Лячэнне рожы ў знахарскай практыцы ў Беларускім Палессі ў ХХ – пачатку ХХІ ст.

0
238
Лячэнне рожы ў знахарскай практыцы ў беларускім Палессі ў xx стагоддзі — пачатку XXI стагоддзя

Лячэнне традыцыйна з’яўлялася адной з важнейших знахарскіх функций на тэрыторыі Беларускага Палесся. У публікацыях другой паловы XIX — пачатку XX ст. падкрэсліваецца, што сяляне аддаюць перавагу лячэнню ў знахароў, да афіцыйнай жа медицины прыбягаючы толькі ў крайнім випадку [наприклад: 1, с. 191]. Аднак паступова, на працягу XX ст., большая частка хвароб, з якімі насельніцтва звярталася да знахароў за дапамогай, пераходзіць у кампетэнцыю навуковай медицины. Прычынай гэтага было разбурэнне традыцыйнай культуры ў выніку мадэрнізацыі грамадства. У пачатку XXI ст. у знахарскай практыцы рэгіёна захаваліся пераважна хваробы, якія, па меркаванню часткі насельніцтва, навуковай медыцынай не прызнаюцца і не лечацца, ці з цяжкасцю паддаюцца лячэнню ў межах навуковай медыцынскай парадигмы [падрабязней аб гэтым: 2]. Да такіх хвароб у знахарскай практыцы Беларускага Палесся адносіцца рожа.

Рожа (лат. «erysipelas») — гэта хвароба, якая з’яўляецца вынікам стрэптакокавай інфекцыі, якая развіваецца ў выніку пранікнення пад скуру, якая пашкоджана (парэзы, драпіны, сцёртасці і г.д.), асабліва ў людзей з аслабленым імунітэтам. Найбольш ярка выражаным сімптомам рожы, ад якога яна і атрымала сваю назву (ад фр. «rouge» — «чырвоны») з’яўляецца пачырваненне скуры (з наступным ацяканнем пашкоджанага ўчастка, яго шалушэннем) ў месцы развіцця інфекцыі [3, с. 440-442].

Нягледзячы на добрую даследаванасць прычын узнікнення рожы, яе лячэнне часта з’яўляецца цяжкім па прычыне значнай колькасці спадарожных фактараў, якія ўплываюць на ступень цяжкасці хваробы, яе запушчанасці у многіх выпадках, сталага ўзросту пацыентаў і г.д. Па гэтай прычыне сярод насельніцтва рэгіёна шырока распаўсюджаны ўяўленні аб тым, што рожа навуковай медыцынай не лечыцца, і лепшым спосабам справіцца з ёй, з’яўляецца зварот да знахароў: «Ілі там рожа, яно раскідуе краснае ногу, усё баліць і паедзь у бальніцу, там нічога не здзелаюць. А ў бабкі за два-тры дні ўсё праходзіць» (Касцючэнка Ніна Іванаўна, 1944 г.н., в. Губічы Буда-Кашалёўскага раёна. Да 1986 г. пражывала ў в. Кулажын Брагінскага раёна).Сярод апытаных аўтарам у 2008 г. жыхароў г. Гомеля да знахароў з рожай звярталася 16,2% ад агульнай колькасці тых, хто карыстаўся дапамогай знахароў (245 чалавек). Прычым гэтыя пераканані шырока распаўсюджаны ў тым ліку і сярод медыцынскіх спецыялістаў. Летам 2001 г. аўтар артыкула быў сведкам выпадку, калі загадчык хірургічнага аддзялення адной з бальніц г. Гомеля тлумачыў пацыенту з рожай, які два тыдні безвынікова прабыў у стацыянары, што таму лепей шукаць «бабку». Аб пашыранасці такой практыкі казалі і апытаныя аўтарам інфарманты, напрыклад, Сасноўская Ева Паўлаўна (1938 г. н., г. п. Лельчыцы Лельчыцкага раёна): «Рожа, от ужэ сколько прыходзілі, у больніцы отпраўляюць: “Ідзіце, шукайце бабу, хай баба гаворыць”» (Станько Ева Нікіфараўна, 1929 г. н., в. Чэмернае Лельчыцкага раёна).

Пры гэтым лячэнне рожы ў знахарскай практыцы Беларускага Палесся да гэтага часу не стала прадметам спецыяльнага навуковага даследавання, нягледзячы на дастаткова значную колькасць апублікаваных палявых этнаграфічных матэрыялаў [4], якія, аднак, у большасці выпадкаў, прадстаўлены ў выглядзе замоў [напрыклад: 5; 6] з мінімальным (за рэдкімі выключэннямі) суправаджальным тэкстам, а менавіта ён і з’яўляецца важным для разумення дадзенай тэмы.

Аднак лячэнне рожы менавіта ў знахарскай практыцы Беларускага Палесся і тым больш нейкія змены ў гэтым працэсе не былі даследаваны ў айчыннай этналогіі. Артыкул мае на мэце разгледзець практыку лячэння рожы і яе эвалюцыю ў знахарскай практыцы Беларускага Палесся ў ХХ — пачатку ХХІ ст. Для гэтага аўтарам былі выкарыстаны апублікаваныя матэрыялы палявых этнаграфічных даследаванняў, якія адносяцца да розных храналагічных адрэзкаў вывучаемага перыяду. Матэрыялы канца ХІХ — пачатку ХХ ст., якія дазваляюць ахарактарызаваць стан традыцыі ў перыяд яе паўнавартаснага функцыянавання, прадстаўлены тэкстамі Е.Р. Раманава [7, с. 75], А.К. Сержпутоўскага [8, с. 207-208 (№ 1855); с. 216 (№ 1953)], К. Машынскага [9, с. 168 (№ 67)]. Звесткі сярэдзіны — другой паловы ХХ ст. даюць апублікаваныя матэрыялы палявых этнаграфічных даследаванняў, якія праводзіў Інстытут славяназнаўства і балканістыкі АН СССР пад кіраўніцтвам М. І. Талстога [напрыклад: 5]. У рэшце, звесткі аб стане практыкі лячэння рожы ў канцы ХХ — пачатку ХХІ ст. прадтаўленымі ўласнымі матэрыяламі палявых этнаграфічных даследаванняў аўтара, якія праводзіліся на тэрыторыі Беларускага Палесся ў 2004-20015 гг., а таксама апублікаванымі палявымі этнаграфічнымі матэрыяламі [6].

Найбольш раннія звесткі аб лячэнні рожы змешчаны ў «Матэрыялах па этнаграфіі Гродзенскай губерніі» Е.Р. Раманава, і пазначаны як паходзячыя з в. Свішчы (Мураўёўскай воласці Пружанскага павета; цяпер — Жабінкаўскі раён): «Калі ў каго рожа, то вязуць зноў да знаючай бабы. Часам і далёка. Замаўляецца рожа на ўсходзе сонца тры разы, таму трэба быць тры дні. Рожа часам і сама праходзіць, а сяляне кажуць «памогла». Рожу таксама выпальваюць на твары. Баба кладзе паклю ільну і падпальвае» [7, с. 75]. У манаграфіі К. Машыньскага «Усходняе Палессе» аўтарам прыводзіцца лячэнне рожы «шаптухай» з дапамогай замовы: «пасля прамаўлення тэкста хворага падкурваюць дымам з пялёсткаў ружы» [9, с. 168 (№ 67)]. У «Прымхах і забабонах беларусаў-палешукоў» А.К. Сержпутоўскага прыведзены 2 тэкста ад рожы (усе з в. Чудзін, Ганцавіцкага раёна), у якіх апісваецца спосаб «высякання» рожы з дапамогаю крэсіва і крэмня: «Рожу больш усяго лечаць знахары. Яны бяруць крэсіво й крамянец і красуюць над хворым рожаю да яшчэ шэпчуць так: «красаю, б’ю, тну, высякаю, агонь дабываю. Як тут агонь сыплецца, каб так рожа высыпаласа». Гэ шэпчуць тры разы» [8, с. 207-208 (№ 1855)]; а таксама: «Рожа бывае так сабе з добрага раю. У нас ёсць такія людзі, знахары, каторыя добрэ красаюць рожу. Яны бяруць крэсіво й крамянец, становяцца перад хворым у цямку й пачынаюць красаць да штось шаптаць, дак рожа хутко прападае й больш не варочаецца» [8, с. 216 (№ 1953)].

Як бачна з вышэйпрыведзеных тэкстаў, традыцыйна ў Беларускім Палессі лячэнне рожы разглядалася як знахарская прэрагатыва, на што паказваюць тэксты Е.Р. Раманава, А.К. Сержпутоўскага [7, с. 75; 8, с. 207-208 (№ 1855), с. 216 (№ 1953)]. Прычынай гэтага, напэўна, з’яўляўся доўгі працэс лячэння рожы, што разглядалася як вынік ненаўмыснага ці наўмыснага чараўніцтва [8, с. 216 (№ 1953)]. Паказальна, што ў тэкстах А.К. Сержпутоўскага інфарманты звяртаюцца за дапамогай да «знахароў», у функцыі якіх звычайна ўваходзіла ліквідацыя наступстваў негатыўнага ўздзеяння («адрабленне»), хаця ў большасці выпадкаў, лячэннем рожы займаліся ўсё ж «шаптуны» [падрабязней аб аб функцыях розных тыпаў знахароў у рэгіёне глядзі: 2]. З тэкстаў бачна, што ў знахарскай практыцы рэгіёна існавала некалькі спосабаў лячэння рожы ад яе простага замаўлення, замаўлення з «выпальваннем» ільном [7, с. 75], акурваннем хворага месца пялёсткамі ружы [9, с. 168 (№ 67)], а таксама высяканнем рожы з дапамогай крэмня і крэсіва [8, с. 207-208 (№ 1855), с. 216 (№ 1953)]. Аб існаванні іншых спосабаў сведчаць матэрыялы «Тураўскага слоўніка»: «Рожу колісь вулівалі і вупісвалі» (г. зн. падчас чытання замовы, знахар вадзіў нажом ці іншым вострым прадметам лініі вакол хворага месца) (в. Сямігосцічы Столінскага раёна) [10, с. 169]. Паказальна, што прыведзеныя вышэй спосабы лячэння рожы знахарамі маюць выразны магічны сэнс, і накіраваны на выгнанне самой хваробы, у той час як спосабы лячэння, якія былі агульнараспаўсюджанымі сярод насельніцтва, з’яўляюцца накіраванымі менавіта на ліквідацыю сімптомаў рожы, г. зн. маюць больш рацыянальны характар.

Калі параўнасць вышэйпрыведзеныя звесткі з матэрыяламі сярэдзіны ХХ — пачатку ХХІ ст., то відавочнымі становяцца іх пэўныя адрозненні. Апошнія тычацца, перш за ўсё разнастайнасці спосабаў лячэння рожы. З чатырох тэкстаў замоў з каментарамі, прыведзеных у зборніку «Палескія замовы» [5, с. 189-196 (№ 314­316, 319, 321-322, 324)] ў чатырох прыводзіца спосаб лячэння з дапамогай «выпальвання» ільном на анучы (звычайна, чырвонага колеру). Гэтую тэндэнцыю падцвярджаюць і матэрыялы канца ХХ — пачатку ХХІ ст. [напрыклад, 6].

Згодна з даследаваннямі аўтара, падобная сітуацыя захоўваецца на тэрыторыі Беларускага Палесся і ў канцы ХХ — пачатку ХХІ ст. Як ужо адзначалася вышэй, рожа з’яўляецца адной з пастаянных праблем з якімі хворыя звяртаюцца да «знаючых» за дапамогай. Прычын яе ўзнікнення, на думку знахароў могуць быць як вынікам натуральных прычын: «Нападае, праколчык, разрэзік, удар» (Кудзінь Ядвіга Іванаўна, 1925 г. н., г. п. Лельчыцы. Нарадзілася ў в. Заходы Лельчыцкага раёна), так і вынікам звышнатуральнага ўздзеяння: «Рожа бывае тожа і з глаз, і от ветра, і бывае накідаюць» (Сасноўская Ева Паўлаўна, 1938 г.н., г.п. Лельчыцы). Для дакладнага вызначэння наяўнасці ці адсутнасці ў пацыента дадзенай хваробы звычайна праводзіцца дыягностыка, якая адбываецца непасрэдна падчас самога рытуалу лячэння: знахарка сочыць, як будзе гарэць падпалены лён, які выкарыстоўваецца ў лячэнні. Калі попел ад ільну ляціць уверх, лічаць, што чалавек хворы на рожу. У адваротным выпадку прычына хваробы іншая. Краўчэня Галіна Ігнацьеўна (1939 г. н., в. Чырвонабярэжжа Лельчыцкага раёна. Нарадзілася ў в. Храпунь Столінскага раёна) гаворыць наступнае: «І вонэ як рожа есцека, вона эта рожа дзейсцвіцельна, вонэ этэ зназу понесе ўгору, ўгору ўсе эта пыль полеціць, но як нема рожы, то вонэ не будзе, будзе лежаць у мене на месці».

Асноўным рытуалам для лячэнне рожы з’яўляецца вышэйзгаданае «выпальванне», якое з’яўляецца асноўным спосабам лячэння рожы ў сучаснай знахарскай практыцы рэгіёна. Пры выкарыстанні гэтага спосабу знахар звычайна перад чытаннем замовы (у некаторых выпадках пасля чытання) накрывае хворае месца чырвонай (радзей іншага колеру) анучай, на якую кладзе 3 ці 9 пасмачак ільну, які, вымаўляючы адпаведную колькасці пасмачак ільну колькасць разоў замову, кожны раз спальвае адну з пасмачак. Часта пасля лячэння чырвоны кавалак тканіны пераварочваецца і кладзецца на хворае месца, пакідаючы яго там на пэўны час. Фіцнер Вольга Іосіфаўна (1929 г. н., в. Грэбені Лельчыцкага раёна. Нарадзілася ў в. Жмурнае Лельчыцкага раёна) «спальвае рожу» наступным чынам: «Ну, я ту спальваю, я рожу спальваю. Тожа тут… Берэш прадзіво, от як колісь прадзіво, лён і так почутачку выцягаеш дзевяць раз і так почутачку клубочкі, тры клубочкі такога. По дзевяць етых во, і ўмэсто, і зробіш тры клубочкі. І ету ложыш красну трапку шэрсцяну на эта места дзе рожа і ета тожэ, шэпчэш». Аналагічнага спосабу лячэння рожы прытрымліваецца і Цярлецкая Валянціна Антонаўна (1930 г.н., в. Дубое Пінскага раёна): «Палю. Я палю. Я помолылася рожу, помолылася тую молітву. После ўзяла, наскубла льну, так дзеўяць такых косумчыкоў, наскубла і наклала. Сьвечку запалыла, помалэньку закрыла красною трапочкаю, там, чы ногу, чы руку. Поклала поціхоньку, то ж нэ будэш палыты так, поціхоньку, одну, да свічэчкою запалыла, одну, другу, ўсі попалыла, еслі рожа, вона ўсе быстрэнько ўгору лэціць. Нэ ўсьпіе загорытысь, як у гору палэтыць».

Пэўныя змены закранулі і іншыя аспекты выканання рытуалу. Так, у выніку змянення ладу жыцця насельніцтва, для многіх інфармантаў нават у сельскай мясцовасці становіцца праблематычным дастаць лён. Некаторым па іх просьбе яго прыносяць пацыенты. Аднак некаторыя інфарманты ў якасці замены ільну пачалі выкарыстоўваць сучасныя матэрыялы. Напрыклад, Варабей Марына Міхайлаўна (1940 г. н., в. Баравое Лельчыцкага раёна) выкарыстоўвае замест ільну вату: «Ну я ж говору, нада красна суконна така трапачка і вату. У вас німа ў горадзе, у нас то лён йе. Я яго ўжэ бяру й не сею зараз. Любу вату, любу вату. Так». Павелічэнне мабільнасці насельніцтва ў ХХ ст. прывяло да таго, што часта знахар і патэнцыйны пацыент пражываюць на вялікай адлегласці адзін ад аднаго. У выніку ў знахарскай практыцы Беларускага Палесся назіраецца павелічэнне безкантактных спосабаў лячэння (калі замовы нагаворваюць на ваду, хлеб, адзенне і іншыя рэчы, якія потым даюць хвораму). Аднак рожа, якая патрабуе не простага замаўлення а дакладнага выканання рытуалу, на думку многіх інфармантаў, не можа лячыцца дыстанцыйна: «Я іменна знаю, шо яйцо, хлеб і вада эта можна іспуг, зглаз, о такое. А напрымер рожа, ўжэ етага не дасі» (Астаповіч Ганна Уладзіміраўна, 1950 г. н., г. п. Лельчыцы Лельчыцкага раёна. Нарадзілася ў в. Лохніца Лельчыцкага раёна). Аднак, нават з такіх сітуацый пры патрэбе знаходзіцца выйсце. Так, Міненка Дар’я Марцьянаўна (1914 г. н., г. п. Лельчыцы Лельчыцкага раёна) лячыла рожу, шэпчучы замову па тэлефоне, у той час як яе знаёмая спальвала лён непасрэдна над хворым: «А я, а я ж по ціліхвону. Не хоцела. А там сястра, яго дачка, да робіць у больніцы, у военном госпіталі. І дружыць зь імі. А -а, да просяць: “Шапчы по ціліхвону”».

Яшчэ адной тэндэнцыяй, звязанай з лячэннем рожы, з яўляецца павелічэнне ўплыву хрысціянскай этыкі (як, уласна, на знахарства ўвогуле), на працягу ХХ ст. Гэта праяўляецца, напрыклад, у выкарыстанні пры лячэнні хрысціянскіх малітваў, правядзення працэса лячэння перад іконамі і г. д. Напрыклад, Кузьміч Фядора Мартынаўна (1923 г. н., в. Баландзічы Іванаўскага раёна) спальвае рожу менавіта царкоўнымі свечкамі: «Ну я запалыла свечкі, ў менэ светыя, ў мэнэ і з Кіева, Лаўры, ў мэнэ і Зраіля есця, ну дэ Сус Хрыстос родзіўса, у мэнэ і з Печэева, у мэнэ Жыровічы, ў мэнэ і з Москвы е, свечы. О люды скіля, я попрошу, мне прывозяць».

Такім чынам, лячэнне рожы ў знахарскай практыцы Беларускага Палесся зазнала значныя змены, якія заключаюцца, перш за ўсё, ў змяншэнні колькасці спосабаў яе лячэння, а таксама павелічэнні ўплыву хрысціянскай этыкі на знахарскую прыктыку ў параўнанні з першай трэццю ХХ ст.

Спіс выкарыстаных крыниц и литаратуры

  1. Крачковский, Ю. Ф. Быт западно-русского селянина / Ю. Ф. Крачковский; Изд-во Имп. о-ва истории и древностей рос. при Моск. ун-те. — М.: Университет. тип., 1874. — 212 с.
  2. Ганчар, У. А. Накірункі знахарскай дзейнасці ў Беларускім Палессі і іх змены ў ХХ — пачатку ХХІ ст. / У. А. Ганчар // Научные труды Республиканского института высшей школы: в 2 ч.: сб. науч. ст. / под ред. В.Ф. Беркова. — Минск: РИВШ, 2011. — Вып. 11, ч. 1: Исторические и педагогические науки. — С. 24-30.
  3. Большая медицинская энциклопедия / авт. Сост. Н.Б. Светлакова. — М.: АСТ: ХРАНИТЕЛЬ, 2008. — 899 с.
  4. Народная медыцына: рытуальна-магічная практыка / Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі; уклад., прадм. і паказ. Т. В. Валодзінай; навук. рэд. С. Ліс. — Мінск: Беларус. навука, 2007. — 774 с. — (Беларуская народная творчасць).
  5. Полесские заговоры: в записях 1970-1990-х гг.: сб. / Рос. акад. наук, Ин -т славяноведения. — М.: Индрик, 2003. — 751 с. — (Традиционная духовная культура славян. Публикация текстов).
  6. Вяргеенка, С. А. «На моры-акіяне, на востраве Буяне.» (лекавыя замовы Гомельшчыны): фальклор. -этнагр. зб. / С. А. Вяргеенка; М-ва адукацыі Рэсп. Беларусь, Гомел. дзярж. ун -т імя Ф. Скарыны; пад рэд. С. Новак. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2009. — 220 с.
  7. Материалы по этнографии Гродненской губернии: [в 2 вып.] / изд. Упр. Вилен. учеб. округа; под редакцией Е.Р. Романова. — Вильно: Рус. почин, 1911-1912. — Вып. 1. — 1911. — 239 с.
  8. Сержпутоўскі, А. К. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў / А. К. Сержпутоўскі; навук. рэд. А. С. Фядосік; прадм. У. К. Касько]. — Мінск: Універсітэцкае, 1998. — 301 с.
  9. Машынскі, К. Усходняе Палессе / Казімір Машынскі; уклад., прадм., камент. У. Васілевіча; пер. Л. Салавей. — Мінск: Беларуская навука, 2014. — 528 с. — (Беларускі кнігазбор: Серыя 2, Гісторыка-літаратурныя помнікі).
  10. Тураўскі слоўнік: у 5 т. / Акад. навук БССР, Ін-т мовазнаўства імя Я. Коласа; склад: А. А. Крывіцкі, Г. А. Цыхун, І. Я. Яшкін; рэд. А. А. Крывіцкі. — Мінск: Навука і тэхніка, 1982-1987. — Т. 1: А-Г / склад. А. А. Крывіцкі [і інш.]. — 1982. — 255 с.

Аўтар: У.А. Ганчар
Крыніца: Беларусь у ХІХ-ХХІ стагоддзях: этнакультурнае і нацыянальна-дзяржаўнае развіццё: зборнік навуковых артыкулаў / рэдкал.: В. А. Міхедзька (адказны рэд.) [і інш.]; М-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гом. дзярж. ўн-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2015. — 281 с. Ст. 244-250.