Мянушкі Светлагорскага раёна

0
1167
Мянушкі Светлагорскага раёна

Мянушкі як неафіцыйныя імёны шырока ўжываюцца ў паўсядзённым жыцці вяскоўцаў і ўяўляюць сабой аб’ёмны лексіка-семантычны пласт лексікі. Адметнасць вулічнай мянушкі ў тым, што яна, выконваючы намінатыўную функцыю, указвае на аднаго чалавека, на ўласцівыя яму спецыфічныя рысы і не толькі называе асобу, але і трапна характарызуе яе, таму большасць мянушак носяць эмацыянальна-ацэначны характар.

Даследчыкі называюць наступныя асноўныя прычыны ўзнікнення мянушак: недастатковую колькасць афіцыйных асабовых назваў у параўнанні з патрэбамі камунікантаў: “Ні адна мова (і беларуская не складае выключэння) не мае ў сваім звароце столькі асабовых імён, каб імі можна было без паўтарэння назваць усіх членаў таго ці іншага грамадскага калектыву” [1, с. 54], імкненне да дакладнай персаніфікацыі пэўнай асобы, выдзяленне яе па якой-небудзь прыкмеце з пэўнага калектыву, асяроддзя [2, с. 118].

У якасці мянушкі можа ўжывацца практычна любое слова, вядомае вяскоўцам. У асноўным гэта агульнаўжывальныя літаратурныя лексемы, хаця шырокаўжывальнымі з’яўляюцца і дыялектныя.

Сабраны намі ў час дыялекталагічных практык багаты фактычны матэрыял дазваляе вылучыць шматлікія лексіка-тэматычныя групы вясковых мянушак. Найбольш шматлікую групу складаюць найменні, што характарызуюць псіхічныя якасці асобы. У асноўнай сваёй масе яны нясуць адмоўную характарыстыку. Большасць мянушак характарызуюць вяскоўцаў паводле знешняга выгляду:

колеры валасоў: Бельчык (в. Славань), Рыжы (в. Чкалава), Чорны (в. Чкалава), Цыган, Цыганка (в. Славань);

колеры твару: Памідор (в. Асташкавічы), Рабы (в. Чкалава); колер вачэй: Сіняглазка (р.п. Сасновы Бор).

Многія вясковыя мянушкі характарызуюць асобу паводле фізічных асаблівасцей, паталагічных адхіленняў. Такімі вулічнымі найменнямі называюць чалавека, калі яго добра ведаюць:

малы ростам: Гном (в. Узнаж), Кілька (в. Прудок), Кураня (в. Карпавічы), Ларыска Маленькая (в. Скалка), Ліліпутка (в. Казлоўка), Метр з шапкай (р.п. Сасновы Бор), Мурашка (в. Ліпнікі);

мажны: Булка (в. Прасвет), Кабыла (в. Узнаж), Камаз (в. Карпавічы), Лашак (в. Славань);

блізарукі, сляпы, не мае вока: Іван Касы (в. Асташкавічы), Сашка Ачкарык (в. Карпавічы), Глаз (в. Чкалава), Кутузаў (р.п. Сасновы Бор); глухі: Глушак (в. Дражня), Цяцера (в. Славань); гарбаты: Горбік (в. Славань);

кульгавы: Кастыль (в. Карпавічы), Храмы (в. Чкалава); з барадой: Барада (в. Асташкавічы), Лясун (в. Казлоўка), Поп (в. Чкалава); з вялікімі вусамі: Кіса (в. Дражня);

з вялікімі, вузкімі вачыма: Жаба (в. Дражня), Кітаец (в. Славань); з вялікім носам: Бураціна (в. Ліпнікі), Дзюба (в. Дражня), Кулік (в. Забалацце), Нос (в, Казлоўка), Шнобель (в. Прудок);

з вялікімі губамі, жыватом, ілбом: Грышка Салапаты (в. Славань); Буталь (в. Карпавічы); Цэбар (в. Славань); Лоб (в. Асташкавічы); з доўгай шыяй : Русь (в. Слабада);

з крывымі нагамі, бокам і р.д.: Раман Крываногі (в. Мікалаеўка), Павел Кашалапы (в. Мікалаеўка), Іван Крывашыі (в. Мікалаеўка ), Ігнат Крывароты (р.п. Сасновы Бор);

без рукі, нагі ці вуха: Бязрукі (в. Чкалава), Пальчык (в. Селішча), Кастыль (в. Карпавічы);

лысы: Катоўскі (в. Дражня), Кучаравы (в. Асташкавічы); хваравіты: Гніляк (в. Узнаж), Дохлы (в. Загор’е);

худы: Гліст (в. Горкі), Жэрдка (в. Давыдаўка), Маруся Дохлая (в. Давыдаўка), Друк (в. Дражня), Цыркуль (в. Селішча).

Значную падгрупу складаюць найменні, што характарызуюць асобу па рысах характару. Сюды адносяцца наступныя назвы: бойкі: Страх (в. Асташкавічы);

гаваркі: Балабай (в. Славань), Бурбалка (р.п. Сасновы Бор); гняўлівы, грозны: Патраўка (г. Парычы), Гром (в. Узнаж);

вучоны, разумны: Галава (в. Чкалава), Дацэнт (в. Славань), Ламаносаў (в. Казлоўка), Магазін (в. Давыдаўка);

дурны: Валет (в. Хутар), Індзюк (в. Шупейкі);

задзірысты: Драчка Ніна (р.п. Сасновы Бор), Коршак (в. Горкі), Певень (в. Загор’е), Шыла (в. Скалка);

злы: Аўчарка (в. Завічча), Звер (в. Асташкавічы), Шэльма (в. Дражня); цяжкі характар: Арэх (г. Парычы);

легкадумны: Авечка (в. Дражня), Вецер (в. Асташкавічы), Цімох Брындух (в. Мікалаеўка);

палахлівы: Заяц (в. Завічча);

кіслы, кволы, усім незадаволены: Лірыка (в. Забалацце);

неахайны: Курыца (в. Асінаўка), Рохля (в. Скалка), Хоўра (в. Прудок);

вясёлы: Іван Шут (в. Мікалаеўка);

прыгожы: Лялька (в. Хутар), Кукла (в. Слабада), Цюльпан (в. Селішча); упарты: Баран (в. Асташкавічы), Камень (в. Карпавічы), Круты (в. Славань); ціхі, спакойны: Цішка (в. Завічча);

спрытны, рухавы: Быструха (г. Парычы), Птаха (в. Карпавічы); сквапны: Жлоб (р.п. Сасновы Бор), Іван Зубар (в. Мікалаеўка), Куркуль (в. Асінаўка), Плюшка (в. Ліпнякі), Хова (в. Завічча), Хапка (в. Дражня); крыклівы: Петух (в. Баравікі).

Цікавымі з’яўляюцца мянушкі, што з’явіліся ў працэсе моўных зносін. Яны адлюстроўваюць спецыфічныя індывідуальныя асаблівасці гаворкі пэўных камунікантаў, указваюць на артыкуляцыйныя асаблівасці мовы, называюць словы ці выразы, якія носьбіт часта ўжывае, характарызуюць гучнасць голасу:

Азон — часта ўжываў выраз “Пайду падыхаю азонам” (в. Карпавічы); Анцык — у дзяцінстве не выгаварваў слова цыгане, а гаварыў “Анцы ідуць” (в. Чкалава); Доня — часта ўжываў слова доня (в. Узнаж); Іван Гуру — хутка выгаварваў слова гавару і чулася гуру (в. Мікалаеўка); Кваха — замест літары с вымаўляў літару к (в. Славань); Сяргей Скажам так — часта ўжываў выраз скажам так (в. Мікалаеўка); Васіль Доля праклятая — часта ўжываў і сваё жыццё называў доляй праклятай (в. Мікалаеўка); Іван Званар — звонкі голас (в. Мікалаеўка); Скварок — у дзяцінстве прасіў “Хачу скварак” (в. Асташкавічы).

У аснове той ці іншай мянушкі ляжыць рэальны факт або здарэнне, якое адбылося ў жыцці таго ці іншага вяскоўца. Напрыклад:

Андрэй Каталуп — адлупцаваў шкадлівага ката (в. Мікалаеўка); Камунісцік Саша — дзед быў камуністам (в. Чкалава); Кілун — усё купляў у магазіне па кілаграму (кіло) (в. Карпавічы); Люлька — заўсёды курыў люльку (в. Славань); Палявец Іван — хацеў мець многа поля, зямлі (в. Карпавічы).

Намі выяўлены ў гаворках Светлагорскага раёна мянушкі, якія характарызуюць асобу паводле захапленняў, схільнасцей да якога-небудзь дзеяння: Міхась Маэстра — іграў на баяне (в. Мікалаеўка).

Асобныя мянушкі могуць указываць на месца жыхарства, службу: Афганец — служыў у Афганістане (р.п. Сасновы Бор); Залешчанка — з вёскі Залессе (в. Асташкавічы); Іван Заход — з вёскі Заходы (в. Мікалаеўка); Мар’я Палячка — з Польшы (в. Узнаж); Хахол — з Украіны (р.п. Сасновы Бор); Чарнобылец — з адселенай зоны (в. Славань).

Па-рознаму называюць у гаворках мужчын у залежнасці ад адносін да сямейнага становішча, шлюбу: Вася Цэлачка — не жанаты (в. Дражня); Васіль Прымак (в. Славань); Казанова — той, хто любіць жанчын (р.п. Сасновы Бор); Каціха — незамужняя жанчына, якая мела дзяцей (в. Карпавічы).

Бытуе шэраг мянушак, што характарызуюць асобу паводле знешняга падабенства да вядомых дзеячаў: Сашка Пушкін — вядомы рускі паэт А. С. Пушкін (р.п. Сасновы Бор); Віцын — Георгій Віцын, рускі акцёр (в. Асташкавічы); Шцірліц — герой мастацкага фільма “Сямнаццаць імгненняў вясны” (р.п. Сасновы Бор).

Некаторыя мянушкі характарызуюць чалавека па яго адносінах, перавазе да прадуктаў харчавання, страў: Галушка, Пончык — любіў галушкі, пончыкі (в. Асташкавічы); Карась — любіў страву з карасей (в. Узнаж); Паронка — любіў параную бульбу (в. Чкалава).

Сустракаюцца мянушкі, што ўказваюць на род заняткаў вяскоўцаў, сацыяльнае становішча: Бондар — вырабляў бочкі (в. Дражня); Купі-прадай — індывідуальны прадпрымальнік (р.п. Сасновы Бор); Міхась Кірпіч — працаваў мулярам (в. Асташкавічы); Міколка Паравоз — працаваў машыністам (г. Светлагорск).

Прааналізаваны матэрыял сведчыць, што мянушкі складаюць значны пласт лексікі ў гаворках Светлагоршчыны. Рашаючымі фактарамі іх утварэння і ўжывання з’яўляюцца трапны народны гумар і назіральнасць камунікантаў. Нельга не пагадзіцца з У. Юрэвічам, які слушна адзначае, “як пабагацелі б мы, каб больш даследавалі паходжанне беларускіх імён і прозвішчаў, традыцыйных мянушак, усяго народнага іменаслоўя, каб мелі, нарэшце, поўны збор антрапонімаў, носьбіты якіх жывуць на Беларусі і з’яўляюцца жывым помнікам” [3, с. 111].

Такім чынам, мянушкі могуць служыць гістарычнаму даследаванню жыцця народа не ў меншай ступені, чым іншыя помнікі культуры і побыту, літаратуры і мовы. Калі па асобных мянушках цяжка акрэсліць усю іх каштоўнасць, то, сабраныя ў вялікай колькасці, яны ілюструюць шмат рысаў побыту беларусаў.

Спіс выкарыстанай літаратуры і крыніц

  1. Усціновіч А. К. Найменні асоб мужчынскага полу ў актавых запісях Гродзеншчыны і Брэстчыны ХУІ-ХУІІ стст. // З жыцця роднага слова. — Мінск, 1968. — 179 с.
  2. Беларуская антрапанімія: вучэбны дапаможнік / Г. М. Мезенка (навук. рэд.) [і інш.]. — Віцебск: УА “ВДУ імя П. М. Машэрава”, 2009. — 254 с.
  3. Юрэвіч Ул. Слова жывое, роднае, гаваркое… / Ул. Юрэвіч. — Мінск: “Мастацкая літаратура”, 1998. — 282 с.

Аўтар: У.А. Бобрык
Крыніца: Спадчына Скарыны: да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання: зб. навуковых артыкулаў: у 2 ч. Ч. 2 / рэдкал.: А. М. Ермакова (гал. рэд.) [і інш.]; М-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны. — 212 с. С. 18-21.