Мова малых фальклорных жанраў Веткаўшчыны

0
103
Мова малых фальклорных жанраў Веткаўшчыны

«Народная мова — крыніца багацця і выразнасці літаратурнай мовы. Арганічна дапаўняе і паглыбляе гэтае сцвярджэнне народнае разуменне мовы, адлюстраванае ў творах літаратуры і фальклору» [1, с. 3]. Гэтыя слушныя словы А. Каўруса выразна сведчаць пра неабходнасць глыбокага вывучэння мовы фальклорных крыніц, запісаных у розных рэгіёнах Беларусі.

У аснову нашага даследавання ляглі малыя фальклорныя жанры, запісаныя выкладчыкамі кафедры беларускай мовы Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, а таксама студэнтамі ад перасяленцаў з вёскі Гарысты (выселена ў 1990 г.), а таксама жыхароў вёсак Стаўбун, Данілавічы, Прысно і Шарсцін Веткаўскага раёна. Менавіта такія запісы даюць найбольш поўнае ўяўленне пра асаблівасці і адметнасці жывой народнай мовы і таму з’яўляюцца найбольш надзейнай крыніцай вывучэння асаблівасцей гаворкі пэўнага рэгіёна.

Асноўная ўвага звернута на прыказкі, прымаўкі і загадкі, прывабнасць якіх заключаецца не толькі ў тым, пра што яны гавораць, але і ў тым, як пра гэта сказана. Глыбокаму сэнсу і мудрасці гэтых выразаў адпавядае іх мастацкая форма, дасканаласць выяўленчых сродкаў, моўнага ўбрання і выражэння.

У працэсе аналізу былі зроблены высновы, што, акрамя агульнанароднай лексікі, у мове прыказак, прымавак і загадак Веткаўшчыны шырока прадстаўлены дыялектызмы — словы, якія адлюстроўваюць фанетычныя, марфалагічныя, сінтаксічныя і лексічныя асаблівасці, уласцівыя асобным дыялектам, і не ўласцівыя літаратурнай мове.

Найбольш пашыраныя ў адзначаных выразах марфалагічныя дыялектызмы — словы, што перадаюць граматычныя асаблівасці гаворкі. Яны могуць адрознівацца ад агульнаўжывальных слоў родам, лікам, канчаткамі і іншымі граматычнымі адметнасцямі. Найчасцей граматычныя асаблівасці назіраюцца ў самастойных часцінах мовы: назоўніках і дзеясловах, радзей сустракаюцца сярод прыметнікаў, прыслоўяў, займеннікаў і лічэбнікаў.

Граматычным і семантычным ядром большасці разгледжаных прыказак, прымавак і загадак з’яўляецца назоўнік, напрыклад: «Сваю долю канём не аб’едзеш»; «Беражы галаву ў холадзе, жывот у голадзе, а ногі ў цяпле»; «Бягуць бягуны, паўзуць паўзуны, вязуцьрагача, калоць багача. Вілы». Толькі 2% ад агульнай колькасці прааналізаваных выразаў не ўключаюць у свой склад гэтую часціну мовы: «Знай, дзе лізнуць, а дзе і гаўкнуць»; «Еж — пацей, работай — мёрзні»; «Закінь наперад, ззаді знойдзеш». Таму зразумела, што сярод марфалагічных дыялектызмаў пераважаюць менавіта назоўнікі. Значная колькасць граматычных адметнасцей звязана з адрозненнямі склонавых канчаткаў:

— ужыванне канчатка -е на месцы нарматыўнага -ю ў назоўніку другога скланення, назве асобы на мяккую аснову: «На злодзее і шапка гарыць»;

адсутнасць чаргавання зычных пры ўтварэнні формы меснага склону ў назоўніку мужчынскага роду другога скланення і ўжыванне ненарматыўнага канчатка -у: «Шукаць, што іголку ў стагу сена»;

адсутнасць чаргавання зычных пры ўтварэнні формы меснага склону ў назоўніку жаночага роду першага скланення і ўжыванне ненарматыўнага канчатка — е: «Удзеравяннайрубашке, а чорная душа. Карандаш»;

канчатак -е на месцы нарматыўнага -і ў назоўніку трэцяга скланення з мяккай асновай у форме меснага склону адзіночнага ліку: «На голай касце мяса нарасце»;

ужыванне ненарматыўнага канчатка -я ў назоўніку мужчынскага роду другога скланення з прасторавым значэннем у форме роднага склону адзіночнага ліку: «Жаданы госць з далёкага края пад акном жыве. Ластаўка».

ужыванне канчатка -э замест нарматыўнага -ы ў назоўніку мужчынскага роду другога скланення з асновай на шыпячы зычны ў форме меснага склону адзіночнага ліку: «З мілым рай і ў шалашэ».

Акрамя таго, сярод прааналізаваных выразаў сустракаюцца адзінкавыя выпадкі несупадзення ў ліку і родзе назоўнікаў. Напрыклад, ужыванне лексемы ‘волас’ на месцы літаратурнага варыянта валасы ў прыказкавых выслоўях «На дурной галаве і волас нерасце»; «Чужую бяду па валасу развяду, а да сваёйрозуму не прылажу». А ў выразе «Яблака ад яблынькі далёка не коціцца» назоўнік «яблык» ужыты ў форме ніякага роду.

Дзеяслоў і яго формы таксама з’яўляюцца галоўным структурным элементам ва ўтварэнні большасці прыказак, прымавак і загадак Веткаўскага раёна. Граматычныя адметнасці назіраюцца ў форме інфінітыва, напрыклад, у прыказцы «Пей песні хоць трэсні, а есць не прасі» на месцы нарматыўнага суфікса -ці (есці) ужываецца суфікс -ць. Што тычыцца асабовых форм дзеяслова, то найбольш выразнымі ілюстрацыямі асаблівасцей гаворкі з’яўляюцца наступныя:

ужыванне канчатка -е замест нарматыўнага -іць у дзеясловах другога спражэння ў форме 3-й асобы адзіночнага ліку: «Слова не варабей, выляце — не паймаеш»; «Бяда не ходзе адна»;

ужыванне канчатка -я (нарматыўны -іць) у дзеясловах другога спражэння ў форме 3-й асобы адзіночнага ліку: «Жадны два разы плаця»;

ужыванне канчатка -яць на месцы нарматыўнага -уць у форме 3-й асобы множнага ліку рознаспрагальнага дзеяслова «есці»: «Галаву ядзяць, а кожу носяць. Лён»;

ненарматыўны канчатак -ёць замест -е ў дзеяслове першага спражэння ў форме 3-й асобы адзіночнага ліку: «Жывёць — ляжыць, памрэ — бяжыць. Снег»;

ужыванне канчатка -я на месцы нарматыўнага -е ў дзеясловах першага спражэння ў форме 3-й асобы адзіночнага ліку: «Паўсюды лятая, век дома не бывая і свайго гнязда не мая. Зязюля».

Адрозненне ад літаратурнай нормы зафіксавана таксама ў зваротнай форме дзеяслова, напрыклад, ужыванне постфікса -сь на месцы нарматыўнага -ся ў выразе

«У плахога хазяіна ў амбары мыш павесілась».

Як ужо адзначалася вышэй, менш пашыранымі сярод марфалагічных дыялектызмаў з яўляюцца прыметнікі, лічэбнікі, займеннікі і прыслоўі. Так, у прыметніках былі зафіксаваны наступныя адметнасці:

ужыванне суфікса -яў- замест нарматыўнага -еў- у прыналежным прыметніку: «Вось табе бабка і Юр’яў дзень»;

неўнармаванае ўжыванне складанай формы вышэйшай ступені параўнання прыметнікаў: «Што самае мякчэйшае пад галавой? Рука»;

шырокае ўжыванне кароткай формы прыметнікаў: «У каго матка, у таго і галоўка гладка»; «Сілай міл не будзеш»; «Байкамі сыт не будзеш»; «Малая малышка, а мудры рэчы кажа. Пяро».

Лічэбнікі ў прааналізаваных прыказках, прымаўках і загадках сустракаюцца як у літаратурнай форме Два брата супроць адзін аднаго сядзяць, а адзін аднаго не бачаць. Вочы»; «У каго дочак сем, то ёсць доля ўсім, а ў каго адна, то і доля жадна»), так і з пэўнымі граматычнымі асаблівасцямі, напрыклад, зборны лічэбнік «абое» на месцы нарматыўнага «абодва»: «Два Юр ’я, абое дурня: адзін галодны, а другі халодны»; ужыванне лічэбніка «два» з назоўнікам жаночага роду: «Ласкавае цялятка двух матак сасе». Выразныя мясцовыя адметнасці таксама прасочваюцца ў галіне спалучэння лічэбнікаў з назоўнікамі. Так, у літаратурнай мове лічэбнікі «два, тры, чатыры» патрабуюць ад назоўнікаў формы назоўнага склону множнага ліку (канчаткі -і (-ы) ), а ў прыказкавых выразах «Ад гаршка тры вяршка», «Два брата супроць адзін аднаго сядзяць, а адзін аднаго не бачаць. Вочы», «Два Юр’я, абое дурня: адзін галодны, а другі халодны» назіраем іншую карціну. Пры лічэбніках «два, тры» назоўнікі маюць форму роднага склону адзіночнага ліку (канчаткі -а (-я)), што з’яўляецца нормай у рускай літаратурнай мове).

Граматычныя адметнасці назіраюцца таксама ў займенніках. Напрыклад, загадкі «Хтось на печы ляжыць, а хтось на марозе дрыжыць. Кот і сабака», «Стаіць дзеўка на градцы, уся ў заплатах, хто ўзгляне, усяк заплача. Цыбуля» і прыказка «Не астаўляй на заўтра то, што можна зрабіць сягодні» дэманструюць усечаныя формы займеннікаў: няпэўнага «хтосьці», азначальнага «ўсякі» і ўказальнага «тое». А ў загадцы «Хто паўзе і хату на сябе вязе. Улітка» зваротны займеннік сябе ўжыты ў форме роднага склону замест літаратурнай формы «сабе» меснага склону.

Сярод прыслоўяў, што сустракаюцца ў прыказках, прымаўках і загадках рэгіёна, звяртае на сябе ўвагу, напрыклад, прыслоўе «перш» са значэннем ‘спачатку’, утворанае ад парадкавага лічэбніка «першы»: «Што перш робіць гаспадыня, калі пачынае гатаваць ежу? Глядзіць, ці чыстая пасудзіна». Побач з прыслоўямі, вядомымі літаратурнай мове, сустракаюцца таксама тыя, што з’яўляюцца адметнасцю выключна дыялектнай мовы. Утвораны яны звычайна пры дапамозе агульнавядомых суфіксаў і прыставак ад слоў, якія ў літаратурнай мове прыслоўяў не ўтвараюць. Напрыклад, у загадцы «Каму не ўежна, дык улежна. Лодыру» прыслоўі ўтвораны пры дапамозе прыстаўкі у- і суфікса -а- (што характэрна і для некаторых нарматыўных прыслоўяў, напрыклад, улева, управа), але ні ад назоўніка «ежа», ні ад дзеяслова «ляжаць» у літаратурнай мове прыслоўі не ўтвараюцца.

Даволі шырока ў малых фальклорных жанрах Веткаўшчыны прадстаўлены фанетычныя дыялектызмы — словы, якія адрозніваюцца ад літаратурных націскам, вымаўленнем зычных ці галосных; у якіх адбыліся разнастайныя гукавыя змены зычных (эпентэза, метатэза, асіміляцыя, дысіміляцыя і інш.).

У працэсе аналізу былі вылучаны наступныя гукавыя змены галосных:

замена літаратурнай нормы ўжывання літары я ў першым складзе перад націскам літарай і: «Сам сібе за локаць не укусіш», «Ума німа, счытай калека»;

адсутнасць пераходу гука [э] у гук [а] у ненаціскным становішчы: «Вочы завідушчыя, арукі загрэбушчыя»;

адсутнасць пераходу галоснай е ў я ў першым складзе перад націскам:

«Пад лежачы камень вада не цячэ»; «Пабегушкі бягуць, а палзушкі палзуць. Конь і сані»;

замена галоснай е на а ў корані слова: «Слова не варабей, выляце — не паймаеш»;

адсутнасць прыстаўной галоснай перад збегам зычных: «Бегла свінка, залатая спінка, льняны хвосцік. Іголка»;

ужыванне ётавай галоснай пасля зацвярдзелай зычнай: «Кругла, а не месяц, желта, а не масла, з хвастом, а не мыш. Рэпа»;

наяўнасць літары я ў другім складзе перад націскам, якая пры гэтым не з’яўляецца каранёвай: «Бягуць бягуны, паўзуць паўзуны, вязуць рагача, калоць багача. Вілы»; «Які дзень год корміць? Вяснавы»;

наяўнасць у націскным становішчы літары е на месцы ё: «Бульба есць, а дровы радам»;

выпадзенне гука [ы]: «Не падходзіць ні к сялу, ні к гораду».

У прааналізаваных выразах былі зафіксаваны таксама разнастайныя гукавыя змены зычных, выкліканыя ўплывам суседніх або аддзеленых складамі гукаў, у выніку чаго адбылося распадабненне, прыпадабненне ці страта гука.

Напрыклад, прыстаўныя зычныя в і г уласцівы як літаратурнай мове, так і народным гаворкам. Але ў прыказкавых выслоўях і загадках Веткаўшчыны намі зафіксаваны словы з прыстаўным в перад ненаціскной галоснай а, што не характэрна для літаратурнай мовы: «Ні вакон, ні дзвярэй, поўна хата людзей. Агурок». Сустракаюцца таксама лексемы, наяўнасць прыстаўной в у якіх, на нашу думку, з’яўляецца імкненнем адаптаваць рускую лексему да беларускіх моўных законаў: «На халяву і вуксус салодкі»; «Вумны не скажа, а дурак не пайме». А ў прыказцы «Грошы — эта навоз: сёдні нет, а заўтра воз» назіраецца адсутнасць прыстаўнога гука г у слове «эта».

У некаторых словах выяўлена адсутнасць дзекання, напрыклад, у сітуацыі перад [в’]: «Адна галава добра, а двелепей».

Дысіміляцыя — распадабненне двух падобных ці аднолькавых гукаў — была зафіксавана ў наступных выразах: «Балматуна хлебам не кармі, а дай пагаварыць»; «Грошы — эта навоз: сёдні нет, а заўтра воз». Пры гэтым у першай прыказцы назіраецца распадабненне аднолькавых гукаў, аддзеленых іншымі гукамі (літ. балбатун), а ў другой — распадабненне аднолькавых сумежных гукаў (літ. сёння).

Акрамя разгледжаных вышэй выпадкаў, звяртаюць на сябе ўвагу таксама такія фанетычныя з’явы, як выпадзенне першай зычнай у спалучэнні свісцячых гукаў сц («Жызнь пражыць — не поле перайці»), а таксама ненарматыўнае ўжыванне літары л замест ў у сітуацыі пасля галоснай перад наступнай зычнай: «Пабегушкі бягуць, а палзушкі палзуць. Конь і сані».

У прааналізаваных прыказках, прымаўках і загадках зрэдку сустракаюцца словаўтваральныя дыялектызмы — словы, якія атрымалі ў дыялекце асаблівае афікснае афармленне, гэта значыць адрозніваюцца ад літаратурных словаўтваральнымі дыялектнымі марфемамі. Напрыклад, ненарматыўныя формы аддзеяслоўных назоўнікаў: «Пабегушкі бягуць, а палзушкі палзуць»; «Братцы — хватцы, сёстры — падлізухі. Цэпі і мётлы»; наяўнасць суфікса -к-, які адсутнічае ў літаратурным варыянце слова: «Для каго паветка, а для мяне як кветка».

Што тычыцца лексічных дыялектызмаў — слоў, невядомых літаратурнай мове, то варта канстатаваць, што мова прыказак, прымавак і загадак Веткаўшчыны насычана лексікай, што трапіла ў іх у працэсе зносін з суседнімі народамі. Менавіта таму мы прыйшлі да высновы, што галоўнай лексічнай асаблівасцю гаворак Веткаўскага раёна з’яўляецца шырокае выкарыстанне русізмаў: «Грошы любяць счёт»; «На абіжаных ваду возяць»; «Сваю судьбу не абманеш»; «Ум за розум заскочыў»; «Не па шубе рукаў»; «Ляжыць цвяток, не то сонца, не то месяц, а хто патрэ — той слязу пускае. Цыбуля»; «Не лае, не кусае, а ў хату не пускае. Замок» і шмат іншых. Часцей за ўсё гэтыя моўныя запазычанні не кідаюцца рэзка ў вочы, яны амаль заўсёды да месца, а часта ім свядома прызначана эмацыянальная нагрузка. Бо паэзія прыказкі ці загадкі залежыць ад таго, якое моўнае выражэнне набывае закладзеная ў іх думка, наколькі ўмела адабрана і да месца ўстаўлена слова, а «дзеля захавання рыфмы слова нярэдка набывае наогул неўласцівы беларускай мове выгляд, нярэдкія выпадкі, калі, для захавання рыфмы, у прыказку ўводзіцца рускае слова або беларускае слова набывае рускую агаласоўку» [2, с. 8].

Літаратура

  1. Каўрус, А. Мова народа, мова пісьменніка / А. Каўрус. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1989. — 247 с.
  2. Ліцвінка, В. Д. Слова міма не ляціць / В. Д. Ліцвінка, Л. А. Царанкоў. — Мінск: Універсітэцкае, 1985. — 149 с.


Аўтар:
Н.М. Панкова
Крыніца: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 16 / навук. рэд. А.І. Лакотка; Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. — Мінск: Права і эканоміка, 2014. — С. 280-284.