груш’ (Лельчыцкі, Нараўлянскі, Добрушскі) [1, с. 17-18].

Не меншай разнастайнасцю вызначаюцца і найменні відаў сліў ‘фруктовае дрэва з пладамі ліловага або жоўтага колеру з костачкай у сярэдзіне’. У Жыткавіцкім раёне вядомы назвы вянгера, вянгерка, чарнасліў. У Жлобінскім і Буда-Кашалёўскім раёнах выкарыстоўваецца найменне краснасліва, а ў Лельчыцкім калючую сліву называюць сліва чорная [1, с. 23].

Для наймення яблыні — ‘пладовага дрэва з ядомымі сакавітымі акруглымі пладамі (яблыкамі)’ — на Жыткаўшчыне ўжываюцца назвы ябланя, яблань, яблонне (зборнае) [1, с. 27]. Разнастайнасцю вылучаюцца найменні гатункаў яблыкаў і яблынь: алехаўка (Жыткавіцкі), баравінка (Буда-Кашалёўскі), добры крэсцьянін ‘яблыня з буёнымі познімі пладамі’ (Жлобінскі), зімоўка ‘ябляня з познімі яблыкамі’ (Жыткавіцкі), кіслічка ‘яблыян-дзічка’ (Нараўлянскі), ляскоўка ‘лясная яблыня з кіслымі яблыкамі’ (Гомельскі), малінаўка ‘яблыня з буйнымі ружовымі кісла-салодкімі яблыкамі’ (Жлобінскі, Буда-Кашалёўскі), налівашка, пятроўка ‘белы наліў, папяроўка’ (Жыткавіцкі), паненка (Жыткавіцкі), пепенка (Жлобінскі, Жыткавіцкі), піпен-шафран (Буда-Кашалёўскі), папяроўка ‘яблыня з белымі або жоўтымі кісла-салодкімі яблыкамі’ (Нараўлянскі), пяскоўка (Жыткавіцкі), хунтоўка ‘яблыня з вялікмі яблыкамі’ (Жыткавіцкі), цыганка ‘яблыня з чырвонымі бліскучымі яблыкамі (усходнепалескі рэгіён), шлапак (Чачэркі, Лоеўскі), шлапоўка (Жыткавіцкі), штрыфель, штрэфель, штрэхель (Буда-Кашалёўскі, Добрушскі, Лоеўскі) [1,с. 27-30].

Прыведзеныя прыклады сведчаць, што часцей за ўсё гатункі дрэў і іх пладоў утвараюцца марфалагічным спосабам з дапамогай суфіксаў -ыц-, -іц-, -анк-, -янк-, енк-, -ёўк-, -аўк-, -оўк-, -к-, -ух-, -ах-.

Назвы лясных, садовых і паркавых дрэў, а таксама іх пладоў займаюць значнае месца ў лексічнай сістэме беларускіх гаворак, вызначаюцца разнастайнасцю і вялікай колькасцю варыянтаў, паколькі адны і тыя ж рэаліі ў розных месцах абазначаюцца па-рознаму.

Разгледжаныя найменні служаць крыніцай узбагачэння беларускай літаратурнай мовы, папаўняюць яе словамі з празрыстай семантыкай і відавочным эмацыянальным адценнем.

Спіс выкарыстанай літаратуры

  1. Раслінны свет: Тэматычны слоўнік / Склад. В. Дз. Астрэйка і інш.; навук. рэд. Л. П. Кунцэвіч. А. А. Крывіцкі. — Мн.: Беларуская навука, 2001. — 655 с.

Аўтар: А.М. Палуян
Крыніца: Скарынавы запаветы і сучаснасць: да 95-годдзя з дня нараджэння прафесара У. В. Анічэнкі: матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі / рэдкал.: А. М. Воінава (гал. рэд.) [і інш.]; Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны. — С. 206-208.