Маляўнічы і прывабны куток Нараўляншчына размешчаны на поўдні Гомельскай вобласці ў межах Мазырскага Палесся. Самай буйнай ракой лічыцца тут Прыпяць, на пясчаных берагах якой у свой час вельмі любілі праводзіць адпачынак людзі з розных рэгіёнаў Беларусі. Раён падзяляўся на 8 сельсаветаў [1, с. 392]. 26 красавіка 1986 года здарылася аварыя на ЧАЭС, якая шмат у чым змяніла прывычнае жыццё палешукоў: тэрыторыя раёна аказалася забруджанай радыёнуклідамі, насельніцтва вёсак раёна з 30-кіламетровай зоны, а затым і іншых населеных пунктаў было адселена, як аказалася, назаўсёды. У выніку колькасць сельсаветаў зменшылася да 5-і (яны на сучасны момант уключаюць 29 вёсак) [2, с. 243-254], а 39 аб’ектаў на сённяшні дзень ужо «пахаваны». Іх былыя жыхары перасяліліся на новае месца жыхарства. У сувязі з такой сітуацыяй з’явілася пагроза знікнення з памяці людзей уласных назваў роднага краю. Для грамадства, для нашчадкаў мы абавязаны захаваць гэтыя найменні, яны не павінны сцірацца з нашай гісторыі.
Мікрагідранімія — гэта сукупнасць уласных назваў невялікіх па памеры водных аб’ектаў. Найменні дробных геаграфічных аб’ектаў амаль не фіксуюцца даведнікамі, яны збіраюцца ў асноўным палявым метадам, занатоўваюцца ад інфарматараў. Адзначаны пласт лексікі вывучаны лінгвістамі недастаткова, што тлумачыцца цяжкасцямі ў зборы фактычнага матэрыялу, як, напрыклад, у нашым выпадку. Так, у даследуемым раёне ў папулярнай энцыклапедыі «Природа Белоруссии» (Мінск, 1986) на Нараўляншчыне называецца 14 розных па тыпе гідронімаў, аднак намі выяўлена толькі рэчак больш за 40, у «Водных рэсурсах Гомельскай вобласці» (М. Ю. Калініна, А. А. Волчак, Мінск, 2005) узгадваецца ўсяго 3 гідронімы.
Лексіка-семантычны аналіз прадугледжвае апісанне семантыкі словаўтваральных асноў мікрагідронімаў у сукупнасці з функцыяй топафармантаў.
Большасць назваў вялікіх водных аб’ектаў і па сённяшні дзень дакладна не ўстаноўлена, вучонымі прыводзяцца толькі гіпотэзы, выказваюцца меркаванні. Найменні ж невялікіх рэчак маюць у цэлым празрыстую семантыку, аднак і тут не заўсёды лёгка выйсці на прынцыпы іх матывацыі.
Назвы рачулак Нараўляншчыны прадстаўляюць прадуктыўную ў колькасных адносінах групу, што звязана з фізіка-геаграфічнымі ўмовамі мясцовасці, у якой знаходзіўся або знаходзіцца водны аб’ект: Граніца (на мяжы з чым-небудзь), Долінка, Ніз (Ныз), Ярашова даліна (працякаюць у нізкіх месцах), Усце (Усцірэчкі) (вусце ‘месца ўпадзення ў другую раку’), Нароўля (рэчка так называлася з 16 ст., з цягам часу змялела і атрымала варыянт Нараўлянка, а першасны транстапанімізаваўся ў айконім) (цячэ на роўным месцы ці з норавам), З Брусейкі, Пад Карпаўскімі гарамі (назвы-арыенціры: выцякае з ракі Брусейка, працякае каля в. Карпавічы, на сёння адселенай пасля аварыі на ЧАЭС), Дрынь (у аснове вылучаецца інд.-еўр * der ‘дзерці’, г.зн. пракладвае сабе дарогу, «прадзіраецца»).
Штучны вадаём Карчага (г. зн. мясцовасць з карчамі) з’явіўся пасля правядзення меліярацыйных работ (яго найчасцей мясцовыя называюць апелятывам канава), асушэнне зямель патрабавала выкарчоўкі зараснікаў.
Салакуча ўпадае ў Прыпяць двума рукавамі: каля в. Барбароў, што ў Мазырскім раёне, другі працякае за вёскай Гута Нараўлянскага раёна. Некаторыя даследчыкі бачаць у аснове прыбалтыйска-фінскую аснову salo ‘лес, пушча’ [3, с. 332-333]. Мы ж мяркуем, што назва сведчыць аб жалезістых плямах на паверхні вады як другасных прыкметах жалеза. Нашу думку можна пацвердзіць наяўнасцю «родзічаў» наймення на іншых тэрыторыях: балоты Салавіца (Браг.), Салаў Брод (г. Ветка), Сальнае (Сальное) (Ельск.), Салатопка (Жытк.), заб. месца Саламош (Петр.), воз. Салавіца (Нар.), рэкі Салабута (Салабуцкая) (Карм.), Салапека (Салапіха) (Петр.); ва ўкраінскай гідраніміі Сальнічка, Сальча [4, с. 484-485]. На прысутнасць жалеза ў вадаёме ці каля яго ўказвае гідронім Жалезніца (уздоўж ракі шмат высокай якасці балотнай руды), «каляровае» найменне Ражава (Рожава, Рожаўка) (руды колер вады).
Аб мутным колеры воднага аб’екта гаворыць, на думку інфарматараў, назва ракі Мытва (Мітва, Мутва). Сярод вучоных маецца думка пра балтыйскі след пры ўмове, што першапачатковай формай ракі была Мітва. Іншыя збліжаюць сучасную форму са славянскімі асновамі мыць ці мытніца, мытня, мыта ‘застава або кантора, дзе праводзіцца выплата за перавоз тавараў’. Непасрэдна ў Нараўлянскім раёне зафіксавана лексема мутва (мітва) як геаграфічны тэрмін са значэннем ‘канаўка з вадой’, ‘азярына’ [5, с. 116].
Асаблівасці расліннага свету наваколля занатаваны найменнямі Дубава, Дубеніца (побач былі поймы дубраў), Казловы дубок, Верасожка (Верасож) (уздоўж яе берагоў расце шмат верасу), Лубянка (ад луб ‘палоскі кары’, з лубу выраблялі посуд, плялі лапці, ім накрывалі дахі пабудоў), Калінка (расце шмат каліны), Малінка (па берагах ракі збіралі маліну).
Жывёльны свет у якасці матыватара тапонімаў сустракаецца радзей: Лебедзь (Лебядзь), Медведок, Тур’я, ці Стрэлка. Зазначым, што онімы, у аснове якіх знаходзіцца лексема тур, тлумачацца анамастамі па-рознаму. В. В. Лучык бачыць у апелятыве тур выпуклую форму пэўнага геаграфічнага аб’екта (тыпу гарба), што затым з’явілася падставай для назвы першабытнай жывёлы тура [6, с. 162]. Меркаванне заслугоўвае, без сумнення, увагі, але падобныя найменні маюць шырокі арэал ужывання. Агульнавядома, што арэальная характарыстыка адлюстроўвае розначасовае мінулае, таму найменні могуць быць па ўтварэнні другаснымі (ад назвы быка ці іншым шляхам). У гаворках Тураўшчыны лексема тур, напрыклад, абазначае яшчэ расліну ‘купальнік’, а на тэрыторыі Беларусі адзначаецца і геаграфічны тэрмін тур як ‘глухі куток, тупік’ [5, с. 191]. У дадзеным выпадку рака Нараўляншчыны бярэ пачатак з былога Турынскага балота, што знаходзілася каля вёскі Мухаеды (цяпер Кіраў), таму назва можа адлюстроўваць менавіта гэты факт (адкуль?). У мінулым рака з’яўлялася адным з прытокаў Прыпяці. У выніку першай на Палессі меліярацыі, якую ажыццяўляў у канцы 19 ст. генерал Жылінскі са сваёй экспедыцыяй, аб’ект быў павернуты на 90 % і ператвораны ў каналізаваную раку — канаву Стрэлку (Турынскую Стрэлку).
Матывавальныя лексемы рэк у раёне ўказваюць на час узнікнення аб’ектаў. У значэнні ‘старое русла, рэчышча ракі, водны рукаў’ ужыты апелятывы баба, старык, старуха, старушка: Баба (старая, даўняя рэчка), Канатопская старуха (каля в. Канатоп), Баброўскі старык, Нікалаеўскі старык, Старуха, Старушка.
Адзінкавыя патамонімы, ці назвы рэчак, Нараўляншчыны характарызуюцца: а) па дынаміцы: Свердлік (быццам «свідруе» камяністую глебу мясцовасці), Сіпша (ад сіпець ‘слаба бегчы’). Як адзначаюць інфарматары, паўнаводная вясной, да восені рэчка бяжыць ледзь прыкметным ручаём; б) па гучанні вады: Храпун; в) па стане дна: Гразліва (Грозліва, Гразіва) (ад гразь ‘бруд’, цячэ па нізкіх, забалочаных месцах), Ілля (Іля) (ілістая, ад лексемы іл ‘найдрабнейшыя часцінкі мінеральных і арганічных рэчываў на дне вадаёма’); г) па ступені абваднення: Парасуха (часта перасыхае).
Група назваў сведчыць аб этнічных кантактах мясцовага насельніцтва: Жыдоўская (Жыдоўська) канава, Ханя (Хана, Ханка).
Апошняе найменне, відаць, іранскага паходжання з сэнсавым значэннем ‘калодзеж, крыніца’ ці паходзіць ад апелятыва хан. Аднак не выключаем магчымасць утварэння і ад тадж. хани ‘крыніца, вадаём’, перс. хан, ханик ‘крыніца’, туркм. хана ‘русла’ [7, с. 590]. Кантакты ад-
люстроўвае і матывацыйная аснова гідроніма Жэлонь (Жалонь, Жылонь, у сярэднім і ніжнім цячэнні — Мухаедаўскі канал). Ёсць думка аб суаднясенні семантыкі з «птушынымі» назвамі [3, с. 121-122], якія сапраўды мелі ў тапаніміі месца (параўн. рр. Удога, Уць), бо ў тыя далёкія часы фаўна адыгрывала ў жыцці тагачаснага насельніцтва не апошнюю ролю. Але больш глыбокае даследаванне гідроніма ў этымалагічным плане дазволіла А. С. Стрыжаку прыйсці да высновы, што найменне звязана з этнонімам гелони — адным з таямнічых плямён Герадотавай Скіфіі (V ст. да н.э.) [8, с. 30]. Састаўная ж па структуры варыянтная назва матывуецца айконімам Мухаеды (цяпер Кіраў). У аснове гідроніма Церасіца (Церэсіца, Цярэсіца, Тэрэсіца) мажліва знаходзіцца кіргізская, алтайская аснова церс ‘наадварот’ ці цюрская терскей ‘схіл гары ў ценю, паўночны, супрацьлеглы паўднёваму’.
Этнонім славяне выразна прасочваецца ў назве правага прытока Прыпяці — Славечна (Славечня, Славешна, Славешня), г.зн. па рацэ ўзніклі славянскія паселішчы.
Асобныя гідронімы з’ яўляюцца квалітатыўнымі: выражаюць дадатныя якасці вадаёмаў (Дабрынька, Радунь — вада ў іх добрая, радуе людзей) або адмоўныя (Ліхавенка — ад ліха); адлюстроўваюць як сацыяльную з’яву духоўную культуру чалавека: Святоўка.
Што тычыцца паходжання назвы самай буйнай ракі на тэрыторыі раёна — Прыпяці, то адназначнага тлумачэння ў лінгвістаў дагэтуль няма. Існуе немалая колькасць версій, якія мы прыводзілі раней [9, с. 10-12].
З даследаванага фактычнага матэрыялу вынікае наступнае. Нараўляншчына — край, густа пранізаны воднымі сеткамі, назвы якіх адлюстроўваюць геаграфічна-тапаграфічныя ўмовы мясцовасці, этнічныя кантакты насельніцтва ў розныя гістарычныя перыяды, асаблівасці побыту і гаспадарчай дзейнасці жыхароў, характарызуюць самі водныя аб’екты па разнастайных параметрах. Большасць найменняў бытуе ў варыянтах, што ўзніклі пад уплывам мясцовых гаворак. Дыялектная іх спецыфіка праяўляецца, галоўным чынам, на фанетычным, акцэнталагічным і марфалагічным узроўнях. Гідранімія захоўвае каштоўны матэрыял не толькі для мовазнаўства, але і для гісторыі, этнаграфіі, геаграфіі, геалогіі і гідрагеалогіі, культуры Беларусі. А таму наша задача заключаецца ў захаванні тапонімаў для будучых пакаленняў, бо без памяці не можа быць і самога народа, у адказным стаўленні да набыткаў нашай мовы, да яе нявырашаных праблем. Цікавасць да ўласных беларускіх назваў — гэта найперш павага і пашана да нашага народа, яго культуры і мовы.
Спіс выкарыстаных крыніц
- Беларуская савецкая энцыклапедыя: ў 12 т. / гал. рэд. П. У. Броўка. — Мінск: БелСЭ, 1973. — Т.7: Манцякі — Паддубічы.608 с.
- Багамольнікава, Н. А. Айканімія Г омельшчыны: слоўнік / Н. А. Багамольнікава, А. А. Станкевіч; навук. рэд. В. П. Лемцюгова. — Гомель: УА «ГДУ імя Ф. Скарыны», 2003. — 392 с.
- Жучкевич, В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии: словарь / В. А. Жучкевич. — Минск: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с.
- Словник гідронімів Украіни. — Киів: Наукова думка, 1979. — 780 с.
- Яшкін, І. Я. Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія / І. Я. Яшкін; рэд. М. В. Бірыла. — Мінск: Навука і тэхніка, 1971. — 256 с.
- Лучик, В. В. Про внутрішню форму основ гідронімів, онімічних апелятивам / В. В. Лучик // Актуальные вопросы славянской ономастики. — Гомель, 2002. — С. 162.
- Мурзаев, Э. М. Словарь народных географических терминов / Э. М. Мурзаев. — М.: Мысль, 1984. — 653 с.
- Стрижак, О. С. Велике Полісся / О. С. Стрижак // Ономастика Полісся. — Киів, 1999. — С. 6-40.
- Багамольнікава, Н. А. Гідронімы басейна ракі Прыпяць: структурна-семантычныя тыпы матывацыі / Н. А. Багамольнікава. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2004. — 195 с.
Аўтар: Н.А. Багамольнікава
Крыніца: Юбилейная научно-практическая конференция, посвященная 85-летию Гомельского государственного университета имени Франциска Скорины (Гомель, 17 июня 2015 г.): материалы: в 4 ч. Ч. 1 / редкол.: О. М. Демиденко (гл. ред.) [и др.]. — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2015. С. 150-152.