Нам толькі 25-ць!

0
1711
Талака, Гомель, гадавіна

Ніколі не кажы ніколі,
Ніколі не кажы заўжды.
Усё адбудзецца паволі,
Усё пакіне тут сляды.

Зміцер Вінаградаў

… Жыццё б’е ключом: раздаюцца загады, вось ужо дружна пачалі выразаць праграмкі ў той час, калі дзяўчаты пачалі звонка распявацца. Як-ніяк, свята сёння! Ды не абы-якое: 25-я ўгодкі Гомельскай моладзевай краязнаўчай грамадкай арганізацыі “Талака”. Неўзабаве пачынаюць падцягвацца і госці. Якая хвілінка – і дадзены старт!

talaka25_2 talaka25_3Галоўнакамандуючы ГМКГА “Талака” generation Next Яўген Меркіс бярэ слова. Талака – лад жыцця беларусаў са старадаўніх часоў. Так рабілі, так і адпачывалі. Толькі разам можна было перамагчы, – распавядае Яўген і тут жа дадае, што за 25 гадоў існавання “Талакі” былі свае ўзлёты і заняпады, але нягледзячы ні на што арганізацыя працягвае ЖЫЦЬ. Так-так, яна жыве! Бо, з’яўляючыся адной з самых старых грамадскіх арганізацый Гомеля, “Талака” прыносіць плён сваёй Бацькаўшчыне: члены і сябры арганізацыі ўзнаўляюць беларускія святы і “рэканструіруюць” абрады, праводзяць здымкі стужак, маюць свой уласны сайт у сусветнай павуціне. Акрамя таго, пад сваім утульным крылом “Талака” збірае прыхільнікаў, што дае набыць ім новыя магчымасці, нешта зразумець у сваім жыцці. Стала “Талака” і своеасаблівым адпраўным пунктам для многіх шлюбных пар. А абрадам Купалля арганізацыя спрыяла і нараджальнасці, – рэзюміруе Яўген і перадае слова Ларысе Шчыраковай, былой старшыні “Талакі”.

Ларыса Шчыракова ў сваю чаргу прадстаўляе фільм “Талака Forever”, у якім пададзены апытанні фундаментатараў арганізацыі і які ў адначассе прысутнымі быў пераіменаваны ў “Сямнаццаць імгненняў “Талакі”.

Так, Алесь Яўсеенка ўспамінае, што ў далёкія 1980-я гады беларускай мовы не было. У рэдакцыі “Гомельскай праўды” – газеце на беларускай мове – ніхто не размаўляў па-беларуску. Толькі праз некаторы час у штаце газеты з’явіўся малады журналіст, які скончыў журфак БДУ і не грэбаваў размаўляць па-беларуску, – Сяргей Дубавец, да якога далучыўся Барыс Сачанка. Патрэбна было мяняць сітуацыю, і праз год заснавання “Талакі” ў Мінску была створана і гомельская “Талака”. Камсамол спрабаваў браць пад кантроль дзейнасць арганізацыі, але талакоўцы мужна трымаліся, не паддаваліся, працягваючы пачатую справу. Так, беларускамоўных школ і садкоў не было, пачалі займацца выпраўленнем гэтага недахопу.

Галоўным, як успамінае Вольга Яўсеенка, паўставала пытанне: чаму беларусы не размаўляюць па-беларуску? Каб выправіць гэта, талакоўцы пачынаюць з сябе. Гаворкай па-беларуску выдзяляцца з асяродку выбіраюць яны (нават адной з умоў прыняцця ў “Талаку” была абранасць менавіта беларускай мовы), пачынаюць развучваць і спяваць беларускія песні. І, трэба адзначыць, што інтэлігентнасць і далікатнасць працінала ўсіх талакоўцаў. Таму, прызнаецца Вольга, “Талака” была ладам жыцця: ладзіліся рознага кшталту імпрэзы, адпраўляліся ў вандроўкі па Прыпяці. Своеасаблівым падарункам хлапцам 23 лютага дзяўчаты прыдумвалі прыпеўкі, якімі ў неабразлівай форме скіроўвалі на адмоўныя рысы, хлопцы ў сваю чаргу 8-га сакавіка адорвалі дзяўчат бел-чырвонымі пацеркамі і стужкамі.

Трэба прызнаць той факт, што зносіны па-беларуску прыцягвалі новых прыхільнікаў “Талакі”. Так патрапіў у арганізацыю Андрэй Пуканаў. Вялікае ўражанне выклікала наяўнасць сярод талакоўцаў апантаных сваёй справай людзей і проста Асоб.

Кірыл Асмалоўскі жартам заўважае, што талакоўцы – людзі з праблемамі, таму менавіта тут можна адчуць сябе сваім сярод сваіх. У такім выпадку не здзіўляе той момант, што “Талака”, як аазіс беларускай народнасці і мовы, была стылем жыцця прадстаўнікоў арганізацыі. Гэтак шчыра гучаць з вуснаў талакоўцаў пажаданні вяртацца да той Беларусі, якая перавярнула лёс, і спадзяванні: каб уся Беларусь стала талакой.

Аптымістычную ноту фільма падхоплівае дзявоча-хлапечы калектыў сваім выступам пад акампанемент дуды, скрыпкі, бубна ды барабана. Кожную песню суправаджае каментар Ірыны Глушэц: характарыстыка песні і месца яе запісу, што, па заўвазе Алены Ведзь, з’яўляецца добрым набыткам “Талакі”, а спевы, якія дараслі да мяжы прафесіяналізму, сапраўды кранаюць усё нутро.

Прымаюць эстафету ўдзельнікі пастаноўкі ў адной дзеі “П. С. Х.”  паводле п’есы Леапольда Родзевіча, падзеі якой разгортваюцца ў 1919 годзе, у якой на прыкладзе гісторыі аднаго чалавека, яго сям’і паказана драма краіны Беларусь. Толькі стаўшы членам партыі “Пільнуй сваю хату” і можна пратрымацца, – сцвярджаецца ідэяй п’есы.

Наступны пункт праграмы – уручэнне дыпломаў па намінацыях людзям, што шмат зрабілі для стварэння “Талакі”, і тым, хто працягвае іх справу, Ларысай Шчыраковай і Яўгенам Меркісам адпаведна.

talaka25_19Па просьбе слухачоў бяруць слова барды “Талакі” – Вальжына Яўсеенка і Зміцер Вінаградаў. Гучаць першыя акорды – і вось ужо ўся заля рэагуе, а з першымі словамі – дружна падхоплівае песню. Дзіва проста! Насамрэч, гэта таго варта! Нездарма пасля выступлення бардаў, Рыгор Васько, гісторык, адзначыў, што талакоўцы – “гэта будзіцелі, будзіцелі сумлення і памяці народнай, якія не даюць забыць людзям, хто яны ёсць”. “Не давайце загнаць сябе ў падполле, смела ідзіце да людзей”, накіроўвае Рыгор.

Заканчваецца сустрэча агульным фота на памяць. Як і з любой сходкі “Талакі”, з залі кожны выходзіў, нешта для сябе ў чарговы раз вырашыўшы, свята несучы гімн арганізацыі, што літаральна перавярнула іх жыцці:

Калі хочаш жыць ты насычана,

не шукай прыгод запазычаных.

А прыходзь да нас,

запрашаем мы, у нашую “Талаку”! 

talaka25_20Жыве “Талака”! 

talaka25_21Аўтар: Марына Маркевіч

Фатаздымкі: Марыся Тульжанкова, Яўген Якавенка