У кантэксце аналізу культурна-творчых і аналітычных адметнасцей сучаснай мастацкай літаратуры важнае значэнне надаецца пытанням аб ролі жанчыны (аўтара) як “іншай” з мэтай тыпалагічна-характэрнага асэнсавання яе светапогляду, вылучэння новых канцэптаў і сімвалаў жаночай “сутнасці”, рэпрэзентацыі суб’ектыўнага свету лірычных гераінь адносна культуралагічнага, філасофскага, псіхалагічнага і метафізічнага аспектаў.
У сучасным дыскурсе паняцце “жаночая літаратура” мае наступнае асаблівае ідэйна-эстэтычнае значэнне. А менавіта, гэта мастацкія творы, у якіх аўтары даследуюць “пытанні аб жаночай суб’ектыўнасці і яе спецыфіцы ў адрозненні ад мужчынскай, пытанні аб асаблівасцях жаночай мовы і мыслення, аб асаблівасцях жаночага вопыту і жаночай сексуальнасці, жаночых стратэгіях рэпрэзентацыі” [1, с. 135].
Г. Кісліцына [2] слушна заўважае, што ў Беларусі да сярэдзіны 90-х, па сутнасці, адсутнічалі ўласныя працы па “жаночаму пытанню”, як гэта было, напрыклад, у суседзяў-расейцаў, а распрацоўкі новай галіны гістарычнага пазнання пачаліся ўжо на базе “ўкаранённых на Захадзе гендарных даследаванняў, якія развіліся як асобныя дысцыпліны ўнутры фемінісцкай думкі, змясціўшы акцэнты з даследавання жанчын на даследаванні структур улады.
Сёння плённа аналізуецца сучасная жаночая творчасць, а менавіта, асаблівасці самапрэзентацыі жанчын-творцаў у літаратуры. Аўтаркі арыентуюцца на мастацкае даследаванне суб’ектыўных паняццяў, высокіх духоўных каштоўнасцей, пасродкам чаго ў кантэксце творчасці мужчын дазваляюць сабе абсалютызаваць не толькі жаночую інтуіцыю, але і паказаць быццё жанчыны. На думку С. дэ Бавуар, “праблема жаночай рэпрэзентацыі і самапрэзентацыі рэалізуецца ў філасофскую праблему жаночага аўтарства і тэксту. У сучаснай культурнай сітуацыі канцэптуалізацыя жаночага знаходзіць адлюстраванне ў паэтычных тэкстах” [цыт. па: 1].
Сучасная беларуская жаночая паэзія прадстаўляе мноства псіхалагічна-мастацкіх тыпаў у рэпрэзентацыі жаночай суб’ектыўнасці ў розных філасофскіх катэгорыях: каханні, быцці, жыцці, смерці і інш. Сучасныя паэткі фарміруюць уласныя законы выяўлення асабістай жаночай сутнасці, якія падпарадкоўваюцца не толькі класічным тэндэнцыям развіцця мастацтва і культуры ўвогуле, але і звяртаюць увагу на спецыфіку этнаграфічнага рэгіёна.
Свае адметнасці маюць вершаваныя тэксты паэтак Гомельшчыны. Жаночая паэзія Усходняга Палесся прадстаўлена вершатворчасцю Т. Мельчанка, Н. Шкляравай, Г. Новік, Л. Раманавай, Н. Кудасавай і інш. Эстэтызм іх паэтычнай творчасці падпарадкаваны суб’ектыўнаму даследаванню анталагічнай сутнасці свету, а таксама выяўленню духоўна-псіхалагічных, філасофскіх і рэлігійных паняццяў, адносна якіх у вершах паэтак рэалізуецца складанасць жаночага жыцця згодна з культурна-этнаграфічным кантэкстам.
Сучасная жаночая паэзія Гомельшчыны характарызуецца пэўнымі адметнасцямі:
— сінкрэтызмам рацыянальнага, інтэлектуальнага і эмацыянальнага зместу вершаў;
— універсальным характарам лірычных тэкстаў у асэнсаванні быцця як метафіласофскага паняцця;
— складанай камбінацыяй характарыстак пры даследаванні катэгорыі свабоды.
Л. Энтані пры даследаванні тэорыі фемінізму ў межах аналітычнай філасофіі прыводзіць наступныя аргументы наконт існавання “філасофіі жанчын”: “На працягу стагоддзяў важнай перавагай мужчын перад жанчынамі лічылася няздольнасць жанчын думаць лагічна, прымаць рашэнні і абгрунтоўваць свой пункт гледжання. Арыстоцель лічыў, што жанчына здольная, як і мужчына, прымаць рашэнні, але гэта здольнасць akuron, гэта значыць пазбаўлена ўлады. У прыватнасці, таму, што жанчына няздольна лагічна абгрунтаваць сваё рашэнне. Сёння асаблівая ўвага аналітычнай філасофіі да лагічнай аргументацыі дазваляе прадстаўніцам аналітычнага фемінізму абвергнуць вышэй прыведзены стэрэатып” [цыт. па: 3]. Таму ў вершах сучасныя жанчыны-творцы даследуюць такую свядомасць, якая мае трансцэндэнтальную прыроду.
Дамінантнай асаблівасцю вершатворчасці гомельскіх паэтак з’яўляецца метафізічны пачатак лірычных тэкстаў, які выяўляецца праз мастацкае даследаванне філасофскіх катэгорый і асабісты інтэлектуальны пошук. “Жаночая філасофія” Усходняга Палесся — гэта пэўная светапоглядная карціна свету, дзе перавага надаецца асэнсаванню рэчаіснасці праз разумовы бок жыцця з улікам асабістых эмоцый аўтара.
Галоўнай інтэлектуальна-філасофскай катэгорыяй у іх паэзіі з’яўляецца “быццё” Дадзеная катэгорыя набывае новае значэнне ў вершатворчасці Л. Раманавай. Светабачанне паэткі грунтуецца на ідэі сцвярджэння анталагічнай еднасці паміж унутраным светам асобы і макракосмасам:
“Чалавечая душа ад пачатку свайго існавання так і не атрымала адказу на пытанне: белае святло — што ж гэта такое?
— Белае святло — гэта нашае жыццё, — адказала Жанчына” [4, с. 10].
Ларыса Раманава — спачатку як жанчына, а потым ужо як паэтка аналізуе логіку быцця, сутнасць і патрэбы душы чалавека. У вершах паэтка даследуе загадку жыцця, асвятляе пытанні вечнага руху, вывучае сябе і свет. Л. Раманава схільна да філасофска-вобразнай трактоўкі рэчаіснасці. Ідэя творчасці — знайсці сэнс свайму існаванню. Жыццё, паводле паэткі, — гэта “неадбудаваны горад”, дзе “самая вялікая моц // у прыгажосьці // у якой няма канца // якая ёсьць паміж намі” [4, с. 8]. Эстэтычны культ прыгожага ў вершах вызначае спецыфіку духоўнай атмасферы асобы ў сістэме іншых каштоўнасцей. Душа — субстанцыя, у якой закладзены неабмежаваны патэнцыял. Яна таксама накіравана на развіццё і таму яе знаходжанне ў целе можа быць неабавязковым: “Месьцяцца душы ў часовых прытулках — // у шкарлупінках дзён, у думках начных” [4, с. 20].
Згодна мастацкай тэорыі Л. Раманавай існаванне душы звязана з быццём, паколькі гэта таксама форма свядомасці асобы. Паэтка ўвасабляе думку, што цэнтрам быцця ёсць Бог:
Госпадзе
з-пад зямлі
над зямлёй
пяшчота
безь ліку бяз меры
ўсё болей і болей
болем
Госпадзе
будзь са мной” [4, с. 56].
Тэндэнцыя звароту да Усявышняга і да формы паэтычнай малітвы ператвараецца ў вершатэксце ў дзейсны сродак мастацкай выразнасці. Змястоўнасць, эмацыянальнасць вершаваных радкоў апелюе да адзінства ўласнай самаарганізацыі і ўмоўнага лірычнага сюжэта.
Зварот аўтаркі да трансцэндэнтнага заўважны, бо “мроіцца тое, // што немагчыма // сустрэць на зямлі” [4, с. 18]. Рэалізаваная ў вершах анірычная форма рэальнасці (сну) дазваляе лірычнай гераіне дакрануцца да боскіх істот і адначасова зразумець марнасць прывіднага шчасця:
Анёлы, аднак, праз сон заходзяць, бывае.
Штось дзівоснае творыцца ў сьне.
А на сьвітаньні — усё зьнікае:
Рай рассыпаецца ў цьмяным акне [4, с. 18].
Толькі ў сне лірычная гераіня перадае свае перажыванні, у выніку чаго паэткай паказваюцца імгненні і жаданні душы чалавека, яе эмацыйна-ўзрушаны стан.
Паэтка імкнецца акрэсліць быццё чалавека і яго месца ў сусвеце. Л. Раманава прыйшла да высновы, што ў свеце ўсё ўзаемазвязана: усе жывыя істоты нясуць у сабе часцінку боскай душы.
Як птушка, што ня мае крылаў, як рыба без плаўнікоў, як вада, што зь зямлі застылай прарываецца зноў і зноў, я цяку, і плыву, і падаю, у падзеньні намацваю дно Да апошняга сабраць адно цэлае мне не дадзена ўсё адно… [4, с. 26].
Лірычная гераіня бачыць частку сябе ў рыбах і птушках. Дадзеныя вобразы ўдакладняюць гарманічную сувязь чалавека са светам прыроды, і ў гэтым выпадку жыццю надаецца працэсуальнае значэнне. Відавочная апеляцыя да першабытнага пантэізму. Аўтар свядома стварае карціну, дзе прыродныя элементы адухаўляюцца. У працэсе разгортвання асацыяцый падкрэсліваецца і значэнне вады — крыніцы самога жыцця. А рух жыцця патрабуе ўсведамлення яго сэнсу. Пры гэтым Л. Раманава адзначае, што “у людзей жа іншы лёс // нарадзіцца каб не ведаць // хто цябе сюды прынёс” [4, с. 21]. Пошук сутнасці свайго існавання, яго зместу праяўляецца ў вечным светапазнанні рэчаіснасці.
У творчым фокусе паэткі існуюць і амбівалентныя значэнні аднаго і таго ж паняцця. Насупраць рацыяналізму быццё разглядаецца як “унутраная рэальнасць” асобы: і гэты свет як боль народзін сябе пазбыцца нідзе ні ў чым не паўтарыцца здавалася б падобныя нарцысы ці руні парасткі ў полі але ж падобныя не болей мінулы час не дакарай твой Вырай не мой Рай вяртаецца з Выраю птушка Рух туды дзе творыць чалавечы Дух [5, с. 155].
Экзістэнцыяльныя адчуванні лірычнай гераіні ў пошуку сэнсу жыцця перадаюцца праз прызму індывідуальнага ў разуменні “сябе”, што з’яўляецца формай асабістага “Я”. Паэтка імкнецца да вызначэння дасканаласці ў гэтым свеце, таму свядома адмаўляе “падобнасць” рэчаў — “нарцысаў” і “парастак руні”, “Выраю” і “Раю”. Такая светапоглядная канцэпцыя засяроджвае ўвагу на асабістых прынцыпах і эмоцыях, паколькі рацыянальнае асэнсаванне рэчаіснасці з’яўляецца складаным пытаннем.
У падобнай сітуацыі чалавек сутыкаецца з ірацыянальнасцю свету, але пры гэтым адчувае, што імкнецца да шчасця і гармоніі. Згодна з думкамі тэарэтыка лагічнай філасофіі Л. Вітгенштэйна, “Я” — гэта структурнае адзінства свету. <…> Паколькі свет ёсць мой свет, то метафізічны суб’ект стварае межы гэтага свету. Лагічная структура ўсіх адзінкавых светаў адзіная, і таму мой погляд на свет супадае з поглядам трансцэндэнтальнага суб’екта на свет, і абодва гэтыя погляды падпарадкоўваюцца логіцы. Свет універсальны (аб’ектыўны) супадае са светам суб’ектыўным” [цыт. па: 3].
Паэзія Л. Раманавай ўвасабляе гарманічны пачатак: паэтка стварае сваё бачанне свету з аналітычным вылучэннем істотнага (душы) і рэпрэзентацыяй раўнапраўнага “дыялогу” паміж асобай і акаляючым светам.
Разважае пра сутнасць свайго існавання ў свеце і Н. Кудасава. Паэтка робіць выключна анталагічныя вынікі:
Вечнасць?
Спрэчна.
Хутчэй,
Пустэча
для таго,
хто нічым
ці нечым
называе
адзіны шлях [6, с. 12].
Самасвядомасць лірычнай гераіні падпарадкоўваецца крытычным развагам наконт існавання вечнасці. Жыццёвы шлях асобы атаясамліваецца з “нічым” або “нечым”. Такое ўспрыняцце рэчаіснасці звязана не толькі з характарыстыкай прасторавага хранатопа, але і з рэфлексіяй суб’екта.
Творчая канцэпцыя Н. Кудасавай звернута да пошуку ўласнай гармоніі, якая залежыць ад матэрыяльнага свету:
Прыціснутыя цітламі будняў,
Незаўважна губляем гукі,
Якія робяць нас
Сапраўднымі словамі [6, с. 19].
Супастаўляльная пазіцыя “Я” — “рэчаіснасць” сінанімічная спалучэнню “гукі” — “словы”. Лірычная гераіня разважае аб мяжы паміж пэўнымі паняццямі нашага існавання ў макракосмасе, якая парушаецца праз лагічнасць быцця. У такой сітуацыі, залежнай ад метафізічнай структуры свету, эмоцыі і пачуцці, або гукі, матэрыялізуюцца, а душа персаніфікуецца ў словы. Ідэйна-эстэтычны досвед, логіка разваг і жыццёвых перакананняў паэткі скандэнсавана ў такой мадэлі быцця, дзе прыватнае замест агульнага адыходзіць на іншы план.
У пошуку шляхоў дасканаласці, а таксама нечага ідэальнага і адначасова канкрэтнага важнае значэнне надаецца філасофскім праблемам, разгляд якіх разам з аб’ектыўным адлюстраваннем рэчаіснасці немагчымы без даследавання прыватнага жыцця асобы, засяроджанасці на яе ўнутраным свеце. У вершатэкстах сучасных паэтак Усходняга Палесся метафізічная прастора душы лірычных гераінь, мікракосм аўтара ўвасабляюцца праз катэгорыю “свабода”. Свабода — гэта вялікая каштоўнасць, якая валодае магчымасцю пазбягаць сітуацый з унутранымі і знешнімі абмежаваннямі. Залежнасць ад абставінаў і канцэнтрацыя на паўсядзённых праблемах нашага жыцця часта вымагае ад асобы дынамічнага руху. Мастацкая рэалізацыя катэгорыі “свабода” ў гінатэксце мае сваю спецыфіку: аналіз метафізічнага зместу твора немагчымы без разгляду псіхалагічна-эмацыйных складнікаў “жаночай прыроды”.
Рэальнасць псіхалагічнага перажывання лірычнай гераіні паказана ў вершы Г. Новік “Перакананні”, дзе пошук сябе спалучаецца з вечным жыццёвым рухам:
Страх,
спапялёны дазвання,
блуканне з клубком арыядніных нітак
па ўсіх скрыжаваннях.
Кожны паўстане з нябыту,
хто вечнасць спасцігнуць у стане –
адхланне. Каханне і
перавыданне
самога сябе, абпалёнага
верай,
цнатлівасцю хрусткай паперы, што стала скрыжалямі <.> [7, с. 11].
У вершы адчуваецца незадаволенасць лірычнай гераіняй сваім жыццём, таму пазбаўленне дысгарманічнасці — лагічнае рашэнне. Імкненне да асабістай свабоды і змяненне ўласных стэрэатыпаў складаюць цэнтралізаваную сістэму каштоўнасцей для жанчыны. Такі шлях вызначаецца праз прыярытэты, што падпарадкоўваюцца асабістым законам існавання. У выніку лірычную гераіню чакаюць “Свабода!!! // І перакананні” [7, с. 11], а характэрная рэфлексія пацвярджае яе патэнцыяльныя правы як жанчыны на незалежнае існаванне ў сусвеце. Таму можна сцвярджаць, што свабода ў вершы Г. Новік мае трансцэндэнтальны характар. Але метафарычная вобразнасць (“цнатлівасць хрусткай паперы, што стала скрыжалямі”), моцны філасофскі пачатак, сімвалічная афарбаванасць слоў (“арыядніна ніць”) сведчаць усё ж такі пра пазітыўнае мысленне паэткі.
Такім чынам, жаночая паэзія Гомельшчыны характарызуецца як стрыманасцю ў выяўленні эмоцый, аналітыка-сінтэзуючымі развагамі, філасафічнасцю, так і засяроджанасцю на ўнутраным свеце суб’екта. Сістэма пэўных мастацкіх вартасцей разгледжаных катэгорый (“быццё” і “свабода”) засяроджана на стварэнні такой ідэйна-паэтычнай мадэлі тэкстаў, у якой усе асноўныя кампаненты падпарадкаваны адной мэце — магчымай канкрэтызацыі інтымна-духоўных пачуццяў асобы.
Літаратура
- Жеребкина, И. Прочти моё желание. Постмодернизм, психоанализ, феминизм / И. Жеребкина. — М.: Идея-Пресс, 2000. — 256 с.
- Кісліцына, Г. Гендарныя праблемы ў сучаснай беларускай літаратуры / Г. Кісліцына // Весці НАН Беларусі. — 2005. — № 2. — С. 84 — 89.
- Блохина, Н. Метафизика в аналитической философии: очерки истории: монография / Н. Блохина. — Рязань: Ряз-ий государственный университет имени С.А. Есенина, 2011. — 500 с.
- Раманава, Л. Птушкі і рыбы: Паэзія / Л. Раманава. — Мінск: Беларускі кнігазбор, 2004. — 92 с.
- Раманава, Л. Час прыходзіць / Л. Раманава // Дзеяслоў. — 2011. — № 2. — С. 154-157.
- Кудасава, Н. Лісьце маіх рук: паэзія / Наста Кудасава. — Мінск: Логвінаў, 2006. — 76 с.
- Новік, Г. Шампанскае з бэзу… / Г. Новік // Верасень. — 2013. — № 2. — С. 7-15.
Аўтар: М.І. Кірушкіна
Крыніца: Чарнобылем не зарасце: традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: зборнік навуковых артыкулаў: у 2 ч. Ч. 2 / рэдкал.: А. А. Станкевіч (гал. рэд.) [і інш.]; М-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2016. — 242 с. С. 175-182.