Мой родны кіт

0
1873

Многім з нас даводзілася чуць у маленстве чарадзейныя казкі, дзе між іншых сюжэтных хадоў выплывала “чудо-юдо рыба-кит” і паглынала якога-кольвек “святорусского богатыря” – зазвычай галоўнага героя ўсяго апавяданья. На першых часох апошняга мы вельмі а вельмі шкадавалі. Але разам із сталеньнем і навяртаньнем у беларушчыну кожны з нас адзначыў нечаканы парадокс: літасьці і шкадаванньня да “богатыря” станавілася вобмаль, а вось чуласьці і прыязі да таямнічай істоты “рыбы-кит” ставалася шторазу болей. Прычыну гэтага можна патлумачыць адно зьвярнуўшыся да фэномэну рыбы-кіт у беларускім гістарычным кантэксьце.

Наяўныя гістарычныя матар’ялы, нажаль, не даюць магчымасьці сьцьвердзіць пэўна, які ж разнавід іхтыяфаўны хаваецца пад эпічным “псэўдонімам” рыба-кіт. Рэшткаў гэтай рыбы археолягі ніяк ня могуць выявіць, што й ня дзіўна, калі зірнуць на народную традыцыю: беларускі народ цягам доўгіх вякоў шанаваў рыбу-кіт, а ловы яе былі стродка забароненыя. Таму кіт-рыбы жылі й паміралі ў сваіх вірох па рэках і азёрах зямлі беларускай, дзе і пакояцца іх практычна няўлоўныя для пераважна сухапутных дасьледнікаў парэшткі. Пры канцы 1980-х гг. у рэчышчы Сажа ля вусьця ярыны Кіеўскі спуск, што падзяляе розныя часткі даўняга Гомія (ХІІ-ХІІІ стст.), вяліся работы па паглыбленні дна ракі. Поруч з тэхнічным грунтам на паверхню былі ўзьнятыя шматлікія рэчы часоў Сярэднявечча. Пясок вывозіўся ў зону будоўлі ва ўрочышча Мельнікаў Луг, скуль паспалітыя, незаангажаваныя ў археалягічную навуку, месьцічы расьцёглі найцікавейшыя прадметы па хатах на сувэніры. З апісаньняў тых знаходак вядомыя і тоўстыя рыбіны косткі да 2-3 мэтраў у даўжыню. Відавочна, што ідзецца тутака пра парэшткі “кит-рыбы грозной”, якая колькі стагодзьдзяў запар бараніла ад вайсковых экспэдыцыяў рачны шлях да Гомія. Як сьведчыць пратограф “Повести временных лет”, кіеўскі князь Алег у сярэдзіне 80-х гг. ІХ ст. адправіў водна ў зямлю радзімічаў войска на чале з ваяводам Свэнельдам Рыб’ім Пузыром. На баявых ладзьдзёх воі паплылі ўверх па Дняпры, а потым завярнулі ў Сож. Падчас плыцьця блізка таго месца, дзе ў Сож уліваецца рачулка Цюруха кіеўскіх ваякоў прыпаткала неспадзеўка. “Но внезапу с реки Турухань выпливше кит-рыба грозна и поглатише сейчас же всю рать, не оставише  ни весла, ни чресла,” – халаднакроўна паведаміў летапісец. Гэты выпадак надоўга адпудзіў кіеўскіх агрэсараў ад спробаў заваяваць радзімічаў. Таму нават праз стагодзьдзе пасьля гэтага інцэдэнту новая вайсковая выправа была зладжаная ў сухапутку. У паўзабытай сёньня рытарычнай паэме “Слово о плъку Хвоста Влъчего” (ХІ ст.) падкрэсьліваецца зматываванасьць менавіта пешага паходу, “убо у радимецей на реце Серюкан  кит-рыба  злом булькает”.

Рыба-кіт вялася ў водах па ўсёй Беларусі, і часьцяком уяўлялася іншаземцамі за ліха. Нездарма ладны адцінак часу кіеўскім і ноўгарадзкім хрысьціянскім прапаведнікам місія ў беларускія землі ўяўлялася немагчымай, ці прынамсі занадта небясьпечнай для здароўя. У адным з кіеўскіх “Изборников” (ХІІ ст.) захавалася наступная даволі злосная рэмарка нейкага Лявона Келара з гэтай нагоды: “Народ их хотя крещен бысть, но опять, аки псы живяху. Кромь же обитаху в водех их пакость непреходящя, а кит-рыба наипаче в сим, ибо благостников приходящих емлет зело”. Страх той быў зусім небеспадстаўным. На пачатку ХІХ ст. у глухой безназоўнай палескай вёсачцы, жыхары якой палічылі зьбіральніка фальклёра Антона Надзеждзіна за “лазутчика князей киевских”, быў занатаваны дужа архаічны верш (песьня), што імаверна сягае яшчэ яцьвяскіх часоў. У вершы апавядаецца пра “бэсстужу дэтыну Міну”, які пагарджаў паганскімі звычаямі, асабліва не шанаваўшы вадаёмы. Унівэрсальны для эўрапейскіх народаў кастрацыйны сюжэт набыў тут нечаканае зьместавае ўвасабленьне:

Міна в езеро сюсяты взявся,
Враз в водэ колэмут начався –
Княжэ Кіт-рыба рaка послав,
Кеб ен в того Міны сюсель отняв…

Магчыма, што гэткія выпадкі не былі адзінкавымі, і прыхадні (а напару і тутэйшыя здраднікі) у гарачцы кастрацыйнага комплексу набылі сталую фобію да беларускае кіт-рыбы. Паводле Зыгмунта Фройда гэты ж комплекс спрычыняецца да ўзьніку антысэмітызму. Гэта істотна зьясьняе, чаму ў расейскім фальклёры кіт-рыба атрымала прыдомак “чудо-юдо”. У беларускай традыцыі падобнага не назіралася. Рыба-кіт станаўко супрацьстаяла агрэсіўным праявам. Царкоўны дзяяч ВКЛ Рыгор Цамблак (ХІV ст.) падкрэсьліваў гэтую асаблівасьць: “Кит-рыбе не токма Землю тримати, а и зломыслячих всих велми вряжати”. Нажаль гістарычныя крыніцы данесьлі да нас толькі невялічкую частку зьвестак пра гэткія “вразы” зламысьнікам з боку валадара беларускіх вод.

У 1433 г. канкурэнты князя Сьвідрыгайлы ў чародны раз паспрабавалі прыбраць яго з палітычнае арэны. Найманыя забойцы рушылі ў лягер няўгоднага палітыка, які месьціўся блізу сутокаў Бярэзіны і Ольсы. Сьвідрыгайла па сваёй даўняй завядзёнцы начаваў у намёце, каторы ладзіўся пасярод ракі на адмысловым плыце з прыспушчаным у ваду цяжарам (каб ня ўплысьці!). Найміты чорнымі сьценьмі неўпрыкмет  абмінулі ахову на беразе і плыўмака рушылі да княскага намёту. “A byla u kniazia Szwitrygajly kit-ryba, w kotoroj welmi sia kochal, – гаворыцца ў т.зв. «Кроніцы Бышыка»,  – a onaja barzo pilnowala bezpeczenstwo jeho, i hetych zbrodnew dwoch prokoltnula w czrewo swoje, aby za kawednosc skarac srogo”. Значную ролю рыба-кіт адыграла і ў знакамітай бітве на рацэ Крапіўне 1514 г. між войскамі ВКЛ і Масковіі. У летапіснай “Аповесьці пра Канстанціна Астроскага”, не прымяншаючы мілітарнага геніюша вялікалітоўскага  гетмана, аддаецца належнае і кіт-рыбе. “И як пришел славный а великий гетман… к реке Днепр, под Оршу – город каменный, и обачил, иж нелегко будеть переити путь водный – Крапивну-речку,  – паведамляе летапісец,  –  то як муж богобоязный…ся примчал до церкви и, опавши на колени, молитву Богу вчинил. А прислал Бог на знак зычливости ку Ойчине нашей рыбу-кит великую (была бо симболем Христа), и загатила она речулку тую телом своим, по нему вои юж яко по броде переишли. И так спешливо на поли великим оршанским противко московитов сшиковалися”. Варыянт знанай народнай песьні пацьвярджае зьвесткі летапісца: масква, уцякаючы, праклінае Крапіўну –

Бадай ты рэчка сто лет высыхала,
Як нашу славу кіт-рыба скусала…

Маскавітам неаднакроць даводзілася трываць падобныя напады падчас чарговых войнаў з ВКЛ. У вусны мужнай беларускай жанчыны з т. зв. “Размовы літвінкі а маскаля” (1589 г.)  невядомы аўтар уклаў катэгарычныя словы: “Не при, москале, яко жаба на корч до нас, а погатовю до вод наших, бо вынерне кит, то ест велерыб великий а страшный, на згубу твою, губою шевелячы”. Між тым з маскоўскімі акупантамі надараліся і троху неардынарныя выпадкі, як прыкладам 11 верасьня 1655 г. пад Слуцкам. Як паведамляе расейскі ваявода Аляксей Трубяцкой, адзін з маскоўскіх вояў “поглощен был неведомой рыбищей литовской, коя исчезла неизловимо в водах премутных, а чрез осьм годин виленских (!? – С.Б.) возвернулась на гладь водную и мерзопакастно изрыгнула оного Ивашку  на твердь брежную. И преобразился сей весьма нежданно, ибо, сабель бросил оземь да принял, не мешкая, предательскую веру унитскую, облачился в литовский жупан бесовский да стал белорусския похабныя словесы глаголить:«Я нарядился тут, чтоб вас москалей руками голыми душити»”.

Ня ўсе, аднак, іншаземцы наракалі на рыбу-кіт. Прыкладам, немец Эрнст Вільгельм Тэадор фон Катцэнямэр, які вандраваў па Беларусі ў 1596 г. апісаў наступны казус: “28-га ліпеня выехалі з Мастоў; паўзь Нёман рушылі; ад сьпёкі ў вадзе ратаваўся, не здымаючы вопраткі; талер цэлы згубіў, дык мусіў потым галяком ныраць пад сьмех, што дзеўкі ў полі пачалі. Праважатыя ліцьвіны моўчкі сядзелі на конях нерухома ў сваіх гэтых жупанах і футравых шапках,якія носяць ад сьвітаньня да зьмярканьня круглы год. Я нырцаваў аж покуль ня згледзілася мне ў вадзе морда вялікая лыпатая. Ледзьве не захлынуўся. На бераг уцёк. А была то кіт-рыба, якая вярнула мне талер мой у пенязі літоўскія разьменены”.

Як ужо згадвалася вышэй, паспаліты люд забараняў сабе лавецтва кіт-рыбы. Шляхта ж, а адметна магнаты, наагул пагардліва ставіліся да рыбалкі як да “нізкага занятку” і аддавалі перавагу паляваньню. У часы ж позьняга барока, калі магнатэрыя стала навыперадкі міжсобку пахваляцца цікавосткамі сваіх палацаў, рыба-кіт сталася аб’ектам іхных хцівых інтарэсаў. Князь Міхал Мацкевіч, пераймаючы Караля Радзівіла ўсталяваў у адной з заляў свайго палаца (на Полаччыне) заміж прывыклай усім столі акварыюмы, куды між іншым памясьціў і паланёную рыбу-кіт. Як апавядае ў сваім “Аксамітным Дыярыюшы” нехта Стэфан Сьпелаборак, 22 чэрвеня 1771 г. падчас “рэдуты” (баль-маскарад) выдарылася трагедыя: “Маючы кансаляцыю ў танцах і гульнях, ніхто ня меў прэтэкстаў да апрахензіі. Таму жадны чалавек не зьвізыяваў, што столя дэтэрмінаваныя трэшчыны трыбутавала, а посьле саўсім дэструктуравалася. Аскалепкі і рыбная жыўнасьць з magna aqua хлынулі на галовы ўсяе рэдуты. Мо абышлося б малым неўкантэнтаваньнем, каб ня велярыб, які многіх вагою цела спрэсаваў, а шчэ сьлізгацеў у агульным тумульце ды хапаў зяпай кажнага, ня знаючы дыфэрэнцыі. Спэктаваць гэтую карціну дызграцыі і крывавага рэсантымэнту ня можна было без авэрсіі і ўвадначас кумпасіі да бедных афяраў”.

Васемнаццатае стагодзьдзе для Беларусі сканчалася плачоўна – даўнія супастаты па кавалачку далучалі беларускія землі да сваёй імпэрыі. Ішло паўстаньне пад зьверхнасьцю Тадэя Касьцюшкі. Расейскія войскі, наступаючы паўстанцам на пяты, элемэнтарна помсьцілі за ўсе свае старыя крыўды, атрыманыя ў нашай краіне. Француская газэта “Le Grande Bleu” ад 25 жніўня 1794 г. распавядала сваім чытачом пра падзеі лета таго ж года на Беларусі: “Расейскія барбары працягваюць уціхамірваць прасьветленых літоўскіх дзікуноў. Ля мястэчка Смаргоні адбыўся жахлівы, як для здаровага эўрапейскага глузда, інцыдэнт. Расейскія жаўнеры перакрылі рэчку Вілія грубымі сеткамі, каб вылавіць у такі спосаб нейкую тутэйшую агромністую рыбу, якой яшчэ даўнейшыя літоўскія паганцы пакланяліся і за сьвятарную шанавалі. Рыба была жорстка сеткаю спутаная. Цэлы гарнізон вывалак яе на ўзьбярэжжа, дзе без прамаруды быў зачытаны сьмяротны прысуд, і рыбу расстралялі за пасабленьне мяцежнікам”. Імаверна, што падобныя дзеі адбываліся па ўсёй Беларусі, бо згадак пра рыбу-кіт у ХІХ ст. мы спатыкаем усяго з жабіны прыгаршчы. Як і раней кіт-рыбы дапамагалі свайму народу. У чэраве кіт-рыбы  на Беларусь дастаўляліся забароненыя ўрадам Расейскай імпэрыі выданьні твораў нашага слыннага земляка Адама Міцкевіча. У чарнавых накідах паэта да верша “Exegi munimentum” пра гэта ёсьць наўпростая згадка:

Mimo carskich grozb, na zlosc straznikom cel
Przemyca w Litwe kit tomiki moich dziel…

Паводле досыць няпэўных зьвестак (згадка у паперах Вацлава Ластоўскага успамінаў паўстанца Якуба Мікалаёнка) у чэраве нёманскай кіт-рыбы беларускія рэвалюцыйныя дэмакраты на чале з Канстанцінам Каліноўскім таілі нелегальную друкарню, моцамі каторай выдавалася “Muzyckaja Prauda” (1862-1863 гг.). Гэтыя факты не маглі застацца нязнанымі для расейскіх уладаў. Пасьля задушэньня паўстаньня 1863-1864 гг. было вырашана дашчэнту зьніштожыць валадара беларускіх рэк і азёр, карыстаючы з варункаў ваеннага становішча. Усе тутэйшыя губэрнатары атрымалі адпаведнага кшталту цыркулярныя рэскрыпты. Аднак, баючыся народных хваляваньняў з тае нагоды, расейскія ўлады маскавалі акцыі зьнішчэньня пад дрэнажныя работы, выстраненьне каменных парогаў і г.д. і да т.п. Відавочна, што на пачатак ХХ ст. усе кіт-рыбы Беларусі былі зьніштожаныя. Прынамсі пэўных зьвестак пра тое мы сёньня ня маем. У рукапісе альбомнага верша з элемэнтамі аўтабіяграфічнасьці Францішка Багушэвіча пра рачную прагулку зь Вільні ў Коўню (20 ліпеня 1897 г.) адзначаецца:

Сабраўшыся на тры чоўна,
Веславалі мы да Коўна,
Праз тры дні і праз тры ночы
Дождж мачыў, а вецер ў вочы!
Кіта-рыбу не чапалі –
Звычай даўні паважалі…

Гэта ці не апошняя пісьмовая прыгадка пра валадара беларускіх водаў. Відавочна, мы ня маем тут справу адно з паэтычным прыймом. Баржджэй за ўсё Ф. Багушэвіч традыцыйным для сваёй творчасьці спосабам, намякаючы, прыбівае іржавымі цьвікамі да ганебнае дошкі праваднікоў імпэрскае палітыкі ў Беларусі.

Гомель, 2003 г.