Мясцовая спецыфіка давясельнай абраднасці Гомельшчыны ў сучасных фальклорных запісах

0
525
Мясцовая спецыфіка давясельнай абраднасці Гомельшчыны ў сучасных фальклорных запісах

У сістэме вясельнай абраднасці Гомельшчыны вылучаюцца тры перыяды: перадвясельны, вясельны і паслявясельны. Перадвясельны перыяд складаецца з наступных кампанентаў: дамоўленасць, пярэпыты, сватанне, запоіны, заручыны (змовіны).

Такія абрадавыя этапы, як дамоўленасць і пярэпыты, на Гомельшчыне сустракаюцца рэдка. Падчас «дамоўленасці» маладыя папярэдне вырашаюць пытанні аб шлюбе, а падчас пярэпыт маці жаніха ацэньвае падвор’е будучай нявесткі і перапытвае, ці згодна яна выйсці замуж. Пасля пярэпытаў прызначаўся дзень сватання.

Дадзены абрадавы момант – адна з галоўных частак давясельнага перыяду, калі сваты афіцыйна дамаўляліся аб шлюбе і прызначалі час запоін або заручын.

У сваты звычайна хадзілі ў суботу вечарам, нават ноччу, пры гэтым колькасць удзельнікаў цырымоніі была рознай.

Абрад сватання суправаджаўся рытуальным дыялогам паміж сватамі і бацькамі нявесты. Дзеянні, якія сімвалізавалі ўмову згоды або нязгоды на шлюб, мелі адметную мясцовую спецыфіку («Калі нявеста давала згоду ісці замуж, то яна павінна была перарэзаць хлеб, які прынеслі сваты»* (в. Міхнаўка, Брагінскі р-н)).

Пасля сватання звычайна адбываліся запоіны (заповіны), недзе праз 2 тыдні вечарам у суботу ці ў нядзелю. Звычайна падчас гэтага абрадавага этапа «дзяўчыну як бы «запіваюць» да роду жаніха» (в. Любавічы, Жыткавіцкі р-н).

На заручынах (змовіны або «сугляды») «заручалі нявесту» (в. Дварэц Рагачоўскага р-на). Праходзілі заручыны звычайна за тыдзень перад вяселлем у хаце нявесты, і прысутнічалі звычайна не толькі блізкія родзічы. «Галоўная задача, якая тут вырашалася, – канчаткова дамовіцца аб усіх падрабязнасцях вяселля і пра пасаг» (в. Кругавец, Добрушскі р-н).

Галоўным рытуалам на заручынах было расплятанне касы нявесты, «якую яна не мела права заплятаць да пачатку вяселля» (в. Кашалёў, Буда-Кашалёўскі р-н).

Адзначым, што пры захаванні агульнаэтнічнай асновы вясельнай абраднасці ў кожнай мясцовасці маюць месца свае адметнасці, якія закранаюць асобныя структурныя кампаненты.

* Выкарыстаны матэрыялы архіва навукова-вучэбнай фальклорнай лабараторыі кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі УА «ГДУ імя Ф. Скарыны».

Аўтар: Д.І. Дуброўская
Источник: Дни студенческой науки. Материалы XLII студенческой научно-практической конференции (Гомель, 23–24 апреля 2013 года). В двух частях. Часть 2. Гомель ГГУ им. Ф. Скорины 2013. С. 71-72.