Межы баўсунскіх земляў

0
855
Межы баўсунскіх земляў

Да рэвалюцыі 1917 года баўсунскія землі налічвалі 3 573 дзесяціны 1152 сажні (або, у сучасных мерах – 3 904 гектары).

Землі Казацкіх Баўсуноў цягнуцца ад мяжы з Краснагорскім раёнам Расіі на ўсходзе да мяжы з Чачэрскім раёнам Беларусі на захадзе, прыкладна на восем кіламетраў.

І з поўначы на поўдзень мяжа таксама цягнецца на восем кіламетраў, ад адселенай пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС вёскі Высокая Грыва (якую баўсунцы неафіцыйна называюць Будніцкі Пасёлак) Чачэрскага раёна да вёскі Пабеда (або Перамога) Веткаўскага раёна, якая да 1937 года называлася Шалухоўка.

Пачынаецца баўсунская мяжа ў лесе, дзе ад земляў беларускай вёскі Пералёўкі Веткаўскага раёна ідзе ўніз па рэчцы Рудцы (раней рака называлася Жэшаўка), якая ўпадае ў Бесядзь. Тут ужо баўсунскія землі мяжуюць з Краснагорскім раёнам Расіі і мяжа становіцца дзяржаўнай. Далей – угару па Бесядзі да ўпадзення рэчкі Каўпіты ў Бесядзь. Тут пачынаецца мяжа баўсунскіх земляў з Чачэрскім раёнам, якая ідзе ўверх па Каўпіце да месца ўпадзення ў Каўпіту Міхалкінай рэчкі. Потым угару па Міхалкінай рэчцы, праз Бярозавае балота і Сварлівае балота.

Мяжа з землямі вёскі Шалухоўка раней ішла ад Сварлівага балота па рэчцы Цясноўцы, потым па рэчцы Чалухоўцы і выходзіла да Бесядзі. Пасля 4 мая 1964 года, калі па загаду дырэктара Я.В. Елісеева землі ўрочышча Куцень, а гэта прыкладна 80 гектараў, былі аддадзены Шалухоўцы, мяжа з шалухоўскімі землямі наблізілася да Баўсуноў і праходзіць практычна за вёскай.


Аўтар:
 Уладзімір Васькоў
Крыніца: Казацкія Баўсуны і баўсунскія казакі. Гісторыя адной беларускай вёскі