Між уціскам і высмейваннем, або Як вернікі Гомельшчыны камунізм будаваць перашкаджалі

0
1208
Вернікі ў Гомелі

Адзначэнне рэлігійных святаў, наведванне храмаў, адпраўленне адпаведных веравызнанню абрадаў сёння ўспрымаецца як нешта само сабой зразумелае. Але яшчэ паўстагоддзя таму ў Беларусі ўсё было зусім інакш. Праявы рэлігійнасці амаль гарантавана пагражалі верніку рознага кшталту праблемамі, небяспекамі, складанасцямі, бо савецкая дзяржава і камуністычная партыя, нягледзячы на ўсе хістанні генеральнай лініі, трымаліся атэістычнай ідэалогіі. Вернікам даводзілася зведваць мноства нязручнасцяў і праходзіць праз шматлікія выпрабаванні. Пэўныя іх ўчынкі, якія былі для свайго часу праявамі трываласці і мужнасці, не губляючы свайго першаснага сэнсу, сёння дадаткова набываюць і адценне кур’ёзу, асабліва на фоне дзеянняў тагачасных уладаў, гатовых пад любой маркай выкараніць рэлігійнасць нават у яе побытавых праявах.

Зачыніўшы ў канцы 1940-х – 1960-я гг. дзясяткі цэркваў на Гомельшчыне, улады спадзяваліся, што рэлігія неўзабаве адамрэ. Прынамсі, месца для яе ў камуністычным грамадстве, якое збіраліся пабудаваць к 1980 г., партыйныя ідэолагі не знаходзілі. У 1948 г. у Гомелі зачынілі Георгіеўскую царкву, а ў 1949 г. – Аляксандранеўскую ў Навабеліцы. У абодвух выпадках закрыццё было паўторным – цэрквы зачынялі перад вайной, але ў ваенны час іх дзейнасць аднавілася. Георгіеўская царква, якая знаходзілася ў пачатку вуліцы Паштовай (сёння – праспект Перамогі), была зачынена не проста праз адміністрацыйнае рашэнне – улады стваралі выгляд законнасці дзеянняў, арганізаваўшы кампанію збору подпісаў за закрыццё храма. Тысяча подпісаў перадала таварыства “Працоўныя рэзервы”, спартовае таварыства “Лакаматыў” – пяцьсот. Ці ўсе сярод падпісантаў былі стопрацэнтнымі атэістамі, сказаць цяжка. Але даволі проста ўявіць карціну іх збору: партыйнае кіраўніцтва адпаведнай арганізацыі, атрымаўшы загад “зверху”, настойліва прапануе калектыву далучыцца да чарговага бою супраць “опіуму народу”; разумеючы, што адмова падпісвацца атрымае адпаведную трактоўку, большасць маўкліва згаджаецца, хоць, можа, у душы нічога супраць царквы не мае. Георгіеўская царква праз нейкі час пасля закрыцця была зруйнавана. Цяпер пра яе няма ані знаку.

У 1960 г. праваслаўныя вернікі Гомеля пазбавіліся яшчэ аднаго храма – Петрапаўлаўскага кафедральнага сабора. Яго будынак пазбег зруйнавання, але цягам наступных некалькіх гадоў быў пераабсталяваны пад планетарый, які пачаў працаваць у 1962 г. Апроч назірання за нябеснымі свяціламі, планетарый стала выконваў функцыю трыбуны для атэістычнай прапаганды, каб, як пісаў у сваім рамане “Дамова на спакусу” (1999-2011 гг.) Анатоль Бароўскі, “савецкія людзі вывучалі зорнае неба і пераконваліся, што Бога няма…”.

Аднак, да ўласнага здзіўлення, улады пераконваліся ў жывучасці рэлігійных уяўленняў сярод тых самых савецкіх грамадзян. Таму ўладам зноў і зноў даводзілася  тыражаваць на масы і ўкараняць у грамадскую свядомасць меркаванне пра несумяшчальнасць рэлігіі з прагрэсам, пра яе варожасць існаму і будучаму сацыяльна-эканамічным укладам, пра неабходнасць адмовіцца ад рэлігіі як жахлівага перажытку цёмнае мінуўшчыны. 7 лютага 1969 г. на старонках газеты “Гомельская праўда” быў апублікаваны артыкул “«Канікулы»… з выпадку фэста”, дзе на фоне поспехаў аднаго з калгасаў Ельскага раёна бязлітасна крытыкаваліся памянёны перажытак. Слова “фэст”, якое ў наш час часцей ужываецца ў значэнні “фестываль”, тагачасны карэспандэнт, ідучы за афіцыйнымі слоўнікамі сваёй эпохі, ужыў у значэнні “рэлігійнае свята”. Як можна здагадацца на арэхі дасталася Калядам і сялянам, якія іх святкавалі, шкодзячы будаўніцтву камунізму ў асобна ўзятай вёсцы са “спрадвечна беларускай” назвай Роза Люксемург.

“На пагорку ўзводзіцца двухпавярховы дом культуры; з’явілася новая вуліца двухкватэрных дамоў – вуліца 50-годдзя Кастрычніка; непадалёку, каля былой кузні вырас тыпавы корпус механічнай майстэрні; калгас узвёў дабротны будынак для медпункта і аддзялення сувязі; будуецца дзіцячы сад па тыпавому праекту, – пачаў карэспандэнт з плюсоў, каб адразу ж звярнуцца да мінусаў: – Аднак у апошні час свае пазіцыі ў спаборніцтве калгас пачаў уступаць іншым. Мне захацелася пабыць там, азнаёміцца са станам арганізацыйнай, палітычнай работы”. Далей наш “шрайбікус” выпісваў кароткі, але дастатковы для пераходу ў адкрыты наступ на перажыткі, дыялог між старшынёй праўлення калгаса і брыгадзірам трактарнай брыгады:

– Пагрузчык адрамантавалі?
– Там рамантаваць не было чаго… Проста трактарыст Пятро Дубадзел прыдумаў “зачэпку”, каб не працаваць, а правіць каляды.

“З-за рэлігійнага свята парушыўся рабочы рытм і ў іншых працоўных звеннях калектыву, – працягваў аўтар. – Два дні не выкарыстоўваліся на вывазцы арганічных угнаенняў восем аўтамашын, 10 трактароў, звыш 30 рабочых коней. У выніку – зрыў закладкі тарфагноевых кампостаў толькі на адным тыдні склаў каля 600 тон. Можа, угнаенняў ужо багата на палях? Дзе там. Усяго 3500 тон. А нарыхтаваць іх трэба амаль у чатыры разы больш”. Прыспяваў час знайсці антыгерояў. Але без процівагі станоўчага прыкладу рабіць гэта было няёмка, таму наступны пасаж выглядаў наступным чынам: “Не ўстрымалася ад святкавання каляд і часта жывёлаводаў. На цэнтральнай ферме працуюць даглядчыкамі цялят Анісся Карабец і Васіль Краўчук. Па рознаму аднесліся яны да фэста. Для А. Карабец гэта быўбыў звычайны дзень – і дома, і на ферме. І вось вынік: сярэднесутачная прывага маладняку ў яе складае 650 грамаў. А як працаваў В. Краўчук у дні каляд? Дрэнна. Сам выпіваў і закусваў, а пра цялят забыўся. Суткі яго жывёла была няпоенай і някормленай…”. Выснова з усяго вынікала зразумелая – рэлігійныя святы адрываюць людзей ад працы.

Аўтар паспрабаваў разабрацца, чаму ж так адбывалася: сакратар мясцовай партыйнай арганізацыі быў толькі-толькі прызначаны і не паспеў яшчэ разгарнуць кіпучай атэістычнай дзейнасці, ідэалагічная камісія ў калгасе існавала толькі на паперы, пярвічная арганізацыя таварыства “Веды” (дарэчы, пераемнік “Саюза ваяўнічых бязбожнікаў”) працавала з народам толькі ў “каляндарныя рэвалюцыйныя святы” і зрэдку асвятляла міжнародныя падзеі, не ладзіўшы “лекцыі, тэматычныя вечары на атэістычныя тэмы, аб шкоднасці рэлігійных звычаяў і абрадаў”, асобным работнікам Ельскага райкама партыі была ўласціва ідэалагічная блізарукасць, з прычыны якой яны лічылі, што фэсты ў раёне спраўляліся рэдка і мала дзе, што такая з’ява не выклікала турбот. Карэспандэнт жа, наадварот, вымалёўваў наяўнасць у раёне вялікай праблемы недастатковасці атэістычнага выхавання.

Абвінавачваючы ў апатычнасці калгасных палітінфарматараў, ён, як знаўца рэцэптаў ад усіх хвароб, разважаў: “Вось ім бы і пагутарыць з людзьмі пра мараль нашу, камуністычную і мараль рэлігійную. Ні задоўга да фэста, ні перад самым фэстам яны не зрабілі гэтага. Горш таго, самі папалі пад уплыў адсталых поглядаў”. З яго словаў “толькі каляды святкаваліся ў многіх войсках і шкода гаспадаркам нанесена немалая. Тым больш, што не абышлося без хуліганскіх учынкаў”. Выказваў ён непакой і з нагоды таго, што ў “святкаванне фэстаў уцягваецца моладзь” тады, як райкам камсамола не вёў “наступальнай барацьбы супраць пранікнення ў асяроддзе юнакоў і дзяўчат адсталых традыцый”. Абуральным прыкладам бачыўся факт таго, што загадчык клуба вёскі Кніжабор’е камсамолец Васіль Бараноўскі “аказаўся адным з арганізатараў рэлігійнага свята”, якое “закончылася дэбошам”.

Заканчваўся выкрывальніцкі артыкул наступным чынам: “Нельга лічыць за дробязі падобныя недахопы. Нельга мірыцца з тым, калі рэлігійны дурман і звязаныя з ім звычаі накладваюць свой адбітак на духоўнае аблічча, рытм працы, настрой людзей”. Не бяруся меркаваць, наколькі згаданыя ў гэтым матэрыяле “Гомельскай праўды” людзі былі шчырымі вернікамі. У тэксце нідзе не сустракаецца згадка царквы ці святароў. Такое адчуванне, што на ўвазе мелася нават не хрысціянская традыцыя, а рудыменты язычніцтва. Відаць, у атэістычнай барацьбе з  удакладняць рэлігію ці канфесію, на якую абрыналася чарговая порцыя крытыкі, было зусім неабавязкова.

Удзел моладзі ў рэлігійным жыцці, хай сабе і ў святкаванні каляд, лішні раз сведчыла пра слабую эфектыўнасць камуністычнай прапаганды. Маладым савецкім грамадзянам з пункту погляду партыйных ідэолагаў трэба было ехаць падымаць цаліну ці працаваць на “будоўлях стагоддзя”, але ніяк не сягаць у цянёты рэлігіі. Гэта несвядомым бабулям і дзядулям, хоць і з абмежаваннямі, але ўсё-ткі дазвалялася трымацца за азначаны перажытак мінулага. Моладзь жа ўлады ўсяляк імкнуліся адгарадзіць ад “тлятворных цемрашальскіх уплываў”. Мая маці, Святлана Андрэеўна, расказвала, як у сярэдзіне 1970-х гг. (часы развітога сацыялізму) яна разам з сяброўкамі спрабавала наведаць усяночную службу на Вялікдзень у адзіным дзейсным на той час у Гомелі праваслаўным храме – Нікольскай царкве. Усведамляючы рызыку, дзяўчаты ішлі ў вакольнымі дарогамі, перасякалі чыгуначныя каляіны, але ажыццявіць сваю мэту так і не змаглі. Па-першае, ахвочых трапіць у царкву было вельмі шмат. Па-другое, нават на дальніх падыходах да яе стаяла міліцэйскае ачапленне. Міліцыянты дзяўчат спынілі, паўшчувалі (маўляў, як не сорамна маладым у царкву пнуцца) і завярнулі іх назад.

Падобныя сітуацыі здараліся ў дні рэлігійных святаў і на падыходах да стараверскай Ільінскай царквы Гэта драўляная царква канца XVIII ст. (ці не самы стары ў Гомелі будынак) у першыя пасляваенныя гады была занядбанай і непрыгляднай, вернікі яе наведвалі мала. Але пасля 1951 г. яе адрамантавалі знутры і звонку, пераклалі дах, пафарбавалі, узвялі агароджу, на святы інтэр’ер храма мог аздабляцца жывымі і штучнымі кветкамі, з’явіўся ўласны хор пеўчых.  Прыхаджанаў паболела. Упаўнаважаны па справах рэлігійных культаў мусіў канстатаваць, што ў 1957 г. Ільінскую царкву на буйныя рэлігійныя святы (Вялікдзень, Ільін дзень) наведвала больш за тысячу чалавек. На Вялікдзень 1967 г. “церковь была переполнена”, а “среди верующих было примерно 40 % молодежи и мужчин средних возрастов, чего прошлые годы не наблюдалось”. Нядзіўна, што “кампетэнтныя органы” намагаліся скараціць прыток моладзі – міліцыянты ці людзі ў цывільным пільнавалі маладых вернікаў і папросту не пускалі іх у царкву. Гэта прымушала маладзёнаў заняцца вынаходніцтвам спосабаў абмінуць ахову і ўсё-ткі прабрацца за царкоўную браму. Ігар Архіпаў, лідар музычнага гурта “Ягорава гара”, распавядаў, што недзе на мяжы 1960-1970-х гг. гомельская стараверская моладзь на рэлігійныя святы наўмысна пераапраналася так, каб мець выгляд пажылых людзей, якіх у царкву звычайна пускалі. Гэткі хітрык па першым часе нібыта спрацоўваў, але неўзабаве ўсё ж быў выкрыты.

Малітвенныя дамы старавераў, нават зарэгістраваныя афіцыйна, таксама мулялі вока ўладам. Але імкненне зачыніць сёй-той малітвенны дом абстаўлялася перш за ўсё клопатам аб грамадзянах. Таму будынкі, дзе адбываліся малітоўныя сходы старавераў, абвяшчаліся “опасными в противопожарном отношении”. Так, у другой палове 1950-х раённы пажарны інспектар, абследаваўшы памяшканне стараверскага малітвеннага дома ў вёсцы Зарэчча Парыцкага раёна, зрабіў выснову аб недапушчальнасці “массового скопления людей” у ім, бо, нібыта, печы там не адпавядалі проціпажарным нормам, а таксама не было сродкаў тушэння пажару. Нядзіўна, што ў год палёту Юрыя Гагарына ў космас, рэлігійнае таварыства старавераў вёскі Зарэчча было пазбаўлена рэгістрацыі.

Прыкра адзначаць, але ў стварэнне карыкатурнага вобраза беларускага старавера ўнёсак зрабіў пісьменнік Івана Шамякін, не закранаючы, што праўда, рэлігійны аспект наўпрост. У папулярным рамане “Атланты і карыятыды” (1974 г.), дзеянне якога адбываецца ў вялікім горадзе, што месцамі нагадвае Гомель, уплецена гісторыя пра старавера Маслабоева. Дом Маслабоева ў ліку іншых дамоў індывідуальнай забудовы трапіў пад знос, але той зацята не жадаў перасяляцца ў іншы раён горада. У выніку атрымалася так, што яго падворак апынуўся між двума новазбудаванымі дамамі ў пяць паверхаў. “З двух бакоў агародчыка выраслі пяціпавярховыя камяніцы, а дзед нікуды не просіцца, толькі паверх сеткі, якой абгароджана ягоная крэпасць, накруціў калючага дроту, каб не лезлі дзеці. А калі жыхары кааператыўнага дома напісалі заяву з просьбай знесці прыватніка, стары адпомсціў ім своеасаблівым чынам: перанёс прыбіральню з дальняга кутка саду пад вокны тым, што скардзіліся… – інтрыгаваў чытача Шамякін. –Старавера абавязалі знесці прыбіральню. Але пакуль дамагаліся, каб ён выканаў рашэнне (міліцыя не ведала, якім чынам гэта зрабіць – далікатная справа), абураныя жыхары  зрабілі  гэта  самі: уначы на трэскі разламалі дзедаву “шпакоўню”.  І  такім паспешлівым дзеяннем пасадзілі старавера, як кажуць, “на каня”: цяпер ён ходзіць па ўстановах, як ісцец, а не як адказчык. І падобна на тое, што суцяжніцтва зрабілася сэнсам яго жыцця”. Ці быў у Маслабоева прататып, меркаваць не вазьмуся. Сама гэта гісторыйка, закліканая паказаць працоўныя будні галоўнага архітэктара, выглядае ў рамане чужародна. Магчыма, Іван Пятровіч, уводзячы яе ў сюжэт, выконваў тагачасны сацыяльны заказ.

Гомельскія каталікі ў адрозненні ад праваслаўных і старавераў не мелі магчымасці наведваць у родным горадзе храм уласнай канфесіі нават і пад наглядам. Касцёл у Гомелі быў знішчаны яшчэ ў 1930-я гг., а спроба афіцыйнага звароту да ўлад аб адкрыцці новага касцёла (1959 г.) скончылася бясплённа. Спадзявацца на адкрыццё новага доўгі час не выпадала. Гэта змушала некаторых вернікаў наведваць праваслаўную царкву. Віталій Баравой, які пэўны час быў настаяцелем Петрапаўлаўскага сабора, успамінаў: “В моей пастырской практике был такой случай. В первый год после рукоположения я был священником в Гомеле. Во время исповеди одной женщины выяснилось, что она католичка. Я остановил исповедь, но женщина мне сказала, что они – гомельские католики – не имеют католического храма и католического священника и уже более двадцати лет все Таинства и требы совершаются для них православными священниками (в том числе Исповедь и Причастие). Я пошел к благочинному, старому, опытному священнику, уже много лет служившему в Гомеле. Он мне сказал, что смущаться этим не надо. Он и другой еще гомельский священник спокойно и с чистой совестью совершают все Таинства и требы для католиков, не требуя от них отречения от католичества”. І ўсё ж гомельскім каталікам патрэбна была лучнасць са сваімі супольнікамі па веры. Таму яны ладзілі, па сутнасці, нелегальныя сходы на прыватных кватэрах. Месцам такіх сходаў, напрыклад, быў дом верніцы Дамарацкай на вуліцы Песіна. Каталікі Гомеля і прыезджы ксёндз Мечыслаў Малыніч-Маліцкі збіраліся там насуперак пагрозам міліцэйскіх аблаваў. У доме было два выхады: і калі ў адзін заходзіла міліцыя, то святар пакідаў памяшканне праз другую. Гэта дазваляла яму выйграць трохі часу, каб уцячы на суседнія могілкі (цяпер – Студэнцкі сквер) і схавацца ад міліцыянтаў за надмагіллямі.

Рэлігійнае жыццё гомельскіх іудзеяў у паваенны час таксама было абмежавана ўладнымі процідзеяннямі. Нягледзячы на хадайніцтвы аб вяртанні вернікам адной з сінагог у 1945 г., улады далі адмоўны адказ. Калі ж вернікі-яўрэі паспрабавалі дзейнічаць інакш і ў 1947 г. выкупілі пад сінагогу прыватны дом, яго папросту канфіскавалі, а малітоўныя сходы праводзіць забаранілі. Рабіліся ўдары і па іншых праявах іудзейскай рэлігійнасці – у 1951 г. пад пагрозай штрафу было забаронена выпяканне мацы. Іудзеям даводзілася гуртавацца нелегальна. Адзін з рэлігійных сходаў, які адбываўся ў прыватным доме ў Гомелі быў разагнаны міліцыяй, якая канфіскавала пры гэтым два світкі торы.

Аднак і там на Гомельшчыне, дзе сінагогі да пэўнага часу захоўваліся, вернікі не мелі ніякай гарантыі, што яны не стануць аб’ектамі кпінаў і паклёпу. Ураджэнец Калінкавічаў Барыс Камісарчык (1949 года нараджэння) згадваў пра свайго дзеда, які быў пастаянным наведнікам сінагогі і пад уплывам сваёй жонкі “выполнял все религиозные законы и чтил еврейские праздники”. Для яго, як і для многіх іншых калінкавіцкіх яўрэяў, “синагога была не только местом для молитв, но и неким, если можно так сказать, клубом, где собирались друзья, обсуждали свои проблемы, да и просто общались”. Але раённая газета “За камунізм” бачыла ў гэтых сходах варожыя вылазкі, таму на сваіх старонках высмейвала без магчымасці апраўдацца. “Я не помню, как назывался этот пасквиль, но о моём деде Янкевеле были такие строки (привожу их дословно, т.к. они в нашей семье впоследствии повторялись в виде анекдота): «Янкевеля-Веля (почему добавили ещё и Веля, осталось на совести так называемого корреспондента!) Комiсарчык стаiть у нетвярозым стане каля свящэнай торы і мармыча анягдоты!»”, – успамінаў спадар Барыс пра адзін з фельетонаў раёнкі першай паловы 1960-х гг. (правапіс даслоўнай цытаты захоўваю наўмысна).

Змянілася эпоха. Камунізму пабудаваць не атрымалася. Дый з развітым сацыялізмам выйшла нешта не тое. Але рэлігія не знікла, наадварот – перажыла пэўны бум і працягвае існаваць ужо ва ўмовах пераходу да інфармацыйнага грамадства. Сучаснасць ставіць перад царквой і вернікамі новыя пытанні, кідае новыя выклікі, на што яны спрабуюць даць свае адказы, ацаніць якія яшчэ прыспее час. Аднак ужо сёння іншым разам мне здаецца, што цяперашняе выпрабаванне свабодай веравызнання не менш цяжкае для людзей, чым колішнія выпрабаванні ўціскам і высмейваннем.

Сяргей Балахонаў