У палявых экспедыцыях, праведзеных на тэрыторыі Жыткавіцкага раёна, запісаны ўнікальныя фальклорныя матэрыялы, звязаныя з народным асэнсаваннем веры ў Бога, разуменнем такіх паняццяў, як “рай” і “пекла”, спасціжэннем сутнасці міфалагічных уяўленняў пра прыродныя стыхіі, жывёльны, рэчыўны і раслінны свет.
Засяродзім спачатку ўвагу на экспедыцыйных запісах звестак пра асэнсаванне біблейскіх падзей. Заслугоўвае ўвагі народная інтэрпрэтацыя праблемы паходжання свету. Калі, напрыклад, паводле сведчанняў жыхароў в. Бялёў, “свет стварыў Бог” (запісана ад Жогаль А.М., 1910 г.н.), то, зыходзячы з разважанняў жыхароў в. Рычоў, “свет узнік ад Евы і Адама” (запісана ад Андрэйкавец Марыі Іванаўны, 1935 г.н.).
Паводле сведчанняў інфармантаў, Бог мае воблік чалавека: “У Бога я веру. Ета такі ж чалавек, як му” (запісана ў в. Боркі ад Юнчыц Ганны Кандрацьеўны, 1935 г.н.).
У міфапаэтычным асэнсаванні жыхароў Бог выступае ў ролі найвышэйшай сілы, ад якой многае залежыць у жыцці чалавека: “Еты ж чалавек усё можа: можа і палячыць, і хваробу паслаць, мы ж усе пад Богам ходзім (запісана ў в. Боркі ад Юнчыц Ганны Кандрацьеўны, 1935 г.н.)”.
Заўважым, што народныя ўяўленні пра рай і пекла маюць традыцыйны характар і звязаны непасрэдна з тым, наколькі годным было жыццё чалавека: “Калі ж чалавек быў добры, дык ён, канешне ж, у рай пападзе. Рай знаходзіцца на небе, там, дзе Божанька жыве. …а калі плахі быў чалавек, Божанька яго не прымае і душа ягоная лятае між людзьмі, пакуль не выправіцца” (запісана ў в. Лагвошчы ад Сінілы Ганны Яўгеньеўны, 1927 г.н.). У асобных тэкстах міфалагічных апавяданняў адлюстраваны матыў “Божага суда” над душамі памерлых: “Пасля смерці душы памершых прылятаюць на суд Божы, дзе рашаецца, падуць яны ўніз ці ўзнімуцца ў вырай” (запісана ў в. Малешаў ад Давыдавай Вольгі Аляксандраўны, 1957 г.н.). Невыпадкова мясцовыя жыхары прытрымліваліся ў жыцці і побыце высокіх маральна-этычных прынцыпаў, асабліва імкнуліся не шкодзіць іншым людзям, каб не трапіць пасля смерці ў пекла: ”Баяліся зрабіць якую злоснасць, каб не пасці ўніз” (запісана ў в. Малешаў ад Давыдавай Вольгі Аляксандраўны, 1957 г.н.). Іншы раз лёс дзіцяці маглі прагназаваць ў залежнасці ад таго, як паводзілі сябе яго бацькі. Лічылася, што за іх грахі ў будучым будуць пакутаваць дзеці: “Канешне, лёс вызначаны ў кожнага. Хтосьці будзе гараваць усё жыццё, як дурны. А хтосьці – радавацца жыццю. Калі бацькі нарабілі шмат гора, і пражыўшы жыццё, не паквіціліся за гэта, дык бедным зробіцца дзіця, будзе пакутаваць усё жыццё: такі, мо, лёс” (запісана ў в. Любавічы ад Бялко Наталлі Савічны, 1943 г.н.).
Этыялагічныя легенды, як сцвярджаюць сучасныя даследчыкі традыцый народнай спадчыны, у прыватнасці А. М. Боганева, “самая значная частка любой рэгіянальнай або нацыянальнай “народнай Бібліі” [1, c. 12]. У гэтых адносінах цікавасць уяўляюць міфалагічныя апавяданні, у якіх гаворыцца аб стварэнні першых людзей. Аснову найбольш распаўсюджаных ўсходнеславянскіх вераванняў аб паходжанні чалавека складае біблейскі матыў яго “ўзнікнення” з зямлі: “Бог хадзіў па зямлі, яму аднаму было вельмі сумна. Ён вырашыў стварыць чалавека: узяў горсць зямлі і сыпнуў з усёй моцы” (запісана ў в. Любавічы ад Бялко Наталлі Савічны, 1943 г.н.).; “Бог саздал зямлю, всё растушчэе на земле, а на шэстой дзень саздал з гліны і пяску первого чэлавека – Адама” (запісана ў г. Жыткавічы ад Халязнікавай Матроны Мартынаўны, 1923 г.н.).
Сярод этыялагічных матываў міфалагічнай прозы Жыткаўшчыны вылучаюцца наступныя: чаму жанчына вымушана ўвесь час працаваць, ці ведалі людзі час сваёй смерці. Што да першага матыву, то ўзнікненне яго абумоўлена неэтычнымі адносінамі жанчыны да чалавека, які аказаўся Богам, што знайшло адлюстраванне ў адным з варыянтаў, запісаным у в. Рычоў: “Бог падышоў да жанчыны, яна жыто жала, і ёй не было калі паказаць Хрыстосу дарогу. Яна паказала дарогу нагою, тады ён сказаў: “Ты будзеш век працаваць, не будзеш ніколі аддыхаць” (запісана ад Андрэйкавец Марыі Іванаўны, 1935 г.н.). Другі матыў, узнікненне якога звязана з прадчуваннем чалавекам уласнай смерці, з’яўляецца вызначальным у тэксце міфалагічнага апавядання, запісанага ў в. Дуброва: “А етаму чалавеку трэ було ўжэ паміраць, а ў гэты час плот у яго паваліўся ды суседскія куры ў гарод лезуць. Ён і вырашыў плот саломай загарадзіць. Убачыў ета Бог і кажа: “Чаго ета ты плот саломаю гародзіш, ці ён стаяцьме?” А чалавек гаворыць яму: “От. на мой век хваціць, усё роўна скора памру”. Ну, Бог, канечна, рассердзіўся, і таго разу зрабіў так, штоб людзі не зналі, калі чалавек памрэ, калі іх смерць прыдзе” (запісана ад Купрацэвіч Ганны Міхайлаўны, 1922 г.н.).
У прыведзеных тэкставых фрагментах знайшла адлюстраванне глыбіня народнай філасофіі асэнсавання жыцця, выпрацаваная на працягу шматлікіх стагоддзяў.
Паводле народных вераванняў, “ангел даецца каждому человеку пры нараджэнні” (запісана ў в. Бялёў ад Купрацэвіч Емяльяны Міхайлаўны, 1935 г.н.).
Звычайна месцам яго знаходжання з’яўляецца “правае плячо”: “Калі нараджаецца дзіцё, то ў яго з’яўляецца анёл на правым плячы” (запісана ў в. Любавічы ад Бялко Наталлі Савічны, 1943 г.н.). Традыцыйнымі з’яўляюцца ўяўленні аб тым, што анёл заўсёды дапамагае чалавеку, знікненне ж яго звязана з непрыманнем Бога: “А знікае ён толькі тады, калі здрадзіць свайму Богу” (запісана ў в. Любавічы ад Бялко Наталлі Савічны, 1943 г.н.).
Таемным святлом зорак былі абумоўлены назіранні мясцовых жыхароў за начным небам. У адных мясцовасцях устойлівай была традыцыя асэнсоўваць зоркі як душы памерлых (“Лічыцца, што зоркі – гэта душы памерлых. Калі памірае чалавек, то на небе загараецца зорка. І людзі глядзеліся ў неба, як бы сустракаліся з душамі” – запісана ў в. Любавічы ад Бялко Наталлі Савічны, 1943 г.н.), у іншых запальванне на небе зоркі звязвалі з нараджэннем дзіцяці (“Каждая зорачка – гэта душа чалавека.
Калі зорачка загараецца, то значыць, недзе нарадзілася дзіцятка, а калі падае – то чалавек памёр …” – запісана ў в. Лагвошчы ад Сінілы Ганны Яўгеньеўны, 1927 г.н.).
Паводле сведчанняў Наталлі Савічны Бялко, 1943 г.н., з в. Любавічы, зоркі ўтварыліся з кропель вады ў выніку моцнага ветру: “Раней усё плавала ў вадзе. Зрабіўся моцны вецер. Ляцелі брызгі і кроплі папалі на неба, і етакім спосабам спалучыліся зоркі”.
Каб выклікаць дождж, зыходзячы з мясцовых вераванняў, трэба было кінуць у калодзеж папярэдне ўкрадзены ў суседа гаршчок: “…украсці ў суседа гаршчок, каб ніхто не бачыў. … Потым гаршчок кідалі ў калодзеж, хадзілі вакол калодзежа тры разы і гаварылі словы, заклікаючы дождж” (запісана ў в. Дуброва ад Купрацэвіч Ганны Міхайлаўны, 1922 г.н.). Жыхары в. Рычоў верылі, што дождж можна выклікаць, калі кінуць мак у калодзеж: “Каб выклікаць дождж, у калодзеж кідалі мак” (запісана ад Андрэйкавец Марыі Іванаўны, 1935 г.н.).
Важнае месца ў міфапаэтычных уяўленнях жыхароў Жыткавіцкага раёна займаюць міфалагізаваныя вобразы раслін і жывёл. Даследчыца В. У. Бялова слушна адзначыла, што этыялагічныя “біблейскія” легенды пра расліны распрацоўваюць два асноўныя матывы – гэта благаславенне якой-небудзь расліны (кветкі, травы) за добрую справу (дапамога Іісусу Хрысту, Багародзіцы, святым) або пракляцце за ганебныя паводзіны або шкоду, прычыненую. сакральным персанажам …” [2, c. 200].
У тэксце міфалагічнага апавядання, прысвечаным асіне, гучыць другі матыў – матыў пракляцця: “Гэта паганае дрэва з–за таго, што асіна не пакланялася Хрысту, як іншыя дрэвы” (запісана ў в. Бялёў ад Жогаль А. М., 1910 г.н.). “Крывава–чырвоны” колер лісця асіны тлумачыцца тым, што на ёй “павесіўся здраднік Іуда” (запісана ў в. Бялёў ад Жогаль А. М., 1910 г.н.). Паводле сведчанняў жыхароў в. Малешаў, у іх вёсцы асцерагаліся, каб “дуб і ёлка коло хаты рослі, бо дуб здороўе забірае, а колі ёлка перэросце хату, то з етой хаты начнуць людзі поміраць” (запісана ад Кошман Вольгі Лявонаўны, 1927 г.н.).
Сціплыя звесткі былі зафіксаваны на тэрыторыі Жыткавіцкага раёна па міфалогіі жывёльнага і рэчыўнага свету. Напрыклад, паводле народных вераванняў, калі выконвалі абрад уваходзін у новую хату, то “первого кідаюць чорного кота, штоб той усю хворобу з той хаты забраў” (запісана ў в. Малешаў ад Точка Вольгі Паўлаўны, 1952 г.н.). Вытокі народных уяўленняў пра міфалагізаваны вобраз мядзведзя звязаны з яго паходжаннем ад чалавека, які любіў паласавацца мёдам з чужога дупла, а сам ніякіх намаганняў не прыкладаў: “А каля землянкі расла ліпа і там пчолы булі.
Прыйшоў знахар і бачыць, як непрошаны госць яго мёд есць. Пракляў яго знахар і абернуў у мядзведзя” (запісана ў в. Дуброва ад Купрацэвіч Ганны Міхайлаўны, 1922 г.н.).
Рассыпаная соль на стале, як засведчылі мясцовыя жыхары, прыводзіць да сваркі ў сям’і. Верай у засцерагальныя ўласцівасці солі былі абумоўлены наступныя дзеянні, скіраваныя на прадухіленне негатыўнага ўплыву чужых людзей: “Калі даеш суседзям малако, то трэба ў слоік укінуць шчыпотку солі, каб не прырабілі”; “Калі ў хату прыходзяць людзі (не з сям’і) і пачынаюць хваліць дзяцей і хазяйку, то трэба ўзяць солі (калі яны пойдуць) і тры разы сыпнуць к парогу” (запісана ў в. Вятчын ад Аксёнчыц Зінаіды Іванаўны, 1945 г.н.). У той жа час соль абавязкова клалі “дзецям пад падушку, каб салодка спалі” (запісана ў в. Вятчын ад Аксёнчыц Зінаіды Іванаўны, 1945 г.н.).
У народных павер’ях мясцовых жыхароў люстэрка надзялялася здольнасцю ўплываць на ход жыцця чалавека. Напрыклад, верылі, што “калі люстэрка разбіваецца, то гэта да няшчасця” (запісана ў в. Малешаў ад Кошман Надзеі Мікалаеўны, 1927 г.н.), калі глядзіш у разбітае люстэрка, таксама “гэта к няшчасцю” (запісана ў в. Вятчын ад Аксёнчыц Зінаіды Іванаўны, 1945 г.н.). Адзначым, што перад люстэркам забаранялася есці (“Нельзя перад люстэркай есці, бо з’ясі красату” (запісана ў в. Вятчын ад Аксёнчыц Зінаіды Іванаўны, 1945 г.н.), глядзець у яго, калі на вуліцы навальніца (“Нельга глядзецца, калі маланка, бо ўбачыш сябе ў старасці” (запісана ў в. Вятчын ад Аксёнчыц Зінаіды Іванаўны, 1945 г.н.), забаранялася “глядзецца ў люстэрка доўга, бо яно забірае моц і прыгажосць” (запісана ў в. Вятчын ад Аксёнчыц Зінаіды Іванаўны, 1945 г.н.). Зыходзячы з сучасных запісаў міфалагічных звестак, люстэрка можа выступаць і акумулятарам чалавечай энергіі: “Люстэрка павінна бачыць толькі добры вам настрой, тады ўсё будзе добра. А калі сварыцца насупраць люстэрка, дзе бачна ваша атражэнне, то гэту, энергетыку яно надоўга захавае і ў вас нічога не будзе атрымоўвацца, як вы таго жадаеце” (запісана ў в. Малешаў ад Давыдавай Вольгі Аляксандраўны, 1957 г.н.).
Шматлікія міфалагічныя ўяўленні ілюструюць сувязь люстэрка (у дадзеным выпадку выконвае функцыю медыятара) з душой чалавека: “Ніхто не ведае, што знаходзіцца там унутры. Там могуць знаходзіцца … душы нашых продкаў. Незнарок жа пакрываюць люстэрка хусткай, калі памірае чалавек у гэтай хаце. А для чаго? Каб яго душа не пасялілася ў люстэрке і не шкодзіла” (запісана ў в. Малешаў ад Давыдавай Вольгі Аляксандраўны, 1957 г.н.); “Трэба закрываць у хаце люстэрка, калі нябожчык.
Бо калі хто–небудзь пабачыць нябожчыка ў зеркале, то сустрэча можа быць хуткай” (запісана ў в. Вятчын ад Аксёнчыц Зінаіды Іванаўны, 1945 г.н.).
Звесткі, запісаныя пра люстэрка, нож, венік, грошы, ніткі, смецце і інш. адлюстроўваюць як характар агульнаэтнічных народных вераванняў, так і лакальныя асаблівасці. Асэнсаваныя матэрыялы па народнай міфалогіі жыхароў Жыткаўшчыны сведчаць пра багацце і высокую маральна-этычную скіраванасць кодэксу жыцця і побыту палешукоў, традыцыйныя веды якіх не ніколі не трацяць сваёй актуальнасці.
Спіс выкарыстанай літаратуры і крыніц
- Беларуская “народная Біблія” ў сучасных запісах / уступ. артыкул, уклад. і камент. А. М. Боганевай. – Мінск: Бед. дзярж. ун-т культуры і мастацтваў, 2010. – 166 с.
- “Народная Библия”: Восточнославянские этиологичекие легенды / Сост. и коммент. О. В. Беловой; отв. ред. В. Я. Петрухин. – М.: “Индртк”, 2004. – 576 с.
Аўтары: А.А. Кастрыца, В.С. Новак
Крыніца: Спадчына Скарыны: да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання: зб. навуковых артыкулаў: у 2 ч. Ч. 1 / рэдкал.: А. М. Ермакова (гал. рэд.) [і інш]; М-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны. – С. 96-99.