Моўныя сродкі выяўленчай выразнасці ў паэтычнай мове Анатоля Сыса

0
531
Моўныя сродкі выяўленчай выразнасці ў паэтычнай мове Анатоля Сыса

Паэтычная творчасць Анатоля Сыса — яркая старонка ў сучаснай беларускай паэзй. Гэта самабытны і таленавіты паэт, творчае светаўспрыманне якога пранізана адухоўленасцю, эмацыянальнай уражлівасцю і непасрэднасцю, а яго аўтарскаму стылю характэрна маляўнічасць, асацыятыўна-яскравая метафарычнасць, адметнасць і хараство паэтычнай вобразнасці. Нягледзячы на тое, што жыццё паэта было адносна нядоўгім, ён здолеў унесці значны ўклад у развіццё беларускай літаратуры. Гэта сапраўдны майстар слова, майстар стварэння паэтычных вобразаў. Пры жыцці паэта ўбачылі свет тры зборнікі вершаў: “Агмень” (1988), “Пан Лес” (1989) і “Сыс” (2002).

У вядомай “Паэтыцы” Арыстоцель вызначыў валоданне тропамі як рэдкую здольнасць, як адметнасць паэтычнага таленту: “Важней за ўсё — быць здатным да метафарызацыі. Толькі гэтага нельга запазычыць ад іншага. Гэта — рыса таленту, бо складаць выключныя метафары — значыць знайсці падабенства” [1, с. 672].

Сістэма моўна-выяўленчых сродкаў Анатоля Сыса шматгранная і гарманічна скампанаваная. Сваёй адметнасцю і непаўторнасцю асабліва вылучаюцца індывідуальна-аўтарскія метафары, якія з’яўляюцца мастацкімі знаходкамі, падобнымі іншы раз на загадкі, галаваломкі. Прапушчаныя праз прызму аўтарскага светаадчування, звычайныя прадметы, з’явы і падзеі набываюць у яго паэзіі новыя адценні, новае, часта сімвалічнае значэнне: Я ўспомніў, што калі з прасёлкавай дарогі павярнуць на брукаваны шлях — стаяць могілкі, а пасярод іх, як свечка, белаю бярозай свеціцца бацькава магіла [2, с. 95]; Журавы спяваюць полонез і іх не шкода над беднай Беларуссю [2, с. 210]; Дзьмухаўцамі ўміралі поўні [2, с. 59]; І калі адлюбіць ліпень сонца з мёдом на губах, — пчолы ў жнівеньскіх лугах не памянуць ліхам ліпу [2, с. 298]; Шрыфтам Брайля на колядным снезе nmyιuκi вершы пйиуць [2, с. 334]; I ад хутора да вёскі мову родную жабрую, за вяснянкі праўлю косы, за былічкі ладжу збрую [2, с. 21]. Менавіта праз такія метафары выяўляецца творчая арыгінальнасць бачання свету Анатолем Сысам.

Паводле характару аб’ектаў, на аснове якіх адбываецца перанос, самым пашыраным у паэзіі А.Сыса з’яўляецца тып метафары “нежывому — жывое” або перанос уласцівасцей жывых істот на прадметы, з’явы, адцягненыя паняцці. У межах гэтага пераносу ўзнікае персаніфікацыя, калі неадушаўлёным з’явам прыпісваюцца дзеянні і ўласцівасці чалавека: Жоўты жоўты вецер пчолаў лашчыць лашчыць [2, с. 83]; Шэпчуцца ў траве мурашы [2, с. 179]; Бы вужака, маланка смоктала ў полымя грудзі і плявала адрыжкі на самых прыгожых жанчын [2, с. 81]; А на спіцах стары павук павуцінкаю ружу вышыў [2, с. 93]; Восень — калі дождж сячэ туманы, калі вочы хмарыць небасхіл [2, с. 292].

У залежнасці ад часціны мовы, якая метафарызуецца, метафары ў паэтычнай мове А. Сыса падзяляюцца на вербальныя, субстантыўныя і ад’ектыўныя. Самую вялікую групу складаюць вербальныя метафары, у якіх асноўная сэнсавая і эмацыянальная нагрузка прыпадае на дзеяслоў. Такія метафары будуюцца па ўзоры прэдыкатыўнага словазлучэння, якое складае граматычную аснову сказа: Лістапад вандруе па лясах, як па страхах — па дрымучых спінах [2, с. 298]; І поўня княжною ў ваду глядзіцца у зорных сваіх каралях [2, с. 159]; Белы ветах ноччу зоркіў небе косіць [2, с. 151]; Не азірайцеся, людзі, гзта цвітуць радзімкі [2, с. 54]; Не выракалася жыта валошкаў, не выракалася поле бяроз [2, с. 17]; Мова тчзцца лясная з мільярдау лясных галасоў [2, с. 137].

Дзеяслоў у творчасці паэта нясе найбольшую сэнсавую і эмацыянальную нагрузку. З дапамогай вербальных метафар выяўляюцца:

а) асаблівасці зрокавага асэнсавання прыродных з’яў: 3 воч блакітных блакітныя слёзы… акварэлі цвітуць сінічкавыя [2, с. 59]; І глядзелі мне рыбы ў вочы, бы русалкі [2, с. 100]; Поўня княжною ў ваду глядзіцца [2, с. 159];

б) слыхавыя асацыяцыі: Птах па-воўчаму завыў, як вярнуўся з выраю [2, с. 188]; I стогнуць амфары стомленымі быкамі [2, с. 64]; Па чарназёмах гудуць каменні, душы — па суходолах [2, с. 143]; Наполохана рэха войкнула [2, с. 63]; Ажываю, калі сосны каля Рэчыцы спяваюць [1, с. 22]; І галосяць знічкі над пустою хатой [2, с. 151]; Што танталі карані — паўтарала крона [2, с. 189];

в) асацыяцыі руху, перамяшчэння: Лістапад вандруе па лясах, як па страхах — па дрымучых спінах [2, с. 299]; Сонца коціцца са стрзх [2, с. 292]; І брыдуць па Беларусі цэрквы, як жабрачкі [2, с. 241]; І стрзхі хат, як прывіды, плылі [2, с. 90]; Плыў белы дзень — крыло салютной птушкі нас ратовала незямным святлом [2, с. 193].

Даволі пашыраны ў паэзіі Анатоля Сыса і генітыўныя метафары, якія па сваей структуры двухкампанентныя і будуюцца па мадэлі: “метафарызаваны назоўнік у назоўным склоне” + “залежны назоўнік у родным склоне”: Мы не будзем дажджы дзяліць і маеты золотых вясёлак [2, с. 273]; Прыручыла зямля карзнні дум моїх і калоссяў сумных [2, с. 61]; Сохне трыснёг моей памяці [2, с. 28]; Бы вужака, маланка смоктала ў полымя грудзі [2, с. 81]; Я трапіў у сіло журбы, я сам у гэтым вінаваты [2, с. 145]; Поле ў німбах сланечнікаў [2, с. 83]; На чорныя, цёплыя грудзі зябліва зярнятамі падаюць зоркі [2, с. 26].

Адметнымі ў паэтычнай мове Анатоля Сыса з’яўляюцца і ад’ектыўныя метафары, дзе метафарызаваным словам з’яўляецца прыметнік або дзеепрыметнік, а назоўнік выступае ў якасці метафарызавальнага кампанента. Некаторыя даследчыкі адносяць такія тропы да метафарычных эпітэтаў: Вясна, журботныя буслы на паўдарозе з выраю [2, с. 67]; I першы раз у жыцці я задумаўся не бесклапотным ямбам, а сівым верлібрам [2, с. 73]; А з параненай травы сочыцца зялёная кроў на рудых мурашоў, на рудую глебу [2, с. 179]; Валацужлівы воблак за сонца сплыве, як паром [2, с. 110].

Адметнасць паэтычнай мове Анатоля Сыса надаюць індывідуальна-аўтарскія эпітэты, арыгінальныя па сваім змесце, эмацыянальна-экспрэсіўным уздзеянні на чытача. Гэта метафарычныя вобразныя азначэнні, якія выражаюць аўтарскую ацэнку навакольнага асяроддзя. Вобразнасць такія эпітэты набываюць у выніку незвычайнай спалучальнасці з паяснёным назоўнікам: Кожны свой дзень назязюлены бачу наперад, але памяць пабіў нехта кулямі, памяці мне не стае [2, с. 28]; Развярэджаныя метафары: ногі збітыя бальшакамі, глухнуць студні, і стогнуць амфоры [2, с. 64]; А ты, Страцім, адзін у евангельскім небе Радзімы [2, с. 327]; Гром, распяты на маланках: зліццё прыроды і душы [2, с. 191].

Паводле марфалагічнага выражэння ў паэзіі Анатоля Сыса пашыраны эпітэты, выражаныя прыметнікамі, дзеепрыметнікамі і назоўнікамі.

Большасць эпітэтаў выражаецца якаснымі прыметнікамі: Журботныя буслы на паўдарозе з выраю [2, с. 67]; Прыручыла зямля карэнні дум маіх і калоссяў сумных [2, с. 61]; Эх ты, скруха мая без’языкая [2, с. 57]; Па абразе сляза, як памяць, за сівыя дажджы глыбей [2, с. 65].

Інфармацыйнасць, сэнсавая напоўненасць эпітэтаў, выражаных такой дзеяслоўнай формай, як дзеепрыметнік, “грунтуецца на яе спецыфічнай дэрывацыі: у адной лексеме сінтэзуюцца два значэнні — дзеянне або стан як прымета ці ўласцівасць прадмета, асобы” [3, с. 22]. Эпітэт-дзеепрыметнік адначасова раскрывае і дзеянне, і прымету, ствараючы тым самым метафарычны вобраз: Зашклёны дзень, як дом зашклёны — дажджу самотнасцьу вакне [2, с. 291]; Гром, распяты на маланках: зліццё прыроды і душы [2, с. 191]; Калі ў хату зайду — анямелы сабор [2, с. 94]; І раптом скончыўся асфальт і почалася брукаванка. Сівая і стомленая, як калісьці бацькаў Орлікуканцы дорогі [2, с. 95].

Адной з найбольш кампактных і эканомных форм выражэння эпітэтаў з’яўляецца прыдатак. У такіх эпітэтах супастаўляюцца два розныя паводле семантычнага напаўнення назоўнікі, адзін з якіх надзяляе другі своеасаблівай лексіка-семантычнай характарыстыкай: Мядзяны конь ішоў адвечным кругам под Князем-Сонцам, Поўняю-Княжной [2, с. 90]; Якія цяжкія, гнятлівыя радкі, нібы іх напісаў паэт-расстрыга [2, с. 117]; Снапы-хваравекі ў клуні чакаюць сваёй нядзелі [2, с. 52]; Я прагледзеў бы ўсе вочы, я б сачыў Птушыны Шлях, ў кожнай зорцы-патарочы пазнаў бы жураўля [2, с. 279]. Эпітэты-прыдаткі ў паэтычнай мове А. Сыса з’яўляюцца індывідуальна-аўтарскімі ўтварэннямі, з дапамогай якіх паэт стварае яскравыя і запамінальныя вобразы.

Для таго, каб надаць паэтычнаму выказванню большую эмацыянальную насычанасць, Анатоль Сыс выкарыстоўвае прыём ампліфікацыі эпітэтаў: Вырасце трава і траву адшукае раса Вырасцем мы і нас адшукакуць слёзы цярновыя і палыновыя самотныя і радасныя цёплыя і сцюдзёныя Іпраз слёзы мы ўбачым свет белы і чорны зямны і нябесны шчаслівы і пякельны [2, с. 186]. Эпітэты-прыметнікі з’яўляюцца сэнсавым ядром верша.

Адным з пашыраных сродкаў мастацка-вобразнай канкрэтызацыі з’яўляюцца параўнанні, якія трапна характарызуюць прадметы, з’явы, дапамагаюць ствараць яркія і запамінальныя вобразы.

Сутнасць параўнання заключаецца ў супастаўленні аднаго прадмета, з’явы, дзеяння з другім па інтэгральных прыметах з мэтай тлумачэння сутнасці аднаго праз характэрныя прыметы, уласцівасці другога, што абумоўлена пэўным падабенствам.

У залежнасці ад спосабу граматычнага афармлення параўнанні падзяляюцца на злучнікавыя і бяззлучнікавыя. Найбольш пашыраны ў паэзіі А.Сыса злучнікавыя параўнанні, якія граматычна афармляюцца пры дапамозе злучнікаў як, нібы, бы, быццам. Злучнікі выконваюць не толькі ролю фармальнага паказчыка тропа, але і выражаюць пэўныя сэнсава-граматычныя адносіны паміж суб’ектам і аб’ектам параўнання.

Так, параўнанні са злучнікам як, якіх найбольшая колькасць у паэзіі А. Сыса, выражаюць супастаўленне суб’екта і аб’екта параўнання на аснове сцвярджальнага характару іх падабенства: А ў небе нейкі вырай, угледзеўшы ваду, ажыў — і вецер крылы, як ветразі, надзьмуў [2, с. 31]; Не праклінай — птушкі літасцівыя, як людзі [2, с. 115]; Сто разоў па сябрах бедаваў я самотна, дождж, як слёзы, сцякаў па расчыненых вокнах [2, с. 316]; Жанчыны, як пчолы, ляцяць наязмін [2, с. 252]; Стуленыя бацька з маці, як тыя два птахі [2, с. 92]; Як дзеці, мае вершырастуць [2, с. 265].

Параўнанні са злучнікамі нібы, быццам, бы выразна не выяўляюць катэгарычнасць падабенства. Яно выражаецца з адценнем меркавання, няпэўнасці: Гараць камяні ў маім вогнішчы, расцвеленыя агнём, нібы ваўчаняты ў логвішчы сонечным прамянём [2, 191]; Вясёлка над Белай Руссю — гэта мая мара, ляцяць пад вясёлку гусі, нібы пад вянец, па парах [2, 41]; Словы, быццам куслівыя пчолы [2, с. 94]; Крылы чорныя, быццам мячы, паласуюць няшчадна долю [2, с. 115]; Наўзбоч сосны — бы посахі змораныя [2, с. 64]; У маленстве, бы ў першым снезе, Басаногі дзіцячы след [2, с. 62].

Сустракаецца адзіны выпадак афармлення параўнальнай канструкцыі пры дапамозе злучніка што: Бязродная песня паэтава, што птах са сляпымі вачыма [2, с. 168].

Акрамя параўнанняў, аформленых пры дапамозе злучнікаў, пашыраны ў мове паэта і бяззлучнікавыя параўнанні, сярод якіх пераважаюць канструкцыі з творным параўнання.

Творны параўнання — гэта бяззлучнікавае дзеяслоўнае параўнанне, сродкам выражэння якога з’яўляецца назоўнік у форме творнага склону з пераносным значэннем, які адначасова абазначае якасць дзеяння суб’екта параўнання і яго метафарычную характарыстыку: На чорныя, цёплыя грудзі зябліва зярнятамі падаюць зоркі [2, с. 27]; Задрамалі ў палёце крылы, цемра лашчыцца чорным плюшам Не прызнала зямля свой вырай — ноччу княжыч здаецца птушкай [2, с. 58]; І луска заіскрыцца пад сонцам жывым серабром [2, с. 110];/ поўня княжною ў ваду глядзіцца У зорных сваіх королях [2, с. 159]; Блукае прывідамі шэры дым па небе [2, с. 126].

Бяззлучнікавыя параўнанні могуць выражацца назоўнікам у назоўным склоне: Буслянка — вянок родной хаце [2, с. 72]; Лес — гэта храм [2, с. 138]; Вочы — суклон. Сэрца — ўзыход. Так і жыву поміж дзвюма сонцамі [2, с. 50]; Жыццё — камень на баране, цягну і нешто сею [2, с. 287]; Паэт — боская птушка, яго нельга чапаць [2, с. 262]; Моё жыццё — гняздо з калючых руж [2, с. 209]. Такія параўнанні выконваюць функцыю прыдатка, вобразна і непаўторна характарызуюць прадметы і прыродныя з’явы.

Сярод параўнанняў, зафіксаваных у паэтычнай мове А. Сыса, значную групу складаюць параўнанні ў форме параўнальнай ступе­ні прыметніка або прыслоўя: Мне не трэда няродных кветак. Мне б — вяргіню бялей за снег [2, с. 58]; У матулі маёй вочы выцвілі, слёзы сталі нішчымней вады [2, с. 306]; Спеў жа танней за мядзяк [2, с. 47]; Па образе сляза, як памяць, за сівыя дажджы глыбей [2, с. 65]; / заплакаў вусцішны рояль об коханні, што гарчэй ад мёду [2, с. 294].

Значна радзей сустракаюцца параўнанні, выражаныя параўнальнымі даданымі сказамі. Даданыя параўнальныя сказы з’яўляюцца прэдыкатыўнай адзінкай, што змяшчае ў сабе пэўнае паведамленне, якое шляхам параўнання паясняе і ўдакладняе тое, пра што гаворыцца ў галоўнай частцы: Не з Дняпра, гэта з воч рыбакоў вырастав вясёлка, вось-вось-вось перакуліцца воблак з цыганскім дажджом, быццам з дробнаю рыбай кульнецца кашолка, і луска заіскрыцца под сонцам жывым серабром [2, с. ПО]; Але болюча за ўсё зямлі, як той маці за самое пакутнае дзіцятка [2, с. 180]; Распаўзліся маланкі па лесе нябёсным, быццам ніткі чырвоныя з матчыных кроснаў [2, с. 246].

Розныя паводле структуры параўнанні ў паэзіі Анатоля Сыса маюць разнастайную семантыку. Найбольш пашыраны ў мове паэта параўнальныя канструкцыі, лексічнымі напаўняльнікамі якіх выступаюць:

а) назвы жывёл і птушак: Злачынцы брыдуць на споведзь, як коней, вядуць грахі [2, с. 160]; Кожух, як олень руды, маячыць у шчыльных соснах [2, с. 86]; Можа, гоніць цябе па усім свеце, быццам ястраб, шаленая куля, быццам коршак, драпежны вецер [2, с. 149]; Ні одно жыццё не паўторыцца, не паўторыцца і мае, дзень апошні мой, нібы горліну, ў небе высачыць груганнё [2, 305]; Быццам бусел з абпаленымі крыламі, я стаю на папялішчы [1, с. 70]; Я ўсё адно, як бусел, да гэтай зямлі прыкуты [2, с. 41]; I я ўспомніў, што ў мяне яшчэ ёсць родная хата, а ў ёй одна, як зязюля, маці [2, с. 95]; I тады ўсе мае душэўныя болькі як бяздомныя чорныя голубы каля цёплага коміна туляцца [2, с. 187];

б) назвы прыродных з’яў: Ані ветру, ані грому, і толькі расінкі бліскаюць, як маланкі [2, с.79]; На белой, як снег, паперы сузор ’еўзышло з трох зорак [2, с. 215]; Там крыўская пагоня скача, і німб надёй, як зорны шлях [2, с. 167]; Толькі будуць скрьтець завесы, якмаразы скрыпелі ў лютым [2, с.65]; Там птушка белая, як снег, і цень яе, як снег, холодны [2, с. 129]; Яна сочыць па сённяшні дзень з войны проз слязу, як проз дождж, дорогу [2, с. 306]; Як па зорках, па расе твой апошні шлях праляжа [2, с. 101];

в) назвы канкрэтных прадметаў: Лёд расце на шыбе, востры, як лязо [2, с. 14/; I вецер крылы, як ветразі, надзьмуў [2, с. 31]; Чаму ж ты, мой народ, падатлівы, як гума? [2, с. 44]; Наўзбоч сосны — бы посахі змораныя [2, с. 64]; Потоп спадаў, і вецер, як пергамент, сушыў палі і ажыўляў лугі [2, с. 90]; Стаяць могілкі, а пасярод іх, як свечка, белою бярозай свеціцца бацькава магіла [2, с. 95]; А поўня прасвечваецца, як порожняя шклянка [2, с. 96]; Ікосткі, нібы нажы, вандроўнікам раняць ногі [2, с. 162].

У паэтычнай мове Анатоля Сыса найбольш пашыраны простыя параўнанні, пабудаваныя на збліжэнні дзвюх з’яў або прадметаў па адной якой-небудзь агульнай прыкмеце. Напрыклад: Не праклінай — птушкі літасцівыя, як людзі [2, с. 115]; Ляцяць под вясёлку гусі, нібы пад вянец, па парах [2, с. 41]; Рассцялі ручнікі, як сцяжыны, можа, здарыцца так, я заблудну ў жыцці, тагды выйду па іх да Айчыны [2, с. 94]. Але большай экспрэсіяй напоўнены разгорнутыя параўнанні, якія ўказваюць на некалькі падобных рыс у супастаўляемых прадметах. Дзякуючы такім параўнанням раскрываецца шэраг якасцей з’явы ці прадмета: Там птушка белая, як снег, і цень яе, як снег, холодны, і спеў яе, як крык голодны, і плач яе, як д’яблаў смех [2, с. 129]; Калі абуджаеццаўва мне мова скандынаваў мяккая і белая як поўсць белых мядзведзіц таямнічая як пауночнае ззянне павольная як жанчьіна цяжарная [2, с. 70]; Якія цяжкія, гнятлівыя радкі, нібы іх напісаў паэт-расстрыга, тут нават кропкі, бы ў дрыгве грудкі, працяжнікі, нібьі на рэчцы крыгі (зб. Пан Лес)

Для большага ўздзеяння на чытача, перадачы эмоцый, пачуццяў паэт часта карыстаецца прыёмам ампліфікацыі параўнанняў, што значна ўзмацняе экспрэсію верша: Ды пёры твае не радзеюць, і словы ад сэрца твае, як слёзы, як зоркі, ірдзеюць, як кроплі расы на траве [2, с. 168]; Мне не трэда няродных кветак, мне б — вяргіню бялей за снег, каб плыла нада мной, як ветах, каб я маме была прыкметнай [2, с. 58]; У матулі маёй вочы выцвілі, слёзы сталі нішчымней вады, косы зблытаны павуцінкамі, нібыў бабіна лета сады [2, с. 306]; Мае жыццё — гняздо з калючых руж. Не Беларусь, мае жыццё — Радзіма. О Божа-мазахіст — і я, бы вуж, дзяру з сябрамі скуру каля Рыма [2, с. 209]; Я зжэр бы свой народ, бы зерне ў недарод, і, як віном, сваей крывёй запіў бы [2, с. 211].

Асобным відам параўнання ў паэзй Анатоля Сыса з’яўляецца адмоўнае параўнанне, у якім пры знешнім супрацьпастаўленні двух паняццяў ці з’яў маецца глыбокае ўнутранае іх супастаўленне: Я ж у песні — не пан, толькі служка [21, с. 26].

Паводле граматычнай пазіцыі аб’екта параўнанні падзяляюцца на прысубстантыўныя, прыад’ектыўныя і прыдзеяслоўныя. Найбольш пашыраныя ў паэтычнай мове А. Сыса прысубстантыўныя параўнанні, якія вобразна характарызуюць прадмет і паясняюць дзейнік у сказе, выражаны назоўнікам: I глядзелі мне рыбы ў вочы, бы русалкі [2, с. 100]; Наўзбоч сосны — бы посахі змораныя [2, с. 64]; Рассцялі ручнікі, як сцяжыны, можа, здарыцца так, я заблудну ў жыцці [2, с. 64]; Словы, быццам куслівыя пчолы [2, с. 64]; Паэзія — як рэлігія, поэт -яе вечны бог [2, с. 312].

Даволі распаўсюджаны ў паэзй А. Сыса і прыдзеяслоўныя параўнанні, якія адносяцца да дзеяслова і вобразна характарызуюць працэс дзеяння: Зашклянеюць і кроў, і вены, мозг раструшчыцца, быццам шкло [2, с. 125]; Крынічная бруя пульсуе, быццам жыла забітага каня [2, с. 31]; Толькі будуць скрыпець завесы, як морозы скрыпеліў лютым [2, с. 65]; А паходня, як сонца, палае [2, с. 149]; Там далягляд слязіўся, быццам вока [2, с. 194].

Прыад’ектыўныя параўнанні характарызуюць прымету прадмета і маюць цесную сувязь з прыметнікам у сказе. Гэта вобразныя адзінкі, якія метафарычна характарызуюць прымету якасці суб’екта параўнання: Лёд расце на шыбе, востры, як лязо [2, с. 14]; Мова скандынаваў белая, як поусць белых мядзведзіц [2, с. 69]; На коленях ручнік чырвоны, быццам самы каханы сын [2, с. 93]; Не праклінай — птушкі літасцівыя, як людзі [2, с. 115]; А мая душа будзе чорная, небяспечная, як лязо [2, с. 249]; Няхай будзе чыстым свята, як Дняпро крынічны наш, як святло палескіх хатаў [2, с. 47].

Вельмі часта Анатоль Сыс спалучае ў вершаваных радках некалькі тропаў, напрыклад, метафару і параўнанне: Ажываю, калі сосны каля Рэчыцы спяваюць, быццам маёй маці кроены чаўнаком прашылі памяць [2, с. 23]; Лістапад вандруе па лясах, як па стрэхах — па дрымучых спінах [2, с. 299]; На чорныя, цёплыя грудзі зябліва зярнятамі падаюць зоркі [2, с. 27]; эпітэт і параўнанне: Мова скандынавау мяккая і белая, як поусць белых мядзведзіц, таямнічая, як паўночнае ззянне, павольная, як жанчына цяжарная [2, с. 69]; Па абразе сляза, як памяць, за сівыя дажджы глыбей [2, с. 65]; метафару, параўнанне і эпітэт: Не! Не звёўся, не сышоў з Беларусі дух народны, грай музыкаў-святароў — як вятры з сівой Городні, як нябесны гул званіц над нямымі курганамі, не, народны дух не знік нават з продкамі, ен з намі [2, с. 46]. Адзін троп у паэтычным кантэксце дапаўняе другі, што спрыяе павелічэнню выяўленчасці апісання, яго нагляднасці, канкрэтнасці.

Праведзены аналіз моўных сродкаў вобразнасці дазваляе зрабіць вывад, што тропы — гэта адзін з самых актыўных і час­тотных сродкаў экспрэсівізацыі паэтычнай мовы Анатоля Сыса, з дапамогай якога аўтар дасягае трапнай характарыстыкі прадметаў і з’яў рэчаіснасці, стварае яркія і запамінальныя вобразы.

Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Аристотель. Сочинения. В 4-х томах. — Μ.: Мысль, 1976-1983.
  2. Сыс, А. Лён: выбраныя творы /Анатоль Сыс. — Мн., 2006. — 436 с.
  3. Дзянісаў, У.С. Эпітэт у мове сучаснай беларускай мастацкай прозы. Марфалагічнае выражэнне і лінгвапрагматычная характарыстыка: Матэрыялы да спецкурса / У. С. Дзянісаў. — Магілёў: МДУ імя А.А.Куляшова, 2003. — 44 с.

Аўтар: Л.В. Паплаўная
Крыніца: Шматмернасць тэксту: структура, разуменне, інтэрпрэтацыя: зборнік навуковых артыкулаў / рэдкал.: А. Μ. Воінава (гал. рэд.) [і інш]; Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны. — С. 162-170.