Этналінгвістычныя даследаванш разглядаюць мову праз прызму традыцыйнай народнай духоўнай культуры. У аснову ўказанага падыходу пакладзена формула “мова + культура”. Уласцівасць мовы адлюстроўваць адметнасць культуры яе носьбітаў абумоўлена кумулятыўнай функцыяй, якая заключаецца ў назапашванні і захаванні традыцый, гістарычных здабыткаў, нацыянальнай свядомасці народа. Мову ў яе кумулятыўнай функцыі даследчыкі разглядаюць як механізм, што спрыяе кадзіраванню і трансляцыі культуры.
У кантэксце ўзаемазвязанага вывучэння мовы і культуры беларускага народа аб’ектам увагі становяцца культурна афарбаваныя моўныя адзінкі, якія з’яўляюцца прадуктам кумулятыўнай функцыі мовы і тым ці іншым элементам сваёй семантыкі або структуры адлюстроўваюць сувязь мовы і культуры, у якой дастаткова дакладна адлюстраваны дыялектныя рысы i многія асаблївасцї беларускай гаворкї. У мове захоўваецца самыя разнастайныя па часе ўзнікнення і функцыянавання лексічныя адзінкі. Цікавай у гэтым плане з’яўляецца абрадавая лексіка, якая звязана са зменамі ў жыцці прыроды і імкненнем чалавека ўздзейнічаць у сваіх інтарэсах на з’явы прыроды, прымусіць працаваць на сваю карысць. Каляндарныя святы беларусаў падпарадкаваны гадавому земляробчаму і жывёлагадоўчаму цыклам і выразна падзяляюцца на восеньскія, зімовыя, веснавыя і летнія.
Лексіку каляндарнага абрадавага цыклу можна прадставіць у наступным выглядзе:
- Назвы абрадаў і свят. Найменні зімовых свят. Першыя святы ў новым годзе звязаны з адзначэннем новага года і зімовымі святкамі. Зімовыя святкі пачыналіся пасля поснай куцці і заканчваліся на Вадохрышча. Каляды былі пачаткам язычніцкага святкавання ў гонар зімовага сонцазвароту і каляднага мясаеду пасля шасцітыднёвага Піліпаўскага посту [1, с. 163].
Новы год — свята, якое адзначаецца ў ноч з 31 снежня на 1 студзеня. Адметнае комплексам каляднай абраднасці, варажбой, накіраванымі на прадугадванне будучага ў новым годзе; надзяляецца магічнай сілай, якая прыносіць паляпшэнне дабрабыту, шчасце ў сям’ю. Галоўным атрыбутам свята з’яўляецца ёлка як сімвал урадлівасці, жыцця, здароўя: Напярэдадні Новага года адзначалі багатую куццю. Стоўпня.
Каляды, вечара святые, божае нараджэнне — зімовае свята народнага календара, якое адзначаецца 7 студзеня: На Каляды гадалі. Хадзілі плот абдымаць. Беліцк; Перыяд каляд называюць вечара святыя. Ліскі; Каляды яшчэ называлі “Божае нараджэнне”. Амельна. Каляды лічыліся пачаткам язычніцкага святкавання з прычыны павелічэння дня, якія ў сувязі з прыняццем хрысціянства супалі з нараджэннем Хрыстовым па новаму стылю. Свята адметнае багатым комплексам абраднасці, варажбой.
Раждяство, Рождяство — свята нараджэння Хрыста, 7 студзеня: Каляды праходзілі ад Рождяства і да 21 студня (провады каляд). Гадзілавічы; Раніцай на 7 январа адзначалі Каляды. Амельна. Па старому стылю беларусы захавалі і святкаванне Старага новага года — з 13 на 14 студзеня: Стары новы год празнуют 14 январа. Рагачоў.
Апошнім зімовым святам было Крышчэнне, Хрысчэнне, Хрышчэнне — рэлігійнае свята, якое адзначаецца 19 студзеня: У нас называюць Хрысчэнням. Ета ікраз на трэццю каццю гуляюць. У емы дзень нашага збавіцеля Ісуса Хрыста хрысцілі. Доўск; На Крышчэнне перад уходам у кожную хату пісалі нявяліцкія хрэсцікі. У хляве таксама пісалі крэсты, калі карова балела, то іх пісалі на трэцім бервяне, ад фундамента. Побалава; На Хрышчэнне пяклі крэсцікі, дзверы апісвалі, ваду хадзілі свяцілі, а потым хаты, сараі, самі пілі. Іншыя гавораць, што на Хрышчэнне хрэст на дзвярах не рысуюць. Глінск.
Зімовыя абрады, якія ажыццяўляюцца ў снежні і студзені, даследчыкі звычайна звязваюць з сонцастаяннем [2, с. 389].
Назвы веснавых абрадаў і свят. Першае веснавое свята пачынаецца 15 лютага, калі адзначаецца Стрэчанне — дзень сустрэчы зімы з летам: Стрэчанне — бо гаварылі “зіма з вясной” сустракаюцца. Глінск. Падчас святкавання выконваліся стрэчаньскія песні, у якіх вітаўся надыход вясны.
Свята яшчэ мела назву Грамніцы: Было яно 15 феўраля, называлі яго “Грамніцы ”. Мне мама расказвала, што ў дзень еты сустракаліся Сімяон і Хрыстос. Старая Алешня Назва звязваецца з імем старажытнага язычніцкага бога маланкі Грамаўніка. Агонь, запалены маланкай, называўся жывым і меў цудадзейную сілу аховы людзей і жывёл ад злых сіл.
Восьмы тыдзень перад Вялікаднем называўся Масленіца. Гэта былі афіцыйныя провады зімы: Масленіца была ў апошняе васкрысення перад пастом. Гадзілавічы. На Масленіцу елі шмат бліноў — сімвал сонца, спальвалі чучала — выяву зімы, вадзілі першыя веснавыя карагоды.
Свята працягвалася тыдзень, які так і называўся Масленічны тыдзень: Масленічны тыдзень пачынаецца з панядзелка, а заканчываецца нядзеляй. Гэты тыдзень праводзіцца вельмі шумна. Рагачоў. Заканчваўся Масленічны тыдзень масленымі запускамі — так называлася нядзеля на масленым тыдні, пярэдадзень Вялікага посту: На масленые запускі весну клікаюць. Рагачоў.
Адметнае абрадавым комплексам заклікання вясны, памінання продкаў і любоўнай варажбой вылучалася свята Соракі, Сарокі, якое адзначалася дваццаць другога сакавіка, у дзень веснавога раўнадзенства. Гэта дзень надыходу вясны, прылёту птушак: Вясну гукалі на соракі — 22 сакавіка. Пеклі соракі з мукі, месілі, калыхаліся. Янкаў Лог; Празнік еты так называўся, таму што счыталі, што на Соракі прылятае сорак выраяў пцічак розных. Гарадзец; На Сарокі ў нашым сяле пяклі балабушак. Побалава.
Вялікім рэлігійным святам з’яўляецца Благавешчанне, якое адзначаецца 7 красавіка; свята надыходу вясны: Да Благавешчання нельзя капаць зямлю, убіваць кол
(гарадзіць) у зямлю, бо зямля — “маці ” можа ўгневацца і будзе засуха. Гадзілавічы.
Найвялікшым каляндарным святам лічыўся Вялікдзень, Паска: хрысціянскае свята, якое не мае строгай каляндарнай прымеркаванасці і адзначаецца (у залежнасці ад месячнага календара) у перыяд з 4 красавіка да 8 мая; веснавое свята надыходу палявых работ: На Паску гуляюць з яйкамі ў біткі. Стоўпня; Вялікдзень у нас называюць Паска. Гадзілавічы. З велікоднага тыдня пачыналіся веснавыя гульні і карагоды, дні ўшанавання продкаў, качанне і біццё яек, “ваджэнне і пахаванне стралы’ [1, с. 66].
Вербная нядзеля — народнае свята, якое адзначаецца за тыдзень да Вялікадня і звязваецца з культам зеляніны, надыходам вясны і распусканнем першага дрэва — вярбы, якой надаюцца аберагальныя ўласцівасці: У Вербную недзелю вербы свецяць. Гадзілавічы. На вербным тыдні некаторыя дні мела спецыяльныя найменні: мяртвы дзень: На Мяртвы дзень ходзяць на могілкі, у чацвер, вось. Пасха ў нядзелю, а мы ходзім у чацвер. Ціхінічы; чысты чацверг: Ад чыстага чацверга шэсць нядзель нічога не рабілі. Амельна.
Вялікаднем мёртвых называюць Радуніцу: На Радуніцу ўбіраем магілкі, ложым яйца На магілках не кушаем: па Божаму Закону нільзя, ні паложэна. Рагачоў; На Радуніцу хадзілі на могілкі. Па могілцы яечка каталі тры разы крэсцікам, лажылі яго цэлым, паску пасвяцоную лажылі, кветкі ставілі, паміналі памерлых. Шчыбрын.
Юр’я, Юры, Юрай — старажытнае свята народнага календара, якрое адзначаецца шостага мая: Юр’ем з’яўляецца Бог сярод людзей, які адмыкае зямлю пасля зімы і пускае расу на зямлю, каб яна набірала моц і давала рост усяму жывому. Сутнасць гэтага свята вызначаецца чыста гаспадарчымі патрэбамі. Шчыбрын; Юры ахоўвае ў полі стада, каласістыя палі ад розных ад розных прыродных стыхій. На Юр’я выганяюць жывёлу ў поле, праведваюць пасеяныя палі. Моляцца багам, каб быў багаты ўраджай. Стоўпня; У маі (6) адзін Юрай — гэта голад, у дзекабры (9) — крэпкі мароз. Вішчын.
Назвы летніх абрадаў і свят. Першым важным летнім святам лічылася Троіца, якая была найвышэйшай кропкай росквіту прыроды, “калі яна ў самай моцнай зялёнай магічнай сіле сваімі гаючымі лекамі ўздымае чалавека да радаснага, аптымістычнага светаўспрымання” [1, с. 100]. У свяце выразна прасочваецца культ раслін, некаторыя ж даследчыкі ў ім бачаць змяшэнне двух культаў — раслін і культа нябожчыкаў, якія загінулі раней вызначанага тэрміна [2, с. 394]. На тэрыторыі Рагачоўскага раёна зафіксаваны наступныя найменні для свята: Сёмуха, бо адзначалася на сёмым тыдні пасля Вялікадня: Сёмуха — развітанне з вясной. Беліцк; Цераз сем недзель после Паскі Сёмуха. Вішчын; Тройца, троіцын дзень: Тройцу святкавалі на семай нядзеле ад Пасхі. Рагачоў; гранная нядзеля: У вёсцы іншая назва — Граная нядзеля. Вуглы.
Намінацыя Троіца звязана з хрысціянскай Троіцай — Бог-Бацька, Бог-Сын, Бог-Дух Святы. У агульначалавечым вымярэнні — гэта космас, атмасфера і зямля, у чалавечым — галава, тулава, ногі, у традыцыйнай культуры — мінулае, сучаснае, будучае [1, с.100]. Магічная лічба тры пранізвае многія традыцыйныя святы. Яе можна знайсці і ў асноўных святах беларускага народа: Каляда (абуджэнне прыроды) — Вялікдзень (найвышэйшы росквіт) — Дзяды (увяданне): Троіцын дзен празнавалі ў пяцідзесяты дзень послі Пасхі. Перад етым паміналі ўсопшых у цэркву. Кашара. Лічылася, што ў суботу на Сёмуху на Духаў дзень нябожчыкі маглі выйсці на свет і паўплываць на жыццё жывых, паглядзець, як нашчадкі захоўваюць традыцыю [1, с. 100]. Таму перад гэтым днём, у пятніцу, прыбіралі могілкі, на вячэру запрашаліся памерлыя — спраўляліся Траецкія дзеды: Святкавалі гэта свята тры дні: першы дзень называлі Траецкія дзяды. Амельна. Абавязковым элементам правядзення свята Троіцы было пляценне вянкоў з галінак бярозы, якая лічылася сімвалам дзявоцкасці. Яшчэ адзін рытуал — кумаўство ‘абрад устанаўлення прыязных адносін паміж дзяўчатамі — дзяўчаты цалаваліся пад аркай звязаных уверсе бярозак, пасля чаго павінны былі сябраваць увесь год’: Выбіралі маладое дзерава бярозы, якая стаяла на палянке. Канцы галлём спляталі адну з другой, каб палучаліся вянкі, і дзеўкі цалаваліся цераз вянок з бярозы, счыталіся потым кумаўямі, неразлучнымі падругамі на ўсю жызнь ці толькі на еты празнік. Пад етай бярозай расцілалі скацерку. На скацерцы раскладалі частункі, гулялі празнік. Сваё кумаўство дзеўкі падцвяржалі песняй. Кашара.
Вялікім святам, якое ў найбольшай ступені захавала язычніцкую сутнасць, было Купалле, Купала: Купалле адзначалася сёмага ліпеня. Прысвячалася агню, вадзе. Гэта празнік лета краснага. Гарадзец; На Купала тожа пераносілі свечку. Хатоўня. Свята прымяркоўвалася да летняга сонцастаяння, прысвячалася Сонцу і адзначалася з 6 на 7 ліпеня. “Лічылася, што ў гэты час каляндарная вяршыня росквіту прыроды … вызывала і самую актыўную дзейнасць варожых чалавеку прыродных сіл: ведзьмаў, чараўнікоў, гадаў, сурокаў” [1, с.100]: Лічылася, што ў купальскую ноч адбываецца нават і разгул нячыстай сілы. Трэба было выконваць цэлы шэраг засцярог. Кашара. Адрознівальнай рысай правядзення свята было раскладанне вогнішча, на якім палілі старыя рэчы, сухое ламачча, якое засталося ад Троіцы. Усю ноч маладыя людзі гулялі ля купальскага агню, скакалі праз вогнішча: Счыталася, што калі прыгнеш, то агонь ачысця ад хвароб і няшчасцяў, зберажэ ад нячысцікаў розных. (Гарадзец), каб ачысціцца і засцерагчыся ад злых сіл.
Травы, сабраныя ў час найвышэйшага росквіту прыроды, лічыліся цудадзейнымі: Да ўсходу сонца збіралі лекавыя травы. Хатоўня. У ноч на Івана Купалу шукалі папараць-кветку, якая прыносіла шчасце: У Купальскую ноч у лесе шукалі папараць-кветку. Гарадзец.
Мяжой паміж летам і восенню было свята Ілля, якое адзначалася 2 жніўня. Свята было адметнае дажджамі і навальніцамі, якія пачыналіся пасля ліпеньскай спёкі: Ілля лета канчае. Вялікія Стралкі.
Назвы восеньскіх абрадаў і свят. Багаслоў — земляробчае свята народнага календара, якое адзначаецца 9 кастрычніка: дзень, да якога заканчваюцца ўсе работы ў полі: Ад Багаслова на полі не робім. Рагачоў; Галавасек — свята, якое адзначаецца 11 верасня і звязваецца з усталяваннем за ім бытавых прыкмет і павер’яў. У гэты дзень забараняецца рэзаць, сячы і есці круглае: У Галавасек не бяруць нож у рукі. Рагачоў; Міхайла — свята, акое адзначаецца 21 лістапада і звязваецца з метэаралагічнымі назіраннямі: Міхайлаўсіх з поля гоніць. Вялікія Стралкі.
Вялікім святам былі Пакроў — свята, якое паказвала на пераход ад лета і зімы і адзначалася 14 кастрычніка; свята заканчэння палявых работ і вельмі цесна звязанае з хрысціянскім уплывам: Да Пакрову заканчвалі ўсе палявыя работы. Убіралі ўраджай, сеялі азімыя. На Пакроў павінен быў снег выпасці, пакрыць зямельку. Доўск.
Свята прыпадала на час Вялікай Вясельніцы, калі маладую пакрывалі накідкай. У гэтыя дні рыхтаваліся да зімы, не пускалі жывёлу ў поле, хатняя праца спалучалася з песнямі, гульнямі. Асаблівая ўвага надавалася варажбе на вясельную тэму [1, с.148].
Здзвіжанне — хрысціянскае свята народнага календара. Адзначаецца 27 верасня; апошняе цёплае свята, калі заканчваюцца работы на полі, дзень адлёту птушак у вырай. Усё з поля здвігалася, не хадзілі ў лес, баяліся, што змеі сабіраюццаў клубок. Глінск.
Найменні прысвяткаў: Улас, каровячы Ўлас — прысвятак народнага календара, які адзначаецца 24 лютага: свята жывёлы. На Уласа нічога не рабілі. Гадзілавічы; Каровячы Ўлас на масленічнай недзелі. Вялікія Стралкі; Сава: На Саву мы хавалі пчол. Хатоўня; Аляксей — прысвятак народнага календара, які адзначаецца 30 сакавіка; дзень рыбака і пчаляра. Прыдзе Аляксей — будзе цёпла. Рагачоў; Мікола, Мікольшчына — свята, якое адзначаецца 22 мая; свята пастухоў і конюхаў. У нас у дзярэўні заўсягды святкавалі Міколу і дзень еты называлі іншэ Мікольшчына. Доўск.
Жаночым святам лічылася Варвара — прысвятак народнага календара, які адзначаецца 17 снежня. Пасля яго пачынае прыбываць дзень: На Варвару дзень большае. Гарадзец. Адметнымі метэаралагічнымі назіраннямі, варажбой вызначаўся дзень пачатку зімы, які меў назву Кацярыны і адзначаўся 7 снежня: Колісь на Кацярыны дзяўчаты варажылі. Амельна.
Дзень памінання святога Васілія, які быў міласэрным епіскапам да нямоглых, адзначаўся 14 студзеня, супадаючы па даце са Старым новым годам і меў назву Васілле: У гэты святочны вечар гучаць рознага матыву песні. Ой, у ляску, у ляску На жоўтым пяску, Святы вечар, святое Васілле! Стоўпня.
Святам маку і мёду лічыўся Макавей, Спас, Макаўка, Мядовы Спас: Быў Спас мядовы, яблачны, макаўе (ета тожэ мак свяцілі). Мадора; Быў і трэці спас. На гэта свята хадзілі ў царкву, свяцілі зерне, яблыкі і мёд. Старая Алешня.
Найменні ўдзельнікаў абрадаў. Пры святкаванні Вялікадня абавязковым быў удзел валачобнікаў — тых, хто выконвае традыцыйны абрад абходу двароў з велічальна-віншавальнымі песнямі на Вялікдзень: На Паску ў царкву хадзілі свяціць яйкі, хлеб, скаромну. Валачобнікі ў нас разы тры хадзілі. Янкаў Лог. Звязданос — чалавек, які нёс звязду у час калядавання: Звязданос звязду насіў, прыгожая была, 12-канечная бо 12 апосталоў было, папрыбіраем яе лентамі ды нітачкамі. Старая Алешня; калядоўшчык — удзельнік каляднага абраду: Калядоўшчыкі ходзяць па хатах разам з казою. Рагачоў; шчадруха — жанчына, якая шчадруе. Шчадрухі ходзяць шчадраваць. Рагачоў; русалка: На Тройцу вадзілі “русалку” — адну самую прыгожую і статную дзяўчыну. Упрыгожвалі яе кветкамі. Зарэчча; плясуння: На это свята (Троіцы) дзяўчаты выбіраюць адну з падруг і наражают ее “плясунней. Збароў.
Найменні асобных элементаў абрадаў і свят: шчодрыкі — элемент каляднага свята: хаджэнне па дамах з песнямі, каб атрымаць гасцінцы: На каляды у нас шчодрыкі называюцца. Вялікія Стралкі; веснянка — веснавая песня, у якой заклікаецца надыход вясны: 25 сакавіка, на Благавешчанне, моладзь збіралася на ўзгорках за сялом і спявалі песні, так званыя вяснянкі. Стоўпня; валачэнне — традыцыйны абрад абходу двароў з велічальна-віншавальнымі песнямі на Вялікдзень: На валачэнне гатуй пячэнне. Збароў; варажыць, гадаці — прадказваць будучае: Дзеўкі гадаці любілі. Ідзеш ад падруг дахаты, дай пагадаю на плоці. Ідзеш і плаціны лічыш: бедны, багаты, хітры, праставаты, прыгожы, непрыгожы, харошы, нехарошы. На якую скончыцца — с такім і будзеш. Гадзічава Раг.
Месцам варажбы звычайна з’яўлялася перакрыжаванне дарог, лазня, хлеў, печ і парог хаты. Вельмі часта пры гаданні выкарыстоўваюць розныя ўпрыгожанні і прадметы адзення, ручнікі, пярсцёнкі [2, с. 403].
Касцёр купалаўскі раскладаецца ў купальскую ноч і валодае вялікай ачышчальнай сілай: Касцёр купалаўскі ладзілі на пустым месцы, абычна каля рэчкі, каб разгуляцца была гдзе. Ліскі. Спецыяльную назву мела і ноч перад Купаллем: Купальская ноч: У купальскую ноч хлопцы разбіралі масткі, загароджвалі дарогі. Кашара.
Народныя святы і абрады з’яўляюцца праяўленнем традыцыйнай культуры беларусаў, таму ў генетычных адносінах амаль усе яны належаць да агульнаславянскага лексічнага фонду. Гэта такія лексемы, як вада, баба, дзед, Ражаство, Крашчэнне, Вадохрышча, Святкі, каза, звезда, шчадроўка, варажыць, кола і інш. Большасць найменняў, звязаных з даследаванай тэматыкай, з’яўляюцца матываванымі. Матываванасць слова — гэта суаднесенасць вытворнага слова з тым, ад якога яно ўтворана, пры якой сэнс с структура першага слова могуць быць растлумачаны шляхам звароту да сэнсу слова, ад якога ўтворана. Словы з матываваным лексічным значэннем, маюць “унутраную” форму. Унутраная форма слова — семантычная і структурная суаднесенасць складаючых слова марфем з іншымі марфемамі дадзенай мовы; прыкмета, пакладзеная ў аснову намінацыі пры ўтварэнні новага лексічнага значэння слова [5, с. 248]. Даследчыкі па фармальным крытэрыі вылучаюць фанетычную, марфалагічную, семантычную і марфолага-семантычную разнавіднасці матываванасці. Фанетычная матываванасць рэалізуе выяўленчыя або ацэначныя патэнцыі таго, хто абазначае прадмет ці з’яву. Астатнія віды матываванасці зводзяцца да асноўнага — семантычнай матываванасці, якая можа быць ці не можа быць выражана марфалагічна [6, с. 24].
У аснове канцэпцыі матываванасці моўнага знака ляжыць ўяўленне пра безумоўны прыярытэт свядомага над бессвядомым у маўленчай і моватворчай дзейнасці. У. У. Лявіцкі адзначае, што матываванае слова аказваецца больш жыццяздольным, чым нематываванае. Слова, матываванае фанетычна і семантычна з’яўляецца больш устойлівым, чым слова, матываванае толькі адным са спосабаў. Пры гэтым, пры суадносінах нематываванага і нематываванага слова другое часта выцясняе першае [6, с. 24].
Самым пашыраным тыпам матывацыі найменняў, звязаных з народнымі святамі, з’яўляецца намінацыя паводле працэсуальнай прыкметы. Лексічным матыватарам такіх найменняў з’яўляюцца назвы разнастайнага дзеяння. Вялікая колькасць зафіксаваных з’яўляюцца суфіксальнымі ўтварэннямі:
— ад дзеясловаў — для абазначэння працэсуальнай прыкметы:
пры дапамозе суфіксаў -к-: біткі, святкі; -нн-: абсяванне, Крашчэнне, здвіжанне, Стрэчанне, кумленне; -б-: варажба, -ств: Ражаство, кумаўство;
— для абазначэння асобы: валачобнік, шчадроўнік, шчадроўшчык, шчадруха;
— ад назоўнікаў — апісваемыя намінатыўныя адзінкі ўтвараліся пераважна суфіксальным спосабам ад асновы назоўніка пры дапамозе суфіксаў -ын-, -ар, -чык-, -нік-, -іц-, -іч-: варваршчына, звездар, калядоўшчык, каляднік, веснянка, Мікольнік, веснаваці, каліннік, піліпаўка; Грамніца; куміцца, Купалле, вербіч, спасоўка;
— ад прыметнікаў: крэпакі, Масленіца; смолянікі;
— ад лічэбнікаў: Троіца.
Нешматлікія назвы сярод лексікі народных свят утвораны шляхам асноваскладання і складанасуфіксальным спосабам, у выніку спалучэння іменнай і дзеяслоўнай асноў. Апорным кампанентам такіх найменняў з’яўляецца аддзеяслоўная аснова: вадохрышча, Благавешчанне, маханоша, Галавасек або іменная аснова: вялікдзень, Багаслоў.
Некаторыя найменні з’яўляюцца субстантываванымі назвамі: скоромное, валачонае.
Зафіксаваны на тэрыторыі Рагачоўскага рэгіёна і складаныя назвы:
— прыметнік + назоўнік: Стары новы год, каровячы Ўлас, велікодны пірог, красная субота, зборова субота, белая недзеля, Аляксей цёплы, піліпоўскіе запускі, багатые дзеды, міхайлаўскіе дзеды;
— дзеяслоў + назоўнік: вянкі пускаць, заклікаць вясну, весну гукаць, паліць чучала.
Сустракаюцца сярод каляндарна-абрадавых назваў і адзінкавыя запазычанні з розных моў, якія датычаць перш за ўсё ўласных назваў:
— з грэчаскай: Андрэй ‘мужны’, Улас (Аўлас) < Влас ‘просты’, Варвара ‘чужаземная’, Васіль ‘царскі’; Аляксей ‘абаронца’; Юрый ‘земляроб’, Макар ‘блажэнны’, Мікола < Мікалай ‘пераможца народаў’; Параскева ‘пярэдадзень свята’, Сава ‘святы і пустыннік’; Піліп ‘аматар коней’; куцця ‘зерне’; паска пад уплывам лацінскай paschalis [4, т. 3, с. 216];
— са старажытнаяўрэйскай: Ганна ‘міласць’; Міхаіл ‘падобны да бога’;
— з лацінскай праз пасрэдніцтва польскай мовы: Каляда < calendae ‘пачатак месяца’ [4, т. 2, с. 300]; май < maius [4, т. 2, с. 559];
— са стараславянскай: спас, Благавешчанне [4];
— з нямецкай праз пасрэдніцтва польскай мовы: кірмаш < kiermasz ‘пачатак месяца’ [4, т. 1, с. 652]
Абрадавая лексіка, якая да сённяшняга часу шырока функцыянуе на тэрыторыі Рагачоўскага раёна, вызначаецца багатай і складанай сістэмай лексічных сродкаў, варыянтнасцю і разнастайнасцю адзінак з іх семантычнымі і граматычнымі асаблівасцямі, з’яўляецца неад’емнай часткай духоўнай культуры беларусаў, у якой захаваны старажытныя моўныя з’явы.
Спіс выкарыстанай літаратуры і крыніц
- Ліцьвінка, Васіль. Святы і абрады беларусаў / В. Д. Ліцьвінка. — Мінск : Беларусь, 1998. — 190 с.
- Зеленин, Д. К. Восточнославянская этнография / Д. К. Зеленин. — М.: Наука, 1991. — 511 с.
- Лапіцкая, Л. І. Слоўнік каляндарна-абрадавай лексікі Усходняга Палесся / Л. І. Лапіцкая. — Мазыр: 2007. — 65 с.
- Фасмер, М. Этимологический словарь русского языка: в 4 т.; пер. с нем. и доп. О. Н. Трубачёва [Текст] / под ред. и с предисл. Б. А. Ларина / М. Фасмер — М.: Прогресс, 1986-1987.
- Термины и понятия лингвистики: Лексика. Лексикология. Фразеология. Лексикография: Словарь-справочник. — Назрань: ООО «Пилигрим». Т.В. Жеребило, 2011
- Левицкий, В. В. Виды мотивированности слова, их взаимодействие и роль в лексикосемантических изменениях // Материалы семинара по проблеме мотивированности языкового знака. — Л., 1969. — С. 24.
Аўтар: А.М. Воінава
Крыніца: Спадчына Скарыны: да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання: зб. навуковых артыкулаў: у 2 ч. Ч. 2 / рэдкал.: А. М. Ермакова (гал. рэд.) [і інш.]; М-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны. — 212 с. С. 25-31.