Народныя прыкметы і павер’і Гомельшчыны: міфалагічныя ўяўленні пра зоркі

0
219
Прыкметы з Гомельшчыны пра зоркі

Прырода ва ўсіх яе праявах была аб’ектам пільнай ўвагі з боку старажытнага чалавека, бо менавіта ад яе залежылі жыццё і дабрабыт. Паколькі з’явы навакольнага асяроддзя тлумачыліся ў мастацка-вобразнай форме, то не здзіўляе, што ў дачыненні да ўсіх стыхій фантазія народа стварала тоесныя ім вобразы дзеючых асоб, якія з імі нібы «зліваліся».

Вялікая колькасць міфалагічных ўяўленняў і сюжэтаў звязана з зоркамі, нябеснымі аб’ектамі, якія самым непасрэдным чынам, па ўяўленнях жыхароў Гомелыпчыны, звязаны з лёсам людзей, іх жыццём на зямлі. У прыродзе не існуе з’яў, якія б былі толькі спрыяльнымі ці толькі шкоднымі, таму зоркі ўспрымаюцца па-рознаму: як станоўчы аб’ект і як адмоўны (каметы, метэарыты).

Сучасныя запісы, зробленыя на тэрыторыі Гомельшчыны, дазваляюць пераканацца ў паэтычна-фантастычным успрыманні свету беларусамі Палесся і памежных рэгіёнаў. Звернемся да прыкладаў, якія адлюстроўваюць касмаганічныя ўяўленні.

Паходжанне зорак

Паходжанне зорак у народнай традыцыі звязваецца з вобразам Бога: «Зорачкі на небе — гэта Бог агні зажог» [2, 189].

Найбольш пашыранымі варыянтамі ўяўленняў пра ўзнікненне зорак з’яўляюцца наступныя:

а) «.. .зорачкі — гэта душы людскія, знакі ўсіх жывых істот» [2, 201];

б) «…колькасць зорак на небе — гэта мёртвыя душы» [2, 219].

в) «…зоркі — гэта ўсе мы, жывыя людзі на зямлі. Калі ражаецца дзіця, то там, на небі, запалъваецца яго зорка» [2, 225].

Агульнае, што яднае прыведзеныя павер’і, — гэта факт суаднесенасці і ўзаемаабумоўленасці зямнога жыцця і нябеснага. «Зямныя падзеі могуць быць не толькі аналагам падзей нябесных, але і дубліравацца на небе (ці наадварот)» [3, 118].

Аб надзвычайнай паэтычнасці светапогляду беларусаў сведчыць параўнанне зорак з домікамі анёлаў: «Зоркі на небе ўяўлялі, што гэта домікі ангелаў. І ангелы, як ужо ўвечары свецяць тыя звёздачкі, дык кажуць, што гэта ангелы адкрылі акошачкі» [2, 197]. Як трапна заўважыў вядомы нямецкі філосаф Э. Касірэр, «няма такой прыроднай з’явы чалавечага жыцця, якая не магла б быць міфалагічна інтэрпрэтавана і не дапускала б такой інтэрпрэтацыі» [1, 525].

Месца зорак у сусвеце і іх памеры

Паводле ўяўленняў інфарматараў, «на цвёрдым небе былі пастаўлены сонца, луна і зоркі, каб асвяшчалі зямлю» [2, 213];

«…вялікі акіян, у якім плавалі тры вялікія кіты, якія дзяржалі на сваёй спіне трох сланоў. Сланы дзяржалі тарелку, над ёй вісеў купал, на якім былі прыбіты зоркі, сонца і луна» [2, 212];

«…У дзяцей і ў старых зоркі маленькія, бо дзеці што малыя, а старыя людзі ўжо слабыя і скора памруць. У маладых яркія зоркі» [2, 220].

Апошні прыклад дає магчымасць яшчэ раз пераканацца ў тым, што народная свядомасць усталявала вельмі цесную сувязь паміж нябесным жыццём і зямным, тым самым падкрэсліўшы іх узаемаабумоўленасць.

Функцыі зорак. Сувязь з лёсам чалавека

Зоркі, па народных уяўленнях, звязаны з лёсам людзей і здольны прадказваць надвор’е і ўраджай, сведчыць аб шчаслівым ці нешчаслівым жыцці людзей. Пры гэтым у міфалагічных уяўленнях прысутнічаюць элементы веры, без якой, на думку Э. Касірэра, міф страчвае сваю аснову.

Жыхарка в. Сінічына Буда-Кашалёўскага раёна М.А. Васілеўская сцвярджае: «Калі зорка падає па небу доўга і не гасне зразу, то памёр добры чалавек, яго душа ляціць і свеціцца. Калі падаt хутка і гасне — памёр грэшны, злы чалавек». Відавочна, што дадзенае ўяўленне пабудавана па прынцыпу аналогіі. Заўважым, што такое прамое параўнанне аб’ектаў ці дзеянняў палягае ў аснове многіх прыкмет і павер’яў.

Функцыянальнасць зорак у народнай міфалагічнай традыцыі мае станоўчы, але рознаварыянтны характар. Гэта і вызначэнне лёсу, і спрыянне добрым, «правільным» людзям, і апатрапеічная функцыя:

«Якая звязда скацілася, які ў ёй шлях, як яна падае, так судзъбу апрэдзеляла» [2, 182].

«А вот яшчэ гаворуць чалавек шчаслівы ці нешчаслівы. Гэтае шчасце зоркі прыносяцъ таму, каго болей за ўсіх любяць. Гэта тыя людзі, якія правільна жывуць. Зорка аберагае чалавека, дорыць любоў, удачу, шчасце» [2, 225].

Трэба адзначыць, што такія ўяўленні своеасабліва адлюстроўваюць народную мараль.

Фактычныя запісы міфалагічных звестак сведчаць аб здольнасці нашых продкаў назіраць за з’явамі, аб’ектамі навакольнага асяроддзя, надаваць ім своеасаблівы сэнс. Так, жыхары Гомелыпчыны заўважаюць:

«…калі зорка хутка вельмі ляціць, то дзеўка нарадзіць сможа хутка, без усялякіх хлапот. Калі доўга бачым зорку — тады роды будуць цяжкімі» [2,192];

 «…ляціць хутка і прама — смерць была імгненнай, ляціць не хутка — смерць цяжкая»[2, 192].

Вядома, што для селяніна добры ўраджай і плён у гаспадарцы — аснова жьіцця. Таму любы гаспадар прытрымліваецца тых зярнятак мудрасці, якія былі выпрацаваны на працягу стагоддзяў і складі рэальна-практычную аснову прыкмет і павер’яў:

 «…калі на небе многа звёзд, значыць будзе цёплы дзень» [2, 312];

 «…на куццю многа зорак на небе — будзе многа грыбоў і ягад» [в, 55].

Такім чынам, вялікая колькасць зорак — станоўчы знак, які звязваецца з добрым ураджаем.

На думку М. І. Талстога, у прыкметах і павер’ях «раскрываецца народны светапогляд, згодна з якім зямныя здарэнні наперад прадвызначаюцца на небе ў выглядзе свайго роду схемы ці праграмы. Праграмы гэтыя раскрываюцца, «прачытваюцца» і распазнаюцца па нябесных знаках» [5, 458]. 

Каметы

Засведчаны шматлікія павер’і, што «ў выглядзе зорак могуць з’яўляцца дэманалагічныя персанажы. Часцей за ўсё ўяўленні пра дэманаў звязваюцца з падаючымі зоркамі, метэарытамі, каметамі» [3, 294].

Так, жыхары некаторых раёнаў Гомельскай вобласці паведамлялі, што «…уяўляюць камету ў выглядзе старой агромністай і страшнай ведзьмы на мятле… А калі зляціць яна на зямлю, дак усё граміць будзе, няшчасці прыносіць» (в. Бабоўка Жлобінскага раёна); «…калі ў небе камета, …ета к бядзе» (в. Кавалёў Рог Чачэрскага раёна); «…камета ў небе — ета відзеніе. Вот Гасподзь пасылае відзеніе і людзі апрэдзеляют, што будзе» (в. Лядцы Гомельскага раёна).

З усяго вышэйпрыведзенага вынікае, што ў народнай свядомасці каметы — адмоўныя аб’екты навакольнага асяроддзя. Менавіта з імі людзі звязвалі «няшчасці», непрыемнасці, стыхійныя бедствы. Паводле меркавання Э. Касірэра, «свет міфа — драматычны свет: свет дзеянняў, намаганняў, сілаў, якія змагаюцца. Сутыкненне гэтых сілаў назіраецца ва ўсіх з’явах прыроды. …Тут нельга гаварыць пра «рэчы» як мёртвыя, абыякавыя рэчывы. Тут усе аб’екты супрацьстаяць адзін аднаму» [1, 531].

Млечны шлях

Млечны шлях у народнай міфалагічнай традыцыі надзяляецца станоўчай сімволікай.

«Ноччу, калі ўсе святыя збіраюцца разам і ходзюць, глядзяць, што робіцца на зямлі, то яно ўсё бачно знізу. Зорачкі такія з’яўляюцца. Тады дзякаваць Бога за ўсё трэба. Святая дарога — вось так называюць Млечны шлях» (в. Гадзічы Гомельскага раёна);

 «Млечны шлях — гэта такая дарога ў рай. Людзі, якія заслужываюць рая, ідуць па ей туды. I Гасподзь сам жа выбірае тых людзей» (в. Лядцы Гомельскага раёна);

 «Гавораць, што Млечны шлях вядзе да Бога ці паказвае дарогу людзям, гэта таксама дарога для ўлюблёных. Гэта шчэ зоркі, якія сабраліся разам і жыць не могуць адна без адной» (в. Старое Сяло Веткаўскага раёна).

Апелюючы да фактаў сучасных запісаў прыкмет і павер’яў, можна сцвярджаць, што, сапраўды, міф — гэта «сінтэз філасофіі, рэлігіі ды мастацтва» [8, 5]. Людзі, працуючы, адпачываючы, змагаючыся з невядомым і таемным, стваралі, самі таго не заўважаючы, законы прыгажосці. Эстэтычнае палягала ў самой аснове чалавечага жыцця. Некалі Э. Б. Тайлар заўважыў, што людзі «глядзяць на асобныя зоркі як на адухаўленыя істоты, на сузор’і — як на жывыя нябесныя стварэнні…, тады як на другім канцы шкалы цывілізацыі сучасныя астраномы карыстаюцца такімі ж старажытнымі выдумкамі для складання карт нябеснага глобуса. Прыдуманыя нашымі продкамі назвы, гісторыя зорак і сузор’яў… змяшчаюць шмат розуму і сэнсу» [4, 122]. Добрая захаванасць прыкмет і павер’яў дае магчымасць яшчэ раз пераканацца ў незвычайнай паэтычнасці светапогляду беларусаў, у багацці народнай фантазіі, ва ўменні за звычайным, штодзённым бачыць чароўнае, магічнае.

Літаратура

  1. Кассирер Э. Опыт о человеке. М., 1998.
  2. Народная міфалогія Гомельшчыны: Фальклорна-этнаграфічны зборнік. Мн., 2003.
  3. Славянские древности: Этнолингвистический словарь: В 5 т. Т. 2. М., 1999.
  4. Тайлор Э. Б. Миф и обряд в первобытной культуре. Смоленск, 2000.
  5. Толстой Н. И. Очерки славянского язычества. М., 2003.
  6. Фальклорна-этнаграфічная і літаратурная спадчына Рэчыцкага раёна. Мн., 2002.
  7. Фальклорны архіў кафедры беларускай літаратуры ГДУ імя Ф.Скарыны.
  8. Шамякіна Т. Міфалогія Беларусі (нарысы). Мн., 2000.

 

Аўтар: Алена Кастрыца
Крыніца: Фалькларыстычныя даследаванні. Кантэкст. Тыпалогія. Сувязі: 36. арт. / Пад нав. рэд. Р. М. Кавалёвай, В. В. Прыемка. — Мн.: Бестпрынт, 2004. — 245 с. Ст. 61-65