З моманту афармлення лінгвістыкі як самастайнага навуковага кірунку вывучэнне дыялектнай мовы, у якой захоўваецца і адэкватна адлюстроўваецца шматвяковы вопыт народа, па-ранейшаму застаецца адным з самых актуальных. Цікавасць да абрадавых форм культуры абумоўлена іх інфарматыўнымі магчымасцямі і функцыянальнай значнасцю. Традыцыйная абраднасць як культурная форма выконвае пэўныя камунікатыўныя функцыі, паколькі забяспечвае наяўнасць асаблівых інфармацыйных сувязей — спецыфічнага спосабу этнакультурнай інфармацыі, садзейнічае пераемнасці этнасу і забяспечвае стабільнасць яго ў часе. Абраднасць садзейнічае акумуляцыі і перадачы культурнага вопыту этнасу, выконвае важную функцыю захавання этнічнай спецыфікі жыццёвага ўкладу і форм зносін.
Абрадавыя тэксты даюць багатыя магчымасці для назіранняў сістэмных сувязей, якія выяўляюцца на ўзроўні структурнай арганізацыі адзінак рознай ступені складанасці, паколькі маюць строга акрэсленыя прасторава-часавыя рамкі, хоць і досыць шырокія, каб складаючыя іх канструкты рэалізавалі свае структурна-семантычныя патэнцыі. Радзінна-хрэсьбінны абрад мы разглядаем як адзін з такіх тэкстаў.
Абрад асэнсоўваецца як паслядоўнасць дзеянняў, зваротаў да прадметаў, якія маюць сімвалічны сэнс, і звязаных з імі славесных выказванняў. Вырваныя са сваіх звычайных сувязяў, дзеянні, прадметы ў абрадзе трапляюць ва ўмовы новых заканамернасцей іх функцыянавання і злучэння, набываюць знакавы характар. У сукупнасці канструктыўныя адзінкі абраду ўтвараюць спарадкаваную знакавую сістэму. Інварыянтная схема ўзаемаразмяшчэння элементаў гэтай сістэмы рэпрэзентуе яе структурную будову. Моўная структура абрадавага тэксту мае ў плане выражэння набор разнакодавых адзінак (прадметаў, дзеянняў, слоўных выказванняў) з сімвалічным значэннем, змешчаных у спарадкаваную ўстойлівую сінтаксічную мадэль.
У сямейна-абрадавай лексіцы багатай і разнастайнай з’яўляецца лексіка радзіннай абраднасці як аднаго з найбольш важных комплексаў сямейнай абраднасці, які мае даўнія развітыя традыцыі бытавой культуры, уяўляе значную цікавасць і з’яўляецца актуальным для вывучэння і этнографаў, і лінгвістаў. Нараджэнне дзіцяці, новага члена грамадства, суправаджалася вялікай колькасцю засцярогаў і прыкмет. Неабходна адзначыць, што пад тэрмінам ‘радзінна-хрэсьбінная абраднасць’ уяўляецца ўвесь комплекс звычаяў і абрадаў, звязаных ca з’яўленнем дзіцяці і першым годам яго жыцця.
У складзе радзіннай абраднасці вызначаюцца тры асноўныя моманты: само нараджэнне, ачышчэнне маці і бабкі-павітухі і прыём у грамадства новага члена. [1, с. 319]. Адрознівальнай прыкметай абрадавай сітуацыі з’яўляецца абавязковасць такога кампанента, як паўтаральнасць. Абрад — гэта вызначанае традыцыяй дзеянне ці сукупнасць дзеянняў, таму абрадавае найменне можа абазначаць адно дзеянне (выкупіць кашу) ці мноства акцый (хрысціць дзіця).
Назвы абраду і этапаў абрадаў можна падзяліць на две трупы: абрады, якія праводзяцца пры нараджэнні дзіцяці, і абрады, якія праводзяцца пры хрышчэнні нованароджанага.
Лексемы, якія зафіксаваны пры нараджэнні і да хрышчэння, можна прадставіць наступным чынам.
- Падрыхтоўка да нараджэння. Абрад уяўляе сабой зносіны чалавек — сілы прыроды, Бог, нізшыя духі. Абрад як параджэнне міфалагічных уяўленняў аб’ектывізуе спецыфічную свядомасць удзельнікаў абраду. Таму зразумелым становіцца строгае выкананне неабходных дзеянняў, ужыванне спецыфічных слоў.
Набліжэнне родаў і самі роды будучая маці і усе члены сям’і ўтойвалі, каб не сурочьщь і каб роды прайшлі легка. Нараджэнне дзіцяці суправаджалася тайнай і шматлікімі забабонамі — цяжарнай неабходна было засцерагацца, аберагацца: Нельзя было, каб свет ад луны падаў на яе, бо дзіця па начал хадзіць будзе; пераступаць проз вяроўку, бо памрз [2, с. 256]; Для таго каб дзіця было разумным, нельга было стрыгціся маці, пакуль яна носіць дзіця [2, с. 263].
- Назвы асоб, якія ўдзельнічалі пры нараджэнні новага члена грамадства: Пры нараджэнні дзіцяці галоўнй асобай з’яўляецца, канечне, парадзіха ‘жанчына, якая раджае або толькі што нарадзіла дзіця’ (ТСБМ, 4, с. 38). Акрамя літаратурнай, на тэрыторыі Лоеўскага раёна сустракаюцца таксама назвы: рожаніца, роджаніца, рожзніца: Парадзіху-то, каб разрадзілося, гладзіла па жывату да отмовляла [2, с. 257]; Калісь гатовілі рожаніцу [2, с. 266].
Паспяховыя роды шмат залежалі ад умення і вопыту бабьг. баба ‘уст. жанчына, якая прымае дзяцей у час родаў’ (ТСБМ, 1, с. 319), баба-павітуха ‘уст. жанчына, якая дапамагае пры родах’ (ТСБМ, 3, с. 476). Такое ж найменне бытуе і ў Лоеўскім раёне, прычым ужываецца без абмежавання: За бабу бяруць, хто панаравіцца [2, с. 266], а таксама бабка, бабушка, баба-павітуха, бабка-павітуха, баба-прыродуха: Звалі бабка-павітуху [2, с. 266]; Баба-прыродуха — старая баба, баба-павітуха [2, с. 265], Першы раз даўжна памыць яго бабка [2, 260]; Бабушка должна варыць [2, с. 256] — абавязкова немаладая паважаная жанчына, у якой ёсць свае дзеці. Распаўсюджана і лексема бабіць ‘прымаць дзяцей у час родаў’ (ТСБМ, 1, с. 319), утвораная ад адпаведнага назоўніка: Выбіралі бабу, каб бабіла [2, с. 264].
Зафіксавана на Лоеўшчыне шмат лексем, якія называюць нованароджанага: народжаны: Народжанага адорвалі хто чым мог [2, с. 261]; дзіця’. Як толькі дзіця народзіцца, бабу звалі [2, с. 255]; рэбёнак’. Калі акрэпне рэбёнак, то хрэсьбіны назначаюць [2, с. 255]; дзіцёнак’. Каб у дзіцёнка ўсё было добра, не нада астаўляць на ноч яго вешчы на дварэ [2, с. 259]; дзіцятка: Калі родзіцца дзёцёначак [2, с. 262] малой’. I малой будзе крэпкім тады [2, с. 263].
- Назвы рытуальных прадметаў або сімвалаў, якія выкарыстоўваліся падчас абраду: палаценца: Палаценцам новым рукі выцерці [2, с. 260]; авёс: У ваду для мыцця сыпле авёс [2, с. 266]; нітка сыравая, ляная’. Пупок завяжа ніткай сыравой [2, с. 264]; шпага: Раней, каб дзеці не былі труслівымі, ім пры раджэнні давалі ў рукі шпагу [2, с. 260]. Пры першым купанні нованароджанага часта дабаўлялі чыстацел: Баба купае ў чыстацеле. Бывалькі Лоеўскі р.
Шмат рытуальных прадметаў выкарыстоўвалася пры з’яўленні ў сям’і нованароджанага, каб засцерагчы яго ад сурокаў, каб вырас дужым і прыгожым: каб дзіця ніхто не сурочыў, надзявалі наізнанку распашонку, а яшчэ булаўку ў верхнюю адзежу прышпілялі [2, с. 255].
- Назвы абрадаў. Пасля нараджэння дзіцяці ў хаце рабілі адведкі’. На следуюшчы дзень ужоў адветкі прыходзілі па дзве-тры жанчыны. Рэкорд Лоеўскі р.; атведкі, ответкі’. У атведкі прыносілі бліны, яечню [2, с. 263]; Яна прыходзіла ў ответкі тры разы [2, с. 263].
- Назвы ежы: пячонае, блінчыкі, пампушкі, сухарыкі, булачкі: Нада было абязацельна памакаць пампушку ў сметану, а патом пакачаць і даць жэншчыне [2, с. 250]; мёд: Баба брала мёд і несла парадзісе для ўзнаўлення сіл [2, с. 251].
Тэматычная класіфікацыя абрадаў, якія праводзяцца пры хрышчэнні нованароджанага, прадстаўлена такім чынам.
- Назвы абраду хрышчэння і яго частак: хрэсьбіны, крэсьбіны, хрысціны, хрышчэнне: На хрэсьбіны зараней выбіралі кума і куму [2, с. 259] Перад хрысцінамі хросная бярэ пялёнкі, рубашачкі [2, с. 258]; бацька і матка не прысутнічалі нахрышчэнні [2, с. 263]; разбіць гаршчок: Кум разбіваў гаршчок аб край стала [2, с. 265]; біць кашу, выкупляць кашу: Кум разбівае кашу [2, с. 267]; торг за кашу: Кум доўжан разбіць яе, затым ідзе торг за кашу [2, с. 131]; красці кашу: Кашу кралі пад сталом [2, с. 263]; рабіць зліўкі: Потым зліўкі-то робяць — дзіця абліваюць вадой [2, с. 258].
Калі нараджэнне дзіцяці суправаджалася тайнай і шматлікімі забабонамі, то ў наступным этапе радзіннага абраду ўдзельнічае вялікая колькасць народу: У мяне былі хрэсьбіны — дзве хаты былі забіты, да яшчэ і трэцяя поўненькая [2, с. 266]. Аднак і пры абрадзе хрышчэння павінны былі выконвацца пэўныя рытуалы. Так, калі хросныя збіраліся ў царкву, кум правай нагой станавіўся на сякеру. У дарозе кумы не размаўлялі, каб дзіця было спакойным. Калі пераязджалі праз раку, то павінны былі выйсці з машыны і пранесці дзіця на руках, затым тры разы адвярнуцца і плюнуць [2, с. 252].
- Назвы асоб, якія ўдзельнічаюць у абрадзе.
“Усе прыведзеныя факты даюць нам падставу разглядаць частку абрадаў, звязаную з наражэннем дзіцяці, як акт прыёму нованароджанага ў грамадства. Асноўнымі тут з’яўляюцца хрысціянскія моманты, асабліва правядзенне хрышчэння: увесь абрад называўся хрышчэнне, а дзеючыя ў ім асобы — кум і кума”, — сцвярджае вядомы даследчык ўсходнеславянскай этнаграфіі Д.К. Зяленін [1, с. 323].
Пры хрышчэнні галоўнымі ўдзельнікамі былі бацюшка: Бацюшка галоўку дзіцяці мочыць [2, с. 261]; хросныя бацькі, хросныя радзіцелі. Запрашалі стаць хроснымі бацькамі паважаных людзей [2, с. 252]. Хросныя бацькі выбіраліся зараней сярод сваякоў, сяброў: За хросных бралі часцей за ўсё лучшых друзей [2, с. 127]. Лічылася, што хросныя бацькі павінны быць маладзейшымі за бацькоў, каб як мага далей прыглядалі за хрэснікам.
На тэрыторыі Лоеўскага раёна для найменні хросных бацькоў зафіксаваны наступныя назвы: хросная маці, хросныя’. У цэркву ехалі толькі хросны і хросная [2, с. 261]. У адносінах да бацькоў хросныя дзіцяці называліся кум і кума: Там ужз збіраюцца падаркі куму, куме [2, с. 261]. Зафіксавана і зборная назва кумаўё: Збіраюцца кумаўё [2, с. 261].
Нованароджаны пры крышчэнні называўся крэснік, хрэснік’. Яны таксама дараць падаркі крэсніку [2, с. 261]; Прыглашае выпіці за здароўе хрэсніка [2, с. 132].
- Назвы рытуальных прадметаў або сімвалаў, якія выкарыстоўваліся падчас абраду: Гэтыя прадметы выступаюць як своеасаблівы код, які мае самыя разнастайныя функцыі. Адным з самых значных прадметаў у радзінна-хрэсьбінным абрадзе, як і ва ўсіх астатніх (вясельным. пахавальным), з’яўляўся каравай, хлеб’. Калі бярэш бабу, кума, то прыходзіш к ім у хату з караваем хлеба [2, с. 263]; Нясуць ужо свякроўка ці матка хлеба (нада хлеба занясці бабе) і ўжо просяць [2, с. 264]; які з’яўляецца сімвалам багацця, жыцця, шчаслівага лесу, у якім пераплятаюцца мужчынскі і жаночы пачатак.
Пры правядзенні абраду хрышчэння выкарыстоўваліся іншыя рэчы і прадметы, якія мелі назву: крыж, крэшчык’. Трэба хросны каб хрэшчык купіў [2, с. 261]; хлеб-соль: Кума прыходзіла ў дом з хлебам-соллю [2, с. 262]; чарапкі, чарапочкі, чарапянкі — абломкі, асколкі разбітага глінянага, чыгуннага або фарфоравага вырабу’ (ТСБМ, 5 (2), с. 295): Лажылі маладым на галову чарапкі, каб дзеці былі [2, с. 265]; Чарапочкі на головы адзяваюць [2, с. 259]; Чарапянкі збірае і кідае чэраз людзей у порог [ 2, с. 267]; окрайка: Акрайкай спавіваюць дзіця [2, с. 266]; кожух: Бабка павінна быць апранута ў вывернуты кожух, каб дзіцё было богатым [2, с. 252].
Падчас правядзення абраду хрышчэння рыіуальнымі лічыліся самыя разнастайныя прадметы і нават жывыя істоты: кот, певень: А яшчэ так рабілі: клалі ў гаршчок не кашу, а ката [2, с. 257]. Верх з кашы абавязкова сабіраюць і аддаюць курам. Лоеў.
Пасля таго, як хрышчэнне дзіцяці закончылася, бабу дадому вазілі на цялезе: Пватом садзілі тую бабу ў цялегу і вязлі па ўсёй дзярэўні [2, с. 264]; карыце, балеі: Потым везлі бабу на карыце дамоў [2, с. 260]; калясцы: Потым бабу прыбіраюць абы-як і вязуць яе додому на калясцы [2, с. 262]. Летам на калёсах везлі бабу “ўтапіць”. У некаторых вёсках маглі ўзяць палку і чырыць столь. Рэкорд Лоеўск.
Калі вярталіся з царквы, сустракалі хросных і новага хрысціяніна іншымі прадметамі — хлопчыка будаўнічымі інструментам!, дзяўчынку — кравецкімі, каб выраслі добрымі гаспадарамі: Если мальчика встречают, ложат на пороге молоток, пилу, гвозди, если хотят, чтобы хозяин был. Если девочку встречают, ложили вилки, чтобы хозяйкой была, иголку с ниткой, чтоб вышивала. Чтоб красивая была, можешь розу положить [2, с. 260]. Удзельнікі хрэсьбіннага абраду абавязкова абменьваюцца падаркамі.
- Навы абрадавай ежы. Найбольш пільная ўвага надавалася кашы, бабінай кашы, кумавай кашы: Кашу вараць абязацельна пшонную [2, с. 264]; Называлася то бобіна каша, то кумова каша [2, с. 264]. Часта першы раз падавалі падстаўную кашу: Іншы раз доволі падстаўную кашу -у горшок садзілі ката обо пеўня. Бывалькі Лоеўскі р. Гатуюць стол іўсялякія блюды — боршч, кашу. Лоеў.
Абрады, звязаныя з сямейным жыццём чалавека, з’яўляюцца праяўленнем традыцыйнай культуры беларусаў, таму ў генетычных адносінах амаль уся лексіка належыць да агульнаславянскага лексічнага фонду. Гэта такія лексемы, як бабка, дзед, кум, радня, хрысціць, каша, гаршчок, мятнік, ручнік, кажух, маці, бацька, парадзіха і інш. [3].
Большасць зафіксаваных лексем з’яўляюцца матываванымі найменнямі. Фактар матываванасці слова звязаны з лексічным значэннем, прадвызначае лексіка-семантычную характарыстыку слова, яго семантычную валентнасць, эмацыянальнасць, экспрэсіўнасць і вобразнасць.
Пад матываванасцю слова звычайна разумеюць “абумоўленасць яго значэння значэннем іншага слова, ад якога яно ўтворана” [4, с. 121], усведамленне сувязі значэння і гукавой абалонкі, якая выражае гэта значэнне [5, с. 153].
Болын дакладнае, на нашу думку, азначэнне разглядаемага паняцця падае В. І. Блінова, якая лічыць, шло “матываванасць — структурна-семантычная ўласцівасць слова, якая дазваляе ўсвядоміць рацыянальнасць сувязі значэння і гукавой абалонкі слова на аснове яго суадноснасці з аднакаранёвай (аднакаранёвымі) і аднаструктурнай (аднаструктурнымі) адзінкамі” [6, с. 6].
У аснове лексічнай матывацыі ляжыць сувязь вытворнага слова з гучаннем і значэннем утваральнай асновы і ўсведамленне матывуючай прыметы абазначаемага слова. Структурная матывацыя вызначаецца суадносінамі намінатыўнай адзінкі са словам падобнай структуры і асэнсаваннем класіфікацыйнай прыметы наймення [4, с. 6].
Пад структурна-семантычным тыпам матывацыі мы разумеем адзінства лексічнай і структурнай матывацыі слова, якое праяўляецца ў яго сувязі з гучаннем і значэннем утваральнай асновы і суадносінах з аднаструктурнымі моўнымі адзінкамі [5, с. 6].
Як паказвае аналіз, самым пашыраным тыпам структурна-семантычнай матывацыі разглядаемых назваў з’яўляецца намінацыя паводле працэсуальнай прыкметы: падаркі, роджаніца, парадуха, парадзіха, радзільніца, хрышчэнік, мятнік, хрэсьбіны, красціны, радзіны, адведкі, вотведы, сматрыны, павітуха, рубаха. У такой дэрывацыі ўдзельнічаюць суфіксы -к-, -ух-, -іц-, -ах-, -ын.
Радзей утвараюцца найменні ад назоўнікаў: кажух, бабушка, ручнік.
Зафіксаваны на тэрыторыі Лоеўшчыны і складаныя назвы:
прыметнік + назоўнік: падстаўная каша, хросны бацька, хросная маці, пупавая баба, кумава каша;
дзеяслоў + назоўнік або назоўнік з прыназоўнікам: біць гаршчок; збіраць на шапачку; класць на кашу;
Адзінкавымі з’яўляюцца выпадкі складання слоў: пупарэзніца ‘спавівальная бабка’, субстантывацыі: цяжарная, бярэмянная.
Даволі значную групу складаюць экспрэсіўныя абрадавыя назвы. Асаблівасцю эмацыянальна-экспрэсіўнай лексікі з’яўляецца тое, што эмацыянальная афарбоўка накладаецца на лексічнае значэнне слова, але не зводзіцца да яго: дэнататыўнае значэнне слова ўскладняецца канататыўным. Такія лексемы, акрамя намінатыўнай, маюць яшчэ і экспрэсіўную функцыю, якая робіць іх адметнымі, выразнымі ў лексічнай сістэме народна-дыялектнай мовы. Дадатковыя сэнсавыя кампаненты, уключаныя ў семантычную структуру слова, дазваляюць перадаць такія эмацыянальна-ацэначныя адносіны суб’екта да прадмета, як ласкальнасць, іронія, кпіны.
У складзе эмацыянальнай лексікі можна выдзеліць наступныя групы:
- Словы з яркім канататыўным значэннем, якія ўтрымліваюць ацэнку фактаў, з’яў, прыкмет, што даюць адназначную характарыстыку: Жана мая дарагая [2, с. 265]; Гаворацьусё добрае для дзіцяці [2, с 260]; Жалалі дабра і маці, і дзіцяці [2, с. 265].
- Мнагазначныя словы, нейтральныя ў асноўным значэнні, якія атрымліваюць якасна-эмацыянальнае адценне пры пераносным ужыванні: Спасіба табе, кумок, мой галубок [2, с. 265]; А я гарна кветачка [2, с. 267].
- Словы з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі, якія перадаюць разныя адценні пачуццяў. Такія адценні значэння могуць выражацца ўнутраным зместам моўных адзінак, з’яўляюцца імпліцытнымі — выражацца праз знешнія, фармальныя паказчыкі (суфіксы суб’ектыўнай ацэнкі).
Выключным багаццем экспрэсіўных адценняў вылучаецца лексіка са значэннем асобы. Шырока прадстаўлена яна ў радзінна-абрадавых песнях: Ох, кумкамая, прынясу я жьшіа [2, с. 249];Дзякуй нашому кавалю [2, с. 252], Будзем бабку вішаці [2, с. 253]; Унучаньку здаровянька [2, с. 258]; Просіць баба-бабусінька [2, с. 258]; Кума, мая кумачка! [2, с. 127]; Любых госцікаў ды бабулю [2, с. 264].
Памяншальна-ласкальныя суфіксы назоўнікаў, што сустракаюцца ў радзінных песнях, у сваей большасці не звязаны з памяншэннем прадмета (хацінка не маленькая хата), а з выражэннем адносін павелічальнасці або ласкальнасці. Так, суфіксы -еньк-, -аньк-, -іньк- выяўляюць станоўчыя адносіны да аб’екта, маюць значэнне яркай эмацыянальнасці і размоўнай экспрэсіўнасці: Просіць баба-бабусінька, Просіць дай шчырусінька [2, с. 258]; Не кукуй, зязюлечка, рана, Не кажы, што ночачка мала [2, с. 264]; Муж ты мой маладзенькі [2, с. 265].
Такія ж адносіны выражаюцца з дапамогай суфіксаў -ак-, -ёк-: У полі гаёк расшугаўся [2, с. 265]; Молоточкам не стукаў [2, с. 252].
-аньк-, -іньк-: Просіць баба-бабусінька [2, с. 258]; А гарненька рыбанька хороша [2, с. 127];
-ачк-, -ОЧК-, -ечк-, -ейк-: Кума мая, кумачка. Лоеў; Ці з дзевачкамі прапяяла [2, с. 265]; Скажы ты мне праўдачку [2, с. 265]; Табе сыночка я радзіла [2, с. 265], Калі б к табе ў госцейкі [2, с. 266];
-ік: Яна к сабе госцікаў звала. [2, с. 264]; столікі абрусам [2, с. 264];
-ятк-: Дадому з дзіцяткам. Лоеў
У складзе суфіксальных утварэнняў можна вылучыць словы максімальнай ступені экспрэсіўнасці — такія дымінутывы, якія ўтвараюцца ад дымінутываў: бабулечка ад бабуля: Дам табе, бабулечка, Тры пуды маку Лоеў; бабусінька ад бабуся Бяжыць к сваей бабусіньке [2, с. 258].
У такіх назоўнікаў праяўляецца ўзмоцненая ступень ласкальнасці, мяккасці, добрых адносін.
Радзей ў складзе радзіннай лексікі Лоеўскага раёна выяўляюцца прыметнікі і прыслоўі з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі. У шырокім спектры чалавечых пачуццяў — захапленне, замілаванне, цікавасць і пад., якія праяўляюцца ў адносінах да асобы ці прадмета, якія надзелены гэтай прыкметай і выражаюцца прыметнікам з памяншальным значэннем, немагчыма вылучыць адзінага сэнсавага кампанента, які можна было б адназначна прыпісаць суфіксу.
Можна толькі канстатаваць, што такія прыметнікі (прыслоўі) адназначна выражаюць ўзмацняльна-станоўчыя адносіны: Унучачку здаровянька [2, с. 258]; Просіць дай шчырусінька [2, с. 258];. Суфіксы -j- (-j-э, -j-o) акцэнтуюць увагу на зборнасці: кумаўё: Збіраюцца кумаўё [2, с. 261].
У песнях, звязаных з радзіннай абраднасцю, фіксуюцца метафары: Пасадзіў куму ў садзе на цвяток [2, с. 253]; Запрагайце дванаццаць собак І павязём бабку ў кабак [2, с. 253]; Дзякуй нашаму кавалю, Без молату, без кувадла Наладзілі дзіця ладна [2, с. 252].
Іншамоўная лексіка ў межах разглядаемага семантычнага поля складае даволі кампактную мікрагрупу і адносіцца пераважна да так званых “культурных” запазычанняў. Многія з іх былі засвоень! беларускай мовай яшчэ ў старажытнасці і з’яўляюцца даўнімі запазычаннямі:
з лацінскай: аўкцыон < лац. auctio [3, т. 1, с. 169]; аўтарытэт < autoratas [3, т. 1, с. 176];
з польскай: кофта < пол. kofta; [3, т. 2, с. 355];
нямецкай: хвартух < пол. fartuch < ням. Vortuch; [3, т. 2, с. 300];
арабскіх моў: хуста < пол. chusta < іт. fustagno < ст.лац. fustanüm < араб. Fastät, стар, назва Каїра.
Абрадавая лексіка, якая да сённяшняга часу шырока функцыянуе на тэрыторыі Лоеўскага раёна, вызнчаецца багатай і складанай сістэмай лексічнай сродкаў, варыянтнасцю і разнастайнасцю сродкаў з іх семантычнымі і граматычнымі асаблівсцямі, з’яўляецца неад’емнай часткай духоўнай культуры беларусаў, у якой захаваны старажытныя моўныя з’явы.
Спіс выкарыстанай літаратуры
- Зеленин, Д.К. Восточнославянская этнография ∕ Д.К. Зеленин. — Μ.: Наука, 1991. -511 с.
- Радзінна-хрэсьбінныя абрады і звычаі беларусаў (на матэрыяле фальклору Гомельскай вобласці) / аўтары-ўкладальнікі Новак В.С., Шынкарэнка В.К. і інш. — Гомель, 2013.
- Фасмер, Μ. Этимологический словарь русского языка: В 4-х т.: пер. с нем. и доп. О.Н. Трубачёва / под ред. и с предисл. Б.А. Ларина / Μ. Фасмер — Μ., 1986-1987
- Моисеев, А.И. Мотивированность слов // Исследования по грамматике русского языка. Учёные записки ЛГУ, 1963. Вып. 68, № 322.
- Супрун, А. Е. Лекции по лингвистике / А. Е. Супрун. — Мн., 1980.
- Блинова, О. И. Предисловие // Мотивационный диалектный словарь. Говоры среднего Приобья. — Томск, 1982.
- Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: У 5-ці тт. Над агульнай рэд. К.К. Атраховіча — Мн., 1977-1984
Аўтары: A.Μ. Воінава, A.Μ. Палуян
Крыніца: Шматмернасць тэксту: структура, разуменне, інтэрпрэтацыя: зборнік навуковых артыкулаў / рэдкал.: А. Μ. Воінава (гал. рэд.) [і інш]; Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны. — С. 21-30.