Найменні ежы і пітва ў мове фальклору Гомельшчыны: функцыянальна-семантычны аспект

0
1066
Найменні ежы і пітва ў мове фальклору Гомельшчыны функцыянальна-семантычны аспект

Асобную лексіка-семантычную групу сярод рэгіянальных назваў канкрэтных прадметаў у мове фальклору Гомельшчыны ўтвараюць найменні з агульнай семантыкай ‘назвы прадуктаў харчавання’. Ежа — натуральная патрэба, умова жыццядзейнасці і здаровага ладу жыцця; разам з тым, паводле звестак энцыклапедычных даведнікаў, ежа — этнакультурная з’ява, што адлюстроўвае народныя веды, нацыянальныя традыцыі, рэлігійныя ўяўленні, зтыкет, сацыяльную прыналежнасць, уклад жыцця і стан грамадства» [5, 135]. Абазначаная лексіка, як пэўны элемент матэрыяльнай культуры, захоўвае і перадае асаблівасці беларускай нацыянальнай кухні.

На падставе рода-відавых адносін і паводле характару прадуктаў, іх назвы размяжоўваюцца на пэўныя мікрагрупы.

Мікрагрупу з семантыкай ‘агульныя назвы ежы’ складаюць родавыя найменні: закраса ‘ежа’: Хлеб і сольнайлепшая закраса [9, 100; Капаткевічы, Петрыкаўскі]. Лексема з’яўляецца мнагазначнай. Акрамя вышэйадзначанага, ёй уласціва наступнае значэнне: ‘прыправа’: Взяў /бацько/ для ёй /дочкі/хлеба. І круп, і закрасы [там жа]. З блізкім семантычныя зместам ‘заправа, падліва’ намінацыя вядома ў народна-дыялектнай мове, дакладней, у паўднёва-заходніх гаворках Беларусі [2, 70]. У беларускай літаратурнай мове даследуемая лексічная адзінка падаецца са значэннем ‘прыправа’ [8, 2, 330].

Да агульных назваў ежы далучаецца намінацыя пішч ‘ежа’: Цар выстроив яму святличку и приставив к яму дзевицу, каб яму служила, пищь готовила, подносила кушаньня [4, 113; Гарадзец, Рагачоўскі]; I так вячэраў велікалепна /сабака/… кусок мяса і хлеба, як і па чалавечацку нада, пішч прынімаў [9, 239; Васільеўка, Гомельскі]. Акрамя мовы фальклору Гомельшчыны, з тоесным значэннем ‘ежа, пішча’ лексема бытуе ў віцебска-магілёўскай групе паўночна-ўсходняга дыялекту [1, 332] і гаворках паўночна-заходняй Беларусі [6, 3, 526]. У апошнім моўным арэале слова ўжываецца ў складзе фразеалагічнага выразу: Бох дась дзень, бох дась і пішч [6, 3, 526]. Нягледзячы на пашырэнне ў мове фальклору і беларускіх гавор­ках, найменне пішч не ўвайшло ў склад літаратурнай мовы.

У мове казачнага эпасу тое, што ядуць і п’юць, называецца ядзенне ‘яда’: Сычас стол адкрыўся такі, Што чаго ўгоднаі піцення, і ядзення [4, 174; ІІІэрахаўская Буда, Рагачоўскі]. Як фанетычны варыянт да гэтай лексемы выступае моўная адзінка ядзеньня ў віцебска-магілёўскай групе паўночна-ўсходняга дыя­лекту [1, 507]. Развіты рад найменняў утвараюць варыянтныя адзінкі ядзення, ядзіца, ядзэня, ядзэння з тоесным семантычным зместам, зафіксаваныя ў гаворках паўночна-заходняй Беларусі [6, 5, 548]. Намінацыя ядзенне са значэннем ‘тое, што ядуць і п’юць’ паказана ў ТСБМ [5, 2, 490]. У выніку, разгледжаная лексічная адзінка пашырана ва ўжыванні.

Некаторыя відавыя назвы прадуктаў харчавання паводле іх характару разглядаюцца ў мікрагрупе ‘найменні ежы расліннага паходжання’.

Гэта словы: барабулі ‘звараная з лупінамі бульба’: Як пазвалі мяне ў госці…, Паставілі барабулі з мундзірамі есці [9, 33; Забалацце, Акцябрскі]. За межамі мо­вы фальклору даследуемага рэгіёна, у паўднёва-заходніх гаворках Беларусі, бытуюць варыянтныя адзінкі бараболя, барболя ‘бульба’ [2, 18]. Варыянт бараболя ‘бульба’ ўваходзіць таксама ў склад дыялектнай лексікі паўночна-заходняй часткі Беларусі [7, 53]. Літаратурнай мовай дадзеная лексічная адзінка не кадыфікавана.

Семантычна блізкай да вышэйадзначанай намінацыі з’яўляецца выяўленая ў мове фальклору назва нялупка ‘неачышчаная ад лупін бульба’: Пападдзя наліла сыраквашы і насыпала нялупкі, а сама найшла [9, 209, 263; Капань, Рэчыцкі].

Пэўны від ежы з бульбы атрымаў назву бульбешнікі ‘страва з варанай тоўчанай бульбы з каноплямі’ [4, 23; Гомельскі]. У народна-дыялектнай мове, у прыватнасці, у паўднёва-заходніх гаворках Беларусі вядома назва з той жа матывацыяй, аднак яе семантычныя і марфалагічныя асаблівасці іншыя: бульбянікі ‘перапечкі, піражкі з бульбы’ [6, 1, 238]. Можна сцвярджаць пра аднолькавы кампанентны састаў гэтых страў, у якім бульба і каноплі — абавязковыя: Даўней бульбянікі як спякуць, у бальшую чашку закладаюць і паліваюць тоўчанымі каноплямі [6, 1, 238]. У лексічную сістэму сучаснай беларускай літаратурнай мовы слова не ўваходзіць.

Намінацыя буханец ‘буханка хлеба’ сімвалізуецца ў вясельнай абраднасці, як неабходны прадмет ў час сустрэчы маладых: Выйдзі, баценька, з баханцом, Ужо тваё дзіцятка з панічом [9, 42; Махнавічы, Мазьірскі]. Лексема мае адпаведнікі ў народна-дыялектнай мове: буханка ‘баханка, бохан, каравай хлеба’ бытуе ў віцебска-магілёўскай групе паўночна-ўсходняга дыялекту [1, 96], буханка, баханка ‘ баханка’ фіксуецца ў Слоўніку гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча [1, 174]. Дзве апошнія намінацыі з тым жа зместам з’яўляюцца нарматыўнымі і пададзены ў Тлумачальным слоўніку беларускай мовы [8, 1, 350, 426].

Як назва выпечкі вядома лексема драмушкі ‘ кулінарны выраб’: Драмушкі од­разу жрасхопліваюцца дзецьмі [9, 82; Дарашэвічы, Петрыкаўскі]; У Сямігошчычах да яго прылепліваюць, між іншым, вырабленыя з цвета птушкі, а таксама кружкі ў выглядзе абаранкаў, так звання баранкі, або калачы, або драмушкі [там жа].

Семя хлебных злакаў, якое сабрана ў час жніва, называецца жнівень ‘жніўны збор’: Дам табе, Марина, Цэлы жнівень хлеба [9, 91; Муціжар, Калінкавіцкі]. Агульнавядома, што ў сучаснай літаратурнай мове гэта найменне мае лексічнае значэнне ‘восьмы месяц года, апошні летні месяц’ [8, 2, 257].

Функцыянаванне лексемы мучыца ў мове фальклору Гомельшчыны адбываецца з семантыкай ‘мука’: Ніхто не ўвазнае, Што ў нашым караваі 3 трох рэчак вадзіца, 3 трох бочак мучыца [9, 192; Тонеж, Лельчыцкі]; Пайшла к куме пазычаць:Пазыч, кума, мучыцы, Нечым дзяжу ўчыніці [9, 192; Рагачоўскі]. Яе дэрыват з памяншальна-ласкальным адценнем мучыцка бытуе ў гаворках паўночна-заходняй Беларусі [6, 3, 90], а аднакаранёвае ўтварэнне мучэньня з тоесным зме­стам — ў віцебска-магілёўскай групе паўночна-ўсходняга дыялекту [1, 268]. Намінацыя не з’яўляецца лексічнай нормай сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

Сінонімам да яе ў мове чарадзейных казак выступае найменне прамола ‘мука’: Пайшоў Іванька, знайшоў вятрак, атабіў дванаццаць дзвярэй і ўзяў пад каменем прамолу [9, 245; Перарост, Добрушскі].

Да назваў страў з гэтага прадукта ў мове фальклорных твораў адносіцца намінатыўная адзінка млінец ‘блінец’: Квас добрый з грибами, а то и з рыбою, млинцы з макам и з медом, горох з сытою, да ўзвар добрый [4, 87; Кашэвічы, Петрыкаўскі]; Не далі млінца, Штоб здохла аўца [9, 190; Вялікі Бор, Хойніцкі]. Яна актыўна ўжываецца з той жа семантыкай не толькі ў мове фальклору, а і ў народна-дыялектнай мове Гомельшчыны [3, 5, 142; 10, 194], вядома ў паўднёва-заходніх гаворках Беларусі [2, 134], пашырана ва ўжыванні ў гаворках паўночна-заходняй Беларусі [6, 72]. Тым не менш, у лексічную сістэму сучаснай беларускай літаратур­най намінацыя млінец не ўваходзіць.

З мукі таксама гатуецца іншы прадукт — наляніца ‘булка з пшанічнай мукі вышэйшага гатунку’: Радзі, божа, жыта, пшаніцу, А нам, дзядзя, паляніцу [9, 220; Глушкавічы, Лельчыцкі]; Што жа мы захочам, Тое і зробім, З цеста паля­ніцу, З дзеўкі маладзіцу [9, 220; Гомель]. Намінацыя мае даволі складаную семантычную структуру. Так, з тым жа значэннем ‘невялікая прадаўгаватая булка з белае мукі’ лексема адзначана ў віцебска-магілёўскай групе паўночна-ўсходняга дыялекту [1, 312], з блізкім семантычным зместам ‘баханка’ яна паказана ў народ­на-дыялектнай мове Гомельшчыны [3, 5, 153]. Там жа, акрамя адзначанага, ёй уласціва аманімічнае значэнне ‘галоўка мелу’ [10, 245]. Яе фанетычны варыянт паленіца з семантыкай ‘спечаная дамашняя булка хлеба’ ўваходзіць у склад дыялектнага матэрыялу Лельчыцкага раёна і яго памежжа [ПС, 95]. Зусім адметныя значэнні лексема мае ў гаворках паўночна-заходняй Беларусі [6, 72]: 1) паляніца ‘бязлесная мясцовасць’; 2) паляніца ‘паляндвіца’. Засведчаныя факты адлюстроўваюць аманімію на міждыялектным моўным узроўні. Нягледзячы на пашырэнне ва ўжыванні ў мове фальклору і народна-дыялектнай мове, разгледжаная намінацыя нарматыўнымі слоўнікамі сучаснай беларускай літаратурнай мовы не фіксуецца.

Выяўлена абагуленая назва ежы з пэўнай смакавай характарыстыкай саладуха ‘салодкая страва’: Утрэскаўся як дурны ў саладуху [9, 272, Акцябрскі]. У гаворках Гомельшчыны яе семантычны аб’ём шырэйшы, там жа бытуе фанетычны варыянт. Параўнаем: 1) саладуха ‘кулінарная страва (з запаранага квашанага цеста)’; 2) са­ладуха, солодуха ‘самая харошая груша’. [З, 124]. Паказаныя значэнні з’яўляюцца аманімічнымі. У мове фальклору Гомельшчыны бытуе аднакаранёвае ўтварэнне — намінацыя саладзін, якая мае лексічнае значэнне ‘мёд’: Я таму мядзведзю саладзін падкіну [9, 272; Аннаўка, Рагачоўскі]. Разгледжаныя лексемы— усходнепалескія рэгіяналізмы.

Асобна выдзяляецца мікрагрупа лексічных адзінак, аб’яднаных агульнай се­мантыкай ‘найменні ежы жывёльнага паходжання’. У яе ўваходзяць намінацыі: бонда ‘кавалак, кусок свежага мяса, сала’: Звычай патрабуе даваць суседзям и наогул аднавяскоўцам бонду [4, 22; Лучыцы, Петрыкаўскі]. Дадзеная лексемы актыўна функцыянуе ў народна-дыялектнай мове і яе семантычны аб’ём — самы шырокі сярод найменняў аналізуе май групы ‘назвы прадуктаў харчавання’. Ён наступны: ‘скавароднік з хлебнага цеста’, ‘пасаг’ [2, 23]; ‘пірог, круглая булачка з белай мукі’ [1, 90]; ‘баханка хлеба’, ‘скавароднік з хлебнага цеста’, ‘праснак’, ‘печыва з бульбы і мукі з рознымі прыправамі’, ‘здобнае печыва з мукі, перапечка’, ‘піражкі з рознай сумесі, з дамешкай травы’, ‘пірог для памінальнага стала’, ‘пірог, які пяклі к святу’, ‘гасцінец, што давалі калісьці парабку, пастуху’, ‘маленькае коль­ца каўбасы’, ‘тлушч на лапатках у непакладнага кабана’, ‘скрутак нутранога сала’, ‘жывёліна, што даюць у пасаг маладой’, як устарэлае ‘надзел, участак зямлі’, ‘за­сеяны ўчастак для асабістага карыстання’ [6, 1, 205]. Лексічная адзінка таксама ўваходзіць у склад фразелагізмаў: накласці, скласціў бонду ‘назапасіць’, дзелаць, зладзіць бонду ‘несумленна назапасіць’ [6, 1, 205]. Разам з тым, ні адно з разгледжаных значэнняў аналізуемай намінацыі ў склад нарматыўных слоўнікаў не ўвайшло.

Цікавай адносна гукавога складу з’яўляецца намінатыўная адзінка малацыца ‘малако’: /Каза/:… ваша мамка ідзець, малачко вам нясець, поўны цыцы малацыцы, поўны рожкі вадзіцы [9, 184; Кармянскі]. Яе бытаванне за межамі мовы фальклору Гомельшчыны не выяўлена.

Агульнымі назвамі пітва выступаюць варыянтныя адзінкі піценне, піцяньне: Сычас стол адкрыўся такі, Што чаго ўгоднаі піцення, і ядзення [4, 174; ІІІэрахаўская Буда, Рагачоўскі]; Там табе сталы засціланыя, кубкі наліваныя, Піценне, ядзенне, гуляше, красаванне [9, 239; Барталамееўка, Веткаўскі]; Дала яму пицяньня, ядяньня, разного кушаньня [4, 113; Перарост, Добрушскі]. У гаворках паўночна-заходняй Беларусі роднасная намінацыя піццё бытуе з больш вузкай семанты­кай ‘выпіўка’, а таксама валентна абмежаванай ‘пойла’ [6, 525]. У лексічную сістэму сучаснай беларускай літаратурнай мовы слова не ўваходзіць.

Як відавая назва пітва вядома канкрэтная рэалія панцоўка ‘гарэлка з панцаку (ячных круп)’: Вот мы прыйшлі панцоўку купіць, плоцім столькі і столькі [9, 222; Муціжар, Калінкавіцкі]. За межамі мовы фальклору даследуемага рэгіёну, у народ­на-дыялектнай мове паўночна-заходняй Беларусі вядомы развіты рад роднасных найменняў панцак, пансак, пэнцак як назвы ячных круп і стравы з панцаку [6, 392]. У іншых дыялектных і нарматыўных крыніцах адзначаная лексема не засведчана.

Разгледжаныя найменні ежы і пітва ўяўляюць сабой разгалінаваную ў семантычных адносінах групу. Пры супастаўленні і параўнанні з лексікай народна-дыялектнай мовы відаць, што яны з’яўляюцца фанетычнымі, словаўтваральнымі, марфалагічнымі дыялектызмамі. Адзінкавыя найменні ў складзе прааналізаваных лек­сем — фальклорныя наватворы (малацыца, прамола). Засведчаныя лексічныя адзінкі — неад’емнае звяно ў фарміраванні лексічнай сістэмы сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

Літаратура

  1. Бялькевіч І. К. Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны. — Мн.: Навука і тэхніка, 1970.
  2. Дыялектны слоўнік Брэстчыны / Склад. Аляхновіч М. М. і інш. — Мн.: Навука і тэхніка, 1989.
  3. Матэрыялы для дыялектнага слоўніка Гомельшчыны // Беларуская мова і мовазнаўства: Міжвед. 36. — Вып. 5. — Мн.: Выд-ва БДУ, 1977; Беларуская мова: Міжвед. 36. — Мн.: Выд-ва БДУ, 1980.
  4. Народная лексіка Гомельшчыны ў фальклоры і мастацкай літаратуры: Слоўнік / Пад рэд. У. В. Анічэнкі. — Мн.: Выд-ва БДУ, 1983.
  5. Народная культура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік // Пад рэд. д-ра гістар. навук, прафесара В. С. Цітова. — Мн.: Бел. Энцыкл., 2002.
  6. Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча: У 5 т. — Мн.: Навука і тэхніка, 1979-1986.
  7. Сцяшковіч Т. Ф. Слоўнік Гродзенскай вобласці. — Мн.: Навука і тэхніка, 1983. —
  8. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: У 5 т. / Пад агул. рэд. К. К. Атраховіча (К. Крапівы). — Мн.: БелСЭ, 1977-1984.
  9. Фальклорны слоўнік Гомельшчыны. — Гомель: УА «ГДУ імя Ф. Скарыны», 2003.
  10. Янкова Т. С. Дыялектны слоўнік Лоеўшчыны. — Мн.: Навука і тэхніка, 1982.


Аўтар:
Валянціна Шэцька
Крыніца: Комплекснае даследаванне фальклору і этнакультуры Палесся: Матэрыялы другой Міжнароднай навуковай фальклорна-этналінгвістычнай канферэнцыі Мінск, 14-15 красавіка 2005 г. / Уклад. Васіль Ліцьвінка. — Мн.: БДУ, 2005. С. 323-327.