Матывы любоўных песень Жлобіншчыны

0
228
Матывы любоўных песень Жлобіншчыны

Час не стаіць на месцы, усё новых і новых вяршынь дасягае развіццё навукі і тэхнікі. Нязменнымі ў жыцці застаюцца чалавечыя пачуцці. Эмоцыі, перажыванні, настрой — гэта тое, на чым грунтуюцца людскія дзеянні і ўчынкі. Гэта тое, што заўсёды дапамагала чалавеку ствараць адны з самых прыгожых паэтычных твораў — песні пра каханне.

Колькі б гадоў ні прайшло з моманту ўзнікнення любоўных песень, яны не згубяць сваёй актуальнасці, таму што каханне жыве ў грамадстве незалежна ад часу, а змест і матыў такога роду песень кранае кожнага, хто хоць раз быў закаханы.

Варта падкрэсліць, што даволі часта гэта пачуццё мяжуе з адмоўнымі эмоцыямі, што адлюстроўваецца і ў сучасных народных паэтычных творах. Здрада, расставание, душэўны боль — гэта тыя эмоцыі, якія фарміруюць мінорны лад песні, а калі, напрыклад, пачуцці лірычнага героя ўзаемныя, то тады будзе пераважаць мажорны лад. На жаль, на тэрыторыі Жлобінскага раёна была запісана нешматлікая колькасць пазаабрадавых народных песень пра каханне. Праведзены аналіз фактычнага матэрыялу дае падставы зрабіць выснову аб тым, што ў песнях пра каханне дадзенай мясцовасці пераважаюць сумныя матывы. Напрыклад, яскрава гучыць матыў смерці:

Наутра нашлі рыбакі
Насцю, втонувшэй в прыліва,
І надпісь была на грудзі:
«Насцю любовь пагубіла»
(запісана ў в. Чырвоны Бераг) [1].

Здрада — другая галоўная прычына, паводле якой, як паведамляецца ў шматлікіх беларускіх лірычных песнях, хлопец з дзяўчынай не могуць быць разам:

Ты жэ мне ізменіла,
Ты разлюбіла меня,
Неверным меня называла
I аднажды ізмену дала
(запісана ў в. Чырвоны Бераг) [1].

Цікава тое, што часцей за ўсё ў якасці лірычнага героя мясцовых любоўных песень выступае юнак, а ахвярай злачынных дзеянняў з яго боку ці наогул з боку якога-небудзь чужога чалавека выступала менавіта дзяўчына:

Разайдзіцесь, добры людзі,
Дайце места стаць,
Пацэлую нежывую, больше не ўвідаць.
Ты не есць мой родны бацька,
А ты есць атчым,
Што на этам белам свеце пару разлучыл
(запісана ў в. Чырвоны Бераг) [1].

Вышэйназваная акалічнасць пацвярджае факт існавання ў народных песнях гендарных стэрэатыпаў. Малады чалавек — моцны, дзяўчына — слабейшая, не можа абараніцца. Нягледзячы на прыгажосць дзяўчыны («На маю красату наглядзелся» (запісана ў в. Малевічы) [1], «Прыгажуня-кветачка» (запісана ў в. Чырвоны Бераг) [1]), падкрэсліваецца яе «хваравіты» знешні выгляд, напрыклад, у яе «бледные шчочкі худые» (запісана ў в. Чырвоны Бераг) [1].

Як правіла, дзяўчына ў любоўных песнях паказваецца з лепшага боку — яна прывабная, шчырая, адданая і верная ў сваіх пачуццях, менавіта па гэтай прычыне ёй цяжка перажыць здраду каханага. Слушна зазначае Н. С. Гілевіч: «Вернасць — гэта зарука шчасця. Вось чаму, паэтызуючы каханне як самае прыгожае і высакароднае пачуццё, народная песня ў той жа час бязлітасна асуджае здраду і ашуканства ў адносінах паміж закаханымі» [2, с. 91].

Нягледзячы на тое, што звычайна, калі кіравацца адлюстраванымі ў многіх народных песнях стэрэатыпамі, здраджвае мужчына. Дзякуючы аналізу тэкстаў любоўных песень, было высветлена, што некаторыя лірычныя песні пра каханне таксама могуць утрымліваць і аповед пра жанчыну-здрадніцу:

Паліна меня завлекла,
Паліна меня палюбіла,
Патом пазабыла меня
I ўскоре навек разлюбіла
(запісана ў в. Чырвоны Бераг) [1].

Матыў здрады можа праяўляцца не толькі ў сітуацыях, звязанымі з інтымнымі адносінамі мужчыны і жанчыны, але і ў тых выпадках, калі пакуты пераносяцца на дзіця, якое выхоўваецца без бацькі, адной маці:

Ты ўехал, аставіл мне сына,
А он цянет ручонкі к цебе
(запісана ў в. Малевічы) [1].

Даволі часта ў народных песнях, як і ў жыцці, сацыяльны статус жанчыны іграе вельмі важную ролю, бо ў наступным песенным прыкладзе мужчына здраджвае не столькі дзяўчыне, колькі сваім сапраўдным пачуццям дзеля матэрыяльных выгодаў і выканання загаду бацькоў:

— Рад бы, рад бы, мая мілка,
С табой пастаяць,
Но не веліт бацька і маці
Цебя, бедну, браць.
— Як не веліт бацька і маці
Меня бедну браць,
Наезжай на Украіну
Богатую іскаць
(запісана ў в. Чырвоны Бераг) [1].

Акрамя таго, на тэрыторыі Жлобінскага раёна бытуюць народныя любоўныя песні, у якіх галоўным лірычным героем з’яўляецца дзяўчына. Яна гаворыць пра каханне са свайго суб’ектыўнага пункту погляду. Напрыклад, калі ёй здаецца, што пачуццё ўзаемнае, але на самой справе вынікае (і яна гэта з самага пачатку ведае), што хлопец жанаты з яе лепшай сяброўкай, якая пра гэту таемную сувязь нават не здагадваецца:

Как взяць себя ў рукі,
Скажыце вы мне.
Жэнат на падругі,
А ходзіт ка мне.
Прыдзёт і вздыхает:
«Са мною пабудзь».
А сіл не хватает
Яго атталкнуць
(запісана ў г. Жлобін) [1].

I зноў у гэтых радках мы бачым яркае праяўленне гендарных стэрэатыпаў. Для жанатага хлопца нармальная з’ява — заляцацца да чужой дзяўчыны. Асабліва прываблівае той факт, калі яна маладзейшая за жонку і не замужняя. Такім чьшам падаецца апісанне мужчыны-«самца». Яго палюбоўніца — «слабачка», якая не можа яму адмовіць, хоць і разумее ўсю трагічнасць сітуацыі:

Даўно бы мне нада,
А я ўсё стаю,
Чаго-та ўсё медлю,
Чаго-та ўсё жду.
Нікак не магу
Паняць аднаго:
Я кажды вечар
Встрэчаю яго.
Мне стыдна і больна
Ў душэ перад ней,
Саўсем непавіннай
Падружкай маей
(запісана ў г. Жлобін) [1].

Некаторыя песні пра каханне будуюцца на сінтаксічным паралелізме. Напрыклад, адносіны паміж мужчынам і жанчынай утвараюць адну паэтычную карціну, якая супастаўляецца з другой сімвалічнай карцінай, дзе цэнтральнае месца адведзена вобразам галубоў:

Ой там, на гарэ, там, на крутой,
Сядзела пара галубоў, сядзелі любаваліся,
Сізымі крыльцамі абнімаліся.
Адкуль узяўся ахотнік маладой?
Узяў разлучыў пару галубоў.
Голуба ўбіў, галубку забраў
(запісана ў в. Саланое) [1].

Варта адзначыць, што ў дадзеным прыкладзе можна прасачыць два матывы: матыў смерці і матыў узаемнага кахання (як гэта наказана вышэй). Напрыканцы гучання песні вылучаецца яшчэ адзін матыў, які і пераконвае ў падабенстве закаханай пары з галубамі, — гэта матыў вернасці:

— Галубка мая сізакрылая,
Чаго ж ты ўдалася клапатлівая:
Вадзіцы не п’еш, пшаніцы не клюеш,
У зялёны сад усё плакаць ідзеш?
Ё ў мяне сто пар галубей,
Ідзі выбірай, каторый мілей.
— Не раз хадзіла, не раз шукала,
Не найду таго, што пацерала
(запісана ў в. Саланое) [1].

Матыў узаемнага кахання таксама знайшоў адлюстраванне ў любоўных песнях Жлобіншчыны. Як правіла, лірычны герой, сэрца якога перапоўнена пачуццём кахання, марыць аб вяселлі, шчаслівай долі. У адным з песенных варыянтаў гучыць матыў душэўных перажыванняў закаханых:

Дзяўчыненька маладая,
Прыгажуня-кветачка,
Паламіла ты хлапчыну,
Бэзавая ветачка
(запісана ў в. Чырвоны Бераг) [1].

Найбольш яркім сведчаннем таго, што народныя любоўныя песні дасягаюць высокага паэтычнага хараства, з’яўляецца факт іх актыўнага выкарыстання ў апрацоўках вядомых кампазітараў. Матывы смерці, здрады і ўзаемнага кахання — гэта асноўныя матывы песень пра каханне, запісаных у палявых экспедыцыях на Жлобіншчыне. Сярод вышэйпералічаных матываў па ступені распаўсюджанасці пераважаюць у лірычных песнях матывы смерці.

Спіс літаратуры

  1. Выкарыстаны архіўныя матэрыялы навукова-вучэбнай фальклорнай лабараторыі пры кафедры рускай і сусветнай літаратуры ўстановы адукацыі «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны.
  2. Лірычныя песні. Беларускі фальклор у сучасных запісах / укл. і рэд. Н. С. Гілевіча. — Мінск: выд-ва БДУ, 1976. — 464 с.

Аўтар: В.І. Глузд
Источник: Актуальные проблемы филологии. Сборник научных статей. Выпуск 13. Гомель ГГУ им. Ф. Скорины 2020. С. 246-250.