У артыкуле на падставе выяўленых архіўных крыніц акрэслены асноўныя моманты грамадска-палітычнага жыцця Гомельшчыны ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе. Асветлены аблівасці насельніцтва Гомельшчыны і фарміравання асабовага складу мясцовых органаў ўлады ў гэты час, наказаны найбольш заўважныя ідэалагічныя мерапрыемствы савецкай улады гэтага часу і рэакцыя на іх з боку насельніцтва.
Пасля вайны да існаваўшага з даваеннага часу ўзаемнага недаверу паміж народам і ўладай як да фактара, вызначаўшых характар адносін паміж імі, далучыўся такі новы і магутны фактар, як набыццё савецкімі людзьмі новага вопыту, рост пачуцця іх годнасці як пераможцаў у барацьбе з небяспечным і моцным ворагам, усведамленне сваёй ролі як ратавальнікаў краіны. Гэтыя пачуцці нараджалі ў людзей спадзяванні і нават упэўненасць у тым, што яны заслугоўваюць лепшага жыцця, чым тое, якое мелі ў даваенны час, і лепшых адносін да сябе з боку ўлады.
Упэўненасць у сваім праве на лепшае жыццё падмацоўвалася назіраннямі, вынесенымі мільёнамі савецкіх людзей з іх вызваленчага паходу ў Еўропу, дзе яны ўбачылі іншае, больш забяспечанае жыццё вызваленых народаў, дасягнутае ў іншай сістэме сацыяльна-эканамічных і палітычных адносін. Носьбітамі інфармацыі аб жыцці на Захадзе сталі гаксама грамадзяне, рэпатрыіраваныя з Германіі, і беларусы з Польшчы, пераселеныя ў Беларусь адпаведна з польска-савецкім пагадненнем (верасень 1944 г.) аб абмене насельніцтвам. У Гомельскую вобласць па стану на 17 ліпеня 1945 г. вярнуліся з Германіі 1 324 чалавекі (найбольш — у Гомельскі сельскі раён і ў Гомель), а з Полыпчы к пачатку красавіка 1945 г. пераехалі 848 сямей, усяго 4 318 чалавек [1, л. 129; 2, л. 62-64 адв].. У чэрвені 1945 г. бюро Гомельскага абкама партыі было вымушапа прыняць пастанову, якая патрабавала ад партыйных і савецкіх органаў «узмацніць масава-палітычную работу» сярод гэтых катэгорый насельніцтва [3,л. 246-247].
ЦК КП(б)Б прыняў захады для аднаўлення савецкай улады ў Беларусі яшчэ напярэдадні вызвалення яе ўсходніх тэрыторый. У верасні 1943 г. ён зацвердзіў абласныя, гарадскія і раённыя аператыўныя трупы Гомельскай, Палескай і Магілёўскай абласцей, на якія ўскладваліся задачьг аднаўлення савецкіх органаў і іншых структур улады. На адказную работу накіроўваліся ўдзельнікі падпольнага і партызанскага руху і былыя франтавікі, якія па стане здароўя не маглі ўдзельнічаць у баявых дзеяннях. У 1944 г. яны склалі звыш 40% накіраваных на савецкую і партийную работу [4, с. 38; 5, с. 156]. Вялікую частку кадравага папаўнення Беларусі склалі работнікі, прысланыя з РСФСР і іншых саюзных рэспублік. Толькі ў канцы 1943 — пачатку 1944 г. па рашэнню ЦК УКП(б) сюды з РСФСР былі накіраваныя на розныя пасады 2 124 чалавекі |4, с. 38]. Якасць кадравага папаўнення з той і другой крыніцы была, як правіла, невысокая. У органы ўлады часта траплялі людзі, якія маральна разлажыліся ці, у лепшым выпадку, проста не валодалі іншымі метадамі работы, акрамя гвалтоўньгх. У архіўньгх дакументах фіксуюцца нярэдкія выпадкі незаконных вобыскаў, штрафаў, захопу маёмасці грамадзян, збідця сялян і нават ужывання зброі прадстаўнікамі ўлады, перш за ўсё, пры аднаўленні калгасаў. Паколькі гэтыя дзеянні моцна дыскрэдытавалі савецкую ўладу, імі мусіў заняцца Гомельскі абкам партыі. На пасяджэнні яго бюро 25 чэрвеня 1945 г. было разгледжана пытанне «Аб фактах грубых нарушэнняў сацыялістычнай законпасці ў асобных раёнах вобласці» (на самай справе неабходна было гаварыць аб усіх раёнах). У пратаколе яго пасяджэнпя адзначалася, што «па вобласці зарэгістравана больш 100 выпадкаў збіцця калгаснікаў і масавыя выпадкі накладання незаконных штрафаў» [6, л. 78]. I хоць сярод мер барацьбы супраць выяўленай заганнай з’явы былі сапраўды слушныя (як канфіскацыя зброі у асоб, якім яна не належала па службе), у цэлым пастанова не садзейнічала грамадзянскай згодзе ў вобласці. Яе адсутнасць цалкам праявілася ў ходзе важнейшых палітычных кампаній пасляваениага часу.
Першай такой кампаніяй пасля завяршэння вайны, прычым, беспрэцэдэнтнай па сваім характеры, было святкаванне першай гадавіны вызвалення Мінска 3 ліпеня 1945 г. Рашэнне аб святкавапні гэтай даты было прынята ЦК КП(б)Б 22 мая 1945 г., а на яго аснове Гомельскі і Палескі абкамы партыі (як, напэўна, і ўсе астатнія) прынялі свае аналагічныя гіастановы. Было вырашана «дзень 3 ліпеня — гадавіну вызвалення сталіцы Беларусі горада Мінска правесці як усенароднае нацыянальнае свята перамогі і вызвалення беларускага народа ад нямецка- фашысцкіх захопнікаў» [3, л. 288; 7, л. 40]. Матэрыялы аб падрыхтоўцы да свята друкаваліся на першай староицы «Гомельскай праўды» пад рубрыкай «Нацыянальнаму святу — дастойную сусгрэчу». Пасля свята газеты надрукавалі даклад першага сакратара ЦК КП(б)Б і старшыні Саўнаркама БССР П. Панамарэнкі на VII сесіі Вярхоўнага Савета БССР, прысвечаны першай гадавіне вызвалення Беларусі, у якім таксама акцэнтаваліся нацыянальныя кампаненты яе нядаўняй гісторыі, што раней было зусім не характэрна для партыйнай прапаганды. Панамарэнка, у прыватнасці, сказаў, што ў Вялікай Айчыннай вайне беларускі народ адстойваў не толькі «сваю любімую Радзіму» — СССР, але і «сваю беларускую савецкую дзяржаву, створаную Леніным і Сталіным у 1919 г «У гэтай барацьбе, — падкрэсліў дакладчык, — яшчэ больш вырасла… нацыянальная самасвядомасць» беларускага народа [8].
Характэрным момантам святкавання дня 3 ліпеня ў 1945 г. было ўключэнне ў разгорнутую кампанію збору подпісаў пад пісьмом «працоўных Беларускай ССР Вялікаму правадыру народаў Іосіфу Вісарыёнавічу Сталіну. «Пісьмо» было надрукавана вялікім накладам у выглядзе брашуры з чыстымі апошнімі старонкамі, прадугледжанымі для яго падпісання. Як адзначалася ў яго тэксце, «пісьмо абыйшло ўсе гарады, пасёлкі, калгасы і вёскі Савецкай Беларусі», і гэта сцвярджэнне не з’яўляецца перабольшваннем. На апошніх старонках шматлікіх экзэмпляраў гэтага дакумета, якія захоўваюцца ў архіве, мы бачым дзесяткі подпісаў, зробленых не прывыклымі да пісання рукамі калгаснікаў усіх 12 раёнаў былой Палескай вобласці. Відавочна, ёсць яго экзэмпляры і ад іншых абласцей і раёнаў.
Аб чым жа пісалі працоўныя Гомелылчыны і ўсёй Беларусі «вялікаму правадыру», дакладней, ад іх імя — кіраўнікі БССР? У дзень 3 ліпеня, «нацыянальнага свята» беларускага народа, яны звярталіся да яго «з бязмежнай любоўю і сыноўняй удзячнасцю,» услаўлялі яго і «партыю Леніна — Сталіна,» дзякавалі «вядучай рускай надыі» (так у тыя дні рускі народ назваў Сталін) і іншыя народы СССР за дапамогу ў вызваленні. Узгадаўшы далей асноўныя этапы гістарычнага шляху беларускага народа — зразумела, адпаведна з яго балылавіцкай і прарасійскай трактоўкай, аўтары пісьма падкрэслілі, што толькі дзякуючы Кастрычніцкай рэвалюцыі беларускі народ устаў на шлях будаўніцтва ўласнай дзяржаўнасці і пераадолення векавой адсталасці, дасягнуў вялікіх поспехаў на гэтым шляху, а ў гады вайны пад кіраўніцтвам партыі, «па Вашаму закліку, таварыш Сталін,» узняўся на барацьбу і адстаяў сацыялістычныя заваёвы. ‘Гакі ў самым кароткім пераказе асноўны змест ліста. Але яго сэнс выяўляецца, на нашу думку, на яго апошніх старонках, дзе ад імя беларускага народа дадзена клятва Сталіну: «Абяцаем Вам, дарагі наш таварыш Сталін, мацаваць сталінскую дружбу народаў, берагчы наш савецкі і калгасны лад, умацоўваць ваенную і эканамічную моц СССР і пад Вашым геніяльным кіраўніцтвам ісці наперад да новых перамог сацыялізма» [9, л. 2-9 адв.]. Такім чынам, пісьмо Сталіну было своеасаблівымі палітычнымі «заручынамі» беларускага народа з савецкай уладай, з яе сталінскім кіраўніцтвам, зладжаныш ад імя народа яго бальшавіцкімі кіраўнікамі. Яны аказаліся неабходнымі гэтай уладзе якраз таму, што больш чым за тры гады вайны асновы гэтай улады, такія асабліва, як калгаснае прыгоннае права, моцна пахіснуліся. Крамлю як бы паведамлялі з Мінска, што нягледзячы на нацыянальную рыторыку, якой суправаджалася ўступленне БССР у ААН і звязанае з ім святкаванне дня 3 ліпеня, Беларусь застаецца разам з Савецкай Расіяй і пад яе сталінскім кіраўніцтвам.
«Гомельская праўда», якая 13 ліпеня 1945 г. апублікавала тэкст пісьма Сталіну, паведаміла, што яго ў БССР падпісалі 2 547 300 чалавек. Разгорнутая ў сувязі з яго падпісаннем палітычная кампанія, як і атмасфера святкавання 3 ліпеня дня вызвалення Беларусі, мусілі служыць сродкам мабілізацыі мае для працягу працэса аднаўлення ў поўным аб’ёме сацыялістычнага ладу з яго вядомай з даваеннага часу палітычнай сістэмай.
На чарзе сярод гэтых кампаній стаялі першыя ў пасляваенныя гады выбары ў вышэйшыя і мясцовыя органы ўлады. Заўважым, што савецкае кіраўніцтва даволі позна адважылася на іх правядзенне, прызначыўшы выбары ў Вярхоўны Савет СССР толькі на люты 1946 г., а ў Вярхоўны Савет БССР — на сакавік 1947 г. У ходзе перадвыбарчай кампаніі была разгорнута магутная ідэалагічная апрацоўка насельніцтва адпаведна з сакрэтнай інструкцыяй ЦК УКП(б) «Аб арганізацыйнай і агітацыйна- прапагандыецкай рабоце партыйных арганізацый у сувязі з выбарамі ў Вярхоўны Савет СССР», зацверджанай 5 лістапада 1945 г. Фармулюючы ў ёй дырэктывы партыйным арганізацыям, ЦК УКП(б) зыходзіў са сваёй ацэнкі палітычнай абстаноўкі ў краіне перад выбарамі як «спрыяльнай як ніколі» для балыпавіцкай партыі, паколькі яе быццам бы «аднадушна падтрымлівае ўвесь савецкі народ як партыю, забяспечыўшую перамогу ў Айчыннай вайне». Гэтай ацэнцы мусілі адпавядаць і вынікі выбараў: «Задача заключаецца ў тым, — патрабаваў ЦК УКП(б), — каб умелай арганізацыйнай і агітацыйна-прапагандысцкай работай замацаваць заваяваны балынавіцкай партыяй давер мае, забяспечыўшы самы актыўны ўдзел у выбарах усіх грамадзян нашай краіны і абранне ў Вярхоўны Савет СССР дастойных, адданых справе Леніна — Сталіна дэпутатаў» [10, л. 5]. Адпаведная работа мела як планавы, так і аўральны характар, з’яўляючыся рэакцыяй на канкрэтныя дадатковыя дырэктывы, атрыманыя з Масквы. Напрыклад, сакратар Гомельскага гаркама партыі Е. Барыкін паведамляў абкаму партыі, што 4-5 лютага 1946 г. ў горадзе было нраведзена 137 мітынгаў, прысвечаных звароту ЦК УКП(б) да ўсіх выбаршчыкаў Савецкага Саюза. У іх прынялі ўдзел 15500 чалавек. А 9 лютага 1946 г. на ўсіх гомельскіх прадпрыемствах, у ар целях і ўстановах былі праведзены мітынгі, прысвечаныя прамове Сталіна на перадвыбарным сходзе ў Маскве. Праз тры дні па горадзе пракацілася ўжо хваля планавых перадвыбарчых сходаў з удзелам тысяч грамадзян [11, л. 9,12].
Першыя пасля вайны выбарныя кампаніі ў органы ўлады ў поўнай меры былі выкарыстаны для ўмацавання культу асобы Сталіна. Акрамя таго, што яму прыпісваліся выкточныя заслугі ў дасягненні перамогі над ворагам, гэтаму павінен быў садзейнічаць і адпаведны рытуал сходаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты. Гомельскі абкам партыі паведамляў ЦК КП(б)Б, што «першымі кандыдатамі ў дэпутаты на кожным сходзе працоўныя вылучаюць таварыша Сталіна і яго бліжэйшых паплечнікаў…» (ішоў пералік членаў і кандыдатаў у члены Палітбюро) [12, л. 27]. Толькі пасля іх называліся прозвішчы рэальных кандыдатаў, за вылучэнне якіх удзелыгікам сходу прапанавалася прагаласаваць. Перадвыбарчая кампанія суправаджалася зборам подпісаў пад новым удзячным «Лістом працоўных Беларусі таварышу Сталіну» з дыфірамбамі «любімаму правадыру» [1, л. 180; 12, л. 251]. 3 гэтага часу такія лісты сталі рытуальнымі і падаваліся пры болын-менш сур’ёзнай нагодзе як ад усяго беларускага народа, так і ад асобньгх раёнаў і калектываў. Адначасова працоўныя на такіх сходах бралі павышаныя сацыялістычныя абавязацельствы, хоць нярэдка выяснялася, што не выконваюць і асноўных. Напрыклад, сакратар гаркама В. Серыкаў 5 студзеня 1951 г. паведамляў абкаму, што да чарговых выбараў у Вярхоўны Савет БССР прамысловасць горада выпусціла звышпланавай прадукцыі на 40 млн. рублёў, але прадпрыемствы, якія не выканалі план, не дадалі прадукцыі больш чым на 46 млн. рублёў. Адзін «Гомсельмаш» не даў яе на 25 млн. рублёў адносна плана [13, л. 34].
Арганізатары выбараў імкнуліся надаць ім характар дэманстрацыі яднання народа з уладай, але нягледзячы на пэўныя знешнія эфекты (як з’яўленне асобных груп выбаршчыкаў на ўчасткі з гармонікамі, арганізаваныя прадстаўнікамі ўлады заявы ў яе падтрымку — звычайна з боку старэйшьгх і паважаных грамадзян), такія дэманстрацыі не надта ўдаваліся. Зусім не рэдкімі былі выпадкі адмовы грамадзян ад удзелу ў выбарах як па палітычных, так і па рэлігійных матывах, і нават адмовы падпісаць ліст Сталіну, які зачытваўся на сходах. Прьт гэтым для першых пасляваенных выбараў было харахтэрна суправаджэнне такіх адмоў адпаведнымі заявамі, найчасцей накіраваньгмі супраць аднаўлення калгасаў [1, л. 181-182; 12, л. 30, 31, 200-200 адв.; 14, л. 9 9 адв.]. Гэтыя выпадкі ацэньваліся ўладамі адназначна як антысавецкія. Асаблівую іх трывогу выіслікалі выпадкі масавых акцый антысавецкага зместу. Арганізацыйна-інструктарскі адцзел Гомельскага абкама партыі паведамляў, напрыклад, што «ў калгасах «Прасвет», «Красная Дуброва», імя Будзённага Уваравіцкага раёна калгаснікі, праслухаўшы тэкст ліста таварышу Сталіну, пакідалі сход, адмаўляючыся яго падпісаць» [1, л. 181]. А вось іншы выпадак: «У Рудня-Бартапамееўскім сельсавеце, калгас «Полымя рэвалюцыі», 59 калгаснікаў адмовіліся прыняць удзел у галасаванні. Большасць іх пайшлі ў лес, а частка зачынілася ў хатах» [12, л. 31]. Гэтыя вьшадкі неабходна кваліфікаваць як акцыі грамадзянскага пратэсту супраць найбольш ненавісных яшчэ з даваеннага часу кампанентаў савецкай сістэмы, якія ўлады аднаўлялі насуперак волі грамадзян.
Тым часам у шэрагу раёнаў СССР пачаўся чарговы голад, які ахапіў і паўднёвыя раёны сучаснай Гомельскай вобласці. Ёсць падставы сцвярджаць, што разам з засухай 1946 г. да яго прычынілася і аднаведная дзяржаўная палітыка. Справа ў тым, што дзяржава патрабавала ад калгасаў павелічэння амаль дармовых паставак сельскагаспадарчай прадукцыі. Затраты на іх вытворчасць кампенсаваліся ёю толькі на 5-20%. У шэрагу калгасаў амаль не заставалася прадукцыі для выданы на працадні калгаснікам [15, л. 12; 16, л. 35]. Дзеля павелічэння дзяржаўнага фонду харчовых тавараў быў разгорнуты настул і на прысядзібную гаспадарку калгаснікаў. У 1946 г. урад распарадзіўся абрэзаць і перадаць у калгасы зямлю з прысядзібных участкаў, а тая, што засталася ў карыстанні калгаснікаў, была абкладзена непамерным падаткам. Сяляне былі абавязаны таксама здаваць дзяржаве значную колькасць прадуктаў харчавання.
Наколькі цяжкім быў голад 1946-1947 гг., сведчаць выпадкі канібалізма, зафіксаваныя ў асобных раёьах сучаснай Гомельскай вобласці [17, л. 32; 18, с. 239]. Ратуючыся ад голаду, жыхары Усходняга Палесся кінуліся ў Заходнюю Беларусь, дзе сяляне, якія вялі яшчэ прыватную гаспадарку, жылі болын забяспечана. Там яны наймаліся на заробкі за нейкі пуд жыта ці торбу круп, мянялі нешта з адзення, калі мелі што, або проста жабравалі [19, с. 337-352].
На Гомельшчыну даходзілі хвалі гучных палітычных працэсаў супраць інтэлігенцыі, ініцыіраваных ЦК УКП(б), а іншы раз і асабіста Сталіным, такіх, напрыклад, як барацьба з касмапалітызмам і «нізкапаклонствам перад Захадам». Партыйныя органы вобласці, выконваючы адпаведныя рашэнні вышэйшых інстанцый, знаходзілі такія «заганы» і ў мясцовай інтэлігенцыі [16, л. 9, 10]. «Ва ўмовах БССР…, — гаварылася ў рэзалюцыі сходу партыйнага актыву Гомельскага раёна ад 6 кастрычніка 1947 г., — тыповым праяўленнем такога нізкапаклонства перад Захадам з’яўляецца праславутая «тэорыя» пра «залаты век», які быццам бы перажывала Беларусія ў XV-XVI стагоддзях, калі беларускі народ быў адарваны ад брацкага рускага народа і стагнаў пад прыгнётам літоўскіх і польскіх феадалаў…» [16, л. 10].
Імкненне савецкага кіраўніцтва ўмацаваць сацыяльную базу палітыкі партыі было адной прычын праведзеная ў снежні 1947 г. грашовай рэформы, якая суправаджалася адменай размеркавання па картках была выклікана у тым ліку У ходзе яе абесцэненая грашовая маса, акрамя грошай, што знаходзіліся ў Ашчадным банку, мянялася на новыя грошы ў суадносінах 10 да 1. Пры гэтым зарплата заставалася ранейшай. Сакратар Гомельскага гаркама партыі Е. Барыкін паведамляў, што вестка аб прынятых урадам мерах «з маланкавай хуткасцю абляцела ўсе цэхі і прадпрыемствы горада». 14 снежня 1947 г., у дзень абвяшчэння рэформы, у горадзе было праведзена 70 мітынгаў, на якіх прысутнічала 17 083 чалавекі, выступілі 253 чалавекі; «акрамя таго, — паведамляў Барыкін, — 15 снежня 1947 г. у абедзенны час і пасля работы будуць праведзены сходы і мітынгі на [іншых] прадпрыемствах у сувязі з тым, што шэраг прадпрыемстваў не працавалі па прычыне адсутнасці электраэнергіі» [20, л. 61-62]. Натуральна, што ўдзельнікі гэтых сходаў і мітынгаў з вялікай прыхільнасцю паставіліся да праведзенай рэформы.
Такім чынам, адносіны паміж насельніцтвам Гомельшчыны і савецкай уладай у пасляваенныя гады былі даволі складанымі, а часам і напружанымі. Галоўнымі прычынамі, якія ўскладнялі гэтыя адносіны, былі жорсткія меры сталінскага кіраўніцтва, накіраваныя на аднаўленне пасля вайны калгаснага ладу ў вёсцы, які служыў важнай апорай улады бальшавіцкай партыі, а таксама нежаданне рэжыму ўлічваць узросшы ўзровень самапавагі, годнасці народа, уратаваўшага краіну ў цяжкіх ваенных выпрабаваннях, і пайсці насустрач яго спадзяванням на дэмакратызацыю палітычнага жыцця. Канфрантацыйная пазіцыя ўлады адносна справядлівых патрабаванняў народа прывяла да ўпартага, хоць і пасіўнага ў асноўным супраціўлення з боку розных яго слаёў палітыцы аднаўлення і ўмацавання таталітарнай сістэмы ў пасляваенныя гады.
У гэтай сувязі сімптаматычнай з’яўляецца рэакцыя гамяльчан на рашэнне ліпеньскага пленума ЦК КПСС 1953 г. аб адхіленні ад улады і арышце Берыі. Пытанні аб гэтай падзеі, якія найчасцей задаваліся ўдзельнікамі партыйных і беспартыйных сходаў рабогнікам райкамаў, былі наступныя: «Чаму Берыя так доўга не быў выкрыты?»; У чым выражалася яго падрыўная дзейнасць у калгасным будаўніцтве?»; «У чым выражаўся падрыў ім ленінска-сталінскай нацыянальнай палітыкі?»; «Што такое культ асобы?» У пытаннях і выступлениях на сходах падвяргаліся крытыцы органы ўнутраных спраў за іх бескантрольнасць. [21, л. 11,24, 25, 28,29, 43, 47, 58, 71, 72].
Гэтыя пытанні сведчаць аб тым, што людзі зноў пачалі цікавіцца дзяржаўнай палітыкай і падвяргалі сумненням дасканаласць існуючай у краіне йалітычнай сістэмы. Разам з гым, удзельнікі пленумаў райкамаў і абкама ставілі пытанні, якія сведчылі аб тым, што партыйная наменклатура настроена спыніць беларусізацыю і жадае русіфікацыі грамадскага жыцця [21, л. 67, 72, 74]. У цэлым падзеі 1953 г. падрыхтавалі наступны крок на шляху дэмакратызацыі жыцця ў краіне, якім сталі рашэнні XX з’езда КПСС, выкрываўшьм культ асобы Сталіна. Гэтыя рашэнні рыкашэтам наносілі ўдар па аднапартыйнай сістэме ўлады ў цэлым, аслаблялі яе, спрыялі зараджэнню грамадзянскай супольнасці.
Спіс літаратуры
- Дзяржаўны архіў грамадскіх аб’яднанняў Г’омельскай вобласці (ДАГАГВ). — Фонд. 144. — Воп. 5. — Спр. 62.
- ДАГАГВ. — Фонд. 144. — Воп. 2.
- ДАГАГВ. — Фонд. 144. — Воп. 1,— Спр. 35.
- Кузьменка, У. Беларусь пасля вызвалення (восень 1943-вясна 1945 г.) / У. Кузьменка // Беларус. гіст. часоп. — 2004. — №8.
- Мурашка М. Н., Міхедзька В. А. Гомельшчына пасля акупадыі: праблемы аднаўлення (1943-1945 гг.) / М. Н.Мурашка, В. А Міхедзька // Гомельшчына ў Вялікай Айчыннай вайне: да 60-годдзя Вялікай Перамогі: матэрыялы навук. — практ. канф., Гомель, 7-8 крас. 2005 г. / Гомел. абл. выкан, кам. [і інш.]; рэдкал.: В. А.Міхедзька (адказ.рэд.), [і інш.] -Гомель, 2005.-С. 156-165.
- ДАГАГВ. — Фонд. 144. — Воп. 1. — Спр. 36.
- ДАГАГВ.-Фонд. 702 — Воп. 13. — Спр. 139.
- Гомельская праўда. — 1945. — 11 ліпеня.
- ДАГАГВ. — Фонд. 702, — Воп. 29. — Спр. 79.
- ДАГАГВ. — Фонд. 702 — Воп.. 13. — Спр. 109
- ДАГАГВ. — Фонд. 144. — Воп. 5.
- ДАГАГВ. — Фонд. 144. — Воп. 5. — Спр. 66.
- ДАГАГВ. — Фонд. 144. — Воп. 16, — Спр. 127.
- ДАГАГВ. — Фонд. 144. — Воп. 5. — Спр. 79.
- ДАГАГВ. — Фонд. 144. — Воп. 15. — Спр. 56
- ДАГАГВ. — Фонд. 144. — Воп. 15. — Спр. 53
- Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. — Фонд. 4-п. — Воп. 29. — Спр. 602.
- Кашталян, І. Эканамічная штодзённасць БССР у 1944—1953 гг. /1. Кашталян // Репрессивная политика советской власти в Беларуси : Сборик науч. работ / [Сост.: И. Кузнецов, Я. Басин; науч. ред. В.П. Андреев] ; Междунар. ист,- просветит., правозащит. и благотвор. о-во «Мемориал». Вып. 3. — Минск, 2007.
- Мазько, Э. Заходняя Беларусь вачыма жыхароў усходу Беларусі / Э. Мазько // ARCHE. — 2009. — №8.
- ДАГАГВ. — Фонд. 144. — Воп. 15. — Спр. 47.
- ДАГАГВ.- Фонд. 144. — Воп. 16. — Спр. 205.
Аўтар: Р.Р. Лазько
Крыніца: Гомель: старонкі гісторыі (да 870-годдзя першай згадкі ў летапісе) [Тэкст] : зб. навук. арт. / рэдкал.: В. А. Міхедзька (адказны рэд.) [і інш.], М-ва адукацыі РБ, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель : ГДУ імя Ф. Скарыны, 2012. — 188 с. Ст. 148-156.