Лячэнне людзей у знахарстве Беларускага Палесся ў ХХ — пачатку ХХІ ст.

0
387
Беларускае Палессе і знахарства на ім раней

Разглядаецца эвалюцыя практыкі лячэння людзей у знахарстве Беларускага Палесся ў ХХ — пачатку ХХІ ст. Паказваюцца асаблівасці дадзенага кірунку знахарскай практыкі ў розных тыпаў «знаючых» на тэрыторыі рэгіёна. Аўтарам прасочваюцца змены знахарскай практыкі лячэння людзей. Робіцца вывад аб паступовым звужэнні дадзенай сферы ў разгляданы перыяд і захаваннем у знахарскай кампетэнцыі хвароб, якія, на думку часткі насельніцтва, навуковай медыцынай не лечацца.

Адсутнасць задавальняючай інфраструктуры медыцынскіх устаноў у Беларускім Палессі ў канцы ХІХ — пачатку ХХ ст., з аднаго боку, пры абмежаваным доступе да здабыткаў навуковай медыцыны для асноўнай масы насельніцтва — сялянства (што было абумоўлена не толькі сацыяльна-эканамічнымі, але і культурнымі бар’ерамі) — з другога, мела вынікам высокую запатрабаванасць знахарства ў рэгіёне. Лячэнне людзей мела, сярод іншых функцый «знаючых», выключнае значэнне ў знахарскай практыцы. Пры гэтым за ХХ ст. сітуацыя ў дадзенай сферы істотна змянілася: у рэгіёне ствараецца развітая медыцынская інфраструктура, знікаюць сацыяльныя бар’еры доступу да паслуг урачоў. На першы погляд, лагічна дапусціць, што распаўсюджванне дасягненняў навуковай медыцыны, прапаганда навукова-медыцынскіх ведаў павінна прывесці да знікнення знахарства за яго непатрэбнасцю. Аднак, як паказваюць палявыя этнаграфічныя даследаванні аўтара, знахарства працягвае існаваць і карыстацца попытам сярод часткі насельніцтва. Між тым, дадзеная сітуацыя практычна не адслюстравана ў навуковай літаратуры, прычыны захавання і функцыянавання знахарства, сам характар знахарскай практыкі ў пачатку ХХІ ст. у параўнанні з пачаткам ХХ ст. даследчыкамі не разглядаліся.

Мэта дадзенага артыкула — прасачыць эвалюцыю знахарскай практыкі лячэння людзей на тэрыторыі Беларускага Палесся ў ХХ — пачатку ХХІ ст. Як ужо адзначалася вышэй, у навукой літаратуры дадзеная тэма практычна не разглядалася. У крыніцах прадстаўлена характарыстыка лячэння знахарамі людзей у перыяд да канца першай трэці ХХ ст. Аднак аналіз зменаў у знахарскай практыцы пасля 1930-х гг. даследчыкамі не праводзіўся. Асноўнымі крыніцамі па тэме з’яўляюцца апублікаваныя матэрыялы палявых этнаграфічных даследаванняў канца ХІХ — пачатку ХХІ ст., а таксама палявыя этнаграфічныя матэрыялы, якія збіраліся аўтарам на тэрыторыі Беларускага Палесся ў ХХ — пачатку ХХІ ст.

«Знаючыя» на тэрыторыі Беларускага Палесся традыцыйна падзяляліся на две асноўныя групы: «шаптуны» і «знахары», якія адрозніваліся меркаванымі крыніцамі паходжання іх звышнатуральнай сілы. Так, лічылі, што «шаптуны» ажыццяўляюць сваю дзейнасць з дапамогай Бога, хрысціянскіх святых, а таксама іншых звышнатуральных істот і персаніфіканых стыхій (напрыклад, зораў, вады), якія ў народным уяўленні мелі ў цэлым спрыяльнае да людзей стаўленне. «Знахары» ж, па агульным меркаванні, атрымоўвалі свае здольнасці ад нячыстай сілы [падрабязней аб тыпах знахароў у Беларускім Палессі глядзі: 1]. Гэтыя адрозненні ў крыніцах магічнай сілы вызначалі ў тым ліку і іх функцыі.

Так, лячэнне людзей «шаптунамі», па звестках крыніц, з’яўлялася іх важнейшай функцыяй. Да кампетэнцыі носьбітаў знахарскіх ведаў гэтага тыпу адносіліся тры групы хвароб. Пры гэтым трэба разумець, што ў адной назве хваробы ніжэйпрыведзенай класіфікацыі можа ўтрымлівацца некалькі захворванняў у адпаведнасці з сучаснай навукова-медыцынскай класіфікацыяй. Першая група — хваробы, якія нібыта былі вынікам ненаўмыснага чараўніцтва на чалавека («урокі», «прыстрэк», «начніцы», «нуда», «падвей», «дзецкае»). Найбольш пашыранй формай ненаўмыснага звышнатуральнага ўздзеяння сярод насельніцтва рэгіёна лічылі «урокі». К. Машыньскі адзначае аб сялянах в. Дарашэвічы (цяпер — Петрыкаўскі раён): «Калі маці, шкадуючы дзіця, доўга корміць яго грудзямі, або, адлучыўшы ад грудзей, зноў пачынае яго карміць імі, то такі чалавек будзе мець урачвівыя вочы, ад пагляду якіх паміраюць і людзі і свойская жывёла» [2, с. 167 (№ 304)]. Да гэтай жа групы таксама адносілася і псіхічнае ўздзеянне на чалавека, якое не з’яўлялася вынікам чараўніцтва, перш за ўсё «ляк». Інфармант А.К. Сержпутоўскага адзначаў: «Ест такія бабы, каторыя добра ўмеюць качаць пярэпалах», «Ат урокаў ці падзіву не памагаюць жодныя лекі дахтуроў, а трэба іх лячыць толькі дома рознымі прымхамі да прасіць тых баб, каторыя добрэ ўмеюць, як атхадзіць ат гэстае напасці» [3, с. 186-187]. Другая група — хваробы чалавека («скула», «рожа», «вогнік», «волас», «бародаўкі», «лішай», «ячмень», «бяльмо», «сухоты», «ліхаманка», грыжа, зубны боль), прычыны якіх пераважна лічылі фізічнымі, хімічнымі ці біялагічнымі. Хаця ў асобных выпадках, асабліва калі хваробы гэтай групы не паддаваліся лячэнню, іх пачыналі бачыць як вынік ненаўмыснага ці нават наўмыснага чараўніцтва. Так, Е.Р. Раманаў, апісваючы захворванні ў сялян Гродзенскай губерні, адзначае: «Калі ў каго рожа, то вязуць зноў да знаючай бабы» [4, с. 75]. Трэцяя група — хваробы чалавека («звіх», «удар», крывацёк, «залатнік», змяіны ўкус) і жывёлы («звіх», «удар», крывацёк, змяіны ўкус), прычыны якіх мелі механічнае паходжанне і прыводзілі да пашкоджвання знешніх і ўнутраных органаў. А.Ф. Асяндоўскі паведамляе, што «шаптуны» «ўмеюць замаўляць любую “балячку”, “кроў”, начніцы, “пад”, ліхаманку, рожу, невыносны боль зубоў ці адпаведным “загаворам” дапамагчы рожаніцы» [5, с. 137].

Звычайна «шаптуны» спецыялізаваліся на лячэнні адной ці некалькіх хвароб. Так, Я. Бараноўскі, які ў канцы 1920-х гг. даследаваў традыцыйную культуру вёскі Радзівілавічы (сучасная в. Дзяржынск Лельчыцкага раёна) апісвае мясцовых «шаптуноў» наступным чынам: «Затое знахары і розныя бабкі пануюць там непадзельна. Ёсьць шмат розных “спэцаў”: шаптуны, намоўшчыкі, лекары раслінамі — “тэрапэўты”, есьць і “хірургі” (як, напр. Максім Краўчэня, што рэжа скулы). Ёсьць нават “спэцы” і па вэнэрычных, як вышэйназваная Камарыха, што лечыць “пранцы” нейкаю настойкаю ці адварам з кары» [6, с. 63]. Іншыя «шаптуны» займаліся лячэннем шырокага спектру хвароб з усіх трох груп. Напрыклад, Дудко Марыя Аляксандраўна (1922 г.н., в. Полкацічы Іванаўскага раёна) так апісала «шаптуху», да якой раней вазіла лячыць дачку: «То вона ўжэ ўсё знае. Вона нычого ныкому нэ робыць. А вона як бае, чы дзіцям, чы шчо, то вона бае за раз і ўрокы, і свою, і ўсе, баба яе так уміла была, до бабы ўсе ходзілы, і то вона тэпэр бае. Вона дажэ скажэ вам чы зроблэно, чы шчо. Неколы я свою дочку возыла, малээ была, то возіла, тэпэр унукі до ее ўсё возімо. Ўсе туды возяць» [7, арк. 103].

Сувязь з нячыстай сілай, на думку насельніцтва, дазваляла «знахарам» — другой з існаваўшых у Беларускім Палессі групы «знаючых» — уздзейнічаць на навакольны свет і соцыум у станоўчым і адмоўным кірунках. Аб гэтым сведчыць распрацаваная тэрміналогія, якая выражалася ў антонімах: «зачараваць» — «адчараваць», «зрабіць» («прырабіць») — «адрабіць». Беларусы Мазырскага павета лічылі, што «ведзьмары, ведзьмы да чарадзейнікі робляць усялякія рэчы, гамоняць загаворы й такім чынам зачароўваюць людзей, гаўядо да ўсялякае жыўёло, расліну й нават могуць так зачараваць, што стрэлба не страляе, або жывіць, ці што-небудзь іньшае. Як хто ачаруе, та трээ шукаць мацнейшаго чараўніка, каб ён атрабіў ці вярнуў тое зачараванне на таго самого чараўніка ці ведзьмара, які тое прырабіў» [3, с. 264]. Амянчук Аляксандра Паўлаўна (1935 г.н., в. Моладава Іванаўскага раёна) адзначае: «Знахоры от казалы ў нас, на Бусы была такая Тэкля знахірка, от тая могла нешо зробыты і одробыты» [7, арк. 107]. У залежнасці ад спосабу ўздзеяння дадзеныя тэрміны маглі ўдакладняцца. Напрыклад, Касцючэнка Ніна Іванаўна (1944 г.н., в. Губічы Буда-Кашалёўскага раёна. Да 1986 г. пражывала ў в. Кулажын Брагінскага раёна) назвала наступныя спосабы ўздзеяння: «надзеланае, наробленае, нагаворанае, пяском пасыпанае» [7, арк. 7].

Паколькі забеспячэнне ўласнага здароўя з’яўляецца адной з прыярытэтных мэтаў у любым грамадстве, дзейнасць «знахароў» ў гэтым кірунку з’яўлася істотным скланікам іх практыкі. У адносінах да чалавека «зрабіць» азначала зачараваць яго, што мела вынікам хваробу, у тым ліку і псіхічнага характару, якая не паддавалася лячэнню ніякімі сродкамі, а таксама смерць. Так, К. Машыньскі адзначае: «Калі чалавек (найчасцей чараўнік або чараўніца) хоча гарантавана камусьці нашкодзіць, то заклінае непрыяцеля, заломваючы завітку ў яго жыце, каноплях ці лёне» [2, с. 144 (№ 82)]. Адзін з карэспандэнтаў Е.Р. Раманава паведамляе аб беларусах Гродзенскай губерні наступнае: «Чараўнік і варажбіт, вядзьмар і ведзьма, па разуменні сялян, могуць зрабіць людзям вялікае зло па сваім асабістым жаданні, і пры тым такое зло, якое робіцца пры дапамозе нашэптванняў ці іншых загадкавых дзеянняў» [4, с. 46]. Вынікам гэтага маглі быць самыя розныя: фізічная хвароба, псіхічны разлад ці нават смерць. Як адзначае Ч. Пяткевіч: «[…] людзі моцна вераць у тое, што чараўнік у хаўрусе з чортам, з дапамогаю розных дзеянняў, спалучаных з праклёнам і замоваю, а таксама з атрутаю, можа наслаць усялякія хваробы, і у прыватнасці танец св. Віта, падучку, ліхаманку і інш.» [8, с. 492]. З другога боку, «адрабіць» азначала пазбавіць чалавека ад насланых чараў. Сак Таццяна Іванаўна (1944 г.н., в. Полкацічы Іванаўскага раёна) так характарызуе «знахара»: «У нас на Вілах Колітко буў знахор, но він не знахор, шо мог здзелаты, він одробляў, он быто знаў, шо зроблено, як зроблено, то вон мог одробыты» [7, арк. 102].

У шэрагу сфер функцыі абодвух тыпаў знахароў не былі строга падзелены. У пэўных сітуацыях іх практыка перасякалася. Напрыклад, у крыніцах адзначаюцца выпадкі, калі «шаптуны» выконвалі такія функцыі «знахароў», як «зацінанне» ці спыненне пажару [5, с. 137], а «знахары» лячылі «крыксы» [9, с. 416]. У такіх выпадках за «знахарамі» часцей за ўсё былі замацаваныя больш цяжкія здарэнні, ці калі дапамога «шаптуноў» была безвыніковай. Ч. Пяткевіч зафіксаваў наступнае выказванне беларусаў Рэчыцкага павета аб лячэнні ад укусаў змей: «Як серая або рудая гадзюка (Vipera chersea) укусіць, то й баба адшэпча, і якое-небудзь зельле паможа, а як жа, не давядзі Госпадзі, чорная, то бэз знахара ніхто і нішто не дась рады» [8, с. 317]. Паколькі «знахары» лічыліся мацнейшымі за «шаптуноў», то маглі выконваць і іх функцыі. Аднак на практыцы да «знахароў» з праблемамі, якія адносіліся да функцый «шаптуноў», звярталіся рэдка. Гэта тлумачыцца як эканамічнымі прычынамі (дзейнасць «знахароў» узнагароджвалася ў большым памеры чым практыка «шаптуноў», якім плацілі сімвалічна), так і страхам перад магчымымі наступствамі звяртання да «знахароў» па дапамогу. Напрыклад, існавала павер’е, згодна з якім нячыстая сіла патрабуе ад «знахароў» аплату за дапамогу, якая магла выражацца ў тым ліку і ў выглядзе жыцця кожнага №-га пацыента, які ў выніку паміраў. Інфармантка з вёскі Касцюковічы Мазырскага раёна адзначае: «Ёна [«знахарка». — У.Г.] чертьмі заведуе. На сотого попадешься [г.зн. будзеш сотым па ліку], дак ўтопішься: сотого она сдае [нячыстым — па дамове]» [10, с. 79]. Інфармант А.К. Сержпутоўскага паведамляе, што «знахар» мае ўладу над тым, каго лячыў: «Нашы жанкі часто самі ходзяць к ведзьмам ці чараўніком на параду, як каровы не даюць малака ці з імі зробіцца якое-небудзь другое ліхо. Чараўнікі тагды хаць атрабляюць, але на потымяны маюць моц над тым гаўядам» [3, с. 85].

У першай трэці ХХ ст. большасць насельніцтва Беларускага Палесся, асабліва сярод сялян, пры лячэнні хвароб аддавала перавагу знахарству. Аднак на працягу 1930-1980-х гг. роля знахароў у гэтай сферы зменшылася па некалькіх прычынах. Па-першае, да 1930-х гг. на тэрыторыі Беларускага Палесся, асабліва ў сельскай мясцовасці, інфраструктура навуковай медыцыны была слаба прадстаўлена. У. Жук і П. Панкоў, характарызуючы быт сялян вёскі Дуброва (сучасны Лельчыцкі раён) у канцы 1920-х гг., адзначаюць: «Мэдычнай дапамогай насельніцтва забясьпечана слаба. Мэдыцынскі пункт знаходзіцца ў м-ку Лельчыцы. Дзейнасьці мэдыка-санітарных устаноў у сэнсе аздараўленьня вёскі амаль што ніякай не назіраецца. Пры хворасьці дзяцей перш за ўсё зварачаюцца да “баб” (шаптух), а потым, калі ўжо нічога не памагае, зварачаюцца па дапамогу ў больніцу» [11, с. 49]. Гэта пацвярджаюць і апытаныя інфарманты. Напрыклад, Антоненка Ніна Аляксандраўна (1924 г.н., в. Каўбасы Нараўлянскага раёна. У 2012 г. пражывала ў г. Мазыр) так апісвае часы свайго дзяцінства: «Колісь жэ помогалось, я ж тобе кажу, колісь толькі лекамі ето шапталі, больніц не было. І папа мой росказував, што больніц не было. Ў Рэчыцы больніца толькі была» [7, арк. 127]. Па-другое, неабходна адзначыць недавер значнай колькасці насельніцтва, перш за ўсё сялянства, да навуковай медыцыны. Э. Яленьска прыводзіць наступны парадак лячэння насельніцтва ў вёсцы Камаровічы Мазырскага павета на мяжы ХІХ-ХХ стст.: «У вёсцы ёсць аплочваемы паветам фельдшар, ёсць невялікая аптэка, і нават шпіталь на некалькі ложкаў. Народ, аднак, мала карыстаецца тымі благамі. Калі хто захварэе, то спачатку доўгі час ўвогуле не звяртае на гэта ўвагі. Затым, калі хвароба мацнее, збіраюцца суседкі, раюць розныя лекі і спрабуюць іх. Калі і гэта не спрацуе, то ідуць да знахаркі. Калі ж і яе намаганні не дапамогуць, толькі тады ідуць да фельдшара, амаль заўсёды неахвотна, наракаючы на яго і на яго лекі» [12, с. 59]. Э. Яленьска тлумачыць нежаданне сялян звяртацца да афіцыйных урачоў іх кансерватыўнасцю, а таксама з тым, што фельдшару неабходна плаціць грашыма і больш, чым знахарам. Яшчэ адной прычынай было шырока распаўсюджанае сярод насельніцтва меркаванне, што толькі знахары могуць лячыць пэўныя хваробы. Так, адзін з інфармантаў М. Федароўскага адзначае: «Ад каўтуна, ці ад урокаў, ці ад падвеяння, то жадзін дохтар не паможа, бо гэта анно знахары ведаюць як адрабіць» [13, с. 103].

З 1930-1950-х гг. попыт на знахарскую дзейнасць у галіне лячэння зніжаецца. Гэтаму паспрыяла прапаганда медыцынскіх спосабаў лячэння хвароб, адукацыя, а таксама развіццё сеткі медыцынскіх устаноў у сельскай мясцовасці, асабліва з 1950-х гг. Гэтым тлумачыцца паступовы пераход лячэння значнай часткі хвароб, якія раней былі ў кампетэнцыі знахарства, да навуковай медыцыны. Так, яшчэ ў 1960-я гг., па звестках Л.І. Мінько, многія бацькі хворых на спазмафілію дзяцей адвозілі да знахароў [14, с. 120-121]. Сучасныя ж матэрыялы палявых даследаванняў сведчаць, што ўжо ў канцы ХХ — пачатку ХХІ ст. да «знаючых» з падобнымі захворваннямі не звяртаюцца, аддаючы перавагу навуковай медыцыне. Напрыклад, Касцючэнка Ніна Іванаўна (1944 г.н., в. Губічы Буда-Кашалёўскага раёна. Да 1986 г. пражывала ў в. Кулажын Брагінскага раёна) так ахарактарызавала запатрабаванасць насельніцтва ў знахарскіх паслугах па лячэнні: «Большэ нуждалісь после вайны і ва врэмя вайны, у перыяд дзета да пяцьдзесят восьмага-пяцьдзесят дзевятага года (1958-1959 гг. — У.Г.). Патом начча будта бы зацішша было. Так, людзі прыходзілі. У дзярэўні у каго-та скула, у каго-тарожа села, яны ідуць і шукаюць такіх бабак» [7, арк. 7].

У выніку гэтых працэсаў у кампетэнцыі знахароў засталіся толькі тыя хваробы, якія, на думку часткі насельніцтва, навуковай медыцынай лячыцца не могуць, а лечацца толькі знахарамі. Гэта пацвярджаюць і матэрыялы анкетавання. Так, адзін з рэспандэнтаў (жанчына 27 гадоў, г.п. Давід-Гарадок Столінскага раёна) на пытанне: «Якія змены адбыліся са знахарствам?» адказала: «раней знахары замянялі лекараў, а цяпер больш варажбуюць зглаз» [15]. Яшчэ адзін рэспандэнт дапаўняе гэты адказ (г. Мазыр): «У наш час людзі звяртаюцца за дапамогай да таблетак, а да знахараў звяртаюцца ў крайніх выпадках» [15]. Знахарства Беларускага Палесся ў канцы ХХ — пачатку ХХІ ст. прадстаўлена «шаптунамі», таму ў знахарскай практыцы захаваліся пераважна тыя хваробы, якія раней уваходзілі ў сферу дзейнасці гэтага тыпу знахароў.

У выніку пазначаных вышэй працэсаў у канцы ХХ — пачатку ХХІ ст. асноўным заняткам знахароў з’яўляецца менавіта лячэнне людзей. Пераважна гэта хваробы, нібыта выкліканыя немаўмысным чараваннем ці ўздзеяннем на чалавека («урокі», «зглаз», «ляк», «насланне»), пэўныя хваробы скуры («рожа», «скула»), розныя бытавыя траўмы («звіх», «удар», «крывацёк»). Астаповіч Ганна Уладзіміраўна (1950 г.н., г.п. Лельчыцы Лельчыцкага раёна. Нарадзілася ў в. Лохніца Лельчыцкага раёна) прывяла тыповы пералік хвароб, ад якіх лечаць сучасныя знахары: «Нервы ў мяне ёсць малітва, я лячу, нервы лячу, іспуг лячу, зглаз лячу, дзеткам ночное, дзецкая балезнь, как цяпер называюць пілепсія, патом ішчэ ізвіх, вот колыхнулі ногу, я напраўляю, удар, еслі ударыў крэпка боль, то я эта лячу, вот такія вот» [7, арк. 18]. У знахарстве ў канцы ХХ — пачатку ХХІ ст. існуе трывалы падзел хвароб на тыя, якія лечацца знахарамі, і тыя, з якімі неабходна звяртацца да навуковай медыцыны. Па словах Касцючэнкі Ніны Іванаўны (1944 г.н., в. Губічы Буда-Кашалёўскага раёна. Да 1986 г. пражывала ў в. Кулажын Брагінскага раёна), «еслі печань ілі там што-та такое сер’ёзнае, дак канешна к врачам. А еслі, дапусцім, у чалавека села чырка, ён паехаў у бальніцу, яму там разрэзалі, а яна не зажывае, то ён прыходзіць і к бабке і яна зажывае. Ілі там рожа, яно раскідуе краснае ногу, усё баліць і паедзь у бальніцу, там нічога не здзелаюць. А ў бабкі за два-тры дні ўсё праходзіць» [7, арк. 7]. Калі «шаптуха» лічыць, што не можа дапамагчы хвораму ад пэўнай хваробы, то ў залежнасці ад пастаўленага ёй дыягназу накіроўвае яго да другой знахаркі ці ў бальніцу. З другога боку, інфарманты прыводзяць выпадкі, калі некаторыя ўрачы пры пэўных хваробах, напрыклад «рожы», самі накіроўваюць пацыентаў да знахароў. Як адзначае Сасноўская Ева Паўлаўна (1938 г.н., г.п. Лельчыцы Лельчыцкага раёна), «рожа, от ужэ сколько прыходзілі, у больніцы отпраўляюць: “Ідзіце, шукайце бабу, хай баба гаворыць”» [7, арк. 44].

Аб запатрабаванасці асобных знахарскіх функцый насельніцтвам сведчыць анкетаванне жыхароў горада Гомеля. Рэспандэнтам было прапанавана адказаць на пытанне аб асноўных функцыях знахароў (лячэнне людзей, лячэнне жывёлы, варажба). Варыянт адказу «лячэнне людзей» адзначылі 395 чалавек (79 %), прычым абсалютная большасць апытаных (344, або

68,8 %) ахарактарызавалі гэты занятак знахароў як часты. Абсалютная большасць рэспандэнтаў, якія карысталіся паслугамі знахароў (240 чалавек, або 98 %), звярталіся да іх, каб вылечыць пэўныя захворванні. Большасць з іх ахарактарызавала інтэнсіўнасць свайго звяртання да знахароў словам «рэдка». «Частым» сваё звяртанне да знахароў па дапамогу ў лячэнні хвароб палічылі 76 рэспандэнтаў (або 31,6 % ад тых, хто звяртаўся за дапамогай да знахароў). Часцей за ўсё насельніцтва горада Гомеля звяртаецца да знахароў для лячэння «ляку». «Урокі» і «порчу» назвалі 48 (20 % ад тых, хто звяртаўся да знахароў) і 53 (22,1 % ад тых, хто звяртаўся да знахароў) чалавек адпаведна. Колькасць тых, хто звяртаўся да знахароў за дапамогай у лячэнні іншых хвароб, меншая (пры «рожы» да знахароў звярталася 16,2 %, «скулы» — 4,5 %, звіх-удар — 12,9 % ад агульнай колькасці апытаных, што звярталіся да знахароў). Радзей у знахароў лячылі «волас», «агульнае недамаганне», «уросшы ногаць», «аціт», «язву», «рак», «нервовыя захворванні», «павышаную санлівасць», «боль у хрыбце», «кашаль» [16].

22,1 % рэспандэнтаў, якія звярталіся да знахароў, лячыліся ад «порчы». Слова «порча», запазычанае з рускай мовы, шырока распаўсюдзілася ў другой палавіне ХХ ст., асабліва сярод гарадскога насельніцтва і моладзі, замест традыцыйных абазначэнняў тыпу «зроблена». Аднак у выніку знікнення «знахароў», у кампетэнцыі якіх было лячэнне ад чараўніцтва, толькі асобныя носьбіты знахарскіх ведаў у канцы ХХ — пачатку ХХІ ст. бяруцца лячыць наступствы негатыўнай магіі. Пераважная большасць з апытаных «шаптух» не ўмеюць «адрабляць» і прапануюць тым, хто звярнуўся да іх па дапамогу шукаць «знахароў». Як лічыць Дарошчанка Лідзія Сцяпанаўна (1935 г.н., в. Зарэчча Брагінскага раёна. Нарадзілася ў в. Паляны Брагінскага раёна), «знахары ета ведзьмакоў ўжо адлечуюць, а я ўжэ такіх сільных не адлячу. Так урокі, дак урокі» [7, арк. 123]. Запатрабаванасць насельніцтва ў гэтым відзе дзейнасці прымушае знахароў шукаць іншыя спосабы лячэння «порчы». Адна з апытаных дысертантам «шаптух», Варабей Марына Міхайлаўна (1940 г.н., в. Баравое Лельчыцкага раёна), прасіла пры наступнай сустрэчы перапісаць ёй замову «ад чараўнікоў» [7, арк. 20]. Некаторыя «шаптухі» лечаць «порчу» з выкарыстаннем замоў, запазычаных з літаратуры адпаведнай тэматыкі, якая шырока даступна ў наш час.

Кола праблем, якія пэўны знахар можа дапамагчы вырашыць, у канцы ХХ — пачатку ХХІ ст. адрозніваецца. Некаторыя «шаптухі» замаўляюць толькі ад нейкай адной хваробы. Напрыклад, Садчанка Ганна Еўстраф’еўна (1926 г.н., в. Губічы Буда-Кашалёўскага раёна. Да 1984 г. пражывала ў г. Хойнікі Хойніцкага раёна) замаўляе толькі ад «ляку» [7, арк. 14]. Большасць знахароў замаўляюць ад некалькіх хвароб. Звычайна гэта «ляк», «урокі» для лячэння людзей і жывёлы, «рожа», «залатнік».

Такім чынам, знахарская практыка па лячэнні людзей ў Беларускім Палессі ў разгляданы перыяд істотна змянілася. У пачатку ХХ ст. паслугамі знахароў па лячэнню карысталася пераважная большасць насельніцтва. На працягу разгляданага перыяду, у выніку развіцця медыцынскай інфраструктуры, ліквідацыі бар’ераў у доступе да яе, а таксама трансфармацыі традыцыйнай культуры большая частка захворванняў пераходзіць са знахарскай кампетэнцыі да ўрачоў. У пачатку ХХІ ст. кола хвароб, з якімі насельніцтва звяртаецца да знахароў, абмежавана тымі з іх, якія, згодна з распаўсюджанымі ўяўленнямі, лечацца толькі пры дапамозе знахарства.

Літаратура

  1. Ганчар, У.А. Тыпы «знаючых» у Беларускім Палессі і іх змены ў ХХ — пачатку ХХІ ст. / У.А. Ганчар // Весці Палесскага дзяржаўнага універсітэта. Сер. грамад. і гуманітар. навук. — 2011. — № 1. — С. 20-26.
  2. Moszynski, K. Polesie wschodnie: Materjaly etnograficzne z wschodniej cz^sci b. powiatu Mozyrskiego oraz z powiatu Rzeczyckiego / K. Moszynski. — Warszawa : Wyd-wo Kasy im. Mianowskiego, 1928. — 304 s.
  3. Сержпутоўскі, А.К. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў / А.К. Сержпутоўскі ; навук. рэд. А.С. Фядосік ; прадм. У.К. Касько. — Мінск : Універсітэцкае, 1998. — 301 с.
  4. Материалы по этнографии Гродненской губернии : в 2 вып. / изд. Упр. Вилен. учеб. округа ; под редакцией Е.Р. Романова. — Вильно : Рус. почин, 1911-1912. — Вып. 1. — 1911. — 239 с.
  5. Ossendowski, F.A. Polesie / F.A. Ossendowski. — Poznan : Wyd-wo Polskie R.Wenger, 1935. — 202 s.
  6. Бараноўскі, Я. Санітарна-бытавы стан вёскі Радзілавічы, Букчанскі сельсавет, Тураўскі раён, Мазырская акруга / Я. Бараноўскі // Наш край. — 1928. — № 8-9. — С. 47-64.
  7. Архіў аддзела Народазнаўства «Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы» (філіял дзяржаўнай навуковай установы «Цэнтр даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі»). — Фонд 6. — Воп. 14. — Спр. 152.
  8. Пяткевіч, Ч. Рэчыцкае Палессе / Часлаў Пяткевіч ; уклад., прадм. У. Васілевіча; пер. з пол. — Мінск : Беларус. кнігазбор, 2004. — 670 с. — (Беларускі кнігазбор: БК, Серыя 1, Мастацкая літаратура. Серыя 2, Гісторыка-літаратурныя помнікі).
  9. Народная демонология Полесья: публикации текстов в записях 80-90-х гг. ХХ века : в 4 т. / сост.: Л.Н. Виноградова, Е.Е. Левкиевская. — М. : Языки славянских культур, 2010. — (Studia philologica) — Т.1 : Люди со сверхъестественными свойствами / сост.: Л.Н. Виноградова, ЕЕ. Левкиевская. — 2010. — 648 с.
  10. Представления восточных славян о нечистой силе и контактах с ней: материалы полевой и архивной коллекции Л.М. Ивлевой / М-во культуры Рос. Федерации, Рос. акад. наук, Рос. ин-т исто­рии искусств; сост., подгот. текстов, предисл. и справ. аппарат В.Д. Кен. — СПб. : Петерб. востокове­дение, 2004. — 438 с. — (Ethnographica petropolitana; 13).
  11. Жук, У. Санітарна-бытавы стан вёскі Дуброва Лельчыцкага сельсавету Мазырскае акругі / У. Жук, П. Панкоў // Наш край. — 1929. — № 2. — С. 43-49.
  12. Jelenska, E. Wies Komarowicze w powiecie Mozyrskim / E. Jelenska. — Warszawa : J. Jezynski, 1892. — 83 s.
  13. Federowski, M. Lud bialoruski na Rusi Litewskiej: materyaly do etnografii slowianskiej zgromadzone w latach 1877-1894: w 3 t. / M. Federowski. — Krakow : Wyd-wo Komisii antropologicznej akademii umiej^tnosci, 1897-1903. — T. 1: Wiara, wierzenia: przes^dy ludu z okolic Wolkowyska, Slonima i Sokolki. — 1897. — 510 s.
  14. Минько, Л.И. Пережитки лечебной магии и их вред / Л.И. Минько // Быту и культуре села — повседневное внимание : сб. выступлений на науч.-практ. конф. / под ред. А.Т. Короткевича, А.И. Залесского. — Минск: Урожай, 1969. — 128 с.
  15. Архіў аддзела Народазнаўства «Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы» (філіял дзяржаўнай навуковай установы «Цэнтр даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі»). — Фонд 6. — Воп. 14. — Спр. 155.
  16. Архіў аддзела Народазнаўства «Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы» (філіял дзяржаўнай навуковай установы «Цэнтр даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі»). — Фонд 6. — Воп. 14. — Спр. 154.


Аўтар:
У.А. Ганчар
Крыніца: Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины : Сер.Гуманитарные науки. — 2017. — № 1 (100). Ст. 10-15.

In the article the evolution of witch-doctors’ healing practice in Belarusian Polesie in the XXth — the beginning of the XXIst century is considered. The distinguishing features of witch-doctors’ practice of different types of «knowing people» in the region are shown. Author tracks the changes of witch-doctors’ healing practice. The conclusion is made about gradual narrowing of this sphere during the period under review and preservation of illnesses in witch-doctors’ practice, which, according to opinion of the part of population, aren’t treated by medicine.