Традыцыйная народная культура — з’ява вельмі шматгранная, якая ўключае мноства абрадавых дзеянняў, прыкметы і павер’і. Некаторыя з іх з цягам часу забываюцца, а іншыя працягваюць існаваць далей, удакладняюцца, набываюць новы сэнс. Характэрным ў гэтым плане нам падаецца вясельны абрад, бо ён звязаны са шлюбам — вызначальнай падзеяй жыцця, якая і сёння не страціла сваёй важнасці. Заўважыць гэта можна на багатым фальклорным матэрыяле, запісаным у вёсках Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці.
Вяселле на Светлагоршчыне, як і ў іншых рэгіёнах Беларусі, мае тры часткі: перадвясельную, уласна вясельную і паслявясельную. Часткі дыферэнцуюцца на больш дробныя этапы, кожнаму з якіх адводзіцца пэўная функцыя і адметныя рытуалы. Сутнасць гэтых этапаў разгледзім ніжэй і падмацуем фактычным матэрыялам. Сватанне — першы этап давясельнай часткі, які з’яўляецца надзвычай важным. У сваты хадзілі, звычайна, мужчыны з боку маладога, прычым часта рабілася гэта ўвечары, патаемна: “Вяселле пачыналі са сватаўства, тады ў дом да дзяўчыны прыязжалі сваты. Тут дагаварваліся пра дзень, калі будуць гуляць вяселле. Спявалі песні, у якіх гаварылася пра тое, аб чым думала маладая. Такжа дарылі пярсцёнак. Шчэ да вяселля гатовілі падарункі ( запісана ў в. Асінаўка ад Садаводавай Розы Іванаўны, 1929 г.н.) [2, с. 199]*.
Выбар часу сватання (а потым і вяселля) быў абумоўлены, па-першае, абрадавымі дзеямі і засцярогамі ад чутак, сурокаў (сваты ішлі вечарам, зацемна, каб ніхто не бачыў), а, па-другое, практычнымі мэтамі (надвячоркам усе вяртаюцца з працы і могуць сустракаць сватоў; вяселле спраўлялі восенню ці ўзімку, калі ўжо сабраны ўраджай, не пачаліся яшчэ пасты): “Пачыналі гуляці толькі пасля Вадохрышча. Свадзьба была толькі зімой. Тыя, хто хацеў ўлетку гуляці, быстра расходзіліся. Сваты прыязджаюць пасля захаду сонца, штоб людзі не відзелі і не дагадаліся, еслі нявеста не захоча замуж” (запісана ў в. Высокі Полк ад Чудноўскай Марыі Іванаўны, 1922 г.н.) [2, с. 200]; “Нельзя рабіць свадзьбы ў час паста, бо будуць няшчаслівыя маладыя. Раньшы рабілі свадзьбы восенню, пасля таго, як скончацца ўсе палявыя работы” (запісана ў в. Печышчы ад Дайнека Дар’і Фядосаўны, 1927 г.н., Дайнека Анастасіі Фядосаўны, 1922 г.н.) [2, с. 203].
Выбар пары залежаў у мінулыя часы ў большай ступені ад меркавання родных, чым ад жадання маладых. Бацькі з абодвух бакоў знаёміліся і (пры ўмове згоды) дамаўляліся аб часе, калі прыйдуць сваты. Іншы раз хлопец і дзяўчына нават ніколі не бачылі адзін аднаго: “Вось, калі дагаварыліся, дык і засылалі сватоў. Бывала так, што маладыя дайжа і не ведалі адзін аднаго да сватання, а адмовіць было нельга, бо была такая воля бацькоў. Але бывала і такое, што сваты прыхадзілі проціў волі бацькоў. І калі не жадалі прымаць бацькі іх, то выганялі па-разнаму: хто мятлой, хто венікам. Але большасць случаяў было па волі бацькоў”( запісана ў в. Хутар ад Філіпчык Валянціны Якімаўны, 1950 г.н.,) [2, с. 204]. Але з цягам часу пачынае пераважаць самастойны выбар дзяцей: “На сватанне хросныя даўжны прыйці! Жаніх, бацька родны (еслі е ў цябе бацька) і хросны. Ну і дамаўляюцца ці пойдзе дзяўчына. А дзяўчына ўперад яшчэ з ім дамовіцца. Яна скажа, і яе радзіцелі знаюць, што прыдуць сваты, і яны ўже гатовяцца”(запісана ў в. Хутар ад Мігай Анастасіі Сяргееўны, 1930 г. н)*. Былі, аднак, выпадкі нечаканага сватання. Зразумець тут рашэнне дзяўчыны можна было па наступных прыкметах: “Спачатку сваталі нявесту. Матка нявесты падгатаўлівала гарбуз. Калі нявеста не згодна ісці замуж, то гарбуз аддавалі сватам, гэта і быў адказ. А калі дзяўчына была згодна, то гарбуз разбівалі і выкідвалі далёка за хатай” (запісана ў в. Печышчы ад Дайнека Дар’і Фядосаўны, 1927 г.н., Дайнека Анастасіі Фядосаўны, 1922 г.н.) [2, с. 203]. Найбольш папулярным спосабам адмовы быў гарбуз, які маглі прама перадаваць у рукі, падкідваць у воз і інш.
Сватанне не азначала яшчэ канчатковага і непазбежнага вяселля, бо трэба было яшчэ дамовіцца з больш шырокім колам родных, што рабілася далей на запоінах і заручынах. Калі рашэнне, прынятае на папярэднім этапе, адмянялася, то бакі павінны былі вярнуць выдаткі (хлеб, выпітую гарэлку, падарункі).
Этап запоінаў выражаны ў розных раёнах Светлагоршчыны неаднолькава. Часта ён адбываўся адразу пасля сватання, іншы раз гэтыя этапы не размяжоўваліся: “Запоіны, заручыны, сватанне — гэта ў нас у Хутары ўсё адно і тое ж. Раней як хадзілі ў сваты… Не хлопец з дзеўкаю дагаварываліся, а бацькі выбіралі маладых. Колісь такое было: глядзелі, падбіралі, каб з роду знатнага былі, бралі ж не абы-каго, калі хто бяднейшы, дык ён і выбіраць доўжэн быў бяднейшую, бо бацька не аддасць беднаму багатую”(запісана ў в. Хутар ад Філіпчык Валянціны Якімаўны, 1950 г.н.) [2, с. 204].
Заручыны (змовіны) — наступны этап давясельнага перыяду, на які запрашалі ўсіх сваякоў, знаёмілі са шлюбнай парай і меркавалі, як спраўляць вяселле, што рыхтаваць і ў якім аб’ёме: “Там ужо дагаворваюцца па які дзень, дак ужо багата ізде людзей, там можа сабраць, дапусцім, сваіх сясцер, дочак сваіх. Выдавалі падаркі. Матэрыял метраў дзесяць. Каму платочак, хустачку, каму што. Маладой даюць падаркі на замовіны. І маладая дае” (запісана ў в. Стракавічы ад Дзімідовіч Ніны Іванаўны, 1930 г. н. (раней пражывала ў в. Славань Светлагорскага р-на Гомельскай вобл.)) [1, с. 410]. Іншы раз інфарманты пад змовінамі разумеюць сватанне, не адрозніваюць іх ад запоінаў: “Калі прыхозяць сваты, эта называлася змовіны” (запісана ў в. Прудок ад Лаўрановіч Ніны Сцяпанаўны, 1941 г. н)*. На заручынах прымалася канчатковае рашэнне аб жаніцьбе, яго ўжо нельга было адмяніць (бо вярнуць такія вялізныя выдаткі сялянскай сям’і было складана).
Вяселле святкавалася на працягу некалькіх дзён. Пачыналі, звычайна, у нядзелю, а ў суботу збіраліся нявеста са сваімі сяброўкамі і рабілі вэлюм, таму гэты дзень называлі “зборная субота”: “Раней свадзьбы гулялі ў васкрасенне, панядзелак і аўторак. Субота была зборная. У суботу ўжо гатовяць і маладой фату, і нарады, плацці, прыданае — палатно, юпкі натканыя, посцілкі, рушнікі. Таксама пеклі каравай” (запісана ў в. Хутар ад Філіпчык Валянціны Якімаўны, 1950 г.н.,) [2, с. 204]*. Трэба адзначыць, што намі не знойдзена прыкладаў бытавання на Светлагоршчыне абраду ўпрыгожвання ёлкі і далейшага яе выкупу жаніхом, што з’ яўляюцца абавязковымі ў перадвясельную суботу ў іншых мясцовасцях Гомельшчыны. Адзіны падобны выпадак зафіксаваны ў в. Чыркавічы: “Разам з сабою абавязкова бралі ёлку. Ету ёлку высякалі ў лесе, і ў маладога дзеўкі маладыя з бумагі дзелалі разныя цвяточкі, лентачкі і імі абвівалі ўсю ёлку, гэта, як кажуць, — вілі ёлку. Вот бралі ету ёлку і ехалі да маладой. Малады і глаўны дружок, які дзяржаў ету ёлку, ехалі ўперадзе. Калі яны пад’язджалі, то людзі, якія ўстрачалі маладога, стараліся атарваць ветачку з етай ёлкі. Гэта азначала, што ветачка можа прынесці шчасце, багацце” (запісана ў в. Чыркавічы ад Усціменкі Марыі Якаўлеўны, 1929 г.н.) [2, с. 204]. Але з расповеду вынікае, што ёлку рабілі ў хаце маладога, прычым для ўпрыгожвання вясельнага поезда пры ад’езде жаніха па маладую ў першы дзень вяселля, без выкупу ў суботу. Па прыведзеных звестках можна меркаваць, што такі звычай не зусім характерны для вяселля Светлагорскага раёна.
Важным момантам у сістэме вясельнай абраднасці Светлагоршчыны з’яўляўся абрад выпечкі каравая, з якім былі звязаны шматлікія прыкметы і павер’і. Караваі былі асобныя ў жаніха і ў нявесты. Для выпякання іх запрашалі жанчын-каравайніц, якія павінны былі быць немаладымі, шчаслівымі ў сямейным жыцці і мелі ўжо вопыт працы з вясельным печывам. Каравай быў важным і з міфалагічнага пункту погляду, бо з яго падрыхтоўкай быў звязаны будучы лёс маладых, а таксама і прыкладны час вяселля для іншых незамужніх дзяўчат і інш. Упэўніцца ў гэтым дапамогуць змешчаныя далей запісы: “У дзень зборнай сыботы ў доме жаніха і нявесты сабіраюцца сваячкі і суседкі пячы каравай. У эты час нявесце і жаніху няльзя захадзіць у дом. У каравайніцы выбіралася 5 замужніх жанок, з якіх адна маладуха, якая нядаўна гуляла вяселле. Мужыкам тожа няльзя прыходзіць у дом. Можна толькі брату.
Заканчуецца сыбота застоллем каравайніцаў. Яны п’юць і пяюць: “Багат, Надзечка, бацька твой. // Густая пшаніца на навіне, / Высокія стагі на гумне, / Вышэй каравай на стале. // Удача, удача! // Наш каравай удаўся, / Ды шырокім лісцем услаўся, / У чырвоныя кветкі ўбраўся”. Потым выкупаюць каравай. У нас гэнта быў брат нявесты і лучша кроўны” (запісана ў в. Высокі Полк ад Чудноўскай Марыі Іванаўны, 1922 г.н.) [2, с. 201].
Каравай — гэта абавязковая абрадавая страва, якая з’яўляецца адметнай часткай шлюбных урачыстасцей менавіта на поўдні Беларусі. Этап яго выпякання можна лічыць пачаткам уласна вясельнай часткі.
Першы дзень, як правіла, святкавалі ў хаце маладой. Раніцай жаніх разам са сваёй дружынай прыязджаў туды і павінен быў “адкупіцца”: сяброўкі нявесты засланялі ўваход у двор, паказвалі маладому іншых нявест , а той даваў ім цукеркі, грошы, каб прайсці ў хату: “У нядзелю пачыналася свадзьба. Гулялі свадзьбу госці маладой у яе хаце, а госці маладога — у хаце маладога. Але пасля, бліжэй да вечара, свадзьбу гулялі толькі ў маладой разам з гасцямі маладога… Госці маладога прыходзілі ў яго хату і таксама пілі, гулялі. А малады збіраўся ўжо да маладой… Малады з дружкамі імкнуліся хутчэй прайсці гэты натоўп людзей, каб начаць сватаўство. Але маладую хавалі, закрывалі, трэбавалі выкуп, маладому падстаўлялі другую маладу. Малады з дружкамі трэбуюць, каб аддалі маладую, а дружкі маладой ахраняюць яе, трэбуюць выкуп: канфеты, гарэлку, грошы. Як ужо выкупілі маладую, малады бярэ яе за руку, выходзяць яны ўжо з хаты” (запісана ў в. Чыркавічы ад Усціменкі Марыі Якаўлеўны, 1929 г.н) [2, с. 204-205].
Далей пачыналася застолле ў хаце маладой. Г алоўным дзеяннем тут быў пасад (абодвух маладых ці аднае нявесты) — усаджванне на дзяжу ці лаву, пакрытую кажухом поўсцю наверх, што сімвалізавала шчасце і багацце маладой сям’і. Гэтых жа мэт імкнуліся дасягнуць пры абсыпанні жытам: “Вось яны падыходзяць да хаты маладой, і там іх сустракаюць бацькі нявесты. Абычна сустракалі не родныя бацькі нявесты, а хросныя бацькі. Адчыняліся вароты, ставіўся стол, накрыты самадзельнымі скацеркамі, на стол ставіліся абавязкова мёд, чарка, гарэлка і хлеб-соль. Маладым давалі папробаваць тры разы мёду, каб жылося сладка, хлеб давалі адкусіць, каб былі пышныя, багатыя, налівалі па чарачкі гарэлкі. Гарэлку не трэба было выпіваць, а трэба было толькі прыгубіць і разбрызгаць. Лічылася, што сколькі капеляк, дык столькі шчасця, багацця, кахання. Тады ці брат, ці сястра маладой бралі яе за руку і вялі не проціў сонца, а па сонцу да лавы, на якой быў засцелены авеччы кажух або там стаяла дзяжа. І ўжо маладую садзілі ці на лаву, ці на кажух. Лічылася, што маладая будзе багатай, здаровай, вялікай. Потым усе ішлі за стол. Маладыя павінны былі сядзець на кажуху. Дружкі маладога сядзелі па руку жаніха, а дружкі маладой — па руку нявесты. А як маладыя заходзілі ў хату, то маладой давалі платочак з жытам, і яна начынала крастом абсыпаць хату. Сыпле за печ, каб жызнь была такая доўгая, сколькі зёрнышак упала, а следам маладога і маладую пасыпалі таксама жытам” (запісана ў в. Чыркавічы ад Усціменкі Марыі Якаўлеўны, 1929 г.н.) [2, с. 205]. Тут мы бачым цесную сувязь паміж дзеяннямі і міфалагічнымі ўяўленнямі, якія маюць прадуцыравальнае значэнне (уплыў на забеспячэнне здароўя, дабрабыту сям’і). Цікава, што на кажух магла садзіцца толькі цнатлівая дзяўчына: “Сказалі, што кажух еты абазначаў, што ета дзевушка ідзе замуж. Гавораць, еслі ішла развадная ілі з дзіцёнкам, то на кажух не садзілі” (запісана ў в. Баравікі ад Сцепанцовай Марыі Сяргееўны, 1949 г.н.)*. На пасад маглі садзіць як у хаце нявесты, так і ў хаце жаніха.
Нарэшце адбывалася цэнтральная падзея свята — дзяльба каравая. Яго ўрачыста выносілі, а сват (хросны бацька жаніха) прасіў дазволу на разразанне печыва. Атрымаўшы яго, пачынаў дзяліць. Адметна, што першы кавалак маглі даваць маладым, хросным альбо бацькам: “У гэты дзень дзялілі каравай толькі маладой, а каравай маладога — назаўтра. Каравай няслі тыя, хто яго рабіў і прыгаворвалі: “А ў нашым караваі із сямі палёў пшаніца, / Із васьмі рэчак вадзіца, / Із дзевяці кароў масла /1 яец палтараста!” Падносілі яго к сталу, а бацька хросны маладой павінен быў выкупіць еты каравай, каб яго раздзяліць. Калі ўжо каравайшчыкі згаджаюцца з цаною, тады бацька аддае ім ці грошы, ці што другое. Прадаўшы каравай, каравайшчыкі ўходзяць, а ў дзвярах стаяць родныя бацькі. І тады хросныя матка і бацька тры разы просяць дазволу каравай падаць маладым…” (запісана ў в. Хутар ад Філіпчык Валянціны Якімаўны, 1950 г.н.) [2, с. 206].
Пасля дзяльбы каравая маладыя збіраюцца ехаць у хату жаніха. Разам з імі вязуць і вялізны куфар, дзе змяшчаецца пасаг (адзенне, посцілкі, палатно і пад.). Пасля прыезду гэтыя рэчы вывешваюць і выкладваюць навідавоку, каб усе маглі бачыць, якая нявеста-майстрыха: “А тады маладую забяруць, і паедуць ужэ к жаніху. А назаўтра ўжэ, у панядзелак, гулялі ўжэ і ў маладой, і ў маладога. Вот так во свадзьба была. Два дня гулялі” (запісана ў в. Рудня ад Шумавай Марыі Арсеньеўны, 1934 г.н., Шумава Уладзіміра Уладзіслававіча, 1964 г.н., Караткевіч Галіны Кірылаўны, 1941 г.н., (раней пражывала ў в. Шчытная Жлобінскага раёна))*.
У хаце маладога свякроў здымала вэлюм і вянок з нявесты і апранала хустку. Гэта сімвалізавала яе выхад замуж і развітанне з дзявочым жыццём: “Пасля таго, як маладыя прыехалі да маладога, к нявесце падыходзіла свякруха, здымала з маладой вянок і павязвала ёй хустачку. Такім чынам маладую пераводзілі ў маладзіцу, а вянок абавязкова закідвалі на кут” (запісана ў в. Хутар ад Філіпчык Валянціны Якімаўны, 1950 г.н.) [2, с. 206]; “Потым да нявесты падыходзіла свякруха і знімала абрад свадзьбы і завязвала платок пад бараду.
Нашу Алачку пасадзілі пад паліцай,
Ды і назвалі маладзіцай”
(запісана ў в. Чыркавічы ад Усціменкі Марыі Якаўлеўны, 1929 г.н.,) [2, с. 205]. У хаце свекрыві нявесту маглі таксама садзіць на пасад.
Начаваць маладыя аставаліся ў хаце жаніха: “Потым маладым адводзілася комнатка, дзе дружкі гатовілі маладым пасцель. Пасля гулянкі малады прыводзіў маладую ў гэту комнатку, садзіўся на краваць, а маладая павінна была разуць мужыка і дастаць з сапага кнут, якім муж яе павінен тры разы ўдарыць слягка для таго, што жана даўжна пакарыцца мужу” (запісана ў в. Хутар ад Філіпчык Валянціны Якімаўны, 1950 г.н.) [2, с. 205-206].
Другі дзень вяселля святкаваўся ў хаце жаніха і быў падобны на папярэдні па сваім змесце: “На другі дзень маладая надзявала другое плацце. Зноў жа сабіраліся госці і працягвалася гулянка. Ужо дзялілі каравай маладога ў яго ж хаце, а маладой госці гулялі ў хаце без маладой. Адбывалася так: тыя гулялі там, а тыя тут. Пелі песні, гулялі ў гульні, выдумлялі ўсё-ўсякае. Запрагалі коней, ездзілі па сялу, граючы на гармоні” (запісана ў в. Хутар ад Філіпчык Валянціны Якімаўны, 1950 г.н.) [2, с. 206]. Калі святкаванне вяселля было кароткім, то менавіта зараз пачыналася паслявясельная частка.
Трэці дзень быў насычаны разнастайнымі гульнямі, жартамі: ці то пачынаюць “жаніць” гасцей, ці то пераапранаюцца, ці то ловяць курэй і пад.: “На трэці дзень было заканчэнне свадзьбы. Маладая таксама, як і на другі дзень, перадзявала нарад. Звычайна на трэці дзень яна надзявала спадніцу і кофту, а вянка не надзявалася. У гэты дзень дзелалася так: бралі якіх-небудзь дзеда і бабу, пераадзявалі ў маладых. І тут проста ішла інсцэніроўка свадзьбы. Саппраўдныя маладыя сядзелі як госці, а тут ужо як бы начыналася свадзьба на трэці дзень па новай. Старых бабу і дзеда па-свойму наражалі, чаплялі вяночкі ім. Тут ужо смяяліся, весяліліся мудрэй, чым у першы дзень. Вот етым і заканчвалася свадзьба. Госці расхадзіліся па дамам, а маладая павінна была памыць усю пасуду, увабрацца, бо яна была ўжо хазяйка ў етым доме” (запісана ў в. Хутар ад Філіпчык Валянціны Якімаўны, 1950 г.н.) [2, с. 206]; “Напрыканцы вяселля некаторыя з гасцей пераапраналіся ў розных чарцей, цыганоў, дактароў. Яны ідуць на падаіму, гэта значыць ідуць у госці да хросных або да родных, або проста да аднавяскоўцаў. На нашым вяселлі галоўным быў цыган з пугай. Была цыганка, была доктарка, была русалка. Цыган шоў па вуліцы і паганяў пугаю тых, хто яму сустракаўся. Цыганка гадала пра судзьбу праходжым. Русалка заварожвала мужчын. А доктарка дапамагала тым, каму станавілася нібыта нядобра. А ўся свадзьба шла па вуліцы за імі. Вяселле закончвалася ад’ездам гасцей і бацькоў маладой. Гэта суправаджалася песнямі, пацалункамі” (запісана ў в. Чыркавічы ад Наўроцкай Яўгеніі Піліпаўны, 1928 г.н.) [2, с. 209]. Гэты дзень меў і разнастайныя назвы — петухі, пярэзвы, падоймы: “Звычайна робяць трэці дзень вяселля, дзе жэняць бацькоў маладой. На другі дзень вяселля ў маладога павінны ўзяць петуха, або курыцу, чапляюць ёй чырвоную ленту. Да яе гасцям даюць бутэльку гарэлкі для таго, каб збіраліся на трэці дзень вяселля — “петухі” (запісана ў в. Крукі ад Мацвеенка Зінаіды Сяргееўны) [1, с. 421]; “Помню, дак і па нядзелі некаторыя гулялі — багатыя. Парэзвы называліся, помню, як бацька мой казаў, парэзвы — ета завуць ужэ, вот гуляюць, прымерна, у меня, а тады ужэ твае бацькі завуць, дак гэта называецца пярэзвы” (запісана ў в.Рудня ад Шумавай Марыі Арсеньеўны, 1934 г.н., Шумава Уладзіміара Уладзіслававіча, 1964 г.н., Караткевіч Галіны Кірылаўны, 1941 г.н., (раней пражывала ў в. Шчытная Жлобінскага раёна))*; “На втары дзень было інтересно. У нас на втары дзень былі падоймы. Ну, іменна быў на другі дзень хадзілі раней, хадзілі іменна к свякрусі, бралі куры, потым неслі ў рэшаце, шла ўся свадзьба, маладыя. Пераадзеваліся, і доктар той быў” (запісана ўв. Чыркавічы ад Гаўрыленка Наталлі Рыгораўны, 1961г.н.)*. На гэтым свята заканчвалася. Жонка, якая заставалася жыць у хаце мужа, магла наведаць бацькоў толькі праз тыдзень: “А на сёмы дзень пасля свадзьбы бацькі маладога павінны былі прывесці маладую да яе бацькоў, каб яны сустрэліся, пагаварылі” (запісана ў в. Хутар ад Філіпчык Валянціны Якімаўны, 1950 г.н.) [2, с. 206].
Такім чынам, на аснове прааналізаваных матэрыялаў мы можна скласці агульнае ўяўленне аб агульных рысах шлюбнага свята на Светлагоршчыне. Вяселле ў кожнай вёсцы мае свае адрозненні ў часе і працягласці святкаванняў, тлумачэнні рытуальных дзеянняў, колькасці этапаў, але ёсць і найбольш тыповыя складнікі вяселля, якое ўключае тры часткі: давясельную (сватанне, запоіны, заручыны (змовіны), зборная субота), уласна вясельную (выпечка і дзяльба каравая, выкуп нявесты, пасад, развіванне маладой) і паслявясельную. Тут назіраецца супадзенне ў структуры вяселля Светлагоршчыны ў параўнанні з вясельнай абраднасцю іншых рэгіёнаў Беларусі. Адметнасцямі вяселля ў Светлагорскім раёне з’ яўляюцца змовіны (іх маглі не адмяжоўваць ад сватання і запоінаў), зборная субота (адсутнасць рытуалаў, звязаных з “ёлкай”), шырокая распаўсюджанасць міфалагічных уяўленняў, звязаных з караваем.
* Архіў фальклорнай навукова-даследчай лабараторыі ГДУ імя Ф. Скарыны
Спіс выкарыстаных крыніц
- Вяселле на Гомельшчыне: фальклорна-этнаграфічны зборнік / Укладанне І.Ф. Штэйнер, В.С. Новак. — Мінск: ЛМФ “Нёман”, 2003. — 470 с.
- Вясельная традыцыя Гомельшчыны: фальклорна-этнаграфічны зборнік / Укладанне В.С. Новак; Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны. — Мінск: Права і эканоміка, 2011. — 485 с. — (Серыя “Гуманітарныя навукі”).
Аўтар: А.Д. Дакукін
Крыніца: Скарынаўскія традыцыі: гісторыя і сучаснасць: зборнік навуковых артыкулаў: у 2 ч. Ч. 1 / рэдкал.: А. М. Ермакова (гал. рэд.) [і інш.]; М-ва адукацыі РБ, Гом. дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2015. — 252 с. С. 70-77.