Літаратурнае краязнаўства Лоеўшчыны

0
1380
Літаратурнае краязнаўства Лоеўшчыны

Сёння няма неабходнасці даказваць, наколькі важнай з’яўляецца роля бібліятэкі ў развіцці сучаснага грамадства. Яе дзейнасць у якасці аднаго з найважнейшых сацыяльных інстытутаў садзейнічае развіццю адукацыі, навукі, распаўсюджванню ведаў, умацаванню адзінай культурнай прасторы, а ў канчатковым выніку — фармаванні новага інтэлектуальнага грамадства.

Лоеўская цэнтральная раённая бібліятэка працуе ў розных напрамках — патрыятычнае выхаванне, краязнаўчая дзейнасць, фарміраванне здаровага ладу жыцця, эстэтычнае і духоўнае развіццё падрастаючага пакалення, экалагічная адукацыя і асвета насельніцтва. Асаблівая роля бібліятэкі заключаецца ў садзейнічанні развіццю літаратурнай творчасці і выдавецкай дзейнасці тых, для каго кніга — неад’емная частка жыцця.

Каб даведацца аб тым, што адбываецца на літаратурнай ніве роднага краю, неабходна дакрануцца да парасткаў прыгожага пісьменства літаратараў-аматараў, пісьменнікаў-землякоў, вывучыць карані літаратурнай спадчыны. На Лоеўшчыне ёсць шмат сваіх паэтаў і пісьменнікаў. Яркае адлюстраванне атрымала творчасць самадзейных паэтаў у рабоце бібліятэкі. Вось ужо на працягу 36 гадоў запальвае свае агні клуб аматараў паэзіі «Гучальнае слова».

Клуб аматараў паэзіі «Гучальнае слова» быў створаны ў 1981 г. і аб’яднаў паэтаў, пісьменнікаў Лоеўшчыны і ўсіх тых, хто шчыра любіць паэтычныя радкі. Шматгадовая гісторыя клуба аматараў паэзіі прыкметная сваімі прэм’ерамі і прэзентацыямі кніг, вечарамі паэзіі, сустрэчамі з творчымі людзьмі, цікавымі суразмоўцамі. За гады існавання клуба адбыліся сустрэчы з паэтамі і пісьменнікамі Міхасём Даніленка, Іванам Шамякіным, Алай Канапелькай, Нінай Загорскай, Алесем Слесаренкам, Грыгорыем Андрыяўцом, Васілём Ткачовым і іншымі. Пастаянны старшыня клуба Кукара Аляксандр Уладзіміравіч, былы настаўнік беларускай мовы і літаратуры Лоеўскага педагагічнага каледжа, з’яўляецца аўтарам і сааўтарам 8 зборнікаў і кніг паэзіі. Асабліва хочацца адзначыць выхад зборніка Аляксандра Кукары «Вядомыя асобы Лоеўшчыны», дзе ў кароткай,змястоўнай форме прадстаўлены матэрыял аб найбольш вядомых людзях Лоеўскага краю. У цяперашні час аўтар вядзе працу па стварэнні пашыранай версіі зборніка аб знакамітых людзях Лоеўшчыны.

Клуб аматараў паэзіі «Гучальнае слова» аб’ядноўвае не адно пакаленне непрафесійных паэтаў. У цяперашні час у працы аматарскага аб’яднання прымаюць удзел 25 чалавек. Захаваць літаратурную спадчыну Лоеўшчыны, зберагчы сваё, роднае, асаблівае, непаўторнае беларускае слова, перадаць нашчадкам — мэта работнікаў бібліятэкі і ўдзельнікаў клуба «Гучальнае слова».

Мы, жыхары Лоеўскага раёна, з поўным правам можам ганарыцца сваімі землякамі — стваральнікамі прыгожага пісьменства. Гэта нашыя мясцовыя паэты — Алесь Кукара, Іван Лямешка, Мікола Мельнічэнка, Галіна Сусла, Галіна Петруненка, Аляксандр Мельнік, Анатоль Івашка, Уладзімір Бабраўнічы, Міхаіл Бутанаў, Тамара Татарынава, Лідзія Долбікава, Наталля Кудраўцава і інш.

Каб данесці словы прыгожага пісьменства да чытачоў, бібліятэка ажыццяўляе выдавецкую дзейнасць, якая займае асаблівае месца ў літаратурным краязнаўстве. З дапамогай бібліятэкі выдаюцца зборнікі асобных аўтараў і калектыўныя зборнікі.

Так, пры садзейнічанні бібліятэкі выйшаў зборнік «Песні над Дняпром», у які ўвайшлі вершы 35 аўтараў Лоеўшчыны. Паэтычныя радкі, прадстаўленыя ў зборніку, — з’ява непаўторная, унікальная. Вершы адлюстроўваюць прыгажосць роднай зямлі, пафас стваральнай працы, любоў і павагу да роднай мовы, да сваіх продкаў.

Выдадзены зборнік «Над хвалямі дняпроўскімі». Сюды ўвайшлі вершы, легенды, паэмы, песні, пародыі, эпіграмы, байкі Лоеўшчыны. Асаблівай адметнасцю зборніка з’яўляецца раздзел «Песні роднага краю», які змяшчае вершы аўтараў, пакладзеныя на музыку. За час працы клуба падрыхтаваны і выдадзены наступныя аўтарскія зборнікі: Іван Лямешка «Музыка душы», Мікалай Мельнічэнка «Над стромай Дняпра», Алесь Кукара «Пад зорным небам», «Ведае сэрца», «Над хвалямі дняпроўскімі», «Узлёт», «Жаўрукова песня», «Над Лоевай гарой», Наталля Кудраўцава «Святло душы маёй» і інш.

Выпуск разнастайнай друкаванай прадукцыі з’яўляецца адным з напрамкаў дзейнасці бібліятэкі. Аддзелам бібліятэчнага маркетынгу выдаюцца прыгожыя закладкі, якія прапагандуюць творчасць мясцовых аўтараў, невялікія персанальныя альбо тэматычныя буклеты. У фондзе беларускай літаратуры вылучаны творы пісьменнікаў — нашых землякоў, аформлена шмат папак аб жыцці і творчасці пісьменнікаў. У пачатку года друкуем і раскладваем у кніжным фондзе запрашэнні на паседжаніі клуба аматараў паэзіі.

Мясцовыя пісьменнікі і паэты, якія з’яўляюцца для бібліятэкі не выпадковымі рэдкімі гасцямі, а сапраўднымі сябрамі і аднадумцамі, садзейнічаюць распаўсюджванню беларускай кнігі не толькі напісаннем твораў, але і актыўным удзелам у масавай рабоце бібліятэк. Традыцыйна ў бібліятэцы праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных іх жыццёваму і творчаму шляху: тэматычныя і літаратурна-музычныя вечары, прэзентацыі, літаратурныя і паэтычныя гадзіны, агляды творчасці, вечары-партрэты.

Прэзентацыя паэтычнага зборніка Алеся Кукары «Зямное прыцягненне», творчы вечар «Натхненне сэрца і душы» да юбілею паэта Мікалая Фёдаравіча Мельнічэнкі, «Літаратурная візітка» — сустрэча з паэтам Васілём Філіпенкам, выхадцам з Лоеўшчыны, юбілейны вечар-сустрэча з Іванам Лосікавым «З каханнем да кожнага радка..», літаратурна — музычная кампазіцыя «А памяць святая…», прысвечаная Дню Перамогі, літаратурная старонка «Тваё каханне захаваю…», дзень паэтычных сустрэч «Паэзіі рака невычарпальная», літаратурная сустрэча «Галасы, закаханыя ў беларускую паэзію» — вось няпоўны пералік мерапрыемстваў, якія садзейнічаюць папулярызацыі творчасці пісьменнікаў на іх малой радзіме. У выніку супрацоўніцтва з пісьменнікамі-землякамі, іх родзічамі, мясцовымі краязнаўцамі і чытачамі ў бібліятэцы сабрана мноства звестак, дакументаў і матэрыялаў па літаратурнаму краязнаўству.

Удзельнікі клуба аматараў паэзіі «Гучальнае слова» не абмяжоўваюцца сустрэчамі ў межах свайго клуба, а прымаюць самы актыўны ўдзел у культурным жыцці раёна. Выязджаюць з творчымі вечарамі, прэзентацыямі зборнікаў у сельскія бібліятэкі, школы, арганізуюць сустрэчы з творчымі асобамі суседніх раёнаў.

У рамках акцыі «Культурныя сувязі. Сустрэча з паэзіяй» у г. Рэчыца адбылася сустрэча ўдзельнікаў клуба аматараў паэзіі «Гучальная слова» і паэтаў рэчыцкага клуба творчых сустрэч «Стрыжань». Затым наш раён прымаў гасцей з Рэчыцы. У чытальнай зале адбылося пасяджэнне калег па творчаму цэху, на якім літаратары мелі магчымасць абмяняцца меркаваннямі, творчымі задумкамі і планамі, пазнаёміцца з творчасцю гасцей. Удзельнікі клуба творчых сустрэч «Стрыжань» і калегі з Рэчыцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі падарылі падборку кніг мясцовых аўтараў і кніг аб Рэчыцы.

Прэзентацыя зборніка вершаў ураджэнца г. Рэчыцы Мікалая Алегавіча Арбузава «Святло ў начы» прайшла ў пачатку мая ў цэнтральнай раённай бібліятэцы. Такія сустрэчы вельмі ўплываюць на чытачоў бібліятэкі. Далучэнне да беларускай літаратуры, атрыманне новых ведаў спалучаецца з эмацыянальным уздымам, атрыманым падчас сустрэчы з талентавітым пісьменнікам. Сустрэчы чытачоў з пісьменнікамі — гэта заўсёды ўрокі любові да роднай мовы і літаратуры.

Кніжныя выставы — адна з самых эфектыўных форм прыцягнення ўвагі чытачоў да прыгожага пісьменства. Наглядная інфармацыя добра ўспрымаецца аўдыторыяй, павялічвае прыток карыстальнікаў, падахвочвае многіх людзей звяртацца да літаратурных крыніц, здольна палепшыць імідж бібліятэкі. Для прыкладу можна назваць такія выставы, як «Родная мова, крыніца празрыстая», «Добры дзень, кніжка беларуская», «Пад ветразем роднага слова», «Паэтычны голас нашых землякоў» і інш.

Відавочным на сённяшні дзень становіцца наступнае: дзейнасць бібліятэк, якія актыўна рэалізуюць распрацаваныя праграмы і творчыя праекты, накіраваныя на папулярызацыю літаратурнага краязнаўства, з’яўляецца даволі эфектыўнай і дае станоўчыя вынікі. Для больш сістэматызаванай і мэтанакіраванай работы па папулярызацыі кнігі, здольнай прывіць павагу да Айчыны, малой радзімы, гісторыі свайго народа, быў распрацаваны фарс-праект «Беларускую кнігу — у кожны дом», асноўнай мэтай якога з’яўляецца стымуляванне цікавасці жыхароў Лоеўшчыны да чытання беларускай літаратуры, папулярызацыя твораў мясцовых пісьменнікаў і паэтаў, а таксама іншых выданняў на роднай мове, павышэнне ролі чытання мастацкай літаратуры ў культурным жыцці. Каб данесці да кожнага чытача каштоўнасці роднай мовы і паказаць яе прыгажосць, самабытнасць і непаўторнасць, бібліятэкары на працягу года запрашалі сваіх чытачоў на гадзіны далучэння да паэзіі, гадзіны-разважанні, роздуму, літаратурнага апавядання, падарожжы па літаратурных мясцінах, літаратурныя замалёўкі. Тэматыка мерапрыемстваў праекта самая разнастайная: «Сэрцам слухаю, душою гавару…», «Роднага слова верны абаронца», «Са спадчынай продкаў — у будучыню…» і інш.

У рамках праекта аматары беларускай мовы і літаратуры прынялі ўдзел у літаратурна-паэтычнай імпрэзе, паэтычных вечарах і гадзінах, у час якіх гучалі чароўныя паэтычныя радкі нашых паэтаў.

Акрамя фарс-праекта «Беларускую кнігу — у кожны дом», імкненне дзяцей і дарослых чытаць беларускія творы падтрымалі: праект летняга чытання «Сонца на кніжнай старонцы»,бібліятэчны праект па развіцці чытацкай культуры «Чалавек, які чытае», праекты «Літаратурная карта Лоеўскага раёна», «Жывыя крыніцы слова беларускага», конкурс перасоўнай аўтабібліятэкі «Ёсць у нас такі чытач».

Выключную ролю ў развіцці літаратурнага краязнаўства адыграла рэалізацыя праграмы «Вяртанне да вытокаў». Мэта праграмы — захаванне дакументальнай і літаратурнай спадчыны Лоеўскага раёна як часткі культурнай спадчыны Беларусі і забеспячэнне свабоднага і неабмежаванага доступу да іх, эфектыўнае выкарыстанне інфармацыйных рэсурсаў, арганізацыя комплексу культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў для стымулявання развіцця цікавасці жыхароў да гістарычнай, культурнай і літаратурнай спадчыны Лоеўскага раёна. Праграмныя мерапрыемствы дазваляюць умацаваць партнёрства і ўзаемадзеянне з мясцовымі краязнаўцамі, арганізацыямі і ўстановамі, якія ажыццяўляюць краязнаўчую дзейнасць. У рамках праграмы праведзены шэраг цікавых і займальных мерапрыемстваў: рэкламна-інфармацыйная акцыя «За ведамі — у бібліятэку!», асветніцкая акцыя «Знаёмыя імёны — новыя сустрэчы», краязнаўчае падарожжа па гістарычных і памятных месцах Лоеўскага краю «Чым і кім слаўны наш горад?». Актывізуюць краязнаўчую дзейнасць і прафесійныя бібліятэчныя конкурсы: «З глыбінь у сучаснасць: гісторыка-культурная дзейнасць бібліятэк», «Памяць на стагоддзі — і даты, і падзеі, і асобы».

Наперадзе плённая, руплівая праца ў напрамку літаратурнага краязнаўства, захавання літаратурнай і гістарычнай спадчыны, шмат цікавых задумак, скіраваных на тое, каб не сціхала мілагучная беларуская мова землякоў. Мы не спыняемся на дасягнутым, шукаем найбольш цікавыя і змястоўныя формы работы і працуем заўседы на вынік.


Аўтар:
Т.В. Цімошчанка
Крыніца: Днепровский паром. 2017 г. Международных историко-краеведческих чтений «Днепровский паром» (8-9 августа 2017 г., г. Лоев). Ст. 53-57.