«МОВА» Гомеля: вясной на вуліцы Кірава ўсталююць арт-інсталяцыю

0
1578
Мова А1 Гомель інсталяцыя

У Міжнародны дзень роднай мовы, 21 лютага, кампанія А1 прадставіла новы праект, дзякуючы якому ў рамках ініцыятывы «Веліч роднай мовы» вясной 2020 года ў Гомелі і найбуйнейшых гарадах Беларусі – Брэсце, Віцебску, Гродне, Магілёве і Мінску – з’явіцца серыя незвычайных мастацкіх інсталяцый. Гэта будуць наборы інтэрактыўных скульптур, якія разам утвараюць слова «МОВА».

Манументальныя тэкставыя інсталяцыі стануць месцамі камфортнага адпачынку, бо фактычна ўяўляюць з сябе вулічную мэблю, вырабленую з дрэва і металу. Аўтар арт-аб’ектаў – вядомы беларускі скульптар Павел Вайніцкі. Па яго задуме, «МОВА» служыць месцам камунікацыі, дзе людзі могуць сустракацца і зручна размяшчацца на скульптурных літарах.

Лакальныя асаблівасці кожнага з шасці рэгіёнаў будуць паказаныя праз колер інсталяцый – ідэя праекта грунтуецца на канцэпцыі нацыянальных колеравых упадабанняў, распрацаванай выдатным дызайнерам, мастаком і паэтам Міхалам Анемпадыставым у кнізе «Колер Беларусі», а таксама на даследаваннях найбуйнейшага беларускага этнографа Міхаіла Раманюка, які рэканструяваў колеры традыцыйных народных строяў розных рэгіёнаў Беларусі.

«З дапамогай арт-інсталяцый мы хацелі б падкрэсліць, што родная мова – гэта прыгожа і камфортна, а яе прысутнасць змяняе да лепшага ўсё вакол нас. А1 невыпадкова ўзялася за рэалізацыю такога праекта, бо прэзентацыя нацыянальных феноменаў і падтрымка беларускай мовы – адны з найважнейшых кірункаў дзейнасці нашай кампаніі. Зашыфраваўшы яе імя ў слове «МОВА», гэты прыярытэт мы вылучылі і візуальна. Калі ўсе арт-аб’екты будуць усталяваныя, плануем стварыць каля іх сетку бясплатнага Wi-Fi ад А1», – адзначыў кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі А1 Мікалай Брэдзелеў.

Інсталяцыя ў Гомелі будзе размешчана на вуліцы Кірава, 32а – побач з Інстытутам механікі металапалімерных сістэм. Для яе падабрана спалучэнне блакітнага, жоўтага, шэрага, чырвонага і чорнага колераў. Большасць з іх традыцыйна выкарыстоўваецца ў афіцыйнай геральдыцы Гомельшчыны. Акрамя таго, поўдзень Беларусі – яе курортная частка, якую перасякаюць найбуйнейшыя рэкі краіны: Сож, Дняпро і Прыпяць. Водны ландшафт Гомельшчыны, пяскі пляжаў і водмеляў, мноства яго зялёных паркаў – усё гэта выяўляецца праз мяккія рэлаксацыйныя колеры.

«Чорны і чырвоны – базавыя колеры кожнага з арт-аб’ектаў, і яны будуць выкарыстаныя ва ўсіх гарадах. Астатнія адценні абсалютна розныя – яны падкрэсліваюць адметнасці кожнага рэгіёна. Усе колеры выбраны невыпадкова – пры распрацоўцы іх спалучэнняў улічвалася мноства ўнікальных мясцовых асаблівасцей – напрыклад, прыродных: зелень паркаў Гомельшчыны, шэрань Палескіх балот, блакіт азёр Віцебшчыны і гэтак далей», ­– патлумачыў Павел Вайніцкі.

Такім чынам, для інсталяцыі ў Брэсце выбраны зялёны, розныя адценні сіняга, чырвоны і чорны колеры. Там яна будзе ўсталявана на перасячэнні вуліцы Савецкай і набярэжнай Францыска Скарыны. «МОВА» ў Віцебску, выканананая ў характэрных колерах творчага аб’яднання УНОВІС, з’явіцца перад мостам 1000-годдзя. Арт-аб’екты ў Гродне будуць жоўтага, розных адценняў сіняга, чырвонага і чорнага колераў – іх плануецца размясціць на вуліцы Маставой. У Магілёве на Траецкай набярэжнай з’явіцца арт-аб’ект зялёнага, блакітнага, жоўтага, чырвонага і чорнага колераў. У Мінску – сіняга, зялёнага, жоўтага, чырвонага і чорнага. Месца размяшчэння яшчэ ўдакладняецца.

«Праект закліканы папулярызаваць родную мову, па-новаму раскрыць семантыку беларускага слова з дапамогай арт-аб’ектаў. Яго ўнікальнасць – у спалучэнні ўтылітарнай і мастацкай функцый трохмерных інсталяцый. Асобна варта адзначыць вялікі турыстычны патэнцыял праекта для ўсіх гарадоў, дзе кампазіцыі будуць усталяваныя», – адзначыў ініцыятар праекта «Веліч роднай мовы» Захар Дудзінскі.

Ва ўсіх гарадах інсталяцыі з’явяцца ўвесну.