Рэчыца ўпершыню ўзгадваецца ў Ноўгарадскім летапісе пад 1214 годам.
Ужо ў той час Рэчыца вядома як горад Чарнігаўскага княства. 3 XIV стагоддзя знаходзілася ў складзе Вялікага княства Літоўскага, з 1561 года мела няпоўнае магдэбургскае права. Як горад-крэпасць была апорным пунктам літоўскага войска. У час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—1654 гадоў і ў руска-польскую вайну 1654—1667 гадоў Рэчыцу займалі і ў яе ваколіцах дзейнічалі казацкасялянскія атрады Налівайкі, Гаркушы, Залатарэнкі, Нябабы. У 1793 годзе, пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай, горад адышоў да Рускай дзяржавы, у 1796 годзе стаў павятовым цэнтрам Мінскай губерні.
У энцыклапедычным слоўніку Бракгаўза і Эфрона, выдадзеным на рубяжы XX стагоддзя, гаварылася, што Рэчыца асаблівага гандлёва-прамысловага значэння не мае, фабрыі заводаў няма. Вядома, што ў 1897 годзе тут існавала прыватная ткацкая фабрыка, уладальнік якой пастаўляў для арміі сукно. Ткалі яго ўсяго 2 рабочыя. Астатнія жыхары горада і ваколіц займаліся ў асноўным саматужнымі рамёствамі — ткацтвам, смалакурэннем, ганчарнай справай і земляробствам.
Паступова колькасць прамысловых прадпрыемстваў расце. У 1911 годзе іх было ўжо 6, у 1914—8, сярод якіх — запалкавая фабрыка «Дняпро», 5 лесапільняў. 3 ростам рабочага класа павышаецца рэвалюцыйная самасвядомасць працоўных, у выніку чаго ў 1904 годзе ў Рэчыцы была створана арганізацыя РСДРП(б), якая праводзіла вялікую работу сярод насельніцтва ў час першай рускай рэвалюцыі 1905—1907 гадоў. У ліпені 1917 года ў горадзе ствараецца камітэт РСДРП(б) на чале з А. С. Касценкам, а 12 лістапада тут была ўстаноўлена Савецкая ўлада. Пад кіраўніцтвам бальшавіцкай арганізацыі працоўныя Рэчыцы вялі гераічную барацьбу з замежнай і ўнутранай контррэвалюцыяй у час грамадзянскай вайны.
У гады Вялікай Айчыннай вайны на часова акупіраванай тэрыторыі Рэчыцкага раёна разгарэлася полымя ўсенароднай партызанскай вайны. Супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў змагаліся 2 партызанскія брыгады, якія налічвалі да 3 тыс. народных мсціўцаў. Барацьбу патрыётаў накіроўвалі падпольныя райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. 18 лістапада ў час ГомельскаРэчыцкай аперацыі 1943 года Рэчыца была вызвалена воінамі 65-й арміі двойчы Героя Савецкага Саюза генерала П. I. Батава і 48-й арміі генерала П. Л. Раманенкі. 20 вайсковым злучэнням і часцям, якія вызначыліся ў аперацыі, нададзены ганаровыя найменні «Рэчыцкіх». 10 ураджэнцаў раёна за подзвігі, здзейсненыя ў баях з ворагам, удастоены звання Героя Савецкага Саюза.
Шмат памятных мясцін нагадваюць сёння жыхарам Рэчыцы аб гадах змагання нашага народа ў часы грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў: помнік у гонар савецкіх танкістаў, якія вызвалялі горад ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, гармата на магіле камандуючага артылерыяй 65-й арміі П. П. Лаўрова, абеліскі на магілах Герояў Савецкага Саюза Ф. А. Трыфанава, А. В. Красікава, I. К. Двадненкі, К. I. Навумава, інструктара ЦК КПБ Б. Г. Бяганскага і члена Рэчыцкага рэўкома У. В. Жаляка, на брацкіх магілах ахвяр контррэвалюцыйнага мяцяжу 1919 года і мірных жыхароў, загубленых фашысцкімі рабаўнікамі ў 1942 годзе.
Сучасная Рэчыца — адзін з буйных індустрыяльных і культурных цэнтраў, трэці па велічыні горад Гомельшчыны, рачны порт на беразе Дняпра, вузел аўтамабільных дарог, чыгуначная станцыя. Дзве даты асабліва выдзяляюцца ў пасляваенным летапісе горада. У жніўні 1964 года паблізу яго было адкрыта буйное месцараджэнне «чорнага ‘золата». А 29 красавіка 1965 года першыя яго тоны ўліліся ў магістральны нафтаправод «Дружба». Нафтавыя вышкі паступова станавіліся прывычнай дэталлю палескага пейзажу. А ў Рэчыцы адна за адной абсталёўваліся арганізацыі з непрывычнымі спачатку для слыху беларусаў назвамі: «Саюзгазпрамбуд», нафтаразведачная экспедыцыя глыбокага бурэння, упраўленне «Рэчыцанафта», прамыслова-геафізічная і тампанажная канторы, упраўленне разведачнага бурэння…
Мэбля, керамічныя трубы, метызы, абутак, тканіны, кансервы, малочныя вырабы разыходзяцца адсюль ва ўсе канцы рэспублікі і за яе межы. Газаперапрацоўчы завод ператварае ў каштоўныя хімічныя прадукты спадарожны газ нафтапромыслаў. З’явіліся гідролізна-дражджавы, піваварны заводы. Прыкметныя змены адбыліся на дзеючых прадпрыемствах. Працу на іх аблегчылі і паскорылі механізаваныя паточныя, аўтаматычныя і паўаўтаматычныя лініі. Многія вытворчыя працэсы пачалі весціся па новай, больш дасканалай тэхналогіі. Навукова-тэхнічны прагрэс, па-гаспадарску прайшоўшыся па прадпрыемствах, быццам дадаў да іх яшчэ дзве ранейшыя прамысловыя Рэчыцы. Горад расце і мужнее, прад’яўляючы ўсё больш высокія патрабаванні да ўзроўню адукаванасці і культуры сваіх грамадзян. I праяўляе аб іх клопаты, асабліва аб самых юных. Кожную раніцу іх сустракаюць гасцінна расчыненыя дзверы сярэдніх школ і школ-інтэрнатаў, каля 30 садзікаў і ясляў. Да мастацтва і фізкультуры можна змалку далучыцца у музычнай і спартыўнай школах. Есць прафесіянальна-тэхнічнае вучылішча нафтавікоў, зааветтэхнікум. Ніколі не пустуюць кінатэатры, залы і пакоі для работы шматлікіх гурткоў і секцый у дамах культуры і клубах. Не зарастае, становіцца ўсё шырэйшай «сцежка народная» да масавых бібліятэк. На варце здароўя працоўных пільна стаяць бальніцы, паліклінікі, санаторый.
…Колькі стагоддзяў назад ступіла на бераг магутнага Дняпра зеленакосая прыгажуня Рэчыца. Ступіла і не сышла: прываражыў ён яе сваёй пяшчотай ды ласкай. Далёка па плыні абняла яго правабярэжжа, папрыгажэла яшчэ больш ад чыстага сяброўскага подыху. Славай сваёй падзялілася, песню сваю стварыла, багацці сабрала, як пасаг, у музей. Заходзяць людзі — цікавяцца мінулым, любуюцца сучасным. Прыгажэй і далей, Рэчыца.
Крыніца: Малішэўскі У.А., Пабока П.М. “Нашы гарады”