Малавядомы аспект ваеннай гісторыі Гомельшчыны напярэдадні вызвалення

0
405
ваенная гісторыя Гомельшчыны і остарбайтэры

Прапанаваны айчыннаму чытачу матэрыял прысвечаны тэме, якая да цяперашняга часу практычна не знаходзіла свайго даследчыка ў айчыннай гістарыяграфіі. Па ўстойлівай традыцыі, закладзенай у сучасную беларускую гістарычную навуку ў 1990-я гады, прадметам грунтоўных навуковых пошукаў былі вызначаны не “менш за 380 тысяч беларускіх остарбайтараў” [1, с. 14], у склад якіх уваходзілі звыш 18 тысяч грамадзян, вывезеных на прымусовыя работы ў рэйх з акупаванай тэрыторыі Гомельшчыны за гады Вялікай Айчыннай вайны [2, с. 381]. Агульная канцэпцыя, датычная прымусовай працы остарбайтараў з Гомельшчыны, з якіх мужчыны складалі 12900 чалавек, жанчыны — 5845 і дзеці маладзей за 16 гадоў — 1980 (амаль 4,7 % ад агульнай колькасці беларускіх остарбайтараў. — С. Н.), адлюстроўвае толькі адзін бок гістарычнай з’явы перыяду германскай акупацыі Беларусі ў 1941-1944 гг.: выкарыстанне мірнага насельніцтва ў якасці рабочай сілы ў эканоміцы нацысцкай Германіі.

На наш погляд, разгляд гэтага пытання важны асабліва таму, што ў гістарычнай памяці беларускага народа захоўваецца відавочны дысбаланс ва ўспрыманні гісторыі працоўнай паўсядзённасці Беларусі перыяду вайны. Той адметнай працоўнай паўсядзённасці, якая з’яўлялася не толькі рэальным гістарычным фактам, але і важным фактарам стратэгіі выжывання мірных людзей, якія апынуліся на акупаванай тэрыторыі Беларусі. Трэба прызнаць, што ў найноўшай айчыннай гістарычнай літаратуры складваецца ўстойлівая тэндэнцыя, аснову якой вызначае ідэя аб асаблівай важнасці тых, хто быў вывезены на прымусовыя работы ў рэйх, а не тых беларускіх грамадзян, якія ва ўмовах рэальнай ваеннай паўсядзённасці не ў меншым, а ў больш значным колькасным маштабе выкарыстоўваліся ў якасці працоўнай сілы для выканання розных відаў прымусовых работ на акупаванай тэрыторыі Гомельшчыны.

Апрача ўласна гістарычных прычын, якія абумоўліваюць зварот да такога падыходу ў айчыннай гістарыяграфіі, неабходна ўлічваць і рэальна існуючы навуковы фактар — замацаванне іншага погляду на гэтую адметную праблему ў сучаснай германскай гістарычнай навуцы. Мы зыходзім з той тэзы, што айчынная гістарыяграфія ў выпадку адсутнасці ўласных навуковых распрацовак не можа адмаўляцца ад замежнага вопыту i не спрабаваць інтэграваць яго ў айчынную гістарычную навуку, перад якой апошнім часам стаіць відавочная задача аб дасягненні значна большай аб’ектыўнасці ў ацэнцы гістарычных працэсаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны. У гэтым кантэксце далейшая распрацоўка вышэй акрэсленай праблемы ў айчыннай гістарычнай навуцы патрабуе замацавання як сярод прафесійных даследчыкаў ваеннай гісторыі, так і ў шырокай грамадскай свядомасці абгрунтаванага факта аб тым, што прымусовая праца мірнага беларускага насельніцтва была характэрным элементам не столькі гісторыі нямецкага ваеннага грамадства ў германскім рэйху, колькі рэальным фактам гісторыі ваеннай паўсядзённасці на акупаванай тэрыторыі Беларусі.

Нагадаем, што традыцыйная беларуская ваенная гістарыяграфія устойліва прытрымлівалася думкі аб “зрыве эканамічных планаў акупантаў” на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны [3, с. 467], паказваючы пры гэтым на пярэднім плане факты ўсенароднай барацьбы беларускага народа з акупантамі у вытворчай сферы, а не фактычныя маштабы прыцягнення акупацыйнай уладай мясцовага насельніцтва для выканання “Дырэктыў па вядзенні гаспадаркі на новазанятых усходніх тэрыторыях” ці “Зялёнай папкі”. Цяперашні стан айчыннай ваеннай гістарыяграфіі таксама паказвае, што пакуль не адбылося рашучых зменаў у пераасэнсаванні гістарычнай праблемы прымусовай працы беларускага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі Беларусі ў 1941-1944 гг. [4; 5; 6; 7; 8]. Хаця ў акадэмічным выданні, якое выйшла да 60-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, звярталася ўвага беларускіх даследчыкаў і шырокай грамадскасці на той факт, што ў гады германскай акупацыі Беларусі людскі патэндыял з’яўляўся не толькі важным аб’ектам, але і “суб’ектам германскай ваенна-гаспадарчай палітыкі” [9, с. 132].

У сваім даследаванні аўтар зыходзіць з тэзы, што вярбоўка, набор і вываз рабочай сілы не заўсёды з’яўляліся прыярытэтнымі задачамі для германскай ваеннай адміністрацыі, а мелі другараднае значэнне ў параўнанні з прыцягненнем мірных грамадзян да працы непасрэдна нямецкімі армейскімі службамі напярэдадні вызвалення тэрыторыі Гомельшчыны. Прадметам нашага навуковага пошуку з’яўляецца мірнае насельніцтва, якое шырока прыцягвалася часцямі адступаючага германскага вермахта да выканання розных работ, звязаных з выкананнем загада Гітлера па стварэнні непрыступнага “усходняга вала” і пабудове палмвых абарончых умацаванняў на “лініі пантэр” (на Гомельшчыне апошняя праходзіла па рацэ Сож, утвараючы выступ на ўсход у раёне Гомеля. — С. Н.). На гэтай лініі, якая ў сувязі з хуткім наступлением Чырвонай Арміі была пабудавана і ўмацавана толькі часткова, нямецкаму камандаванню 2-й і 9-й палявых армій разам і іншымі арміямі групы армій “Цэнтр” было загадана зрабіць усё, што магло б спыніць імклівае наступление савецкага боку.

У зімку 1943-1944 г. лінія фронту ўсталявалася ў заходніх раёнах Гомельшчыны і праходзіла паблізу ці праз Рагачоў — Жлобін — Парычы — Азарычы — Петрыкаў. На ўсходзе ад Бабруйска знаходзіліся вайсковыя часці 9-й палявой арміі вермахта ў складзе 4 карпусоў, куды ўваходзілі 3 танкавыя і 10 пяхотных дывізій, у тым ліку 4, 5 і 20-й танкавых і 6, 35, 36, 45, 110, 129, 134, 253, 296 і 707-й пяхотных [10, s. 389]. Падрыхтоўка палявых умацаванняў і стварэнне трывалай лініі абароны патрабавапа актыўнага выкарыстання мясцовага насельніцтва ў якасці рабочай сілы. Для пабудовы ўмацаванняў камандаванне карпусоў і дывізій патрабавала прыцягнення практычна ўсяго працаздольнага насельніцтва. 3 гэтай мэтай у прылеглай да лініі фронту мясцовасці праводзіўся пошук такога насельніцтва, якое спачатку збіралася ў працоўныя калоны і пад аховай перамяшчалася на адпаведныя ўчасткі, дзе ў аддаленні ад сваёй мясцовасці размяшчалася ў працоўных лагерах [11, s. 203].

Умовы прыцягнення мясцовага насельніцтва да прымусовай працы былі самымі жахлівымі. У сувязі з недахопам узброенай аховы размяшчэнне працоўных лагераў адбывалася ў чыстым полі. Недастатковае харчаванне i штодзённая праца па 12 гадзін вельмі хутка прыводзілі за знясілення i захворванняў людзей, што ў сваю чаргу патрабавала папаўнення лагера новай рабочай сілай. У гэтай сувязі ад вязняў працоўных лагераў дамагаліся высокіх працоўных вынікаў. У дачыненні да тых, хто спрабаваў адмовіцца ці сабатаваў работу, прымянялася жорсткае пакаранне праз павешанне ці расстрэл. Па прычыне недахопу працоўнай сілы, а таксама ў сувязі з невыкананнем працуючымі пастаўленых задач камандуючы групы армій “Цэнтр” генерал-фельдмаршал Буш 10 мая 1944 г. аддаў загад аб прыцягненні да прымусовых работ дзяцей узростам звыш 10 гадоў [11, s. 204].

Летам і ўвосень 1943 г. не адзін дзесятак тысяч мясцовых беларускіх грамадзян зведалі лёс нямецкіх працоўных лагераў. Разам з будаўніцтвам лініі ўмацаванняў і баявых пазіцый адной з галоўных задач для ваеннай улады з’яўлялася актыўнае прыцягненне мясцовай рабочай сілы для забеспячэння бесперапыннага руху чыгуначнага транспарту. Галоўным клопатам для усіх ваенных гаспадарчых службаў, у першую чаргу будаўнічых, стала з канца лета і ў пачатку восені 1943 г. пастаяннае аднаўленне чыгуначных дарог, якія беларускія партызаны бачылі галоўным аб’ектам маштабнай “рэйкавай вайны”. У гэтай сувязі перад будаўнічымі часцямі арганізацыі Тодта, дзе шырока выкарыстоўвалі працу савецкіх ваеннапалонных, востра паўстала задача па прыцягненні дадатковай рабочай сілы, рэкрутаванне якой павінна праводзіцца з мясцовага працаздольнага насельніцтва, ствараючы на яго аснове пастаянна дзеючыя рабочыя каманды i рабочыя роты [11, s. 205].

Паводле нямецкіх дакументаў, сваю вышэйшую кропку прыцягненне мясцовай сілы вермахтам дасягнула ў перыяд з лета 1943 да пачатку 1944 г. Разам з насельніцтвам выкарыстоуваліся савецкія ваеннапалонныя, якія пад ваеннай аховай прыцягваліся да выканання розных работ. Такая магчымасць давала ім адносна больш шанцаў для выжывання, а часам i для ўцёкаў з лагера да партызан ў параўнанні з тымі, хто заставаўся ў лагерах для ваеннапалонных. Ва ўмовах рэзкага павелічэння аб’ёма работ для ваеннапалонных іх павінны былі замяняць мясцовыя жыхары, якія ўсё шырэй прыцягваліся нямецкімі вайсковымі часцямі для выканання розных работ. Прыцягнутыя да працы мірныя жыхары падзяляліся на дзве асобных групы: з адных фарміраваліся рабочыя батальёны, якія стала знаходзіліся на казарменным становішчы, а другую ўтварала мясцовае насельніцтва, якое заставалася пражываць у сваіх вёсках, але прыцягвалася для выканання сельскагаспадарчых работ. Колькасны склад першых вызначаў загад камандуючага 9-й арміі, паводле якога кожная пяхотная дывізія павінна была мець не менш за 4 роты па 150 чалавек абавязковай рабочай сілы [10, s. 368]. 3 іх ствараліся рабочыя калоны, якія павінны былі выконваць для вермахта неабходныя работы. Мясцовыя жыхары, якія пасля фарміравання такіх калон заставаліся незадзейнічанымі, падлягалі эвакуацыі.

На думку нямецкага даследчыка X. Раса, у вайсковых часцях існавалі спецыяльныя падраздзяленні, укамплектаваныя з мірнага насельніцтва. Адно з іх — галоўнае — складалася са сталых рабочых рот і працоўных батальёнаў і прызначалася для выканання найбольш важных работ аператыўнага характару, а другое — дадатковае — складалася з часовых рабочых калон, якія ўтвараліся на выпадак правядзення сельскагаспадарчых работ ці вырашэння лакальных ваенных задач накшталт рамонту дарог ці пабудовы палявых умацаванняў [10, s. 367]. Камандаванне дывізій, часам не звяртаючы ўвагі на распараджэнні аб першачарговай адпраўцы рабочай сілы ў рэйх з раёнаў армейскай аператыўнай дзейнасці, у першую чаргу імкнулася пакінуць у распараджэнні сваіх дывізій неабходную колькасць рабочай сілы, якая б магла забяспечыць выкананне розных гаспадарчых работ.

З канца 1943 г. у штатнай структуры кожнай нямецкай дывізіі былі тэрмінова створаны спецыяльныя аддзелы па арганізацыі працы цывільнага насельніцтва (Zivilarbeitsdienstabteilung = ZADA): яны адказвалі за будаўніцтва баявых пазіцый на гэтак званай “лініі пантэр”, за рамонт і пабудову дарог і мастоў, валку лесу, торфанарыхтоўкі і за правядзенне іншых калектыўкых работ. Паводле загада камандуючага 9-й арміяй, выдадзенага ў лютым 1944 г., у штатнай структуры кожнай дывізіі прадугледжвалася не толькі стварэнне новых аддзелаў, але і вызначаўся характар іх дзейнасці ў адносінах да цывільнай рабочай сілы, акрэслівалася сфера яе выкарыстання і формы абыходжання з тымі, хто прыцягваўся да выканання розных работ. Атрымлівалася, што асновай для стварэння рабочых аддзелаў, рабочих каманд і рабочых батальёнаў разглядаліся не савецкія ваеннапалонныя, а мясцовае праназдольнае насельніцтва.

Пад аховай часцей вермахта беларускія грамадзяне павінны былі размяшчацца ў лагерах ці на закрытай мясцовасці, якая перад гэтым ачышчалася ад мясцовых жыхароў. Паводле армейскіх распараджэнняў, мінімальнай квотай для кожнай дывізіі павінна была складаць не менш за 1 тысячу рабочых рук як мужчын, так i жанчын. У адпаведнасці з распараджэннем начальніка генеральнага штаба сухапутных сіл ад 6 лютага 1943 г., ў раёне баявой дзейнасці “усе жыхары ва зросце ад 14 да 65 гадоў павінны былі выконваць працоўную павіннасць” [12, s. 499]. Мэтай увядзенне ZADA з’яўляўся перавод на казарменнае становішча ўсіх працаздольных, якія знаходзіліся ў 100-км зоне за лініяй фронту. Сваю галоўную задачу аддзелы па арганізацыі працы цывільнага насельніцтва бачылі ў дакладным уліку і падзеле наяўнага мясцовага насельніцтва на “прадукцыйную” і “непрадукцыйную” часткі, кожнай з якіх быў наканаваны свой лёс ва ўмовах ваеннай паўсядзённасці.

У гэтых службах панавала жорсткая дысцыпліна і далёкія да нармальных чалавечых ўмовы. Драконаўскія штрафы і недахоп харчавання пры цяжкай фізічнай працы вызначалі адметнасць працоўнай паўсядзённасці для той часткі беларускага насельніцтва, якое апынулася ўцягнутым у выпрабаванні рабочага характару. Пры гэтым часам у пералік аб’ектаў, на якіх выкарыстоўваліся мірныя грамадзяне, вермахт вылучаў мінныя палі, размініраванне якіх пераўтварала рабочыя каманды з беларускімі грамадзянамі ў самазабойцаў, паколькі па загаду ваенных мірныя людзі павінны былі выконваць ролю жывых мінашукальнікаў [10, s. 373].

Па падліках нямецкіх даследчыкаў, агульная колькасць беларускіх грамадзян, якія вясной 1944 г. уваходзілі ў лік рабочай сілы і былі размешчаны ў лагерах на тэрыторыі групы армій “Цэнтр”, складала ад 60 да 95 тысяч чалавек, пры гэтым у красавіку месяцы на ўчастку лініі фронту 2-й і 9-й армій, г.зн. на тэрыторыі часткова акупаванай Гомельшчыны, гэта лічба складала 30 973 чалавекі [13, s. 496]. З нямецкіх дакументаў вынікае, што прадукцыйнасць працы тых, хто знаходзіўся на казарменным становішчы, была амаль на 40 % вышэй у параўнанні з тымі, хто прыцягваўся часцямі вермахта для выканання розных калектыўных работ. Так, у 253 пяхотнай дывізіі, якая знаходзшася на тэрыторыі Гомельшчыны з канца 1943 г., на ўліку ZADA знаходзілася 800 мірных жыхароў: разам з 1079 “хіві” агульная колькасць мірных грамадзян і савецкіх ваеннапалонных складала 1879 чалавек; адносіны гэтых катэгорый працоўнай сілы у 6-й пяхотнай дывізіі быў іншы — 245 “хіві” і 2176 мясцовых рабочых рук; у 129-й пяхотнай дывізіі — адпаведна 859 i 867 чалавек. Па падліках нямецкага даследчыка X. Раса, на заключным этапе вайны на савецка-германскім фронце ZADA з’яўлялася даволі стабільным утварэннем, службы якога колькасна набліжаліся да двух пяхотных батальёнаў, а часам складала амаль 20-25 % ад агульнага складу дывізіі [10, s. 368]. У той жа час як на іншых участках фронту гэтыя лічбы былі яшчэ больш значнымі. Напрыклад, у зоне дыслакацыі 3-й нямецкай танкавай дывізіі, якая з прыцягненнем мясцовага насельніцтва праводзіла работы па ўмацаванні лініі абароны на ўсход ад Віцебска, шчыльнасць яго выкарыстання на адну нямецкую дывізію дасягала 10 тысяч чалавек [11, s. 201].

Да сярэдзіны студзеня 1944 г. у склад гэтых падраздзяленняў былі ўключана практычна ўсё працаздольнае насельніцтва. Жанчыны і людзі сталага ўзросту, якія заставаліся ў вёсках, таксама прыцягваліся для выканання работ па пабудове ўмацаванняў і па падтрыманні парадку на дарогах дзеля забеспячэння ваенных паставак. У гэтай сувязі кідаецца на вочы, што калі зімой агульная колькасць выкарыстанай працоўнай сілы у асобных армейскіх карпусах складала каля 3 тысяч чалавек, дык на у пачатку лета іх колькасць вырасла амаль да памераў штатнай нямецкай дывізіі. Так, у пачатку сакавіка 1944 г. агульная колькасць прыцягнутага да працы цывільнай рабочай сілы ў 253-й пяхотнай дывізіі складала 998 чалавек, з якіх 781 мужчына i 207 жанчын. Асноўнай прычынай змяншэння агульнай колькасці цывільнай рабочай сілы сталі хваробы зімой 1943/1944 г. Сярод тых, хто не быў прыцягнуты да работ на германскі вермахт, узнікла амаль катастрафічная сітуацыя ў сувязі з амаль поўнай адсутнасцю прадуктаў харчавання, што было выклікана рабаваннем мясцовага насельніцтва часцямі вермахта і татальнай рэквізіцыяй жывёлы, выгнаннем жыхароў з дамоў і вёсак [10, s. 371].

Такім чынам, даследаванне толькі аднаго з малавядомых аспектаў ваеннай гісторыі Беларусі, праведзенае на аснове аналізу матэрыялаў замежнай гістарыяграфіі па гісторыі працоўнага выкарыстання мірных жыхароў Гомельшчыны напярэдадні яе вызвалення, пераканаўча сведчыць аб тым, што перад айчыннай гістарыяграфіяй стаіць адказная задача па дасягненні значна большай аб’ектыўнасці ў ацэнцы асобных працэсаў на тэрыторыі Беларусі перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

Спіс літаратуры

  1. Белорусские остарбайтеры. Угон населения Беларуси на принудительные ра­боты в Германию (1941-1944): Документы и материалы: в 2 кн. / сост. Г. Д. Кнатько [и др]. — Минск, 1996. — Кн. 1: (1941-1942) — 304 с.
  2. Белорусские остарбайтеры. Угон населения Беларуси на принудительные ра­боты в Германию (1941-1944): Документы и материалы: в 2 кн. / сост. Г. Д. Кнатько [и др.]. — Минск, 1997. — Кн. 2: (1943-1944)-472 с.
  3. Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны: в 3 т. / гл. редкол.: А. Т. Кузьмин [и др.]. — Минск, 1983. — Т. 1. — 591 с.
  4. Белорусские остарбайтеры: историко-аналитическое исследование / Г. Д. Кнатько [и др.]; под ред. Г. Д. Кнатько. — Минск, 2001. — 336 с.
  5. Гребень, Е. А. Привлечение нацистской Германией граждан Беларуси на принудительные работы (1941-1944 гг.): дис. … канд. ист. наук: 07.00.02 / Е. А. Гребень. — Минск, 2005. — 132 с.
  6. Гребень, Е. А. Привлечение нацистской Германией граждан Беларуси на принудительные работы в годы Великой Отечественной войны (1941-1944 гг.) / Е. А. Гребень // Беларусь у перыяд Вялікай Айчыннай вайны: погляд у святле новых крыніц. — Минск, 2005. — 182 с.
  7. Казлова, С. Л. Аграрная палітыка нямецкіх акупацыйных улад на тэрыторыі заходніх абласцей Беларусі (1941-1944 гг.): дыс. … канд. гіст. навук: 07.00.02 / С. Л. Казлова. — Мінск, 2006. — 157 с.
  8. Нікалаева, I. У. Жанчына Беларусі ў перыяд германскай акупацыі (1941-1944 г.): дыс… канд. гіст. навук: 07.00.02 / I. У. Нікалаева. — Мінск, 2006. — 140 с.
  9. Беларусь в годы Великой Отечественной войны 1941-1945 / А. А. Коваленя (рук. автор, кол-ва) [и др.]. — Минск, 2005. — 544 с.
  10. Rass, Ch. Menschenmaterial: Deutsche Soldaten an der Ostfront. Innenansichten einer Infanteriedivision 1939-1945 / Ch. Rass. — Padebom; Muenchen; Wien; Zucrich, 2003. — 486 s.
  11. Mueller, N. Wehrmacht und Okkupation. Zur Rolle der Wehrmacht und ihrer Fuerungsorgane im Okkupationsregime des faschistischen deutschen Inperialismus auf sowjetischem Territorium / N. Mueller. — Berlin, 1971. — 356 s.
  12. Die deutsche Wirtschaftspolitik in den besetzten sowjetischen Gebieten 1941-1943 / hrsg. von Rolf-Dieter Mueller. — Boppard am Rhein, 1991. — 671 s.
  13. Gerlach, Ch. Die deutsche Wirtschafts- und Vemichtungspolitik in Weissrussland 1941 bis 1944 / Ch. — Hamburg, 2000. — 1232 s.


Аўтар:
С.Я. Новікаў
Крыніца: Страницы военной истории Гомельщины: материалы науч.-практ. конф. / ред. кол.: А.А. Коваленя и др. – Гомель, 2008. – 236 с. Ст. 179-185.